Беларуская мова Эканамічная лексіка

Беларуская мова

Эканамічная лексіка
Выдавец: Выдавецтва Грыўцова
Памер: 216с.
Мінск 2010
60.56 МБ
У вучэбным дапаможніку змешчаны тэарэтычны матэрыял па ўсіх раздзелах курса «Беларуская мова: прафесійная лексіка». Для засваення і замацавання тэарэтычнага матэрыялу, павышэння культуры маўлення прапануецца вялікая колькасць заданняў і практыкаванняў, якія маюць выразную прафесійную (эканамічную) накіраванасць. Матэрыялы дапаможніка адаптаваны да новай рэдакцыі правілаў, уведзеных у дзеянне Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2008), якія ўступяць у сілу з 1 верасня 2010 г. Вучэбны дапаможнік утрымлівае шэраг спецыяльных тэкстаў для перакладу, «Кароткі руска-беларускі слоўнік тэрмінаў» і «Кароткі тлумачальны слоўнік тэрмінаў». Адрасуецца студэнтам эканамічных спецыяльнасцей ВНУ, выкладчыкам і ўсім, хто цікавіцца пытаннямі беларускай мовы.
Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
Культурна-эканамічныя кантакты паміж народамі спрыяюць утварэнню і засваенню асобнага пласта запазычанай лексікі інтэрнацыянальных слоў, якія выкарыстоўваюцца ў шматлікіх роднасных і няроднасных мовах. Сярод іх больш за ўсё спецыяльных тэрмінаў з розных галін навукі, тэхнікі, міжнароднага права, напр.: альянс, гуманізм, дыскрэдытацыя, камюніке, кансенсус, канфлікт, плюралізм, суверэнітэт і інш.
Лексіка сучаснай беларускай мовы паводле выкарыстання (ужывання) падзяляецца на дзве вялікія групы. Адну групу складаюць агульнаўжывальныя словы гэта лексіка агульнавядомая, якую разумеюць і якой карыстаюцца ўсе носьбіты мовы. Другую групу складаюць словы, абмежаваныя ва ўжытку пэўным калектывам, пэўным дыялектным або сацыяльным асяроддзем.
Найбольш значнай часткай слоўніка беларускай мовы з’яўляецца агульнаўжывальная лексіка. Яна той лексічны стрыжань (цэнтр), без якога не можа існаваць мова, немагчымы зносіны паміж людзьмі; яе складаюць словы, якія называюць найбольш неабходныя жыццёвыя паняцці і рэчы. Агульнанародная лексіка аснова літаратурнай мовы, вельмі важны лексічны матэрыял для выражэння думак на беларускай мове, тая скарбніца, на аснове якой у першую чаргу ад-
бываецца далейшае ўдасканаленне, узбагачэнне і развіццё беларускай (таксама як і іншай нацыянальнай) лексікі. Значная большасць слоў, якія ўваходзяць у яе склад, стабільныя ва ўжыванні і выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях маўлення.
Лексіка абмежаванага выкарыстання складаецца з лексічных пластоў, якія вылучаюцца па наступных крытэрыях:
•	сфера выкарыстання,
•	актыўнасць выкарыстання,
•	стылістычны.
Паводле гэтых крытэрыяў адбываецца дыферэнцыяцыя лексікі беларускай мовы на групы (пласты), якія складаюцца са слоў, падобных або тоесных з пункту гледжання сферы іх выкарыстання, актыўнасці выкарыстання, наяўнасці пэўных стылістычных паказчыкаў.
3.6.1.	Дыферэнцыяцыя лексікі паводле сферы выкарыстання
Словы, абмежаваныя сферай свайго выкарыстання, характарызуюць пэўны маўленчы калектыў, які з’яўляецца тэрытарыяльна або сацыяльна абмежаванай групай людзей. У лексіцы, абмежаванай сферай выкарыстання, вылучаюцца наступныя групы слоў (пласты):
•	дыялектная лексіка,
•	жаргонная і аргатычная лексіка,
•	спецыяльная лексіка.
Дыялектная лексіка гэта лексіка, якая адлюстроўвае спецыфіку беларускіх народных гаворак і дыялектаў. Гаворка гэта мова аднаго або некалькіх населеных пунктаў, аб’яднаных агульнымі рысамі. Гаворкі аб’ядноўваюцца ў дыялекты. Аснову кожнай мясцовай гаворкі складаюць агульнаўжывальныя словы. А тая частка лексікі, якая адрозніваецца ад агульнаўжывальнай, і складае дыялектную (абласную) лексіку. Асобнае дыялектнае слова, уведзенае ў літаратурны тэкст, але поўнасцю не асвоенае літаратурнай мовай, называецца дыялектызмам’. пярэкрут (бабіна лета); дуйка (завея), драбы (рэбры) і інш. У слоўніках такія словы звычайна маюць паметы «абласное», «мясцовае», «дыялектнае». У залежнасці ад таго, якія моўныя асаблівасці гаворкі адлюстраваліся ў слове, вылучаюць наступныя віды дыялектызмаў: фанетычныя, граматычныя, словаўтваральныя, лексічныя, этнаграфічныя, семантычныя.
Жаргонная лексіка, ці жаргон сацыяльная разнавіднасць мовы, якой карыстаюцца прафесійныя групы і сацыяльныя колы людзей, аб’яднаных агульнасцю звычак, заняткаў, сацыяльным становішчам. У адрозненне ад сацыяльных дыялектаў, жаргон не мае сваёй фанетычнай і граматычнай сістэмы. Лексіка жаргона фарміруецца
на базе слоў літаратурнай мовы шляхам іх пераасэнсавання, метафарызацыі. Словы і выразы жаргоннай мовы, якія выкарыстоўваюцца па-за межамі жаргону (напрыклад, у літаратурнай мове, мастацкім тэксце), называюцца жарганізмамі. Жарганізмы тэматычна звязаны з рознымі групамі прафесійнай лексікі. У маладзёжных калектывах, у прыватнасці, у студэнцкім і вучнёўскім асяроддзі, можна сустрэць такія ўтварэнні, як немка, англічанка, чыталка, хвост, аўтпамат, класна, намыліцца, філоніць і інш.
Адной з разнавіднасцей жаргонаў з’яўляецца арго. Арго мова сацыяльных груп, якая выконвае прафесійную функцыю. Арго, якім карысталіся і карыстаюцца жабракі, злодзеі, вандроўныя гандляры і рамеснікі, служыць сродкам іх прафесійнай дзейнасці. Асноўная функцыя арго быць сродкам адасаблення, аддзялення яго носьбітаў ад людзей іншых сфер дзейнасці. Арго стваралася на базе натуральных моў і іх граматык. Аднак, каб ізалявацца ад грамадства, антысацыяльныя элементы выпрацоўвалі спецыяльны моўны код, незразумелы для іншых людзей. Таму аргатычная лексіка характарызуецца вузкапрафесійнай накіраванасцю, штучнасцю і засакрэчанасцю. Гэта дасягаецца шляхам скажэння і пераасэнсавання агульнанародных слоў {вышка ‘вышэйшая мера пакарання’, стукач ‘даносчык’), выкарыстання вузкадыялектных і запазычаных слоў, а таксама шляхам перастаноўкі складоў або замены асобных іукаў (чуха ‘хачу’, шывар ‘тавар’).
Аргатычныя словы, таксама як і жаргонныя, не ўваходзяць у лексіка-семантычную сістэму літаратурнай мовы, але могуць выкарыстоўвацца ў літаратурна-мастацкіх і публіцыстычных творах для характарыстыкі персанажаў, сацыяльнага асяроддзя, гістарычнай эпохі і г.д.
Да лексікі абмежаванага выкарыстання належыць і шырокі пласт так званай спецыяльнай лексікі, якой карыстаюцца галоўным чынам толькі прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, прафесіі ці роду заняткаў. Асноўнымі разрадамі спецыяльнай лексікі з’яўляюцца тэрміны, наменклатурныя назвы і прафесіяналізмы. Падрабязна спецыяльная лексіка будзе разгледжана ў тэме 4 «Спецыяльная лексіка. Тэрміналогія».
3.6.2.	Дыферэнцыяцыя лексікі
паводле актыўнасці выкарыстання
Агульнавядома і натуральна, што змены, якія адбываюцца ў грамадска-палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і іншых сферах жыцця, уплываюць на мову, адлюстроўваючыся ў зменах на лексічным узроўні. Адны прадметы, з’явы, паняцці існуюць
спрадвечна, і словы, якія іх называюць, актыўна выкарыстоўваюцца носьбітамі мовы. Другія знікаюць, што вядзе да знікнення іх назваў. Трэція узнікаюць, і, адпаведна, утвараюцца словы для іх наймення.
У залежнасці ад гэтага ў мове ў пэўны перыяд яе развіцця заўсёды можна вылучыць дзве групы слоў так званы актыўны і пасіўны склад.
У актыўны склад (запас) лексікі любой мовы, у тым ліку і беларускай, уваходзяць агулыіаўжывальныя, зразумелыя ўсім носьбітам мовы словы.
У пасіўны склад лексікі ўваходзяць словы, выкарыстанне якіх абмежавана (устарэлыя словы і неалагізмы). У залежнасці ад прычын, па якіх словы сталі ўстарэлымі, сярод устарэлых слоў вылучаюць гістарызмы і архаізмы.
Гістарызмы гэта словы, якія выйшлі з актыўнага ўжытку і перайшлі ў пасіўны склад лексікі з той прычыны, што зніклі рэаліі (прадметы, з’явы, паняцці), для абазначэння якіх яны існавалі. Гэта назвы старых мер вагі, даўжыні (аршын, локаць), назвы асоб паводле іх заняткаў (бурлак, дзясяцкі), грашовых адзінак (грыўня, грош, керанкі), назвы адзення (кафтан, кальчуга, камзол) і словы іншых прадметна-тэматычных груп.
Архаізмы устарэлыя назвы з’яў, прадметаў, паняццяў. У працэсе развіцця мовы яны выйшлі з актыўнага ўжытку, саступіўшы месца сінанімічным адзінкам, паколькі з’ява, прадмет, якія яны абазначалі, не зніклі і працягваюць існаваць: манаполька фірма, тлумач перакладчык, атрамант чарніла. У некаторых выпадках слова можа актыўна выкарыстоўвацца ў сучаснай мове, а ўстарэлымі з’яўляюцца толькі асобныя яго значэнні. Так, у слове двор устарэлае значэнне ‘маёнтак’, а ў слове арсенал ‘прадпрыемства, што вырабляе зброю і ваенную амуніцыю’.
Безумоўна, развіццё мовы непарыўна звязана з жыццём і развіццём грамадства. I таму хуткасць грамадска-палітычных і культурна-гістарычных працэсаў уплывае на хуткасць перамяшчэння слоў з актыўнага складу ў пасіўны і наадварот. Большасць устарэлых слоў выходзіла з мовы паступова, на працягу нават стагоддзяў.
Словы, якія ўзніклі ў мове ў пэўны гістарычны перыяд і не набылі яшчэ агульнавядомага і агульнаўжывальнага характару, называюцца неалагізмамі.
Можна вылучыць дзве групы неалагізмаў лексічныя і семантычныя.
Лексічныя неалагізмы адносна новыя словы, якія з’явіліся ў мове для абазначэння новых прадметаў, паняццяў. Звычайна нось-
біты мовы адчуваюць, што пэўнае слова новае, яго навізна відаць па форме і змесце, напр.: экстрасэнс, браўзер, правайдар.
Семантычныя неалагізмы вядомыя словы, у семантыцы якіх узнікаюць новыя значэнпі. Для свайго часу неалагізмам быў, напрыклад, дзеяслоў галасаваць у значэнні ‘спыняць машыну падняццем рукі’. Семантычныя неалагізмы гэта словы, якія зведалі змены ў аб’ёме свайго лексічнага значэння.
Паколькі ўзнікненне новых слоў абумоўлена патрэбамі ў іх, то неалагізмы даволі хутка могуць пераходзіць з пасіўнага складу ў актыўны. Распаўсюджанню і папулярызацыі неалагізмаў вельмі садзейнічаюць сродкі масавай інфармацыі.
Ад неалагізмаў трэба адрозніваць аказіяналізмы лексічныя наватворы, прыдуманыя пісьменнікамі, паэтамі, публіцыстамі, літаратарамі, крытыкамі з мэтай павышэння вобразнасці і мастацкай выразнасці выказвання. Напрыклад, веціцца ‘навісаць’: Вецер подзьмухным казаннем / цвердзіў веццямі: / Ад дня да дня / ёсць дзесьці цішыня, / што веціцца пакутным нараканнвм (М. Кавыль); журавініцца: ‘узрушацца, моцна хвалявацца’: 3 іх адна ёсць [дзяўчына] такая / станам гібкая колас, / журавініцца сэрца, яе чуючы голас (М. Танк); чарнаморё ‘паветраная плынь, якая павольна рухаецца, плыве, нібы марская гладзь’: Сонца ветразь, а вецер матрос, / на шляху чарнамор'я нябёс (М. Лужанін). Аказіяналізмы яшчэ называюцца «індывідуальна-аўтарскімі неалагізмамі», «індывідуальнымі словамі», «індывідуальна-стылістычнымі неалагізмамі», «паэтычнымі неалагізмамі». Кожная з гэтых назваў па-свойму раскрывае змест паняцця.
З.б.З.	Стылістычнае размежаванне лексікі
Стылістычнае размежаванне лексікі абумоўлена тым, што мова ўяўляе сабой сукупнасць некалькіх стыляў, якія розняцца моўнымі сродкамі і прыёмамі іх выкарыстання, што выклікана мэтай, сітуацыяй, у якой адбываюцца моўныя зносіны. Мэты паведамлення, якія ставіць перад сабой моўца, прымупіаюць яго выбіраць з агульнанароднай мовы такую лексіку, якая з’яўляецца пайбольш дзейснай, трапнай, выразнай, прыдатнай для дасягнення мэты паведамлення. Падставай для размежавання нейтральных і стылістычна афарбаваных слоў з’яўляецца наяўнасць у складзе лексічнага значэння апошніх канатацыі. Канатацыя дадатковыя семантычныя і стылістычныя адценні, якія накладваюцца на асноўнае значэнне і надаюць эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку выказванню (урачыстасць, фамільярнасць і інш.).