Беларускае народнае адзенне
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 96с.
Мінск 1975
Мужчыны набываюць галаўныя ўборы звычайна ў магазінах. Даўно ўжо не ходзяць па вёсках вандроўныя краўцы-шапачнікі, якія яшчэ ў першыя паслярэвалюцыйныя гады амаль цалкам задавальнялі попыт насельніцтва вёскі на галаўныя ўборы.
Сучасныя сельскія галаўныя ўборы мужчын на вёсцы нічым не адрозніваюцца ад гарадскіх. Гэта тыя ж зімовыя шапкі-вушанкі, папахі, кубанкі з натуральнага або сінтэтычнага футра, берэты, капелюшы (саламяныя, капронавыя, фетравыя) улетку і ўвосень. У адрозненне ад горада тут большая перавага аддаецца шапцывушанцы, якая найбольш адпавядае ўмовам сельскай працы на адкрытым паветры.
За гады Савецкай улады істотна змяніліся традыцыйныя вясельныя галаўныя ўборы. У Віцебскай губерні яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі замест вянка са штучных кветак і са стужкамі, прымацаванымі да яго, у шырокі ўжытак увайшлі вянкі з вясковых белых кветак з белай тонкай фатой ніжэй пояса. К 30-м гадам такі вясельны ўбор распаўсюдзіўся амаль паўсямесна ў Беларусі. Толькі ў радзе вёсак Пінскага Палесся аж да 50-х гадоў прытрымліваліся старадаўнасці, і нявесце (у радзе месц і жаніху) надзявалі вянкі з рознакаляровых штучных кветак, умацаваных на цвёрдым абручы, да якога ззаду падвешвалася шмат рознакаляровых шаўковых стужак.
3 адкрыццём спецыяльных магазінаў для маладажонаў, дзе побач з іншымі прадметамі вясельнага адзення прадаюцца і галаўныя ўборы, традыцыйныя вясельныя галаўныя ўборы канчаткова выйшлі з ужытку.
У савецкі час цалкам знік традыцыйны сялянскі абутак, сплецены з лыкаў і пашыты з сырамятнай скуры. Скураныя поршні, моршні, хадакі — абутак тыпу лапцей, які надзяваўся на анучы і ўмацоўваўся на назе пяньковымі або скуранымі аборамі, знік яшчэ да рэвалюцыі, у першыя дзесяцігоддзі XX ст. Лапці аказаліся больш жывучымі. Да пачатку 30-х гадоў у радзе месц іх надзявалі на работу, дзеці і падлеткі хадзілі ў лапцях у школу. На палявых работах, асабліва на балотных сенакосах, лапці ўжываліся яшчэ ў пасляваенныя гады.
Рыс, 21. Сучаснае жаночае адзенне з выкарыстаннем
народных традыцый. Мінская фабрыка мастацкіх вырабаў
Насілі лапці ў час Айчыннай вайны і ў першыя пасляваенныя гады.
У сучасны момант пераважным відам абутку на вёсцы з’яўляюцца скураныя боты. Боты носяць мужчыны, жанчыны і падлеткі абодвух полаў. У сельскай мясцовасці скураныя і гумавыя высокія боты — найбольш практычны абутак, асабліва ў час асенняга і веснавога сезонаў. У летняе сухое надворе вельмі зручны лёгкі парусінавы абутак, басаножкі і сандалі.
У зімовую халодную пару мужчыны, жанчыны, падлеткі і дзеці носяць валёнкі з высокімі халявамі, якія ў беларускай вёсцы пачалі распаўсюджвацца ў асноўным пасля рэвалюцыі. У сучасны момант валены абутак побач са скураным з’яўляецца шырока ўжывальным відам абутку.
Новай з явай у адзенні сучаснай вёскі можна лічыць шырокае выкарыстанне панчох і шкарпэтак, якія ў традыцыйным касцюме былі вядомы толькі спарадычна. Мужчыны шкар-
пэтак не насілі зусім, таму што ў лапці і боты дастаткова было ануч. У цяперашні час штогод сельскія магазіны прадаюць панчох і шкарпэтак на сотні тысяч рублёў.
Рукавіцы і пальчаткі ў беларускай вёсцы таксама купляюць у магазінах, за выключэннем, можа, рабочых рукавіц, якія іншы раз шыюць самі. У апошняе дзесяцігоддзе па лініі Міністэрства мясцовай прамысловасці Беларускай ССР наладжваецца ў камбінатах надомнай працы шырокая вытворчасць гэтых вырабаў.
Сучаснае адзенне беларускага сялянства характарызуецца дакладнай асэнсаванай формай, колерам, ярка выяўленымі функцыянальнымі і эстэтычнымі якасцямі. У сваім станаўленні і развіцці яно адчувае на сабе дабратворны ўплыў народнага адзення, народнай творчасці. Навізна форм сучаснага адзення не супярэчыць наяўнасці ў ім тых традыцыйных элементаў, змест якіх сугучны патрабаванням, што прад'яўляюцца да сучаснага адзення.
Haiu народ пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі вядзе непрымірымую барацьбу супраць шкодных традыцый мінулага і ў той жа час беражліва адносіцца да ўсяго прагрэсіўнага, што створана геніем простага народа, папярэднімі пакаленнямі.
Зусім натуральна, што нават прагрэсіўныя элементы народнага адзення ўваходзяць у сучаснае шляхам іх творчай пераапрацоўкі. Неабходнасць крытычных адносін да традыцый беларускага народнага адзення і народнай творчасці выцякае са складанасці гэтых з'яў. Да рэвалюцыі адзенне не было аднародным як па сваіх часавых характарыстыках, так і па класавай вызначанасці, таму што адзенне любога народа адлюстроўвае асаблівасці сучаснай яму эпохі. У яго знешніх формах і ўнутраным змесце прагледжваюцца не толькі магчымасці і дасягненні матэрыяльнай вытворчасці, але ў апасродкаваным выглядзе і існуючыя формы вытворчых адносін і грамадскай свядомасці.
Вось чаму мастакам адзення, прыкладнога мастацтва, якія непасрэдна маюць дачыненне ў сваёй рабоце да народнага адзення, неабходна глыбокае і ўсебаковае веданне традыцыйных асноў народнага адзення, каб не пайсці па шляху прафанацыі іх асноўнага зместу і мастацкіх асаблівасцей.
Формы выкарыстання лепшых традыцый народнай творчасці ў сучасным адзенні разнастайныя. Гэта выкарыстанне розных традыцыйных матэрыялаў, прынцыпаў іх спалучэнняў, сілуэта, прьіёмаў камплектацыі састаўных частак адзення, народных спосабаў і прыёмаў арнаментацыі, самога арнаменту, упрыгожанняў і інш.
У сучасным адзенні, а таксама пры стварэнні вялікага кола прадметаў быту шырока выкарыстоўваецца традыцыйны на Беларусі матэрыял — лён, які часта ўжываецца з дабаўленнем новых сінтэтычных валокнаў (лаўсану), што зцачна паляпшае яго эксплуатацыйныя
якасці. Ільняныя тканіны з аднолькавым поспехам ужываюцца для святочнага, паўсядзённага і дзіцячага адзення, а таксама для адзення спецыяльнага прызначэння. Касцюмы і ансамблі з ільну, створаныя ў праектных арганізацыях адзення рэспублікі, атрымалі шырокае прызнанне не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Сёння лён перажывае сваё другое нараджэнне.
У сучаснай матэрыяльнай культуры беларускага народа працягваюць жыць і развівацца і іншыя лепшыя народныя традыцыі, якія вытрымалі выпрабаванне часам, захавалі сваю нацыянальную форму і ўзбагаціліся новым сацыялістычным зместам.
Гэта датычыцца ў першую чаргу народнага крою. Творчая думка народа, увасобленая ў мэтазгодных формах адзення, рацыянальных спосабах спалучэння яго частак, умелым ужыванні розных канструктыўных і дэкаратыўных швоў і г. д., знаходзіць шырокі водгук у творчасці сучасных мастакоў адзення.
Прыклады выкарыстання народнага крою пры стварэнні сучаснага адзення мы бачым у творчасці мастакоў адзення Беларускага дома мадэлей, шматлікіх фабрык мастацкіх вырабаў міністэрстваў лёгкай і мясцовай прамысловасці БССР, праектных інстытутаў (Белбыттэхпраект, Белмясцпрампраект) (дадатак, XXXIII— XXXIV). У сучасных мадэлях, якія зроблены гэтымі ўстановамі, сустракаецца традыцыйны крой з гесткамі, палікамі, доўгім рукавом з манжэтамі, своеасаблівымі стаячым і адкладным каўнярамі. Крой сукенкі ў кліны таксама пераклікаецца з традыцыйным кроем андаракаў. Вельмі нагадваюць традыцыйны крой безрукаўкі, якія сучасныя мастакі ўкараняюць у комплекс жаночага адзення (рыс. 21, 22, 24).
Найбольш шырока традыцыі народнага крою выкарыстоўваюцца ў сучасным сцэнічным касцюме. У ім у роўнай меры прадстаўлена ўся разнастайнасць кампанентаў традыцыйнага народнага адзення. Спецыфічнасць прызначэння сцэнічнага касцюма як відовішчнага патрабуе максімальнага набліжэння яго да народных форм. Асабліва гэта неабходна ў тэатральным касцюме, які павінен поўнасцю адпавядаць народнаму, часам з вылучэннем этнаграфічных асаблівасцей: тэрытарыяльных, часавых, сацыяльных і г. д.
У касцюмах для харавых і танцавальных калектываў дадзенае патрабаванне менш жорсткае. Гэта звязана з сучаснай інтэрпрэтацыяй рэпертуару, калі ў народных танцах захоўваюцца толькі асноўныя характэрныя нацыянальныя рысы. Аднак гэта не значыць, што ў касцюмах для танцаў і харавых спеваў дапушчальна вельмі вольнае абыходжанне з
элементамі традыцыйнага адзення, эклектычнае змяшанне, акцэнтаванне нехарактэрных яго рыс. Цяпер у некаторых касцюмах, выкананых для народных ансамбляў, заўважаецца захапленне аыдаракамі ў гарызантальную палоску, колер якіх і агульны каларыт часта падганяюцца пад колеравае афармленне сцэны. Андаракі ў гарызантальную палоску з’яўляюцца этнаграфічнай асаблівасцю цэнтральных і заходніх раёнаў Беларусі, і таму ўзводзіць іх у ступень абавязковага элемента, скажам, для ансамбляў усходніх раёнаў, ці выдаваць іх за адзіную, характэрную для ўсяго беларускага народнага касцюма асаблівасць неапраўдана. Гэта тым больш недапушчальна ў сцэнічным касцюме, які становіцца здабыткам шырокіх мас гледачоў і з’яўляецца своеасаблівым папулярызатарам нацыянальнай культуры, у дадзеным выпадку беларускага народнага адзення. Часта, асабліва за межамі рэспублікі, па яго знешняму выгляду складаецца агульная думка аб культуры адзення народа.
Добры прыклад у гэтых адносінах даюць самадзейныя этнаграфічныя калектывы рада вёсак Беларусі. Поспех іх вызначаецца не толькі высокім выканаўчым майстэрствам, але і арганічным адзінствам рэпертуару і касцюмаў выканаўцаў (рыс. 23). У творчасці і касцюмах народных этнаграфічных калектываў мы бачым беражлівае захаванне і прамы працяг багатых народных традыцый. Іменна яны ў параўнальна дакладным выглядзе даносяць да нас разнастайную і багатую песенна-танцавальную творчасць беларускага народа, прыгажосць і асэнсаванасць народнага адзення.
Жывуць народныя традыцыі і ў сучасным адзенні агульнага прызначэння. Ступень іх выкарыстання вызначаецца разнастайнасцю сучаснага адзення, абумоўленай шматграннасцю відаў працоўнай дзейнасці, вучобы, адпачынку і г. д. У кожным асобным выпадку выкарыстанне традыцыйных элементаў дыктуецца поызначанасцю таго ці іншага віду адзення. Так, калі ў святочным, спартыўным, у адзенні для дзяцей увядзенне традыцыйных элементаў практычна неабмежавана, то ў адзенні для працы, у адзенні спецыяльнага прызначэння гэтыя магчымасці зведзены да мінімуму.
Прыгажосць народнага адзення стваралася шляхам ужывання простых, але разам з тым па-мастацку выразных сродкаў. I перш за ўсё шляхам аздаблення. Прыёмы і спосабы ўпрыгожвання народнага адзення выпрацоўваліся на працягу многіх стагоддзяў і ўвабралі ў сябе мастацкі і практычны вопыт простага працоўнага народа, яго імкненне да ўпрыгожвання навакольнага прадметнага свету. У працэсе шматвяковай жыццёвай практыкі ў народным адзен-