Беларускі фальклор
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 840с.
Мінск 1977
ЗАМОВА АД ХВАРОБЫ ВАЛАСОУ
Ты волас, волас калавы і волас ламавы, і мазгавы, і рассыпны, і волас жыльны, і трохжыльны, і волас дзянны, і волас начны, і волас свярбучы, і волас ламучы, і волас знабучы! Адчаго ты колеш, адчаго ты ломеш? У буйнай галаве, у рацівым сэрцы, у скорых нагах, у ясных вачах уцішся, умірся і не калі, не ламі, ні ў маладзіках, ні ў ветахах, ні на сходзе красна сонца, ні на закаце красна месяца. Ступай у зямлю цёмную, у цьму крамешную, не к людзям жывым, а к папурам ліхім.
ЗАМОВА АД ЗАЛАТНІКА
Загаворваю залатнік ступны, стрывожаны, калючы, падзіўны, прыгаворны, дзявочы, жаночы і хлапечы. Дванаццаць разоў загаворваю і замаўляю: не гарэць, не балець, не ламіць і жыл не сушыць. Цары, каралі б’юцца, сякуцца і зноў усціхамірваюцца. Так і ты, залатнічок, хадзі, расхадзіся і ўсціхамірвайся, на сваё месца станавіся, якое табе гасподзь бог паказаў.
Уніз не схадзі, касці не ламі, раба божага (імя) не сушы. Як чорны мак пасеўны, так і ты, залатнік, пяром угору ўзніміся, на сваё месца станавіся не ніжэй, не вышэй пупа. Як на небе маладзічок, зоркі і балачынкі круг свету ходзяць, расходзяцца і на сваё месца становяцца, так і ты, залатнічок. хадзі, расхадзіся, свайго месца пільнуйся і на сваё месца станавіся — ля пупа, ля пупа, ля пупа.
ЛЮБОУНАЯ ЗАМОВА (ПРЫСУШКА)
Устану я, добры маладзец, і выйду не дзвярыма за новыя вароты ў чыстае поле. У чыстым полі стаіць тры бясы, два бясы, адзін бес: бес Сава, бес Савул, бес Калдун. Падыйду я, добры маладзец, пабліжэй, пакланюся паніжэй, і вы, трыдзевяць бясоў — бес Сава, бес Савул, бес Калдун, паслужыце мне, як служылі Іраду цару. Ідзіце па гарадах, па сёлах, па дзярэўнях і збярыце ўсю таску і сухоту ад звярэй, птушак, рыб і ўсякага роду людзей і знясіце тую таску і ўсякага роду сухоту дзявіцы Прасінні ў ясныя вочы, у чорныя бровы, у румянае ліцо, у рацівае сэрца, у чорную печань, у гарачую кроў, у трыдзевяць жыл і адну жылу станавую, падпятную, і каб гэта дзявіца не магла ні жыць, ні быць ні днём па сонцу, ні ноччу па месяцу без мяне, добрага моладца. У чыстым полі стаіць сарачынскі дуб, з-пад дуба выходзіла Баба-Яга і паджыгала трыдзевяць кастроў дубовых дроў. Так жарка, так ясна, каб разгарэліся ў дзявіцы ясныя вочы, чорныя бровы, румянае ліцо, рацівае сэрца, чорная печань, гарачая кроў, семдзесят адзін сустаў; каб тая дзявіца не магла наслаждацца, ні ў чыстым полі нагуляцца, ні ў парнай лазні парыцца, ні прэсным малаком нахлябацца, ні ў мяккай пасцелі адаспацца без мяне, добрага моладца. I гэтым добрым маім словам ключ і замок, замок замкну і ключ знясу ў акіян-мора пад латыр камень. Амінь.
ЗАМОВА АД НАГАВОРУ
Зоры зарыцкія, хвораму памачніцы, прыступіце, памажыце ўпрасіць і ўмаліць 12 прымавак і ўгаварыць, адкуль яны ўзяліся, ці ветраныя, ці віхраныя, ці ўрочныя, ці ўлечныя, ці падуманыя, ці пакідоныя, ці памаўлёныя, ці нагавораныя, ці страчаныя, ці пасланыя. Прашу я вас усіх: выступіце з следу, з печаней, з касцей, з вачэй, ад белае касці, ад чырвонае крыві, ад русых косак, ад чорных вочак. I прашу я госпада бога. Ідзіце вы на сіняе мора. На сінім моры стаіць дуб зялёны, пад тым дубам 12 панове гуляюць. Стаяць столікі засціланыя, кубачкі паліваныя, там вам піці, гуляці, а гэтаму чалавеку здароўечка даці. На лёгкае спанне, на смачнае ўжыванне, па беламу свету хадзіці і з добрымі людзьмі гаварыці.
Як чорнаю кароваю па мору не араці, чорным катом не баранаваці, жоўтым пяском не сеяці, у жоўтым пяску каласку не бываці, так ліхім людзям яго здароўечка не ўцінаці.
Прысушка
Лягу я, раб божы, памалюся, устану я, благаслаўлюся, памыюся я расою, вытруся я прастольнаю пеляною, пайду я з дзвярэй у дзверы, з варот у вароты, выйду я ў чыстае поле, у зялёнае памора, стану я на сырую зямлю, пагляджу я на ўсходнюю старану.
Як краснае сонейка ззяе, прыпякае мхі і балоты, чорныя гразі, так і ты прыбягай, ка мне прысыхай, раб божы, ка мне, рабе божай. Вочы ў вочы, сэрца ў сэрца, мыслі ў мыслі. Спаць бы ён не засыпаў, гуляць бы ён не гуляў, а ўсё б ка мне прыбягаў. Амінь, слава табе.
КАЛЯНДАРНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ
аляндарна-абрадавая паэзія, або паэзія земляробчага календара, належыць да самых старажытных пластоў народна-паэтычнай культуры. Вытокі каляндарна-абрадавай паэзіі ў родавым грамадстве. Наглядаючы змены пор года, біялагічныя цыклы ў развіцці раслін і жывёл, старажытны чалавек, моцна залежны ад прыроды, імкнуўся ўплываць на яе: запабегнуць злым сілам, выклікаць урадлівасць нівы, спор і прыплод у гаспадарцы. Жаданага спадзяваўся дасягнуць праз абрадавыя дзеянні і словы, у магічную, цудадзейную моц якіх шчыра верыў. I хоць вера ў магчымасць словам і адпаведнымі абрадамі ўздзейнічаць на навакольны свет складае значны момант народна-паэтычных
уяўленняў, не яна вызначае змест і сэнс аднаго з найбольшых, прынамсі у беларусаў, раздзелаў народна-паэтычнай творчасці. Практычная гаспадарчая дзейнасць земляроба на працягу працоўнага года, грамадскі быт ляжаць у аснове песень гадавога круга. Гэта паэзія зямлі ў самым непасрэдным сэнсе слова. Назіранні над кругаваротам у прыродзе і земляробчай працай, залежнай ад пор года, склаліся ў цэлую сістэму поглядаў, своеасаблівы гаспадарчы каляндар. Ен уключыў у сябе рад святкаванняў аграрнага характару, уласцівыя ім абрады, багатае песеннае суправаджэнне, прыкметы і інш. Пазней хрысціянства ў барацьбе з язычніцтвам імкнулася прыстасаваць свае святкаванні да старажытнага земляробчага календара. Народна-паэтычная стыхія толькі часткова, вонкава, успрыняла некаторыя элементы хрысціянскай міфалогіі, перапрацаваўшы іх адпаведна спрадвечным стыхійна-матэрыялістычным (у аснове сваёй) земляробчым уяўленням і свайму паэтычнаму бачанню свету. Юр'я, Мікола, Пятро, Ілля з песень гадавога круга — гэта тыя ж сяляне-земляробы, ратаі і сейбіты. I клопат іх пра жыта караністае ды каласістае, пра юр’еўскую расу першага выгану скаціны ў поле, пра пагодлівы сенакос і добры ўжон збожжа, пра раі семяністыя і табуны коней — чыста сялянскі клопат. Неаднолькавыя метэаралагічныя ўмовы вясны, лета восені і зімы, разнастайны характар гас-
падарчай дзейнасці ў кожным каляндарна-вытворчым сезоне абумовілі функцыянальныя асаблівасці паэзіі гадавога круга, яе цыклізацыю. Сучасныя фалькларысты і этнографы (У. Чычараў, I. Проп, А. Астахава, С. Токараў, К. Чыстоў) з увагі на працоўную аснову і наяўны рускі песенны матэрыял дзеляць каляндарныя абрады і паэзію на тры цыклы. Развітасць у паэзіі беларускага земляробчага календара песенных відаў усіх чатырох аграрнавытворчых сезонаў, акрэсленая працоўная аснова восеньскага цыклу (уборка яравых, грэчкі, апрацоўка лёну, канапель, збор грыбоў, копка бульбы і інш.) і, нарэшце, адметная музычная прырода восеньскіх песень даюць падставу гаварыць пра чатыры цыклы беларускай каляндарна-абрадавай паэзіі: зімовы, веснавы, летні і асенні.
Сярод зімовых святкаванняў багаццем і каларытнасцю абрадаў вызначаліся каляды, бедная і багатая куцця, звязанае з імі калядаванне і шчадраванне, аграрная і любоўная варажба, культ продкаў у абрадах куцці *.
Зімовы цыкл каляндарнай паэзіі ўключаў песні піліпаўскія, якія спяваліся пры кудзелі. Аднак спецыфіку яго, асноўнае ядро складалі калядкі і шчадроўкі. Калядныя песні выконваліся пераважна ў час старажытнага земляробчага свята каляд. Яны выказвалі запаветныя думкі селяніна пра будучы ўраджай, дабрабыт і мелі на мэце садзейнічаць захаванню руні, статка, пчол. У змесце калядак шмат наіўнай ідэалізацыі: сялянскі двор з іх паўстае раскошным, багатым, не раўнуючы як княжаскі палац або панскі маёнтак. Шчадроўкі выконваліся звычайна на так званую багатую куццю, у ноч напярэдадні Новага года. Зместам яны вельмі блізкія да калядак і адрозніваліся больш прыпевам і іншымі дэталямі паэтыкі, напрыклад вершаваным памерам. Калядка звычайна складаецца з зачына, усхвалення гаспадароў, праслаўлення іх хаты, хараства, багацця.
Менш захаваліся ў беларусаў масленічныя песні, або масленкі. Яны стаяць на мяжы зімовага і веснавога цыклу. Адлюстроўваюць абрадавыя забавы і гульні, сацыяльныя і грамадскія адносіны, услаўляюць свята і вясёлае застолле.
Надзвычай багатая беларуская каляндарная паэзія веснавога цыклу. Пачыналі яго песні гукання вясны, вяснянкі. Урачыста вырываліся заклікальныя матывы іх з дзявочых грудзей. Прасвятлёны былі яны марай аб адроджанай прыродзе, веснавым сонейку, выхадзе ў поле. У велікодных песнях гаварылася ў асноўным пра дзявочую долю і сямейныя адносіны. Выразнай жанравай адметнасцю, паэтычным багаццем, раскошай вобразаў вылучаліся валачобныя песні, якія ў пэўньш сэнсе складаюць спецыфіку беларускага календара, яго паэзіі. У іх на шырокім фоне, з эпічным размахам паказана гаспадарчая дзейнасць земляроба. Сакавітымі фарбамі малюецца праца на полі ад засявання да збору ўраджаю. Наіўнай ідэалізацыяй сялянскага дабрабыту валачобныя песні пераклікаюцца з калядкамі і шчадроўкамі. Аднак паэтызацыя працы селяніна ў валачобных песнях дасягае боль-
* Усе даты абазначэння свят даюцца паводле старога стылю.
81 шай паўнаты, мастацкай яскравасці. Юраўскія песні ў аснове сваёй звязаны з даўнім святам старажытных жывёлаводаў і земляробаў ■— Юр’ем. Яны выражаюць адвечную мару селяніна аб добрым ураджаі, аб захаванні статка ад памору і дзікіх звяроў. Вобраз юр’еўскай расы, на якую ўпершыню пасля зімы выганялі статак, малюнкі ўзаранага поля-раллі, светла-зялёнай руні стваралі агульны паэтычны вобраз вясны.
Завяршалі веснавы цыкл песні траецкія, або сёмушныя. У іх адлюстраваны культ расліннасці і культ продкаў, расказваецца аб дзявочых марах пра замужжа, вяселле.
Летні цыкл складалі песні купальскія, пятроўскія, касарскія і жніўныя. Да летняга цыклу ў пэўнай ступені адносяцца і талочныя, якія спяваліся і ў іншыя поры года, але найбольш — у час дажынак, пры застоллі дажынкавай талакі. Купальскія песні ўслаўлялі Купалу (купалле) — пару найбольшага росквіту зямных сіл, выражалі імкненне захаваць ураджай якраз напярэдадні ўборкі, адлюстроўвалі любоўныя і сямейныя адносіны. Значную частку купальскіх песень складаюць жартоўныя, якія, як і большасць купальскіх, выконваліся каля кастра і незласліва высмейвалі заганы хлопцаў і дзяўчат, адыгрывалі значную ролю ў вясёлай святочнай гульні моладзі. Пятроўскія працягвалі, развівалі далей тэму любоўных і сямейных адносін. Касарскія песні не вылучаюцца тэматычнай разнастайнасцю. Спяваліся яны на матыў жніўных. Сапраўднай скарбніцай беларускай народнай песеннай культуры з’яўляюцца жніўныя песні. Шырокі паказ працы жней у іх спалучаецца з адлюстраваннем унутрысямейных і сацыяльных адносін. Матывы жніўных песень нясуць у сабе вялікі зарад сацыяльнай нянавісці селяніна да паноў-прыгнятальнікаў і іх прыслужнікаў. Паэтычным хараством, раскошай вобразаў вылучаюцца сярод жніўных дажынкавыя песні, якія адлюстроўвалі заключны этап збору жыта з палёў.