Беларускае народнае адзенне
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 96с.
Мінск 1975
3 дарэвалюцыйнага комплексу жаночага адзення ў малазмененым выглядзе захаваўся фартух, які да 60-х гадоў у многіх раёнах Беларусі, а асабліва на Палессі, складаў неабходную частку адзення жанчын пажылога ўзросту. Ен захаваў старажытныя рысы ў кроі і характары ўпрыгожанняў.
У адрозненне ад фартухоў, якія надзявалі маладыя жанчыны на работу, фартух пажылых жанчын (асабліва святочны) быў часцей за ўсё з тонкай белай тканіны. Па ніжняму краю прышываліся карункі, а поле фартуха ўпрыгожвалася вышыўкай.
Традыцыйныя рысы ў адзенні ў савецкі час даўжэй захоўваліся ў комплексе старэйшага пакалення. Пажылыя жанчыны па традыцыі больш ахвотна (а да 60-х гадоў пераважна) насілі не суцэльную сукенку, а спадніцу з кофтай. Матэрыялы, асабліва для спадніц, падбіралі такіх расфарбовак, якія нагадвалі даматканую андарачную тканіну. У характары крою таксама назіраліся некаторыя традыцыйныя рысы.
Карта 20. Тыпы жаночага паяснога адзення (20—30-я гады XX ст.): / — з фабрычнай тканіны; 2 — саматканыя (а — пераважае, б — бытуе, е — сустракаецца)
Старыя звычайна насілі доўгія, амаль да шчыкалаткі і даволі шырокія спадніцы са зборкамі ля пояса, кофты на гестцы з разрэзам спераду, уздоўж якога ад каўняра да нізу прышываліся кнопкі або гузікі. Рукаў, як правіла, быў доўгі, з манжэтай. Такую кофту насілі звычайна навыпуск, наверх на спадніцу. На кофту пры выхадзе «ў людзі» надзявалі жакет, пашыты часцей за ўсё з тоўстага чорнага матэрыялу. Увосень і зімой, а таксама ў халоднае надвор’е летам у хаце на кофту надзявалі безрукаўку на цёплай ватовай падкладцы, якая шчыльна зашпільвалася на гаплікі або гузікі. Нярэдка гэты касцюм дапаўняўся фартухом (дадатак, XXVII).
Такі даволі ўстойлівы комплекс адзення пажылой жанчыны быў шырока распаўсюджан у Беларусі.
У Заходняй Беларусі, якая да 1939 г. уваходзіла ў склад буржуазнай Польшчы, даўжэй захоўвалася аднаасобная гаспадарка з даволі развітым хатнім ткацтвам. Тут, асабліва ў Пінскім Палессі, вельмі доўга пераважала даматканіна ў адзенні яшчэ ў пасляваенныя гады. У шырокім ужытку быў своеасаблівы касцюм, які складаўся з блузы, упрыгожанай нашыўкай шаўковых стужак або карункаў, спадніцы хаця і пашытай часцей за ўсё з куплёных тканін, але таксама ўпрыгожанай шаўковымі стужкамі, карункамі і галуном.
Найбольш заможныя жанчыны і рукадзельніцы заўсёды мелі значны запас не толькі вытканага палатна, але і гатовых вырабаў. Гэтыя запасы былі сур’ёзнай дапамогай у бюджэце сям’і ў цяжкія гады вайны і пасляваеннай разрухі. Нацельнае адзенне з даматканіны з ужытку
беларускіх сялян канчаткова стала знікаць толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны. У 60-я гады ў радзе глухіх вёсак старыя жанчыны насілі кашулі з даматканіны, пашытыя традыцыйным кроем. Выкарыстоўваліся яны, як правіла, у якасці ніжняй бялізны, а ў заходніх абласцях іх насілі і замест блузкі. Кашулі-блузкі багата арнаментаваліся тканым, а часцей вышытым узорам. Сподняя жаночая бялізна з простага ці шаўковага трыкатажу, якая з’явілася ў вёсках у пасляваенныя гады, у сучасны момант канчаткова выцесніла даматканыя кашулі нават у старэйшага пакалення.
Віды і крой сучаснага жаночага адзення вельмі разнастайныя. Адзенне — вельмі рухомы элемент культуры. Кожны год, а іншы раз і кожны сезон уносіць нешта новае як у агульны комплекс адзення, так і ў яго крой. Гэта акалічнасць абумоўлівае разнастайнасць фасонаў, асабліва святочнага адзення. Параўнальная ўстойлівасць назіраецца ў відах і фасонах рабочага адзення і уніфікаваным спецадзенні. Разнастайнасць адзення прасочваецца не па лакальнай прыкмеце, як гэта было ў традыцыйным адзенні, а ў межах аднаго і таго ж населенага пункта, нават у адной і той жа жанчыны. Матэрыяльная забяспечанасць, наяўнасць у продажы разнастайных матэрыялаў дазваляюць сучаснай сялянцы ісці ў нагу з модай.
У сучасным сялянскім адзенні, як ужо адзначалася, зусім не адбіваецца сацыяльнае і сямейнае становішча, г. зн. тыя моманты, якія адыгрывалі немалую ролю ў адзенні дарэвалюцыйнай вёскі.
Адзенне жанчын ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў зараз мала адрозніваецца ў кроі і ў агульным комплексе. Нават характарам упрыгожанняў касцюм жанчын сярэдніх гадоў не адрозніваецца ад касцюма дзяўчат і маладых жанчын. Розніца тут назіраецца толькі ў даўжыні і шырыні вырабаў. Жанчыны прытрымліваюцца «залатой сярэдзіны», г. зн. звычайна носяць сукенку ўмеранай даўжыні і шырыні, тады як дзяўчаты іншы раз утрыруюць агульнапрынятыя нормы.
Мужчынскае нацельнае і хатняе адзенне за гады Савецкай улады змянілася менш, чым жаночае. Тлумачыцца гэта часткова тым, што ў канцы XIX — пачатку XX ст. з развіццём прамысловасці і адыходніцтва мужчынская частка сельскага насельніцтва была больш шчыльна звязана з горадам, і мужчынскае адзенне ўжо тады зазнала значныя змены на шляху збліжэння яго з гарадскім. Яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі многія прадметы мужчынскага касцюма шыліся не з даматканіны, а з куплёных тканін. Разам з куплёнымі тканінамі пранікалі ў вёску і гарадскія фасоны, якія ня-
рэдка пераносіліся і на адзенне са свайго, хатняга матэрыялу.
Комплекс сучаснага мужчынскага адзення па-ранейшаму складаецца са штаноў, пінжака і сарочкі і прадметаў ніжняй бялізны.
Святочнае адзенне ад будзённага адрозніваецца часцей за ўсё толькі якасцю матэрыялу. Святочныя сарочкі, звычайна больш светлых таноў, у маладых мужчын часта шаўковыя, палатняныя, трыкатажныя або віскозныя. Святочныя касцюмы з больш якасных матэрыялаў купляюць часцей за ўсё гатовыя, таму крой іх даволі аднатыпны і адпавядае агульнапрынятай у пэўны адрэзак часу модзе. Больш змяніліся манера нашэння адзення, а таксама яго дадатковыя элементы. Зараз ужо і старыя мужчыны рэдка носяць сарочкі-косавароткі, падпяразаныя шарсцяным хатняй работы поясам. Цяпер сарочкі носяць запраўленымі ў штаны. А калі і носяць навыпуск, дык не падпяразваюцца.
Самыя істотныя змены за гады Савецкай улады зазнала верхняе адзенне сялян. Калі ў куфрах старых жанчын яшчэ параўнаўча няцяжка знайсці традыцыйныя вышытыя і мастацкі затканыя кашулі і нават суконныя андаракі, то пра суконныя армякі і світкі часцей за ўсё можна чуць толькі расказы. 3 традыцыйнага верхняга адзення ў наш час бытуе толькі футравае аўчыннае.
У паслярэвалюцыйныя гады суконныя світкі пачалі перашываць на пінжакі і бравэркі. У Заходняй Беларусі з даматканага сукна і паўсукна шылі кароткія прамога крою фрэнчы, якія ў радзе месц называліся марынаркамі, і жаночыя жакеткі на падкладцы — «сачкі».
У першыя гады пасля Айчыннай вайны шырока распаўсюджаным відам верхняга адзення мужчын, жанчын, падлеткаў былі падшытыя ватай жакеткі — фуфайкі, якія або куплялі ў магазінах гатовымі, або шылі ў мясцовых краўцоў. Святочным цёплым адзеннем жанчын з 'яўляліся плюшавыя на ваце жакеткі «плюшаўкі», якія яшчэ і зараз дзе-нідзе можна сустрэць у пажылых жанчын. Пашытыя з чорнага плюша прамым, крыху прыталеным кроем плюшаўкі насілі не толькі зімой, але наогул у халоднае надвор'е, яны замянялі нярэдка і дэмісезоннае паліто. У маразы для работы ў лесе і каля дому паўсюдна насілі аўчыннае адзенне тыпу кароткіх кажушкоў.
Асабліва прыкметныя змены ў тыпах і відах верхняга адзення адбыліся ў апошнія два дзесяцігоддзі. Узмацнелая эканоміка калгасаў і саўгасаў, узросшыя даходы працаўнікоў вёскі пашырылі пакупныя здольнасці сялян і садзейнічалі поўнаму знікненню вырабленага ў хатніх умовах і саматужнікамі верхняга адзен-
ня. Адбылася дыферэнцыяцыя верхняга адзення па сезонах. У гардэробе сялян абавязковымі сталі летнія і асеннія плашчы — шарсцяныя і з прарызіненых тканін, дэмісезонныя і зімовыя паліто. Пастаянна ўзрастае попыт на футравыя вырабы.
Футры выкарыстоўваюць галоўным чынам на аддзелку — на каўняры, манжэты. У шырокі ўжытак уваходзяць футры з сінтэтычных матэрыялаў. Што датычыць крою сучаснага верхняга адзення, то ён не адрозніваецца ад агульных стандартаў, таму што гэта адзенне купляецца часцей за ўсё гатовым або шыецца ў дзяржаўных майстэрнях і атэлье.
Галаўныя ўборы мужчын і жанчын за гады Савецкай улады таксама зазналі істотную мадэрнізацыю. Адбылася поўная нівеліроўка адрозненняў у прычосках і галаўных уборах жанчын у залежнасці ад узросту і сямейнага становішча. Гэты працэс ішоў паступова. У глухіх палескіх вёсках яшчэ ў 50-х гадах старыя жанчыны па традыцыі не плялі кос, а закручвалі іх на тканку вакол галавы і прыкрывалі чапцом. Доўга захоўваўся таксама звычай у дзяўчат заплятаць валасы ў косы, а не падстрыгаць іх, як гэта шырока распаўсюдзілася ў наступныя гады. Канчатковае знікненне старадаўніх прычосак і традыцыйных чапцоў можна аднесці да 50-х гадоў.
Жаночыя галаўныя хусткі ў беларускіх сялянак увайшлі ва ўжытак з сярэдзіны XIX ст. і з’яўляліся абавязковай састаўной часткай жаночага касцюма. Іх прадавалі на кірмашах, развозілі па вёсках вандроўныя гандляры — афені. У XIX ст. у Расіі шырока была развіта вытворчасць шарсцяных і шаўковых хустак, шалікаў і паўшалікаў. Куплёныя хусткі мелі амаль усе жанчыны. Толькі найбольш бедныя выраблялі хусткі з хатняга палатна і сукна.
He страціла хустка свайго пануючага значэння і цяпер. Вялікі разнастайны асартымент хустак ёсць у кожным сельскім і гарадскім магазіне. Сялянкі ў працоўныя дні носяць паркалёвыя белыя або з набойкай хусткі, яны лёгкія і не выгараюць на сонцы. На святы надзяваюць шаўковыя і капронавыя хусткі або касынкі. Зімой на работу носяць цёплыя хусткі з махрамі шэрага, карычневага, зялёнага колеру, У святочныя дні — шарсцяныя яркіх колераў або пуховыя. Спосабы завязвання хустак па-ранейшаму даволі разнастайныя. Яны захавалі ў многім традыцыйныя рысы.
Зімой хусткі завязваюцца звычайна вакол шыі канцамі ззаду. Калі надзяваюць прыгожую шарсцяную або пуховую хустку, каля шыі абвіваюць толькі адзін канец, а другі свабодна ляжыць на грудзях. Да гэтага часу ў беларускіх сялянак, як і раней, практыкуецца
завязванне некалькіх хустак адначасова. Звычайна зімой пад цёплую хустку, завязаную канцамі ззаду, падвязваюць паркалёвую, завязаную пад падбародкам. Іншы раз цёплую хустку накідваюць на галаву і плечы, не завязваючы. Нягледзячы на тое што ў апошнія гады пачалі ўваходзіць ва ўжытак шапкі, капелюшы, берэты, хустка ўсё ж з'яўляецца асноўным галаўным уборам жанчыны, таму што яна вельмі зручная пры рабоце на адкрытым паветры зімой і летам.