Беларускі фальклор
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 840с.
Мінск 1977
Восеньскі цыкл быў найбяднейшы абрадамі. У ім найбольш значнае месца займаў культ продкаў -— дзядоў. Сярод восеньскіх святкаванняў вылучаліся багач, пакроў, змітроўскія дзяды. Восеньскія песні — гэта песні так званага асенняга або аўсянага жніва, песні, што спяваліся пры ўборцы лёну, капанні бульбы, зборы асенніх ягад і грыбоў. У іх дамінуе тэма будучага замужжа і вяселля. Восеньская песня стварыла яскравыя малюнкі асенняй прыроды, дала цудоўныя ўзоры народнага меласу.
У жанравых адносінах каляндарна-абрадавая паэзія разнастайная. Яна ўключае абрадавыя песні заклінальныя, велічальныя, песні лірычныя і ся^ мейныя, што паводле народнай традыцыі прымеркаваны да каляндарных цыклаў, а таксама прыгаворы, драматызаваныя дыялогі, прыказкі, прымаўкі. Народныя прыкметы, выказаныя ў форме прыказак і прымавак, перадаюць назіранні за жыццём прыроды ў дастасаванні да працы земляроба, заключаюць у сабе практычныя веды, парады. «Вясна — маці, лета — бацька»,— кажа народная прыказка. «Сей авёс у гразь — будзеш, як князь. Прышлі калядкі — гаспадарам парадкі. Зорнае неба на куццю — ураджай на ягады і грыбы. Іней на дрэвах — багатая квецень у садах. Красавік з ва-
дою, май з травою. У каго Купала пракосы ўбача, у таго баба ў жніво не заплача. На Іллю да абеда лета, а па абедзе восень».
Функцыянальнае прызначэнне каляндарнай паэзіі вызначала яе мастацкую прыроду. Вобразы каляндарна-абрадавай паэзіі ўзяты са сферы гаспадарча-вытворчага быту земляроба. Вясна, зіма, даспелае жыта, жняя, спарыш, раёк, купалка і іншыя побач з вобразамі дзяўчат, хлопцаў, гаспадароў і гаспадынь — асноўныя мастацкія вобразы калядак, валачобных, купальскіх, жніўных і іншых песень. Каляндарна-абрадавая песня часта карыстаецца прыёмамі гіпербалы, асабліва ў велічальных песнях; характэрна для яе ўвасабленне.
3 развіццём грамадства каляндарныя абрады, страціўшы першапачатковы магічны сэнс, ператварыліся ў звычаі і амаль выйшлі з побыту. Некаторыя трапілі ў разрад гульняў, перайшлі ў іншыя цыклы і раздзелы, асобныя — у дзіцячыя. Адной з галоўных прычын гэтых змен з’яўляюцца карэнныя перамены ў вытворча-гаспадарчым укладзе. Каляндарная паэзія ў асноўным страціла сваю вытворчую функцыянальную ролю і тым самым значэнне. Аднак з увагі на эстэтычную вартасць і пэўную жывучасць народна-песенных традыцый яна астаецца ў памяці пераважна старэйшага пакалення. Агульна прызнана, што беларуская каляндарна-абрадавая паэзія — найбагацейшая сярод паэзіі славянскіх народаў. Яна ў многім прадвызначыла спецыфіку беларускай народнапаэтычнай творчасці, складае значны здабытак нацыянальнай паэтычнай культуры.
Літаратура
Шырма Р. Беларускія народныя песні, т. 3. Мінск, 1962.
Гілевіч Н. Песні народных свят і абрадаў. Мінск, 1974.
Гілевіч Н. С. Наша родная песня. Мінск, 1968.
Карскйй Е. Ф. Белорусы, т. 3, вып. 1. М., 1916.
Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць. Мінск, 1967.
кароткае апісанне абрадау земляробчага календара
Зімовыя абрады ў беларусаў у асноўным былі звязаны з сустрэчай і святкаваннем каляд і Новага года. Звычай святкавання масленіцы быў менш вядомы, і асноўныя сведчанні аб ім сабраны фалькларыстамі на ўсходзе Беларусі.
Увечар з 24 на 25 снежня, напярэдадні каляд, спраўлялася куцця (назва паходзіць ад асноўнай стравы, згатаванай спецыяльна на гэты вечар). У чыста ўбраную хату, на покуць, прыносіўся ахапак сена. Яго рассцілалі на стале, перад тым як заслаць абрусам. Сеўшы за вячэру, гаспадар стукаў у акно, сцяну са словамі: «Мароз, мароз, хадзі куццю есці».
На працягу наступных дзён вечарамі моладзь збіралася на ігрышчы^ дзе частавалася, спявала калядныя песні, ладзіла гульні («Цярэшку», «Яшчура» і інш.), танцавала. Звычайна выпраўляліся калядаваць, паказвалі
тэатралізаваныя прадстаўленні, але найбольш хадзілі шчадраваць на багатую куццю, напярэдадні Новага года. Дзяўчаты цешыліся варажбой. На багатую, шчодрую куццю быў звычай «вадзіць казу». Аднаго хлопца старанна апраналі ў вывернуты кажух, надзявалі маску... Па загаду «дзеда», які вадзіў казу, яна падтанцоўвала, пры гэтым спявалі.
Веснавы цыкл песень і звязаных з ім абрадаў пачынаўся гуканнем вясны. У другой палове дня 25 сакавіка дзяўчаты збіраліся грамадкамі і з узвышаных месцаў (з узгоркаў ці з гуменных стрэх) «гукалі вясну» — спявалі «вяснянкі», пераклікаліся імі з іншымі дзявочымі грамадкамі на ўсёй ваколіцы. Часам са спяваннем вяснянак вадзілі «танкі», карагоды на вуліцы.
Адным з найбольшых веснавых свят быў вялікдзень. Вечарам у першы дзень пад вокны кожнай хаты хадзілі валачобнікі і сваімі песнямі віталі і ўзвялічвалі гаспадара, гаспадыню, гаспадаровых дзяцей: дзецюка, красную паненку. На сабраныя падаянкі ладзілі вечарынку са спевамі і скокамі.
23 красавіка, на Юр'е (свята пастухоў), упершыню выганялі скаціну ў поле, і ўсе абрады у гэты дзень (абкурванне святаянскімі травамі, біццё вербачкай і інш.) былі накіраваны на тое, каб захаваць яе і ўвесь прыплод ад рознага наслання.
У сем тыдняў па вялікадні святкавалі Тройцу, або Сёмуху. Дзяўчаты ішлі ў лугі «завіваць вянкі». Дамоў прыносілі май — бярозкі, явар і аздаблялі ім брамку, падворышча, хату.
Наступны за Тройцай-Сёмухай тыдзень зваўся русальны або гранны.
Абрады русальнай нядзелі былі звязаны з верай у русалак •— загадкавых істот, у якіх нібыта перасяляліся душы тапельніц, памёршых дзяўчат. У некаторых кутках Беларусі быў звычай «провадаў русалкі». Выбіралі рослую прыгожую дзеўку, распускалі яе косы на плечы, на голае цела ці кашулю, накідалі андарак, спляталі вянок з васількоў, хмелю, зорачак, ускладалі яго на галаву абранай і вялі яе ў жыта. Там, разарваўшы вянок, уцякалі ад яе. Часам з русалкай вадзілі «танкі».
Мабыць, найбольш багатым і, бясспрэчна, адным з самых старадаўніх быў купальскі абрад, з выразнай паганскай (язычніцкай) асновай. Народная фантазія праявілася ў ім асабліва ярка.
Купалле святкавалася ў ноч з 23 на 24 чэрвеня, у дзень летняга сонцастаяння. Увесь дзень 23 чэрвеня праходзіў у падрыхтоўцы да начной урачыстасці. Моладзь збірала для кастра старыя зношаныя кажухі, магеркі, бурносы, атопкі... Дзяўчаты шукалі купальскія зёлкі: купалкі, руту, багаткі, папараць і інш. На Віцебшчыне, напрыклад, гэта называлася хадзіць у жытное. Вечарам моладзь збіралася на выгане, на лясной паляне або на высокім беразе, узгорку і раскладала купальскія кастры. Часта ўздымалі на шасце аблітае смалой запаленае кола. Пачыналіся гульні, спевы. Адным з абавязковых момантаў было скаканне праз агонь. На Купалле многа варажылі, пускалі вянкі на ваду, шукалі папараць-кветку. Паводле народнага павер’я, папараць-кветка зацвітае адзін раз у год, а 12-й гадзіне ночы, на Купалле. Хто падсцеражэ таямнічую кветку і схопіць яе, той стане празарліўцам.
Шчаслівец будзе разумець гутарку звяроў, яму зямля адкрые таямніцы сваіх схаваных скарбаў.
Пад раніцу купальшчыкі ішлі сачыць, як будзе ўзыходзіць сонца. Паводле народнага падання, яно ў купальскі дзень узыходзіць па-асобаму — іграючы. Наогул купальская ноч лічылася ў народзе за ноч цудаў і таямніц.
М. Каменскі. Попрадкі
Паводле народных вераванняў, у той час, калі сонца пачынала іграць, беларускія рэкі Дняпро, Нёман, Сож, Дзвіна, Бярэзіна і іншыя серабрыліся нейкім асаблівым прывідным святлом, дрэвы пачыналі хадзіць і перагаворвацца шумам свайго галля. Дар мовы атрымлівалі звяры, птушкі і травы,
3 жніўных абрадаў вылучаліся зажынкі і асабліва дажынкі. Зажынкі звычайна пачыналі ў суботу пад вечар. Нажаўшы снапоў дзесяць, з песнямі вярталіся дамоў. Першы сноп зжатага жыта ставіўся на покуце. Вячэра ў гэты дзень звычайна была святочнай.
У дажынкавы дзень жнеі апраналіся ў лепшае адзенне. Калі жытні шнур падыходзіў к канцу, некалькі дзяўчат пачыналі віць вянок. У некаторых мясцовасцях у канцы жніва на загоне пакідалася жменя каласоў, якую называлі «барадой» або «кустом». Жнеі збіраліся вакол «барады», выпол-
валі траву паміж сцяблін жыта, завівалі каласы справа налева і кожная жняя павінна была некалькі разоў перакаціцца на гэтым завітым кусце. Пасля гэтага ўскладалі звіты з буйных каласоў вянок на галаву самай прыгожай дзяўчыне і з песнямі адпраўляліся да таго гаспадара, чыё жыта зжалі. Ен або гаспадыня сустракалі жней каля брамы ці на ганку, прымалі вянок і запрашалі ў хату на пачастунак.
ЗІМОВЫЯ ПЕСНІ
Прыехала каляда на сівым коніку...
Прыехала каляда на сівым коніку, Паставіла коніка ў адрынцы, Сама села на куце ў пярынцы, Паставіла дудачкі на стаўпе: Грайце, дудачкі, голасна, Скачыце, дзевачкі, хораша.
Ляцеў каршунішча, каляда...
Ляцеў каршунішча, каляда, Цераз папялішча, каляда, Відзеў курак стаду, каляда, А ён жа лятаіць, каляда, Курак выбіраіць, каляда. — А каб жа я ведаў, каляда, Якая мне будзіць, каляда. Што белае скрылле, каляда, Лятучая курка, каляда, Што жоўтыя ножкі, каляда, Нясушчая курка, каляда. А што у чубочку, каляда, Тая каршуночку, каляда. А каб жа я ведаў, каляда. А што мая будзіць, каляда, Я б ножкамі браў бы, каляда, На скрыллейку нёс бы, каляда. А нёс бы я, нёс бы, каляда, Аж у роўна поле, каляда, У сваё гняздзечка, каляда. А у новых сенях, каляда, Там карагод дзевак, каляда. А ў тым карагодзе, каляда, Там Валодзька ходзіць, каляда, Дзевак выбіраіць, каляда.
— А каб жа я ведаў, каляда, Якая мне будзіць, каляда. Што сінія вочкі, каляда, Драмлівая дзеўка, каляда, Што белыя ручкі, каляда, Лянівая дзеўка, каляда.
Што чорныя броўцы, каляда, Рабочая дзеўка, каляда.
А каб жа я ведаў, каляда, Што маёю будзіць, каляда, На коніку вёз бы, каляда. А вёз бы я, вёз бы, каляда, Аж у роўна поле, каляда, Аж у роўна поле, каляда, У сваё падвор’е, каляда.
А йшоў-перайшоў, каляда...
А йшоў-перайшоў, каляда, Месяц па небу, каляда, А браў-перабраў, каляда, Усе звёздачкі, каляда.
А выбраў сабе, каляда, Ясней за сябе, каляда. Рана усходзіць, каляда, Позна заходзіць, каляда. А йшоў-перайшоў, каляда, Млоды Мішачка, каляда, А браў-перабраў, каляда, Усіх дзевачак, каляда.
А выбраў сабе, каляда, Павышай сябе, каляда. Позна лажыцца, каляда, Кожан дзівіцца, каляда, Рана ўстаець, каляда, Пятух не пяець, каляда.
Прыехала каляда ў вазочку...
Прыехала каляда ў вазочку Да на сівенькім канёчку. Прыехала каляда ўвечары, Прывезла дудак рэшата. Паставіла дудкі на стаўпе,