• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларускае народнае адзенне

    Беларускае народнае адзенне


    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 96с.
    Мінск 1975
    68.79 МБ
    Найболып старажытны спосаб упрыгожвання палатнянага адзення (кашулі, фартухі) — затыканне аднатоннымі чырвонымі ніткамі. Гэта асаблівасць захавалася з далёкіх часоў, калі Берасцейская зямля ўваходзіла ў склад Галіцка-Валынскага княства, таму што чырвоная аднаколернасць была характэрна летапісным валынянам.
    Кашулі, затканыя чырвонымі ніткамі, у XIX — пачатку XX ст., як правіла, дадаткова ўпрыгожвалі вышыўкай, выкананай чырвонай і чорнай «забалоццю». Тканым і вышытым узорам упрыгожвалі і белыя палатняныя фартухі. Тут арганічна спалучалася геаметрычная і раслінная арнаментыка.
    На тэрыторыі распаўсюджання заходнепалескага комплексу адзначаны таксама ўпрыгожанні кашуль вышыўкай, выкананай толькі чорнымі ніткамі. I эта асаблівасць лакалізуецца толькі
    ў асобных вёсках (Медна і інш.) і была, відаць, занесена перасяленцамі з заходніх абласцей Украіны. Так, напрыклад, на Сокальшчыне Львоўскай вобласці старажытны вышыты арнамент геаметрычнага малюнка выконваўся таксама выключна чорнымі ніткамі 6/.
    Наогул трэба адзначыць, што заходнепалескі комплекс па цэламу раду асаблівасцей нагадвае касцюм сумежных раёнаў Украіны, утвараючы разам з ім адзіны этнаграфічна блізкі раён.
    Комплекс адзення насельніцтва былога Пінскага павета Мінскай губерні фарміраваўся і развіваўся ва ўмовах параўнальнай ізаляцыі ад іншых абласцей Беларусі.
    Вось што паведамляецца ў крыніцах сярэдзіны XIX ст. аб гэтай мясцовасці: «Пінчукі, яны ж і палешукі... адрозніваюцца ад усіх іншых жыхароў гэтай ускраіны сваімі бытавымі асаблівасцямі, а яшчэ болып мовай. Сучасная жывая гаворка пінчукоў і помнікі вуснай творчасці іх старажытнасці сведчаць аб тым, што яны далёка не ў такой ступені падпалі пад уплыў прыйшлых элементаў, як іншыя жыхары Мінскай губерні. Сама мясцовасць іх насялення, акружаная лясамі і непраходнымі балотамі, зрабіла іх нерухомымі і замкнёнымі ў саміх сябе, прывучыла пінчукоў недаверліва адносіцца да ўсяго, што ляжыць за мяжою іх лясоў і балот. Пабываць у павятовым горадзе з’яўляецца вялікай падзеяй. Губеранскі горад Мінск пінчукі лічаць ужо... Літвой» 68.
    Пінскі комплекс адзення ў асноўных рысах не мае рэзкіх адрозненняў ад заходнепалескага (брэсцкага). Але тут пры агульнай палескапінскай аснове ёсць многа варыянтаў. У гэтай найбольш забалочанай частцы Палесся нярэдка нават бліжэйшыя вёскі адрозніваліся якойнебудзь асаблівасцю ў касцюме. Так, напрыклад, вёскі Бродніца і Азярніца Лунінецкага раёна, адлегласць паміж якімі каля двух кіламетраў, маюць свае характэрныя асаблівасці ў касцюме. Андаракі ў Азярніцы і ў час працы і ў святы падтыкалі за пояс спераду, таму ніжні край кашулі, які быў відаць, упрыгожвалі арнаментам. У Бродніцы такі спосаб нашэння андарака ні ў далёкім мінулым, ні ў больш позні час (канец XIX—пачатак XX ст.) не назіраўся 69.
    На Піншчыне ў адрозненне ад Брэстчыны ўжо амаль не сустракаліся багата арнаментаваныя суконныя буркі і летнікі. Тып паяснога адзення тут зазнаў істотныя змены пад уплы-
    67	В. А. Маланчук. Некоторые особенностн крестьянской одежды, вышнвкн н художественное ткачествс Соколыцнны. М„ 1964, стар. 3.
    68	Архіў Усесаюзнага геаграфічнага таварыства СССР, разрад 20, воп. 1, спр. 14.
    69	Архіў ІМЭФ, ф. 6, воп. 6, спр. 1.
    вам местачковага касцюма. Святочныя спадніцы, нягледзячы на тое што іх называлі даматканам, шылі (зразумела, найбольш заможныя сяляне) з аднатоннай куплёнай, даволі тонкай шэрсці сіняга, чырвонага, карычневага колеру. Па нізу ў адзін, радзей у некалькі радоў нашывалі залацістыя галуны («галёны»). Такімі ж галунамі ўпрыгожвалі безрукаўку — ужо абавязковую састаўную частку комплексу Піншчыны.
    Пануючым тыпам крою безрукавак у пінскім комплексе быў доўгі неадразны з падрэзамі па баках на бёдрах. Толькі ва ўсходняй частцы Пінскага павета насілі кароткія да пояса безрукаўкі прамога крою з упрыгожаннямі на грудзях у выглядзе зубчыкаў, хвалістых і прамых нашывак з рознакаляровых тканін. Прамежак паміж базрукаўкай і спадніцай, каб не відаць было кашулі, закрывалі шырокім шарсцяным поясам звычайна чырвонага колеру. Пояс часцей за ўсё ззаду завязвалі бантам.
    Палатняныя кашулі, блізкія па крою да заходнепалескіх, упрыгожвалі таксама тканым і вышытым узорам. Шырокі, прамога крою безманжэтны рукаў з вонкавага боку ад верху да нізу «затыкалі» геаметрычным узорам, выкананым чырвонымі ніткамі. Прышыўная на грудзях манішка вышывалася, а на поўначы Піншчыны перад кашулі ўпрыгожваўся папярочнымі паскамі рознай шырыні, затканымі прама па матэрыялу кашулі. Вышыты ўзор, які выцесніў тканы ў пачатку XX ст., размяшчаўся па традыцыі таксама папярочнымі палосамі.
    У касцюме Піншчыны даўжэй, чым дзе-небудзь, захаваўся ручніковы галаўны ўбор, пад які надзяваўся часцей за ўсё звязаны з самаробных нітак чапец у выглядзе шапачкі. Ззаду чапец, які шчыльна аблягаў галаву, завязваўся звітым з нітак шнурком (дадатак, VI).
    Характэрныя асаблівасці пінскага комплексу не маюць сабе аналогіі за межамі Беларусі і сканцэнтраваны каля горада Пінска і навакольных мястэчак (Пагост-Загародск, Целяханы, Кажан-Гарадок, Лунінец і інш.).
    У больш значнай ступені, чым пінскі комплекс, пад местачковым уплывам быў давыд-гарадоцкі комплекс, распаўсюджаны на невялікай тэрыторыі вакол Давыд-Гарадка.
    Давыд-гарадоцкі комплекс пры агульным падабенстве з каспюмам іншых палескіх раёнаў вылучаўся псрш за ўсё наяўнасцю металічных шыйных упрыгожанняў. На масіўных металічных ланцужках віселі вялікія нагрудныя крыжы або ладанкі. Вешалі гэтыя ланцужкі ў некалькі радоў, амаль цалкам закрываючы грудзі.
    Кашулі не ўпрыгожваліся ні тканым, ні вышываным узорам. Але доўгія рукавы амаль заўсёды рабіліся з шырокімі манжэтамі-брыжамі.
    У Пінскім краязнаўчым музеі захоўваецца некалькі фатаграфій давыд-гарадоцкіх жыхарак татарскага паходжання. Касцюм іх упрыгожан металічнымі ланцужкамі з буйнымі пацеркамі паміж асобнымі звеннямі і вялікім крыжам унізе ланцужка. Цікавая з’ява: жанчыны татарскага паходжання насілі татарскае па агульнай канфігурацыі і па матэрыялу (метал) упрыгожанне з хрысціянскім крыжам. Гэта акалічнасць дазваляе меркаваць, што падобныя каралі спачатку насілі татаркі, якія прынялі хрысціянства.
    Сляды татарскага ўплыву наглядаюцца і ў галаўных уборах давыд-гарадоцкіх жыхарак і жанчын з навакольных вёсак.
    У адным апісанні, якое было даслана ў Рускае геаграфічнае таварыства ў сярэдзіне XIX ст., адзначалася надзвычайная розніца паміж галаўнымі ўборамі тураўлянак і давыдгарадоцкіх жыхарак. Наогул увесь галаўны ўбор давыд-гарадоцкіх жыхарак быў вышэй на 4—5 см, чым у Тураве. Ен уяўляў сабой як бы лапату, якая расшыралася з бакоў. Аўтар паведамлення пісаў: «У кожнай дэталі назіралася як бы наўмысная процілегласць тураўскаму. Калі ў старых тураўлянак галаўны ўбор быў большы, чым у маладых, то ў давыд-гарадоцкіх старых, наадварот, ён быў меншы» 70.
    Андаракі шылі звычайна з даматканага сукна чырвонага колеру з вузкімі падоўжнымі палоскамі рознага колеру: белыя, сінія, жоўтыя і інш. Андарачная тканіна таксама нагадвала ўсходнія тканіны.
    Безрукаўкі пераважалі кароткія, прамога крою, з характэрнай для ўсходняй Піншчыны аплікацыяй на грудзях.
    Мазырскі комплекс (больш дакладна тураўска-мазырскі) быў распаўсюджан на значнай прасторы праваі леваўзбярэжжа Прыпяці. Некаторыя яго асаблівасці адзначаны да самай руска-ўкраінска-беларускай мяжы. Капіталістычныя адносіны пранікалі сюды ў болыпай ступені дзякуючы чыгунцы і ажыўленаму пасажырскаму руху па Прыпяці і Дняпры. У комплексе Мазыршчыны ў ХіХ — пачатку XX ст. ужо не было намітак, але ў радзе месц да XX ст. бытаваў яшчэ рагаты галаўны ўбор, які называўся «галава». Гэты галаўны ўбор складаўся з трох асноўных частак — налобніка, pa­raTara грэбеня і тонкай вуальнай тканіны ззаду. У апісанні, што прыводзілася вышэй, адзначалася, што тураўскі галаўны ўбор у грэбені меў перахват пасярэдзіне, дзякуючы чаму з бакоў утвараліся як бы два паўмесяцы ўвагнутым бокам вонкі 7І.
    70	Архіў Усесаюзнага геаграфічнага таварыства СССР, разрад 20, воп. 1, спр. 12.
    71	Там жа.
    У паясным адзенні ў гэтым комплексе даволі трывала захоўваліся перажыткі панёвы: звычай насіць два пярэднікі — пярэдні і задні, а таксама затыкаць за пояс падол спадніцы.
    У Тураўскім Палессі ў летнюю пару жанчыны часам надзявалі два палатняныя фартухі без спадніцы на кашулю. Адзін фартух падвязваўся спераду, а другі — ззаду. Калі жанчына ішла або нахілялася, яны нагадвалі спадніцу з разрэзамі па баках. Напэўна, гэта таксама адна з перажытачных з’яў нясшытага паяснога адзення. У Тонежскай і Бярозаўскай валасцях насілі толькі адзін фартух, які надзяваўся ззаду. Дзяўчынкі ж наогул нярэдка насілі на кашулі толькі адзін фартух ззаду. У самым Тураве кашулю без фартуха спераду насіць лічылася грахом. Больш таго, калі спадніцу прыходзілася паднімаць з бакоў, то фартух прыпаднімаць або затыкаць за пояс не дазвалялася 72. Такі ж звычай назіраўся і ў Давыд-Гарадку, дзе жанчыны не мелі права падняць фартух нават у вялікую гразь, нягледзячы на тое што тут прынята было насіць доўгія фартухі.
    Побач з лыкавым абуткам, які называўся тут агульнабеларускай назвай «лапці», жанчыны насілі яшчэ чуні, зробленыя з вяровак, а мужчыны — моршні, ці поршні, з сырамятнай скуры.
    У Лельчыцкай акрузе пяньковыя прывязі для лапцей — аборы накручвалі шчыльна да самага калена так, што атрымлівалася своеасаблівая вяровачная панчоха.
    Па р. Прыпяці праходзіла мяжа паміж двума варыянтамі мазырскага комплексу. Па праваўзбярэжжы Прыпяці насілі кароткія безрукаўкі прамога крою або прыталеныя з фальбонай па ніжняму краю. Яны ўпрыгожваліся і аплікацыяй, і вышыўкай шаўковымі, залатымі ніткамі з дабаўленнем металічных бліскавак. Безрукаўкі гэтага тыпу шыліся з бархату ці сукна яркіх расфарбовак з пераважаннем чырвонага колеру. Па леваўзбярэжжы Прыпяці і далей на ўсход насілі звычайна доўгія безрукаўкі з тоўстага чорнага сукна. Ніжняя частка безрукаўкі ля пояса збіралася ў зборкі або часцей закладвалася ў складкі. Шво ля таліі прыкрывалася прышыўным або здымным поясам з такога ж матэрыялу. На грудзях да пояса і на правай полцы ўнізе вышываліся ніткамі кветкі і хвалістыя лініі.
    Розніца ў жаночым касцюме леваўзбярэжжа і праваўзбярэжжа Прыпяці не абмяжоўваецца толькі кроем безрукавак. Яна назіралася і ў характары крою кашуль, і ў іх упрыгожванні.