Беларускі фальклор
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 840с.
Мінск 1977
Як мужык-бядняк дабіўся сваёй праўды
Жыў-быў мужык-бабыль, здаровы, працавіты мужчына, здольны на ўсякую работу. Сухія і чэрствыя мазалі ніколі не сыходзілі з яго закаравелых рук. Але колькі ён ні біўся, колькі ні матаўся, а з нужды-голаду выбіцца не мог. Хата-халупа развалілася, жонка б’ецца без кароўкі, дзеткі плачуць — есці хочуць, а самому хоць лезь у пятлю ці галавою ў пролубку. Няма і не відна ніякага выхаду. Такая мужыцкая доля, каб век на другіх працаваць, мазалі наганяць і самому галадаць.
Вось мужык, падцягнуўшы свой жывот папругай, пайшоў дабівацца праўды, як жыць на свеце працоўнаму люду без нястач і голаду. Прышоў к цару і стаў прасіць яго навесці добры парадак і праўду сярод людзей, каб усім было добра жыць і працаваць. Цар скоса паглядзеў на мужыка і паслаў яго ў салдаты і далей на вайну. Мужык некалькі гадоў пацёрся ў салдатах, пабываў на вайне, атрымаў некалькі ран і вярнуўся дамоў, дзе знайшоў сваю сям’ю ў горшай бядзе і голадзе. Пачухаў сваю патыліцу мужык і падумаў: «Дык вось якая царская праўда, якія царскія парадкі».
Пайшоў мужык шукаць праўду ў пана. Зняў шапку і стаў прасіць прыняць яго на работу, каб пракарміць сябе і падгадаваць сваю сям’ю. Паглядзеў пан з насмешкай на мужыка і паслаў яго батраком на свой фальварак. Праслужыў мужык год батраком на панскім фальварку і патрабаваў плату за сваю работу. Пан паслаў мужыка на канюшню і загадаў сваім слугам даць яму сто лоз гарачых за гадавую работу, а затым прагнаў яго са двара. Прышоў мужык дамоў і знайшоў там яшчэ большыя нястачы і гора. Пачухаў мужык патыліцу і падумаў: «Дык вось яна панская праўда, панская ласка».
Пайшоў мужык шукаць праўду ў заможніка-кулака і стаў прасіць яго прыняць к сабе на падзённую работу, каб пракарміць сябе і падгадаваць сваю сям’ю. Кулак паглядзеў на бедняка і паставіў яго к сабе на работу
з умовай ■—плаціць за кожныя тры месяцы акуратна. Бядняк праслужыў падзённікам тры месяцы з гакам і патрабаваў плату за сваю работу, а кулак, замест платы, паказаў яму дулю і прагнаў яго са двара. Прышоў бядняк-мужык дамоў, паглядзеў на сваіх дзяцей і падумаў: «Дык вось якая праўда ў кулакоў-жывадзёраў».
Пайшоў мужык шукаць праўду ў папа і стаў прасіць яго параіць, як бедняку выбіцца з нястачы і голаду. Поп ласкава паглядзеў на беднага мужыка і параіў яму заказаць малебен за палепшанне мужыцкага жыцця з умовай, што мужык за параду і малебен адпрацуе шэсць дзён на папоўскай гаспадарцы. Мужык хаця-нехаця згадзіўся на заказ малебна і адпрацаваў у гаспадарцы папа шэсць дзён. Але жыццё мужыка-бедняка ні капелькі не палепшала, наадварот — яшчэ пагоршала. Пачухаў мужык патыліцу і падумаў: «Дык вось яна папоўская праўда, папоўская малітва».
Пайшоў мужык шукаць праўду па розных шляхах і напрамках. Хадзіў доўга па свету, сустракаўся з рознымі людзьмі, а праўды нідзе не знайшоў. Нарэшце, сустрэў на сваім шляху чалавека праўдзівага, каторы распытаў мужыка-бедняка, дзе ён быў, куды хадзіў і чаго шукаў. Мужык праўдзіва расказаў, што хадзіў шукаць праўду і ў цара, і пана, і заможніка-кулака, і папа, але, акрамя здзекаў з мужыка, нічога там не знайшоў. Падарожны выслухаў і сказаў яму:
— Ты крэпкі, працавіты мужык, але шукаеш праўду там, дзе яе ніколі не было і не можа быць. Калі хочаш дабіцца праўды і лепшага жыцця, ідзі за рабочым і сумесна з ім пераламайце рэбры вашым царам і панам, заможнікам-кулакам і папам. Толькі такім шляхам вы сумесна з рабочым даб’ецеся сваёй праўды і лепшага жыцця для ўсіх працоўных.
Субяседнік развітаўся з мужыком, назваўся Леніным і пайшоў сваёй дарогай. Мужык падбадзёрыўся і падумаў: «Дык вось дзе сапраўдная наша праўда, дык вось якім шляхам трэба дабівацца праўды і лепшага жыцця для ўсіх працоўных».
Пайшоў мужык-бядняк за рабочым, і сумесна яны скінулі цара і прагналі паноў, кулакоў-міраедаў, капіталістаў, чыноўнікаў і папоў, устанавілі сваю, Савецкую ўладу, а зараз пад кіраўніцтвам партыі Леніна будуюць сацыялізм у сваёй краіне, дзе жыць стала лепш, жыць стала весялей для ўсіх працоўных.
Пяць зярнят
He павысыхалі балоты ад крыві. Траслася дрыгва — і ступі, здаецца, чалавек, дык і, сілу меўшы, не выберацца — затопне.
Плачуць людзі, не меўшы паратунку. А паны гойсаюць па вёсках, гвалтуюць дзевак, рабуюць, старым бароды абразаюць. Плачуць бедныя людзі, мучаюцца. Просяць паратунку ад бога, а бог выракся, мусіць, людзей. Ды калі б хоць быў ён, хто яго бачыў. Можа, калі і быў? Толькі і тады ўсякая разачка находзіла на людзей. Ен даваў дождж не тады, як
людзі просяць, а больш, як мужчыны косяць ды бабы жнуць. Змочыць, і людзі прарослае збожжа ў гумны вязуць.
Пайшла па свеце прачутка, што прыдзе такі чалавек, што людзям збавенне дасць. Загадалі паны, каб у вёскі не пускалі таго чалавека на начлег, каравул па ўсім сяле паставілі, як ад пошасці, баранілі ад таго чалавека.
Толькі прышоў у тую вёску нейкі чалавек, ніхто не ведаў, адкуль ён, а можа і ведалі? Хто яго ведае.
Зайшоў гэта чалавек у адну хату, папрасіўся начаваць — не пускаюць. У другую — там гаспадар сабакамі зацкаваў. Хадзіў ён так мо’ ажно да самай поўначы. Няма беднаму прытулку.
Хадзіў, хадзіў, прыбіўся, замарыўся, ды пад акном адной беднай хаты паваліўся.
А жыла ў гэтай хаце бедная ўдава. Мужыка забілі на вайне, з дробнымі дзеткамі, як гарохам, пакутавала. Была кароўка, і тую паны забралі. А ведама ж, з кароўкай дык і хлеба з’ясі, а без кароўкі адна пагібель чалавеку.
Вышла ўдава на двор, бачыць — ажно на прызбе ляжыць чалавек ды просіць, моліць, каб у хату пусціла.
— Няможна, загад у нас такі паны далі. Каб нікога не пускаць.
— Ну, тады я хоць крыху пасяджу ў цябе, ды перакусіць можа дасі чаго...
Узяла таго чалавека ў хату, пасадзіла ў запечку, а каб есці чаго даць, дык не было. Расплакалася тады бедная ўдава, што не будзе чаго малым есці.
— He плач,— кажа той чалавек,— я табе дапамагу.— Дастаў ён пяць зярнят і даў той жанчыне.
Рада жанчына, ажно сама не ведае, што рабіць. Глядзіць на таго чалавека і плача.
— Чым жа табе, добры чалавек, заплаціць?
Ен і кажа:
— Нічога мне ад цябе не трэба.
Па часе развітаўся ды і вышаў з хаты. Як толькі ён вышаў, дык у хаце адразу светла зрабілася, на стале розныя яствы з’явіліся, а на куце пяціконцая зорка загарэлася.
На дварэ ж такая завіруха ўзнялася, што, здаецца, ўсё скрозьдонне праваліцца. Бегаюць пад вокнамі ўдовінай хаты паны і ўсё крычаць, каго гэта ўдава ў хату пусціла. А тады страляць пачалі. Толькі ўдовіну хату кулі не бяруць. Сядзіць маладзіца, трасецца, а што і рабіць, не ведае. Толькі вось супакоілася ўсё, а ў хату вайшоў нейкі чалавек, от, здаецца, як мужык.
■—• Куды,— кажа,— той госць пайшоў, кажы?
Пакуль думала, у хату і ўся вёска сабралася, усе пачалі пытацца:
— Куды пайшоў чалавек, мы за ім пойдзем.
Думала, думала ўдава ды і запыталася:
— А што ж гэта, суседзі, за чалавек такі?
— Гэта чалавек, што цуда робіць. А завуць яго Ленін.
Паказала тады ўдава, куды ён пайшоў. I на ўсё жыццё з тых пор яго больш за роднага бацьку любяць.
Яно і праўда, што Ленін лепш за роднага бацьку.
Проська-змагарка
Даўным-даўно гэта было. Вельмі цяжка тады жылося на нашай вялікай зямлі. Паны ў сялян кроў смакталі, жыць добра не давалі.
Вось жыла-была ў аднаго пана прыгожая сялянка Агапа. Мела яна двух сыноў-кавалёў і дачку Проську. Прыгожыя былі браты-кавалі, на ўвесь свет сваёй працай славіліся.
А такой красуні, такой прыгажуні, якой была Проська, увесь свет абыдзі — нідзе не знойдзеш. Вочы яе былі, што сінь палёў, што зоркі ясныя, што сонца залатое, рукі, што тысячы рук. Імі яна магла карміць і адзяваць увесь свет.
А запяе Проська — бег рэк становіцца, пушчы не гамоняць, птушкі не пяюць, ветры не шумяць — усе слухаюць ды слухаюць Проську-прыгажуню. Хоць і была на ўвесь свет белы найздальнейшая і прыгажэйшая, аднак кепска ёй жылося. Слязьмі горкімі яна лугі паіла, горам цяжкім лясы сушыла.
Ноч і дзень Проська з маткай і братамі на пана працавала, славу багатыра яму здабывала.
Так з году ў год гаравалі яны. Але скора мамка родная Проські не вытрымала цяжкай працы, дрэннага жыцця. Памёрла бедная... Яшчэ горш стала жыць Проська. Угледзеў яе аднойчы пан, і галава яму аж ускружылася. Надта яму падабалася Проська-прыгажуня. Загадаў ён слугам сваім у палац яе прывесці, каб сваёй палюбоўніцай зрабіць.
Паляцелі слугі панскія на конях быстрых. Сілай у братоў-кавалёў сястру адабралі. Завезлі яны к пану злому, за вялікія дзверы пасадзілі. Сядзіць Проська,сумуе. He хоча яна славы панскай, шкада ёй братоў-кавалёў, усіх бедных людзей.
Надышла цёмная-цёмная ночка. Заснулі слугі панскія. Адамкнула дзверы вялікія Проська, як сінічка, выпархнула з палаца пана-зладзея, пана-разбойніка, галубкай беленькай над хатай сваіх братоў апусцілася. Рана-ранюсенька пан аб прыгажуні сваёй успомніў. Устаў ён, адамкнуў вялікія дзверы, а там нікога няма.
Узлаваўся ён. Загадаў слугам сваім і войску Проську-прыгажуню ў палац што б там ні стала вярнуць. Кінуліся дзікай чарадой падлізы панскія на хату братоў-кавалёў. Але не так лёгка прышлося ўзяць. За Проську браты-кавалі заступіліся, усе сяляне, як адзін чалавек, гарой за яе сталі. Завязалася барацьба з слугамі панскімі. Біліся, біліся браты-кавалі за сястру родную, адважна змагаліся ўсе сяляне, але ж ўсё-такі сіла большая
аказалася на баку паноў. Пачалі вязаць Проську, а яна, адважная, непакорная такая, смелую да людзей прамову гаворыць, навучае іх:
— Людзі добрыя, залаценькія, падыміцеся, даражэнькія, ды вазьміце вы зброю вострую, ды паўстаньце сілай грознаю. А вы, браткі мае родныя, сваёй сястрыцы паслухайце, зброяй смяртэльнай к пану ў дзверы пастукайце. Куйце, братцы, мячы вострыя, узбройвайце масы бедныя, усіх паноў знішчайце, беднаму люду дарогу дайце!
Вязалі Проську, у ланцугі закоўвалі, а яна людзям праўду казала, свет ім адкрывала. I ўсе слухалі, варухнуцца ніхто не мог,— так смела і праўдзіва гаварыла Проська-змагарка. Завезлі Проську-змагарку, у цямніцу яе за непакорнасць укінулі. Пан ад радасці ж заскакаў, што перамогу такую атрымаў. Назначыў ён з вялікай радасці баль.
Заззялі палацы панскія агнём яркім, вясёлай музыкай заліліся. Сабралася к яму бачана-нябачана гасцей. Усіх ён смачнай ежай частаваў, заморскім віном паіў, лоўкімі штукарамі весяліў, прыгожымі песнямі і музыкай радаваў.