Беларускі фальклор
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 840с.
Мінск 1977
Дай табе божа, падружачка, Гэтага танка не звадзіці, Гэтага вянка не знасіці.
Ай, бору мой, бору мой!..
— Ай, бору мой, бору мой! Што ты, бору, ні шумён? — Як я маю шумён быці, Колі ў мяне пташак нет? Адна была зязюля, Тую пташачкі ўзялі, Салавейкам падалі;
А пташачкам на адзін дзень, Салавейкам на ўвесь век,— — Ай, двору мой, двору мой! Чаму, двору, ні мяцён? — Як я маю мяцён быць, Колі ў мяне дзевак нет? Адна была Марынка, Тую сваты ўзялі, Ды сужыньку падалі, А сваточку на адзін дзень, А сужыньку на ўвесь век!
Ляцеў чыжык цераз рынак...
Ляцеў чыжык цераз рынак Ды клікаў дзевак на купалле: — Дзеўкі, бабы, на купаллю! Красным дзеўкам свая воля, А маладзіцам няма волі: Дзіця плача ў калысцы, А муж бурчыць у пасцельцы, А свякроўка супроць печы, Свёкар-бацюшка на печы, А дзявер’я на пакоі, А залоўкі на купаллі.
Ды я млада прыбяруся, Ды я дзіцё прыгалублю, Ды я мужа перапрашу, Ды я свёкру пакаруся, Ды я свякроўцы пакланюся, Я дзевяр’ям па платочку,
А залоўкам па вяночку. Пакуль млада прыбяруся, Дзеўкі, жонкі ідуць з купалля, А я молада на купалле.
Дзеўкі, бабы, на купаллю! Рана, рана на купаллю.
Кукавала зязюлька ў садочку...
Кукавала зязюлька ў садочку, Прылажыўшы галоўку к лісточку: — Бедна ж мая галоўка на свеці, Хто ж маё гняздзечка разаўе, Хто ж мае дзеткі пабярэ?
Аказаўся салавейка ў садочку: Я ж тваё гняздзечка сам разаўю, — Я ж твае дзеткі сам пабяру. Да плакала дзеванька ў святліцы, Прылажыўшы галоўку к стальніцы: — Бедна ж мая галоўка на свеці, Хто ж маю косачку распляце, Хто ж мяне да шлюбу завядзе? Аказаўся брацейка ў каморы: — Я ж твой братка родненькі, Я ж тваю косачку распляту, Я ж цябе да шлюбу завяду.
У нашага войта на дварэ...
У нашага войта на дварэ Стаіць явар зялёны, Пад яварам сталове, За сталамі панове, Радзяць рады тайныя, He так тайныя — дзіўныя, Войтаўна сына ўрадзіла, На бацьку няславу пусціла. He вінавацяць віноўнага, Вінавацяць бацьку яе, Што доўга замуж не выдаваў, Вялікага пасагу шкадаваў, Часта да свірна пасылаў Ды з залатымі ключамі,
А з маладымі панічамі Па вёд, па віно, па гарэлку Такую дарослую дзеўку.
Ай, то, то, ды за гарою за каменнаю...
Ай, то, то, ды за гарою за каменнаю, ай, то, то! Стаяць коні вараныя, Вараныя, прыбраныя, Прыбраныя, сядланыя.
Як уссесці, паехаці Да ўдованькі жаніціся. Ды ўдованьку лёгка браці, Лёгка браці, пяжка жыці: Пасцель сцеліць — усё клянецца, Спаць кладзецца — не хінецца. За гарою за каменнаю Стаяць коні вараныя, Вараныя, прыбраныя, Прыбраныя, сядланыя.
Як уссесці, паехаці Да дзеванькі жаніціся. Ды дзеваньку цяжка браці, Цяжка браці, лёгка жыці: Пасцельку сцеліць — усё смяецца, Спаць кладзецца — прыхінецца.
А ў горадзе на рынку...
А ў горадзе на рынку П’ець худоба гарэлку, А багаты дзівіцца, Чым худоба жывіцца. — Шынкарачка малада, Падай піва і віна!
— Ах ты, добры моладзец, На сколькі табе?
— А на сто рублёў піва, А на тысячу віна!
— Ах ты, добры моладзец, He сап’еш ты ўсяго.
Хоць я сам не сап'ю, Таварышаў напаю.
Калі ты такі пан, Я за цябе дзеўку аддам; Харошую паненку — Яўрэйскую наймічку. Іх у касцёле вянчалі, У каморы спаць клалі. — Скажы, скажы, дзявіца, Якога ты роду?
— Па бацюшку Карпаўна, Па матушкі Войтаўна.
— Скажы, скажы, моладзец, Якога ты роду?
— Па бацюшку Карповіч, Па матушкі Вайтовіч.
— А хвала ж табе бог, Што з сястрою спаць не лёг. Пойдзем, сястра, у поле Рассеімся травою,— А на брату — сіні цвет, На сястрыцы — жоўценькі. Будуць дзеўкі краскі рваць У вяночкі ўвіваць, У вяночкі ўвіваць
Нас з табою памінаць...
А на Йвана Купала Дзеўкі краскі ірвалі, Дзеўкі краскі ірвалі, У вяночкі ўвівалі, У вяночкі ўвівалі, Брата, сястру паміналі: А брахцінька — сіні цвет, А сястрыца — жоўценькі.
Цераз гару чорна сцежка...
Цераз гару чорна сцежка, Да там ішла красна дзеўка, За ёй ззаду бел-малойчык. — Пастой, пастой, красна дзеўка, Скажу табе шчыру праўду: Каля ражства рожа цвіла.
— Праўда, праўда, бел-малойчык. Я й там была, вянкі пляла.
Цераз гару чорна сцежка Да там ішоў бел-малойчык.
— Пастой, пастой, бел-малойчык, Скажу табе шчыру праўду: Каля Пятра рэкі сталі.
— Праўда, праўда, красна дзеўка, Я там быў, лёд прабіў, каня паіў.
А на Купалу...
А на Купалу
Рана сонца іграла — Рана сонца іграла,
На добрыя годы — На добрыя годы,
На цёплыя росы — На цёплыя росы,
На хлябы ўраджаі — На хлябы ўраджаі.
Да ў адным канды Купала...
Да ў адным канцы Купала, А ў другім канцы дзіўное.
Да на тым жа дзіўным дзевачка, Да прышла па яе матачка: Да ідзі, дачушка, дадому, Прыехалі сваты з Альбова!
Да няхай жа едуць, да не мае.
Як будуць мае ехаць, Да будзе дуброва звінець, Да будзе музыка іграць, Да будуць дзецючкі спяваць.
Да не будзе лецечка...
Да не будзе лецечка Да ніводнага дзянёчка, Да не будзе ягадак Ніводнае ягадкі.
Да не будзе дзевачак, Да ніводнае дзеванькі: Ягадкі з расы падуць, Дзевачкі замуж пайдуць.
Ой, у лесе, у лесе пры барку...
Ой, у лесе, у лесе пры барку, Да рабіў дзяцінка каморку. Да к яму дзевачка прыбяжала Яна яго маладога навучала: — Да рабі, дзяцінка, з акенцам, Каб і к нам салавейка прылятаў, Каб нас маладзенькіх пабуджаў. Бо чужая матка, ні свая, Да не будзе рана будзіці, Пойдзе да суседа судзіці.
Сонейка зайдзе, пастаіць: Да мая нявехна яшчэ спіць, Сонейка зыйдзе, паграе, Спіць мая нявехна, не дбае.
А ў майго татулькі тры сады зялёных...
А ў майго татулькі тры сады зялёных, Чацвёрты вішнёвы.
У адным садочку зязюлька кукуе,
У другім садочку салавей шчабечыць, У трэцім садочку конёчык гагочыць, У чацвёртым садочку Маланачка плачыць. Зязюля кукавала ■— у шчыр бор паляцела, Салавей шчабятаў — у лазу паляцеў, Канёчак гагатаў — на вайну паехаў, Маланачка плакала — ад таткі ўзялі, Галоўку звязалі.
Ой, дымна за дваром...
Ой, дымна за дваром, Едуць баяры ўсе радом, Вязуць Янку на коніку, Да яго галоўка на мячы, Да за ім матачка плачучы: «Ой, сынок Янка, За каго галоўку палажыў? Ці за пана-айца старога, Ці за матку родную, Ціза брацейка маладога, Ці за сястрыцу малую?» — Да не за пана-айца старога, Да ні за матачку родную, Да ні за брацейка маладога, Да ні за сястрыцу малую: Палажыў галоўку за дзеўку, За яе ціхія паходы, За яе нізкія паклоны.
Перад Пятром, пятым днём...
Перад Пятром, пятым днём Разгуляўся Янаў конь. Разгуляўся Янаў конь, Разбіў камень капытом, А ў камні ядра няма, А ў мальчыкаў праўды няма. Такая праўда, як узімку сонца, Хоць яно яснае, але яно халоднае. Перад Пятром, пятым днём Разгуляўся Янаў конь, Разгуляўся Янаў конь,
Разбіў арэх капытом.
У арэха ядро ёсць. У дзевачак праўда ёсць.
Купала на Івана! Што Іван робіць?..
Купала на Івана! Што Іван робіць? — Косы клепець!
Купала на Івана!* На што яму косы? — Сена касіць. На што яму сена? — Кароў карміць. На што яму каровы? — Малокі збіраць. На што яму малокі? — Дзетак карміць. На што яму дзеці? -— Краскі ірваць. На што яму краскі? — Свінней карміць. На што яму свінні? — Горы рыць. Што ў тых гарах? — Жалезная ступа. Што ў той ступцы? —Палівана міска. Што ў той місцы? — Макава зерне. Дзе тое зерне? — А пятух склюваў. Дзе той пятух? — На мора паляцеў. Дзе тое мора? — Краскамі зарасло. А дзе тыя краскі? —Дзеўкі парвалі. А дзе тыя дзеўкі? — Замуж пайшлі. Дзе іх мужыкі? — На вайну пайшлі.
Зажурылася малада ўдованька...
Зажурылася малада ўдованька, Што не кошана зялёна дубровенька; He журыся, малада ўдовачка, Будзе скошана зялёна дубровачка. Будзем наймаці касары маладыя, Будзем плаціці па чатыры златыя. Касары косяць — ветрык павявае, Маё сенца ад сонца пасыхае.
Ой, разгон, разгон Пятроў дзень...
Ой, разгон, разгон Пятроў дзень, Паразганяў дзевачкі з гулячкі: Годзі вам, дзевачкі, тут гуляць, Бярэце сярпочкі, ідзеце жыта жаць!
* Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.
А я дзеўка добрая Алеся...
А я дзеўка добрая Алеся Бацькі багатага, Мой бацька — ясны месяц, Мая маці — краснае сонейка, Mae браты — ў саду салавейкі, Mae сёстры — ў жыце перапёлкі; Ясны месяц усю ноч свеціць, Красна сонейка ўвесь дзень грэіць, У садзе салавейка ўвесь дзень спяваіць, У жыце перапёлкі — жыта падбіраюць.
Да ў нашым сяле тры вуліцы...
Да ў нашым сяле тры вуліцы: У першай вуліцы ружа лялея, У другой вуліцы рамон бялее, У трэцяй вуліцы крапіва млее. Ружа лялея — то дзевачкі, Рамон бялее — то малойчыкі, Крапіва млее — то малодачкі.
А ў лузе касец косіць...
А ў лузе касец косіць, А ў лузе касец косіць Ды, прылёгшы, галосіць.
■—А чаго, касец, плачаш, А чаго, касец, плачаш, А ці твая каса тупа?
Ці твая каса тупа, Ці твая каса тупа, Ці твая жана скупа? — А мая каса востра, А мая каса востра,
А мая жана жостра. Прынясла палуднаваць, Прынясла палуднаваць, У маленькім адлівачку. У маленькім адлівачку, У маленькім адлівачку I хлеба скарыначку, Цыбулькі быліначку, Цыбулькі быліначку I солі друбіначку.
Ой, рана, рана, на Яна-Купала...
Ой, рана, рана, на Яна-Купала,
На вулачку сонейка дзевачак збірала, У ручкі сярпочкі давала,—
Да годзе, дзевачкі, гуляці,
Да ідзіце ў поле жыта жаці, Роўнае поле, роўнае, Зародзіць бог жыта буйнае, А ярую пшаніцу да на навіне, Да збірайся, родзе, увесь ка мне.
ЖНІЎНЫЯ ПЕСНІ
Гаварыла поле шырокае...
Гаварыла поле шырокае, Жыта ядраное:
— He магу я на полі стаяці, Каласочкам махаці, Толькі магу на полі капамі, У гумне стагамі.
Гаварыла сужанькава маці: — He магу я па двару хадзіці, Ключыкі насіці.
Толькі магу за сталом сядзеці, Чарачкі наліваці, Гасцей частаваці
Віном зеляненькім, Мядком саладзенькім.
У полі жыта палавее...
У полі жыта палавее, У багатага душа млее, Што ў засеку жыта тлее. А ў беднага радуецца, А ў беднага радуецца, Што новы хлеб гатуецца, Што з багатым зраўнуецца.
Як пайду я дарогаю...
Як пайду я дарогаю, Пушчу голас я дуброваю, Няхай голас галасуе, Хто мой голас пачуе, Той мяне пашкадуе.
А зачуў голас свёкарка.
— Калі ж дзіця маё голас вядзець, Дык няхай ідзець пагуляе, А калі ж нявестачка, Хай ідзець пажынае.
Поле ж маё далёкае, Рэзка мая шырокая. А жыта маё ядронае, А я ж яму дзіця не роднае.
К. Альхімовіч. Жніво
Ой, час, пара дадоманьку...
Ой, час, пара дадоманьку Па постаці раса ўпала.
Па постаці лядовая, Па коласі мядовая, Лядовую валы з’ядуць, Мядовую дзеўкі сап’юць. Валы з’ядуць — гараць будуць, Дзеўкі сап’юць — гуляць будуць.