Беларуская вёска ў міжваенны час: шляхі і формы савецкай мадэрнізацыі (1921-1939)
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 240с.
Мінск 2014
Можна пазначыць, што паводле абшчыннага, ураўняльнага па сутнасці менталітэту аднолькава непрымальнымі былі і гандляры, і ліхвяры, і заможнікі, на якіх пасля з лёгкасцю можна было павесіць ярлык кулака. Гэта тым больш мела значэнне, што менавіта выхадцы з бядняцка-пралетарскіх слаёў вёскі паступова запаўнялі нішы нізавога савецкага і партыйнага апарату. Лайдацтва і паразітызм, якія, безумоўна, прысутнічалі ў абшчыне, выклікалі найперш моцную незадаволенасць у заможных членаў абшчыны. Фарматам барацьбы з такой з’явай станавіліся агульныя сходы і самасуд (пабоі). Зацятае супрацьстаянне ў абшчыне не знікала пад уздзеяннем улад, былі задзейнічаны і ўнутраныя механізмы грамады.
Абшчына стагоддзямі дыктавала і адносіны да ўлады. Як толькі ўлада адчувалася сялянствам, яна імкнулася да яе прыстасавацца. Пагроза для аднаго члена грамады ўспрымалася як пагроза ўсяму «міру». Такія ўзаемаадносіны выяўляліся не толькі праз імкненне схаваць усе парушэнні (у тым ліку парушэнні закону) і вырашыць іх праз самасуд («між сабой»), але і ў адносінах да кулакоў. Сялянства гатова было гаварыць пра абстрактных «кулакоў-міраедаў», каб паскардзіцца на сваё цяжкае жыццё, але сваіх заможных сялян вызначала як тых, хто выключна працай дасягнуў такой заможнасці. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы інтэнсіўных спосабаў вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці выявілася імкненне даказаць, што дадзеная гаспадарка з’яўляецца менавіта «культурнай, паказальнай».
Імкненне захаваць дастаткова высокі ўзровень гаспадаркі і адначасова не трапіць у катэгорыю кулацтва часам прыводзіла такіх сялян уступаць у вытворчыя кааператывы. Найчасцей гэта былі таварыствы па агульнай апрацоўцы зямлі. Але, здаралася, стваралі і камуны. Такім выпадкам, у прыватнасці, стала і камуна «Кавалі», якая атрымала вядомасць ужо таму, што ў патуранні гэтаму «лжэкалгасу» абвінавачвалася кіраўніцтва БССР, у тым ліку і Д. Ф. Прышчэпаў.
Справа камуны «Кавалі» спатрэбілася тады, калі пачалі шукаць абвінавачванні супраць асобных членаў урада рэспублікі, у прыватнасці Лабаноўскага і Прышчэпава. Матэрыял, які быў надрукаваны 28 мая 1928 г. у газеце «Заря Запада», сведчыў аб тым, што ў Ліёзненскім раёне існуе «лжэкамуна, арганізаваная былым памешчыкам Аляксандрам Каньковым». Артыкул меў цікавую назву: «Памешчыкі прыстасоўваюцца. Трэба абрэзаць ім кіпцюры».
Арганізаваў камуну ў 1918 г. заможны селянін Аляксандр Канькоў на сваёй зямлі. Да рэвалюцыі Канькоў арандаваў яе ў тутэйшага памешчыка і падчас вайны здолеў выкупіць і зямлю, і дом, які, магчыма, цагляны, двухпавярховы, найбольш і рэзаў вочы асобным з мясцовых сялян. Ды і для былых батракоў што ўвайшлі ў камуну, былі адбудаваны дамы з усімі неабходнымі гаспадарчымі пабудовамі на ўскраінах былога памесця. Пакуль камуна падымалася на ногі, пакуль усе сродкі ішлі на набыццё жывёлы, інвентару, аб камуне маўчалі. Але ўжо ў 1925— 1926 гг. ураджайнасць збожжавых у гаспадарцы Канькова перавысіла амаль у 2 разы ўраджайнасць акаляючых сялянскіх гаспадарак. Камуна набыла 11 коней, 16 кароў, сепаратар, сарціроўку і іншую тэхніку.
Па-гаспадарску ставячыся да ўсёй маёмасці, члены камуны пільна сачылі за патравамі палёў статкам нядбайных ці зайздросных мясцовыхсялян. У адказ сыпаліся скаргі. Вясною 1926 г. з’явіўся допіс селькораў у газету «Заря Запада», дзе гаварылася абтым, што былы памешчык, маючы знаёмствы ў Віцебску, па-ранейшаму эксплуатуе сваіх батракоў і мясйовае сялянства. Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК) БССР, які рэагаваўамаль на кожную такую публікацыю, накіроўвае распараджэнне «разабрацца на месцы» Віцебскаму акруговаму зямельнаму аддзелу. I ўжо ўліпені 1926 г. прымаецца пастанова Ліёзненскага РВК аб рэарганізацыі камуны. У пастанове адзначалася, што гаспадарка «хоць і добра арганізаваная, але адсутнічае належная справаздачнасць, квітнее сямейнасць» і што навакольнае сялянства імкнецца да скасавання дзейнасці калектыву, што хоць старшынёй камуны і з’яўляецца былы батрак, аднак вырашае ўсё Аляксандр Канькоў. Меркавалася вывесці ўсіх Каньковых з камуны і ўвесці ў яе склад усіх жадаючых (напрыклад, тэлеграфных служачых), змяніць назву «Кавалі» на «Дзесяты кастрычнік». Так і было зроблена (безумоўна, без згоды членаў ранейшай камуны). Каньковы ж падалі скаргу.
Між тым, скарыстоўваючы пэўны перыяд безуладдзя, новыя члены калектыву (уведзеныя РВК) паступова «праядалі» маёмасць камуны. Выявілі прэтэнзіі і асобныя з мясцовых сялян. Пракурор рэспублікі ў студзені 1928 г. вымушаны быў накіраваць загад аб захаванні маёмасці маёнтка «Кавалі» да разгляду справы на пасяджэнні Асобай Калегіі Вышэйшага кантролю па спрэчных зямельных
справах. Яно адбылося 9 сакавіка 1928 г., і выявілася наступнае: былы ўласнік разам з сям’ёю і ранейшымі парабкамі працаваў у гаспадарцы. Чакаць прыходу інтэрвентаў ён не мог, бо ўсе пяць яго сыноў служылі ў Чырвонай арміі. Пры гэтым адзін з іх захварэў у арміі і памёр, а другі — Міхась — быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і працягваўслужбу начас рэарганізацыі камуны. Была прынята да ўвагі і Пастанова Прэзідыума ЦВК БССР ад 26 студзеня 1928 г. «Аб няправільнасці ліквідацыі камуны “Кавалі”, аб неабходнасці яе захавання і развіцця». У пастанове ж Асобай Калегіі, падпісанай Лабаноўскім, было вырашана: камуну захаваць, але папоўніць новымі членамі.
У іншы час усё на гэтым і скончылася б, але не мінуў яшчэ крызіс хлебанарыхтовак, з вясны 1928 г. набірала моц новая ідэалагічная кампанія. На вёсцы загаварылі аб неабходнасці «другой рэвалюцыі», а на верхніх эшалонах улады — аб узмацненні ідэалагічнай пільнасйі. Менавіта ў адсутнасці апошняй і абвінавацілі Лабаноўскага пасля згаданага артыкула ў газеце «Заря Запада». Праз некаторы час гэткія ж абвінавачванні пасыпаліся і на наркама Д. Ф. Прышчэпава. Што ж да камуны, то тут ужо з законам не лічыліся. Сакратар бюро Віцебскага акруговага камітэта К П (б) Б заявіў: «Палітычна гэтае пытанне страшэнна абвострана. Кажуць, што Савецкая ўлада не ў сілах змагацца з Каньковым». Канькова перамаглі, а пасля і не толькі яго. Збераглі «чысціню радоў». Але гісторыя нас добра навучыла, што ацэньваць работу селяніна трэба не па класавай прыналежнасці, а па колькасці, якасці і кошце прадукцыі, якую ён прадае.
Адной з прычын рэпрэсій супраць Д. Ф. Прышчэпава (як вядома, ён быў названы «чырвоным Сталыпіным») магла стаць незалежная зямельная палітыка, у тым ліку і ў дачыненні да абшчыны. Аднак ці настолькі супрацьстаялі хутары і абшчына? Германская даследчыца Дзіяна Зіберт сцвярджае, што там, дзе абшчына была больш моцнай, працэс хутарызацыі быў больш паспяховым, чым у тых раёнах, дзе практыкавалася падаткаабкладанне асобных гаспадарак.
У адрозненне ад адрубной гаспадаркі хутар уяўляе такое аднадворнае сельскае паселішча, дзе на адасобленым участку знаходзіцца ўся сядзіба або частка пабудоў і інвентару, неабходных для яе апрацоўкі. У XVI ст. у выніку правядзення валочнай памеры хутарская гаспадарка пачала складвацца ў заходняй частцы тэрыторыі Беларусі. У XIX ст. хутарамі найчасцей называлі фальваркі, што належалі шляхціцам — арандатарам, аднадворцам і чыншавым сялянам. Хутарская форма вядзення сельскай гаспадаркі ў найбольшай ступені стымулявалася развіццём капіталістычныхадносін, інтэнсіфікацыяй гаспадаркі. Сялянскія хутары на Беларусі з’явіліся ў другой палове XIX ст. Першапачаткова на хутары і адрубы выходзілі пераважна гаспадары, якія датэрмінова выкуплялі свае надзелы. Пад уплывам перасяленцаў з Прыбалтыкі хутарское рассяленне ў беларускіх губерняхпашырылася намяжы XIX—ХХстст. Паводле падлікаў, праведзеныху 1905 г., у Віцебскай губерні налічвалася больш за 5 тыс. хутароў. Хутарская гаспадарка з’яўлялася сімвалам заможнасці, што з’явілася дадатковым стымулам для выхаду на хутары. Такім чынам, хутарская сістэма да рэвалюцыі развівалася галоўным чынам на паўночным захадзе, дзе і прыродныя, і эканамічныя ўмовы (ба-
гацце водаў, разнастайнасць натуральных угоддзяў дастатковая колькасць зямлі, развіццё рынкавых адносін, імкненне да інтэнсіфікацыі) яшчэ да Сталыпінскай аграрнай рэформы выклікалі самастойную цягу сялян нахутары. У астатніхраёнах насаджалася адрубная сістэма, якая не давала станоўчых вынікаў, у прыватнасці не пазбаўляла ад асноўнага дэфекту — далёказямелля.
Апытанне насельніцтва Віцебскай, Смаленскай і іншых губерняў, праведзенае ў 1921 — пачатку 1922 г., прадэманстравала вялікую папулярнасць хутарской формы. На пытанне, пры якой з форм землекарыстання дасягаецца лепшая апрацоўка глебы, каля 88 % рэспандэнтаў адказалі, што «пры хутарской». Амаль 67 % сцвярджалі, што менавіта пры хутарской форме землекарыстання дасягаецца найбольшая дапамога суседзяў адзін аднаму, і больш за 72 % удакладнілі, што жыццё на хутарах не перашкаджае наведванню дзецьмі школы, а дарослымі — розных сходаў. 78,8 % апытаных выказалі імкненне насельніцтва сваіх сельсаветаў пераважна да хутарской формы. Зямельны кодэкс БССР 1923 г. гарантаваўхутарской і адрубнай формам тыя жюрыдычныя правы, што і калектывам, дазволіў свабодны пераход да іх шляхам выдзялення з абшчыны асобных гаспадарак, а таксама поўнага размеркавання зямлі ўсёй грамады на хутары і адрубы. Ha 1 студзеня 1925 г. каля 25 % сялянскіх гаспадарк БССР размяшчаліся на хутарах і адрубах. Ha IX з’ездзе КП(б)Б, які адбыўся ў снежні 1925 г., адзначалася: «...Да сяго часу сялянства не ведае, якая з форм землекарыстання з’яўляецца самай выгаднай для яго. Мы не можам зараз сказаць, да прыкладу, што пасялковы настрой з’яўляецпа зараз настроем большасці сялянства і зараз сялянства кідаецца ад хутарской да пасялковай, ад пасёлкаў да хутароў» [63, л. 65]. Многія партыйныя і савецкія кіраўнікі, якія раней імкнуліся вызначыцца ў справе калектыўнага земляробства, цяпер спяшаліся далажыць вышэйстаячым органам пра поспехі ў развіцці хутарской гаспадаркі. Бяднейшая частка сялянства нават пры моцным жаданні пайсці на хутары не мела сродкаў для пераносу сваёй сядзібы на новае месца і аплаты землеўпарадкавальных работ. He магла гэтыя выдаткі поўнасцю кампенсаваць і разбураная вайной дзяржава. У гэтых умовах нараджаліся новыя сацыяльныя супярэчнасці, мелі месца факты падпалу гаспадарчых пабудоў, патравы хутарскіх пасеваў.