Беларуская мова ў дзіцячым садзе
Наталля Старжынская
Для дашкольнага ўзросту
Выдавец: Народная асвета
Памер: 159с.
Мінск 1995
Аналагічныя маўленчыя заданні дзеці выконваюць у гульнях “Магазін цацак”, “Хто жыве ў заапарку?”, “Паштальён прынёс паштоўкі” і пад.
Вылучыць суфікс, які выкарыстоўваецца для ўтварэння назвы, абагульніць яго дапамагаюць дашкольнікам чыстагаворкі, у якіх гэтая марфема даецца асобна, што стварае ўстаноўку на яе ўжыванне ў словах:
Ня-ня-нЯ — у мышкі ... (мышаня), ня-ня-ня — у львіцы ... (ільвяня) і г. д.
Прывабліваюць малых займальныя заданні, у якіх яны таксама ўтвараюць назвы дзіцянят па аналогіі з узорам. Так, можна прапанаваць ім замяніць дзеючых асоб у знаёмай народнай песеньцы:
Сядзіць мядзведзь на калодзе, На скрыпачцы грае.
Дзіцяняты-медзведзяняты
Струны напраўляюць.
Выхавальнік пытаецца, які будзе працяг песенькі, калі пачаць так:
Сядзіць заяц на калодзе,
На скрыпачцы грае ...
Дзеці заканчваюць:
Дзіцяняты-зайчаняты
Струны напраўляюць.
Педагог прапануе розныя варыянты пачатку песенькі.
У час работы над гукавым бокам слова выхавальнік звяртае ўвагу дашкалят на тое, што назвы дзіцянят падобны па гучанню на назвы дарослых жывёл: мядзведзь — медзведзяня, вавёрка — ваверчаня і інш. Але ёсць назвы дзіцянят, якія не падобны на назвы бацькоў: у сабакі... (шчаня), у свінні... (парася), у каровы ... (цяля), у авечкі ... (ягня), у каня ... ( жарабя ).
Неабходна параўнаць спосабы ўтварэння назваў дзіцянят жывёл у беларускай і рускай мовах: па-беларуску кацяня, лісяня, ваўчаня, а па-руску? (Котёнок, лйсёнок, волчонок.) Гусёнок гэта па-руску ці па-беларуску? А як па-беларуСКУ • Так дзеці вучацца асэнсавана размяжоўваць рускія і беларускія граматычныя формы і спосабы іх утварэння.
„ Трэці этап фарміравання разглядваемага граматычнага ўмення рэалізуецца ў маўленчых зносінах дзяцей з равеснікамі і дарослымі, у звязным маўленні. Тут ужо педагог сочыць за правільнасцю маўлення выхаванцаў, выпраўляе памылкі, нагадвае неабходныя аналогіі ("Трэба казаць сланяня, як і мышаня, кураня").
Аналагічна будуецца навучанне спосабам утварэння слоў-назваў посуду. У штодзённых зносінах — сітуацыях падрыхтоўкі да снедання, абеду, гульнях з лялькамі — дзеці знаёмяцца з назвамі прадметаў: хлебніца, сальніца, цукарніца, салатніца, чайнік, інтуітыўна заўважаюць сувязі гэтых слоў з зыходнымі — хлеб, соль, цукар, салата, чай. (Тым больш што большасць гэтых слоў супадае з рускімі.)
У спецыяльных гульнях ("Накрыем на стол”, “Гаспадарчы магазін”, “Пачастуем лялек” і інш.) выхаванцы вучацца ўтвараць назвы посуду пры дапамозе суфіксаў -ніці -нікпа аналогіі з узорам: для цукерак — цукерніца, для сухароў — сухарніца, для супа — супніца, для масла — масленіца, для сурвэтак — сурвэтніца, для смецця — сметніца, для мыла — мыльніца; але для чаю — чайнік, для малака — малочнік. А ці ёсць слова чайніца? Так называюць бляшанку, у якой захоўваюць заварку для чаю.
Параўноўваюцца рускія і беларускія словы-назвы: солонка — сальніца, маслёнка — масленіца.
Дзецям паведамляецца, што не для ўсяго посуду ёсць спецыяльная назва: для варэння — вазачка, для яечка — падстаўка, для піражкоў — талерка і г. д.
Менш магчымасцей у дзяцей засвойваць у штодзённым жыцці назоўнікі са значэннем адзінкавасці (бульбіна, цыбуліна), паколькі яны не вельмі часта сустракаюцца ў маўленчых зносінах. Таму неабходна аріанізаваць спецыяльнае навучанне ў адпаведнасці з вызначанымі этапамі.
Каб пазнаёміць дашкольнікаў са спосабам утварэння назоўнікаў са значэннем адзінкавасці, можна прапанаваць такую праблемную сітуацыю. Выхавальнік выкладвае на стол 5—6 бульбін і пытаецца ў дзяцей: “Што гэта?” (Бульба.) Затым кладзе на стол адну бульбіну, дзве. Задае тое ж пытанне. Як правіла, дзеці адказваюць таксама: “Бульба”. Педагог зазначае: “Тут бульба, тут бульба і тут бульба. Але вось тут ляжыць пяць пладоў, тут два, а тут адзін плод. Як жа сказаць пра іх, каб было зразумела, колькі пладоў бульбы ляжыць у кожнай кучцы? Як іх палічыць?” Дзеці звычайна адказваюць: “Адна бульбачка, дзве бульбачкі...” Выхавальнік заўважае, што бульбачка — гэта значыць маленькая бульба. А лічыць трэба так: “Вось тут адна бульбіна, дзве бульбіны, a тут ... зараз палічу: адна бульбіна, дзве бульбіны, тры бульбіны, чатыры оульбіны, пяць бульбін — усяго пяць бульбін”. (Выхавальнік вымаўляе словы, інтанацыйна падкрэсліваючы суфікс -ін~.) Далей прапануе асобным дзецям: “Віця, вазьмі дзве бульбіны. Колькі ты ўзяў? Палажы іх у маленькі кошык. Тарасік, дай мне адну бульбіну. Колькі ты мне даў?” і г. д.
Аналагічная сітуацыя прапануецца з морквай, цыбуляй. Дзеці лічаць плады: адна цыбуліна, дзве цыбуліны і г. д. У
ходзе такіх заняткаў дашкаляты маюць магчымасць інтуітыўна заўважыць сувязь паміж аднаструктурнымі словамі.
У далейшым у працэс навучання ўключаюцца заданні, якія патрабуюць ад дзіцяці самастойнага ўтварэння новых слоў па аналогіі са знаёмымі. Для гэтага ў гульню ўключаюцца новыя прадметы: фасоля, цэгла, часнок і інш. Напрыклад, у гульні дзеці частуюць мышак фасоляй: малому мышаняці трэба даць адну фасолінку, яго тату — тры. Або: на грузавіках трэба падвезці цэглу для будаўніцтва. Адна машына можа за рэйс перавезці пяць цаглін, а другая сем. Дзеці лічаць цагліны, каб не перагрузіць машыны.
Болып складаным з’яўляецца ўменне ўтвараць назвы людзей па роду іх дзейнасці (прафесіі), схільнасці, характэрным прыметам, паколькі тут ужываюцца розныя суфіксы: -нік(будаўнік, вартаўнік, пажарнік), -ак(спявак, мастак), -ец(прадавец, стралец), -ач(слухач, глядач, чытач), -ун(бурчун, весялун) і інш. У гэтым выпадку трэба больш часу адвесці на першы этап — інтуітыўнае ўстанаўленне сувязей паміж дзеяннямі людзей і іх назвамі. Таму такое ўменне фарміруецца ўжо ў выхаванцаў старэйшай'групы. Да гэтага часу дзеці проста знаёмяцца з назвамі розных прафесій у працэсе азнаямлення з працай людзей, з характэрнымі назвамі чалавека ў залежнасці ад яго характару, схільнасцей (соня, злюка, балбатун і да т. п.).
У спантанным маўленчым развіцці словатворчасць дашкольнікаў, калі яны ўтвараюць словы, якіх няма ў літаратурнай мове, — гэта эксперыментаванне дзіцяці з гукавой абалонкай слова, з дапамогай якога дашкольнік абследуе яго фармальна-семантычныя сувязі. Магчымасць паэксперыментаваць трэба даць дзецям і ў працэсе навучання словаўтварэнню.
У розных гульнях дашкольнікі прыдумваюць назвы казачных персанажаў (каралева Лянота, гномік Разумніх)', назвы гарадоў: у адным усім весела (Вясельнік, Вясёльнік, Вясёлы), у другім усім сумна (Сумны, Сумоўнік)', назвы вёскі за лесам, за мастом, за рэчкай і пад.
Дзеці вучацца прыдумваць такія мянушкі жывёлам, якія адлюстроўваюць іх прыметы: чорны сабака — Чарныш, Вугалёк, Жучка, Ночка; свавольнае кацяня — Свавольнік, Дураслівец, Пястун, Гарэза. Пры гэтым выхавальнік кожны раз звяртае ўвагу на словаўтваральныя сувязі: сабака не проста чорны, а чорны як вугаль. (Вугалёк.) Кацяня што робіць? (Дурэе, балуецца.) Яно якое? (Гарэзлівае, жвавае.) А чаму яго можна назваць Пястуном?. (Яго распесціла гаспадыня.)
Падобныя практыкаванні можна праводзіць з дапамогай мастацкіх твораў:
Ехалі дзеці аднойчы ў трамваі, Месцы дарослым яны ўступалі, Дапамагалі сыходзіць старым. — Добрыя дзеці, —
Казалі ўсе ім. Т. Кляшпюрная.
Як яшчэ можна назваць гэтых дзяцей? (Ветлівыя, добразычлівыя, выхаваныя.)
ХВАЛЬКО-ЧАР УАПАЛОХ
— Я на лузе троху Чорта напалохаў: Аб мае калючкі Пакалоў ён ручкі. — А як коску ўбачыў — Стаў казаць іначай: — He скасіце, дзеткі, Мяне, мірнай кветкі. Хоць калючкі маю, Усім дабра жадаю. Л. Мароз.
Чаму верш называецца “Хвалько-чартапалох”? А чаму чартапалох так выхваляўся? Услухайцеся ў назву гэтай расліны: чартапалох — чорта палохаю. Як вы думаеце, чаму яе так назвалі? (Калючая, усіх палохае, нават чорта.) Як яшчэ можна назваць чартапалох? (Хвалько, выхваляка.)
Выхавальнік заахвочвае дзяцей да ўжывання розных суфіксаў для ўтварэння назваў чалавека, жывёл: “Як называюць маленькага ката?” (Коцік, коця.) “Ласкава?” (Каток, каточак.) “У казках?” (Каток — залаты лабок, Катафей.)
Такім жа чынам дзеці навучаюцца ўтвараць складаныя словы з двух простых: “У зайца доўгія вушы — ён ... (даўгавухі), кароткі хвост — ён ... (караткахвосты), а можна сказаць куцы хвост, тады ён ... (куцахвосты), у шчаняці Genu лоб — ён ... (белалобы). А чаму мядзведзя называюць касалапым? А ў вожыка кароткія лапкі. Як можна яго назваць? А калі ў сабакі лапы крывыя, гэта які сабака?”
Як заўсёды, вельмі дапамагае пры такіх занятках займальны матэрыял. Гэта творы, у якіх абыгрываецца гучанне і значэнне слова, як, напрыклад, у вершы В. Віткі “Лежань, седзень”:
Лежань лежма ляжыць, Седзень седзьма сядзіць, Бягун бежма бяжыць, Крыкун крычма крычыць. Гультай гульма гуляе, Абібок бок абівае.
У вершы I. Муравейкі “Слон-сталяр” выкарыстоўваецца жартоўнае ўтварэнне назвы дзіцяняці ад неадушаўлёнага назоўніка:
Клапатлівы бацька-слон Для сябе зрабіў услон, А для сына — сланянятка Зрабіў услончык — усланятка.
Далей можна дзецям прапанаваць прыдумаць, што яшчэ зрабіў бацька-слон для сябе і сына-сланяняткі: стол і столік-сталянятка і да т. п. Можна прапанаваць таксама назваць дзіцянят такіх жывёл, як жыраф, бегемот, насарог. Дашкаляты спрабуюць утварыць новыя словы. Выхавальнік адзначае, што дзеці прыдумалі выдатныя словы, але такіх назваў няма, кажуць проста “маленькі насарог”, “крошка бегемот”, “дзіцяня жырафа”. Гэтак жа можна прапанаваць прыдумаць назвы посуду для памідораў, цыбулі, соку і г. д. Выхавальнік можа прапанаваць дзецям утварыць формы адзінкавасці такіх назоўнікаў, якія іх не маюць: капуста, рэпа, кукуруза. Калі дзеці паспрабуюць сказаць адна капусціна, адна рэпіна, выхавальнік зазначае, што такія словы маглі б быць у беларускай мове, але так не гавораць, трэба казаць адзін качан капусты, дзве рэпкі, адзін пачатак кукурузы і г. д.
Неабходна прапанаваць дашкольнікам і заданні ацэначнага і пазнавальнага характару: ці можна так сказаць? Чаму так называецца? Як правільна сказаць? (Ці можна ваўка назваць Таптыгіным? Чаму Робіна Бобіна празвалі ненаедай?)
Устанаўленне словаўтваральных сувязей, авалоданне спосабамі ўтварэння слоў садзейнічаюць лепшаму засваенню дзецьмі слоўніка. У іх фарміруецца назіральнасць, чуласць да выразнасці сродкаў мовы. Гэта робіць іх маўленне больш дакладным, трапным, вобразным.