Беларуская мова Эканамічная лексіка

Беларуская мова

Эканамічная лексіка
Выдавец: Выдавецтва Грыўцова
Памер: 216с.
Мінск 2010
60.56 МБ
У вучэбным дапаможніку змешчаны тэарэтычны матэрыял па ўсіх раздзелах курса «Беларуская мова: прафесійная лексіка». Для засваення і замацавання тэарэтычнага матэрыялу, павышэння культуры маўлення прапануецца вялікая колькасць заданняў і практыкаванняў, якія маюць выразную прафесійную (эканамічную) накіраванасць. Матэрыялы дапаможніка адаптаваны да новай рэдакцыі правілаў, уведзеных у дзеянне Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2008), якія ўступяць у сілу з 1 верасня 2010 г. Вучэбны дапаможнік утрымлівае шэраг спецыяльных тэкстаў для перакладу, «Кароткі руска-беларускі слоўнік тэрмінаў» і «Кароткі тлумачальны слоўнік тэрмінаў». Адрасуецца студэнтам эканамічных спецыяльнасцей ВНУ, выкладчыкам і ўсім, хто цікавіцца пытаннямі беларускай мовы.
Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
Словы-тэрміны ў сваю чаргу падзяляюцца ў залежнасці ад часціны мовы на назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы і прыслоўі. Сярод словазлучэнняў-тэрмінаў выдзяляюцца свабодныя (рынак пакупніка, сегмент рынку, ёмістасць рынку) і несвабодныя (бацькоўская фірма, партфель заказаў). У якасці кампанентаў тэрмінаў-словазлучэнняў могуць выступаць уласныя назоўнікі (закон Нільсана, індэкс ДоуДжонса).
Тэрміналагічная лексіка неаднародная паводле паходжання. У яе склад уваходзяць уласныя і запазычаныя з розных моў тэрміны.
Сярод уласных выдзяляюцца дзве вялікія групы. Першую складаюць адзінкі, якія з цягам часу набылі тэрміналагічнае значэнне. У выніку працэсу тэрміналагізацыі сталі тэрмінамі такія агульнаўжывальныя словы, як кошык (спажыўца), нажніцы (цэнаў), партфель (заказаў) і інш. Да другой групы ўласных тэрмінаў належаць вытворныя адзінкі (дэрываты), утвораныя ў беларускай мове з уласнага моўнага матэрыялу рознымі спосабамі (напр., лішак, заробак, пакупнік, пагадненне, справаздачнасць і інш.).
Эканамічная тэрмінасістэма ўтрымлівае запазычанні з англійскай (аўтрайт, банкноты, бізнэс, менеджмент, маркетынг, афшор, ваўчар, дэмпінг, клірынг), нямецкай (біржа, бухгалтар, вэксаль, інвестыцыя, капітал, маклер, прыватызацыя, прэйскурант, рэнтабельны), французскай (акцыя, акрэдытыў, арбітражор, баланс, буцік, бюджэт, купюра, фгнансыф італьянскай (акордны, валюта, каркас, сконта, фірма), лацінскай (аўдыгп, аўкцыён, аргумент, актуальны, арбітральны, індустрыя, інфляцыя, камерцыя, канверсія), грэчаскай (алігархія, аналаг, базіс, іерархія, гіпотэза, манаполія, стратэгія), польскай (каштарыс, кошт, магнат, рынак, рызыка, рэнта) і іншых моў.
У межах аднаго тэрміна ўласныя моўныя элементы могуць спалучацца з іншамоўнымі: сабекоштп, пастаянны капітал, паўфабрыкат і інш.
4.4.	Спосабы словаўтварэння тэрмінаў
Асноўнымі спосабамі ўтварэння тэрмінаў з’яўляюцца:
а)	лексіка-семантычны (тэрміналагізацыя значэнняў агульналітаратурных слоў). Параўн.: парог ‘ніжняя частка дзвярнога праёма; мяжа чаго-небудзь’ і парог (рэнтабельнасці); плячо ‘частка тулава’ і плячо (фінансавага рычага); шапка ‘галаўны ўбор’ і шапка (дакумента);
б)	сінтаксічны (спалучэнне слоў): дзяржаўнае кіраванне, бонусныя скідкі, тпаварыства з абмежаванай адказнасцю',
в)	марфемны.
•	суфіксальны утварэнне новых слоў шляхам далучэння да ўтваральнай асновы суфікса. Найбольш часта выкарыстоўваюцца суфіксы -нн-, -енн-, -к-, -асць, -ізм, -іст, -цы-я і інш. (кіраванне, пагадненне, праверка, актыўнасць, лабізм, фінансіст, градацыя);
•	нульсуфіксальны утварэнне новых слоў шляхам адсячэння суфікса (абмалот ад абмалаціць, абмер ад абмерваць, моладзь ад малады і інш.);
•	прэфіксальны утварэнне новых слоў шляхам далучэння да ўтваральнай асновы прэфікса, напр., без-, анты-, архі-, звыш-, суб-, гіпер-, контр-, улыпра-, экстра-, рэ-, дэ-, дыс-, экс-, віцэі інш. (безнаяўны (разлік), антыманапольны, архіважны, звышпрыбытак, субарэнда, гіпермаркет, контрмера, ультраструктура, экстрапаляцыя, рэструктурызацыя, дэвальвацыя, дыспрапорцыя, экс-міністр, віцэ-прэм’ер)',
•	прэфіксальна-суфіксальны (конфіксны) адначасовае далучэнне да ўтваральнай асновы прэфікса і суфікса (намеснік, напарнік, падаходны, паквартальны, саслужывец, супрацоўнік);
г)	асноваі словаскладанне'. відэазапіс, рабаўладанне, гнтэрнэтмаркетынг, землекарыстанне, тавараабарот. Пры гэтым шырока выкарыстоўваюцца іншамоўныя звязаныя элементы, пераважна грэка-лацінскага паходжання: -логія, -граф, -грама, мікра-, макра-, гідра-, мініі інш. (экалогія, хранограф, мікраэканоміка, макраструктура, гідрарэсурсы, міні-мадэльф
д)	складанасуфіксальны (асноваскладанне з адначасовым далучэннем суфікса): выдаткаёмістасць, залогаатрымальнік, ільнаводства, таваразнаўства, работадаўца;
е)	абрэвіяцыя (утварэнне складанаскарочаных слоў): ІДІ-індэкс даходнасці інвестыцый, УСД унутраная стаўка даходнасці, УВП унутраны валавы прадукт і інш.
4.5.	3 гісторыі беларускай тэрміналогіі
Першапачатковай асновай фарміравання тэрміналагічнай лексікі была намінацыя розных прадметаў і з’яў прыроды, побыту, паняццяў тагачаснай рэчаіснасці, у тым ліку і тэрміналагічнага характару, што адлюстравана ў разнастайных літаратурна-пісьмовых помніках: надпісы на камянях, прасліцах, гліняным гладышку, берасцяныя граматы, дагаворныя граматы, зборнікі і інш. Так, у адным з арыгінальных помнікаў пісьменства XI ст. («Руская праўда») зафіксаваны наступныя юрыдычныя, грамадска-палітычныя і гандлёва-эканамічныя тэрміны: послухь сведка, вйра грашовы штраф за забойства, кагань князь (цар), скоть грошы, добытькь маёмасць, судь разбор справы, людйнь просты чалавек, правда суд, закон і інш.
У XIV-XVI стст. найбольш развітымі тэрміналагічнымі сістэмамі былі грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёва-прамысловая, ваенная, філалагічная, сельскагаспадарчая. Ролю тэрміналагічных слоўнікаў часткова выконвалі глосы (тлумачэнні), што змяшчаліся на палях ці паміж радкамі рукапісаў або друкаванага выдання, і слоўнікі
Л. Зізанія («Лексіс», 1569 г.), П. Бярынды («Лексікон», 1624 г.). Аднак спецыяльных тэрміналагічных слоўнікаў яшчэ не было.
Другая палова XVII-XIX стст. перыяд заняпаду беларускай мовы, што адмоўна адбілася на пераемнасці і далейшым развіцці тэрміналогіі.
Пачатак XX ст. новы этап у фарміраванні беларускай навуковай тэрміналогіі.
У 1921 г. была створана Навукова-тэрміналагічная камісія, галоўнай задачай якой была выпрацоўка тэрмінаў па ўсіх галінах навукі. Спачатку аб’ём работы абмяжоўваўся патрабаваннямі сярэдняй школы, а пазней быў пашыраны да ўсёй нацыянальнай тэрміналогіі. У рабоце ўдзельнічалі аўтарытэтныя вучоныя, пісьменнікі і грамадскія дзеячы (Я. Купала, Я. Колас, С. Некрашэвіч, М. Байкоў, географы М. Азбукін, А. Смоліч, фізік А. Міцкевіч і інш.).
Адным з напрамкаў працы камісіі было ўвядзенне слоў, што бытавалі ў жывой народнай мове. У навуковай сферы выкарыстоўваліся агульнаўжывальныя словы тыпу бялок, сіла, сцябло, ланцуг, што набывалі строга акрэсленае спецыяльнае значэнне. Другі напрамак стварэнне неалагізмаў у адпаведнасці з законамі беларускай мовы. Часам жаданне стваральнікаў кожны іншамоўны тэрмін перадаць беларускім словам (пурыстычная тэндэнцыя) прыводзіла да з’яўлення так званых «штучных неалагізмаў»: кругасказ (перыяд), споказ (дэманстрацыя), праваслоу (арфаэпія), вызыск (эксплуатацыя), пашыршчык (прапагандыст), краёвіднік (пейзажыст), ператрус (вобыск) і інш.
На працягу 1922-1930-х гадоў выйшлі 23 выпускі Беларускай навуковай тэрміналогіі, прысвечаныя матэматыцы, геаграфіі, граматыцы, псіхалогіі, логіцы, літаратуразнаўству і г.д., якія спрыялі далейшаму разгортванню лексікаграфічнай дзейнасці і давалі магчымасць на практыцы праверыць жыццядзейнасць тых ці іншых тэрмінаў. Асобна выходзілі і іншыя тэрміналагічныя даведнікі: «Дзелавод. Узоры афіцыйных папер, слоўнік тэхнічна-канцылярскіх выразаў і іншыя патрэбныя ў дзелаводстве веды» С.Серады (Мінск, 1926), «Слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (Мінск, 1929), «Слоўнік хімічнай тэрміналогіі» (Мінск, 1929), «Слоўнік геаметрычных і трыганаметрычных тэрмінаў і сказаў» К. Дуж-Душэўскага і В. Ластоўскага (Коўна, 1923), «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» Зоські Вёрас (Вільня, 1924), «Спіс назваў птушак і некаторых рыб» А.В. Фядзюшына, «Слоўнік тэхнічнай тэрміналогіі» А. Гурло (Мінск, 1932), «Ваенны руска-беларускі слоўнік» (Мінск, 1933), «Слоўнік бухгалтарскай тэрміналогіі» ([праект], 1928) і інш.
У 30-40-я гады праца па стварэнні беларускай тэрміналогіі амаль спынілася. I ў пасляваенныя часы таксама не было агульнага цэнтра па распрацоўцы і ўпарадкаванні беларускай тэрміналогіі. Значную ролю ў фарміраванні беларускай тэрміналогіі адыгралі «Руска-беларускі слоўнік» (1953), «Беларуска-рускіслоўнік» (1962), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (1977-1984).
У 1980 г. была створана Рэспубліканская тэрміналагічная камісія. 3 1989 г. пры Міністэрстве адукацыі працуе Тэрміналагічная камісія, асноўная мэта якой стабілізацыя і развіццё тэрмінасістэм.
Нягледзячы на тое, што ў наш час беларуская тэрміналогія недастаткова запатрабаваная ў навукова-тэхнічнай сферы, дзе пераважае руская мова і адпаведна руская тэрміналогія, беларуская мова здольная рэалізаваць самыя разнастайныя тэрміналагічныя задачы, г.зн. быць асновай для стварэння і функцыянавання вялікай колькасці тэрмінаў у розных сферах дзейнасці.
4.6.	Тэрміналагічныя слоўнікі
Тэрміналагічныя слоўнікі належаць да слоўнікаў змешанага лінгвістычнага і энцыклапедычнага тыпу. У іх сумяшчаюцца як звесткі пра сам тэрмін, так і пра тую рэалію, што ён абазначае. У сучаснай беларускай мове многія слоўнікі з’яўляюцца перакладнымі.
Слоўнікі па эканоміцы і кіраванні на беларускай мове: «Рускабеларускі тлумачальны слоўнік гандлёва-эканамічных тэрмінаў, якія ўжываюцца пры вывучэнні курса “Эканоміка гандлю”» (1991); «Слоўнік эканамічных тэрмінаў» (1992); «Кароткі эканамічны слоўнік» (1993); Кунцэвіч Л. «Краткнй русско-белорусскнй словарь экономнческнх термннов» (1993), Каўрус А.А. «Дакумент па-беларуску: Справаводства. Бухгалтэрыя. Рыначная эканоміка» (1994); «Краткнй русско-белорусскнй словарь экономнческнх н бухгалтерскнх термннов» (1994), «Руска-беларускі тэрміналагічны слоўнік для студэнтаў спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне ў спажывецкай кааперацыі”» (1995); «Тлумачальны слоўнік гандлёвых тэрмінаў» (1995); Дубовік А.Е. «Англо-русско-белорусскнй словарь менеджера» (1996); «Слоўнік катэгорый эканамічнай тэорыі» (1999) і інш.
? Пытанні для самакантролю
1.	Што абазначаюць паняцці «тэрмін» і «тэрміналогія»?
2.	Як суадносяцца паміж сабой тэрміны і номены; тэрміны і прафесіяналізмы?
3.	Якія прыкметы тэрмінаў існуюць? Назавіце іх.
4.	Якія прыклады тэрмінаў-сінонімаў і тэрмінаў-антонімаў вы можаце прывесці ў межах эканамічнай тэрмінасістэмы?
5.	У выніку чаго ўзнікаюць а.манімічныя тэрміны?
6.	Якія тыпы тэрмінаў выдзяляюцца ў залежнасці ад будовы?
7.	На якія групы падзяляюцца тэрміны паводле паходжання?
8.	Якія асноўныя спосабы ўтварэння тэрмінаў вы ведаеце? Растлумачце іх сутнасць.
9.	Да якога тыпу слоўнікаў належаць тэрміналагічныя? Назавіце вядомыя вам тэрміналагічныя слоўнікі.