• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларуская народная педагогіка  Ганна Арлова

    Беларуская народная педагогіка

    Ганна Арлова

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 120с.
    Мінск 1993
    34.99 МБ
    Асаблівая радасць кожнай маці калі яе дзіця пачынае рабіць першыя самастойныя крокі. 3 такой падзеяй звязаны шматлікія звычаі і абрады. „Каб дзіця хутчэй мацнела і хутчэй пачало хадзіць, яго варта часцей саджаць на тое месца, дзе перад гэтым ляжаў свежаспечаны хлеб. Каб дзіця хутчэй пачало хадзіць, ставяць яго на падлогу і між ягоных ног перарэзваюць вяроўку, або, прынамсі, робяць выгляд, што перарэзваюць яе. Гэта называецца „рэзаць шлях” (54,305).
    Раней паўсюдна беларусы рабілі спецыяльныя прыстасовы дзеля навучання хадзьбе: „Амаль нераздзельна з калыскаю ў хаце туліцца дзіцячая „садзібка”... Пры ўменні ды магчымасці „садзібка” робіцца з выпіленым кружком у верхняй дошцы; за недахопам жа іх значна прасцей, і ўся пабудова яе складаецца з квадратнай у аснове дошкі, абітай мяккаю тканінаю, куды туга ўстаўлены 4 падпоркі, злучаныя ўверсе перакладзінамі, што здалёк гатова нагадаць фігуру куба. Пры поўнай адсутнасці хоць якой „садзібкі”, апошняю становіцца парожняя скрыня, кош, вядро, ражка і інш.” (41, 325).
    Неад’емны кампанент фізічнага выхавання кармленне. Па традыцыі ў беларускіх сем’ях дзяцей даволі доўга кармілі грудзьмі. Пасля таго як адымалі малога ад грудзей, яго пачыналі прывучаць да таго строгага распарадку харчавання, які быў заведзены ў хаце. Этнографы адзначалі: „... дзеля сапраўднай правільнай ежы існуюць дакладныя, з незапамятных часін устаноўленыя тэрміны, калі ўся сям’я, або значная частка яе, збіраецца за сталом і ўсе разам ядуць. Паказчыкамі гэтых тэрмінаў у асобнай сям’і, як і ва ўсёй вёсцы, служаць: звычка, размяшчэнне сонца на небе і вясновы хранометр у вобразе пеўня. Пад іх кіраўніцтвам ствараюцца чатыры тэрміны дзённага сілкавання, у будні і ў свята ... прычым здольныя абыходзіцца з лыжкаю дзеці знаходзяцца пры мацярках, то „станьком” на лаўцы, то на пастаўленай на яе калодцы” (41,55-56,59).
    Фізічнаму выхаванню дзяцей садзейнічала і ўласцівая беларусам высокая патрабавальнасць да чысціні 1 ахайнасці прыгатавання ежы. М. Я. Нікіфароўскі пісаў наконт гэтага „... да пахвальнага боку кухарскае справы неабходна аднесці даволі частае мыццё рук кухаркі, а таксама і тое, што кожная пасудзіна абавязкова спаласкваецца вадою нават і тады, калі яна была памытая раней ... міскі ды лыжкі не толькі мыюць, але і выціраюць” (41, 49).
    Правільна прыгатаваная, здаровая, разнастайная ежа, шырокае выкарыстанне вегетарыянскіх страў (нацыянальная асаблівасць беларускай кухні) дапамагаюць вырасціць здаровых і моцных людзей.
    У аснову фізічнага выхавання ў беларускайнароднай педагогіцы пакладзены прынцып прыроднай мэтазгоднасці. Гэта значыпь, што фізічнае выхаванне ў беларусаў ладзіцца ў адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі дзяцей, у залежнасці ад змен у прыродзе і пад уздзеяннем прыродных фактараў. Фізічнае выхаванне здзяйснялася і здзяйсняецца большасцю на ўлонні прыроды. Так, шматлікія калектыўныя рухавыя гульні звычайна адбываюцца на дварэ: „У ката і мышку”, „У гарэлыша”, „Калім-бам-ба”, „У здагонкі”, „Штандар”, „У гарадкі”, „У булу”.
    Усе рухавыя гульні развіваюць хуткасць, спрыт, вынослівасць, сілу, выхоўваюць смеласць, настойлівасць, мэтанакіраванасць.
    На Беларусі шмат азёраў і рэк, таму дзеці часта праводзяць свой час ля вады. Вельмі рана яны пачынаюць вучыцца плаваць, ладзяць гульні на вадзе, бегаюць і скачуць каля-вады, загараюць. Сонца, паветра, вада гартуюць цела. Той жа мэце ■ служыць і хадзьба па pace, абліванне халоднай вадой, працяглыя паходы ў лес. Зімою фізічнаму выхаванню спрыяе катанне на санках, на лыжах, на каньках.
    Яшчэ ў 1890 годзе Е. Р. Раманаў у фізічным выхаванні дзяцей надаваў вялікую ўвагу гульням, дзіцячым забавам: „Даўно вядома, што цацкі, гульні і разнастайныя забавы дзяцей маюць велізарнае значэнне ў выхаванні дзяцей увогуле і іх фізічным развіцці асабліва. Нездарма таму на іх заўсёды звярталі ўвагу многія мысленнікі і педагогі... Вельмі карысная • гімнастыка, але, як справядліва заўважаюць некаторыя гігіеністы, яна параўнальна з найбольш уласцівымі ўзросту дзяцей рухамі ў гульнях складае да апошніх ні больш, ні менш як толькі дадатак” (55).	,
    Фізічна выхоўваюць дзяцей і ўдзел апошніх у працы дарослых, прывучванне іх да розных карысных заняткаў. У беларускіх сем’ях здаўна заведзена, каб частку хатняй работы выконвалі дзеці, якія вельмі рана пачынаюць дапамагаць маткам мыць посуд, прыбіраць хату, паліваць кветкі, даглядаць жывёл, паліваць і палоць градкі, грэбці сена. Ва ўзросце дванаццаці-чатырнаццаці гадоў дзеці актыўна ўключаюцца ў працоўную дзейнасць бацькоў. Усё гэта развівае іх фізічныя, валявыя і маральныя якасці.
    На фізічнае выхаванне станоўча ўплывае 1 грамадская думка, бо кожны хоча, каб пра яго гаварылі як пра моцнага, спрытнага, вынослівага чалавека. Асабліва гэта назіраецца падчасправядзення народных свят, калі ў час розных спаборніцтваў маладыя людзі мераюцца сіламі, паказваюць свой спрыт, уменне, кемлівасць.
    У беларускай народнай педагогіцы галоўнымі метадамі фізічнага выхавання з’яўляюцца фізічныя практыкаванні, гульні, праца. А метады праверкі фізічнага развіцця грамадская думка, выпрабаванні, спаборніцтвы, асуджэнне.
    ПЕДАГОГІКА МАЛЕНСТВА, ДЗЯЦІНСТВА І ЮНАЦТВА
    СЕ сваё жыццё беларус узгадняе з прыродай прыродай навакольнага свету і прыродай самога чалавека. Таму ў аснове беларускай народнай
    педагогікі ляжыць прынцып прыроднай гармоніі.
    Адпаведна гэтаму прынцыпу з’явілася ў народнай педагогіцы ўзроставая перыядызацыя: кожны перыяд аднесены да карэнных змен у натуральнай прыродзе чалавека, у яго ўзаемаадносінах з навакольным светам. Спынім увагу на трох першых перыядах.
    1	ад нараджэння да шасці-васьмі гадоў.
    П ад шасці-васьмі да чатырнаццаці гадоў.
    ІІІ	ад чатырнаццаці да шаснаццаці-дваццаці аднаго года.
    Першы перыяд маленства. У народзе толькі што народжанае дзіця называюць немаўляткам. Ад нараджэння і да таго часу, калі дзіця яшчэ мала што разумее, не размаўляе і не ходзіць, было прынята таксама называць яго анёлкам. Як толькі дзіця пачынала свядома размаўляць, хадзіць і свядома ўспрымаць навакольны свет (гэта доўжылася да 6-8 гадоў), яго звалі блазнам, блызнюком, блазненкам, блызнянёнкам.
    Клопат аб працягу роду пачынаўся ўжо ў час выбару нявесты або жаніха. Народ марыў пра здаровае і дужае патомства, здольнае забяспечыць пераемную сувязь пакаленняў. Грамадская думка не дапускала браку паміж аднакроўнымі сваякамі, заахвочвала імкненне парадніцца з фізічна дужымі, здаровымі людзьмі. Фізічнае здароўе, лічыў народ, умова для дабрабыту новай сям’і не менш важная за працавітасць або высокамаральнасць яе стваральнікаў.
    Вялікае значэнне надаецца наяўнасці дзяцей у сям’і. Пра гэта сведчаць, напрыклад, вясельныя звычаі і абрады. У многіх мясцінах Беларусі існуе абрад пасада: нявесту саджаюць на дзяжу з прыгатаваным цестам для каравая, спяваюць рытуальныя песні і па асаблівасцях „падняцця” цеста вызначаюць пладавітасць маладой пары. Акрамя таго, падчас вясельнага рытуалу нявесце па традыцыі перадаюць каравай сімвал апладняльнай сілы.
    Сур’ёзна ставіцца народ да нараджэння і выхавання дзяцей і нагадвае пра гэта ў вясельных тостах-пажаданнях маладым:
    „Каб дзетак напладзілі і нагадавалі”,
    „Колькі ў хаце вугалочкаў, каб столькі было сыночкаў”,
    „Каб у нашага маладога было многа дочак і сынкоў, радасных дзянькоў!”,
    „Каб столькі было дочачак, колькі ў хаце дошчачак, a сынкоў, колькі ў хаце сучкоў”,
    „Дару чатыры падушкі, каб мелі чатыры дачушкі”,
    „Дару скрынку мукі, каб раждаліся сынкі”.
    Ідэал беларускага народа мнагадзетная сям’я: „Сям’я гушчу любіць”. Шчасце для сям’і, калі яна поўная, г. зн. калі ў ёй абавязкова ёсць дзеці: „Тут і я, тут і жонка мая, тут 1 дзеці, люба паглядзеці”. Народ вучыць: „Без дзяцей ціха, ды на ста-
    расці ліха”, „Многа дзяцей многа клопату, але і радасці шмат”, „Дзе сыноў лава, там бацьку слава, дзе дачок лава, там матцы слава”.
    Дабрабыт сям’і залежаў ад колькасці працаўнікоў у ёй, адсюль імкненне мець многа дзяцей. Невыпадкова ў песні малады муж прасіў жонку:
    „Радзі мне дэевяць сыкоў,
    А дзесяіую дочку...
    Сыны будуць поле баранаваць, А дачка хустачкі ткаць” (52, 87).
    Галоўнае выгадаваць, выхаваць добрага працаўніка, які стане звяном у адзіным ланцугу пераемнай сувязі пакаленняў, сувязі бацькоў і дзяцей:
    »1 ззамаладу на ўцеху, А на старасці на падмену. Нам ручанькі падмяніць” (52, 81).
    Аддаючы перавагу нараджэнню сыноў, якія павінны выканаць асноўную функцыю ў пераемнай сувязі пакаленняў і стаць апорай бацькоў у старасці, беларускі народ радуецца і нараджэнню дачок:
    „Жана мая дарагая, Радасць мая дарагая, Нарадзіла мне сыночка, Як яснага сака/.очка, Нарадзі яшчэ дачушку, Як ясную сакалушку" (68, 82).
    „А ў нашым садзе ўсе роўныя кветкі, Сынкі, дачушкі ўсе роўныя дзеткі” (52, 69).
    У беларускіх сем’ях, за выключэннем вельмі бедных і вялікіх, нараджэнне дзяцей было радасцю. Таму ў народныя святы гаспадару дома зычылі многа дзяцей:
    „Прачыстая ідзе, тры радасці нясе,	'
    Первая радось у твоім домі, Другая радось у твоім оборы, Трзйця радось у чысгым поліі
    У твоім домі дробныя дзеткі, У твоім оборы волы, коровы, У чыстым полі буйна жыта...” (61, 81-82).
    Імкненне мець многа дзяцей звязана з тым, што ў вялікай сям’і дзеці лягчэй гадуюцца: „Адзін сын не сын, а баўтун”, , чка адна і та не людна”, „Двое дзетак як дзве окі ў лобе”,
    „Адно дзіця не дзіця, двое дзяцей палова дзіцяці, трое дзяцей гэта дзіця”.
    Нельга абысці праблему адносін бацькоў да дзяцен у шматдзетнай сям’і. Асаблівасць народнага выхавання ў тым, каб бацькі аднолькава любілі ўсіх сваіх дзяцей, не вылучаючы нікога. На спрадвечнае дзіцячае пытанне „Каго ты больш любіш?” у народа ёсць гатовы адказ: „Каторага пальца не ўрэж, то кожан баліць, будзь катораму дзіцяці кепска, то ўсё бацькам сэрца баліць”. Яшчэ адно сведчанне педагагічнай мудрасці народа!
    Напярэдадні нараджэння дзіцяці стараліся выканаць усе ўмовы і абрады, што садзейнічаюць нараджэнню здаровага і шчаслівага чалавека. Прымаўка заклікае: „Не радзіся красны, а радзіся шчасны”. Нават у самых бедных сем’ях^ шукалі магчымасць пазбавіць будучую маці ад непасільнай працы. Беларускія этнографы ў сваіх даследаваннях прыводзяць шэраг перасцярог цяжарным жанчынам: не наступаць, напрыклад, на жывёліну, бо цела дзіцяці ад гэтага пакрыецца поўсцю; не наступаць на вяроўку, каб дзіця не задушылася пупавінаю; не спаць пры месяцы, каб дзіця потым не зрабілася лунацікам; не глядзець на нябожчыка або на падлу, a то дзіця захварэе на цынгу, не ееці яешню з патэльні, каб цела дзіцяці было чыстае, не ўступаць у круг, які пакідае мокры посуд, каб цела навародка не пакрылася каростаю; не кратаць рукамі цела, калі спалохаешся пажару, каб у дзіцяці не аказалася чырвоных плямаў; не зашываць на сабе адзенне, не глядзецца ў люстэрка, не выліваць вады з акна, не карыстацца чужымі рэчамі, a то дзіця будзе аслабленае, нездаровае.