Беларускі фальклор
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 840с.
Мінск 1977
Вецер не веіць, сонца не грэіць, Калінка не зрэіць.
Каб я ведала, маладзенька, Сваю горкую долю, Я ж бы паслала сваю мамухну
Словы «У даліну па каліну» і «Калінка не зрэіць (сазрэла)» паўтараюцца два разы.
У даліну па каліну.
Вецер не веіць, сонца не грэіць, Калінка не зрэіць.
Каб я ведала, маладзенька, Сваю горкую долю, Я ж бы паслала свайго мілага У даліну па каліну.
Вецер павеяў, сонца прыгрэла, Калінка сазрэла.
Гэтыя дзве песні абавязковыя, але спяваюць і іншыя, вясельныя.
Заручыны
Вяселле звычайна прызначаецца на нядзелю, напярэдадні ж, г. зн. у суботу, вечарам бываюць у нявесты в е ч а р ы н ы, або з а р у ч ы н ы. У гэты вечар збіраюцца да нявесты ўсе запрошаныя на вяселле і ўсе знаёмыя ёй дзяўчаты. Усе запрошаныя госці павінны прынесці гаспадарам па бохану хлеба з соллю. Наняты на ўсё вяселле музыкант д у д а р о м іграе, а дзяўчаты скачуць. Танцы пачынаюць заўсёды ў той жа вечар бацька і маці нявесты. Песень да прыезду сватоў не спяваюць. Прыязджаюць сваты і, калі ўваходзяць у хату, пытаюць: «Добры вечар вам, ці не прымеце начаваць?»— «Начўйце, сваточкі, начуйце»,— адказваюць ім. Іх адразу ж садзяць за стол, а з імі і запрошаных гасцей, за выключэннем нявесты і дзяўчат, якія ў гэты час танцуюць у другой хаце. Сваты павінны прывезці з сабою гарэлку і закуску. Сеўшы за стол, яны патрабуюць місак, наліваюць туды гарэлку, якую прапануюць усім па чарцы, а кожнаму з сваякоў даюць асобную закуску (што называецца дарамі).
Прапанаваўшы потым усім гарэлкі і закускі, сваты гавораць: «Пакажыце нам таго, за кім мы страдаем».
Хрышчоная маці ўстае з-за стала, прыводзіць нявесту да сватоў і дае ім ад сябе дары: сватам па ручніку, а жаніху пасылае праз іх сарочку, панталоны, хустачку і пояс, апрача таго, кожнаму члену сям’і жаніх пасылае таксама падарункі: па кавалку палатна, па хустачцы, поясу і інш. Сваты ж перадаюць нявесце ад жаніха чаравікі і панчохі, а таксама даюць гарэлку і лепшую закуску (абаранкі, сыр і інш.). Атрымаўшы гэтыя падарункі, нявеста перадае іх маці, прычым яна кланяецца ёй да зямлі, плача і прыказвае: «Прымі мае падаруначкі! Хоць яны невялікія, толькі былі б шчаслівыя, благаславі мяне, мамачка, на доўгі век, на кароткую дарогу».
Маці, прымаючы падарункі, гаворыць: «Дачушка! Няхай цябе бог благаславіць на доўгі век, на кароткую дарогу».
Потым нявеста кланяецца іншым сваякам і плача. Усе садзяцца за стол і пачынаецца частаванне: гарэлка тут ужываецца тая, якую прывезлі сваты, стравы ж гаспадарскія. Нявеста ў гэты час не сядзіць за сталом, яна з сяб-
роўкамі ў іншай хаце танцуе, там і музыкант іграе. У перапынках паміж пачастункамі сваты і запрошаныя госці, якія сабраліся тут, спяваюць:
Я й не ведала, маладзёшынька, Што сягонні заручынкі, Я ж бы паслала сваю мамухну У даліну па каліну (далей, як у папярэдняй песні).
На заручынах спяваюць яшчэ:
А ў нас сянні заручынкі — Бог нам даў;
Шылі дары на ўсе сталы — Бог нам даў;
Елі падаркі, круты баранкі — Бог нам даў.
Ай, вумная, разумная Матрунка! * Паставіла старожыньку на браду, Сама села пад вішанькай у саду. Адкуль, адкуль красна сонейка ўзыйдзець, Адтуль, адтуль мой міленькі ўз’едзець. Саколічак каля аконычак лятаець. Крыльцом вакошычка адчыняець.** Ай, вумненькі, разумненькі Паўлютка. К цешчы на двор васілёчкам сцелецца, У сені лезіць — гарнушычкам коціцца, У хату лезіць чырвонаю мятаю, За столікам саколікам верціцца, Ля Матрункі блізёхінька садзіцца.
Калі выходзяць з-за стала, спяваюць:
Спасіба свату за цёплую хату, За сахарную страўку.
А наша патраванька з ўсёй заправай, I з перчыкам, з інберчыкам, I з крынічнай вадзіцай, I з салодкай сыціцай.
Гаспадар адпраўляе гасцей са словамі: «Ах, ці ні пара, госцейкі, вам дамоў ехаць, я ўжо і так прахарчаваўся».
* Радкі 1—5 паўтараюцца па два разы.
** Гут прапушчаны тры радкі, якіх у арыгінале нельга было зразумець (заўвага П. Шэйна).
А брат нявесты гаворыць: «Што ты, бацька, адпраўляеш? Яшчэ іхняя кароўка не доена, трэба падаіць» (намёк, што не ўся гарэлка выпіта).
Сваты пачынаюць таргавацца, кажуць: «Наша дарога доўгая, можа дзе трэба мост намасціць, работнікаў наняць, мы людзі не багатыя, можа трэба будзе лес рассякаць, чым трэба плаціць? He разбівайце ж нас».
Нарэшце, раздадуць усю гарэлку галоўнейшым асобам і, падзякаваўшы гаспадароў за хлеб-соль, збіраюцца ад’язджаць. На двары, аднак, нявеста з галоўнай баяркай затрымліваюць каня. Сваты спачатку іх знарок адганяюць, але потым, зрабіўшы выгляд, быццам толькі цяпер даведаліся, што гэта сама нявеста, даюць ёй і баярцы па чарцы гарэлкі і крыху грошай і ад’язджаюць.
Вянец
У гэты дзень падымаюцца рана, рыхтуюць стравы, потым пачынаюць апранаць нявесту да вянца. Галоўная свацця апранае на яе сукенку, вянок, расчэсвае касу і заплятае. (Калі нявеста сірата, дык касу ёй не заплятае, а толькі расплятае, пасадзіўшы яе на дзяжу). Потым высоўваюць на сярэдзіну хаты стол, ставяць на ім гарэлку і закуску, а бацькі і блізкія сваякі садзяцца пад абразамі; бацькі бяруць абразы, запальваюць свячу, баярка падводзіць нявесту спачатку да бацькоў, потым па старшынству да ўсіх, хто сядзіць за сталом, і пачынаецца благаславенне.
Нявеста кланяецца да зямлі па тры разы ўсім і плача, музыкант у гэты час іграе, усе благаслаўляюць словамі: «Бог цябе благаславіць на доўгі век, на кароткую дарогу».
Потым баярка разам з нявестай садзяцца за стол, п’юць гарэлку і развітваюцца з бацькамі і тымі, хто застаецца дома, едуць у царкву. Нявеста ўвесь гэты час павінна нічога не есці. Яе вязе брат або хрышчоны бацька, з ёю на возе сядзіць толькі баярка. Свацці едуць асобна; песень у гэты час не спяваюць, толькі музыканты іграюць матывы журботных песень. Жаніха такім жа чынам адпраўляюць да вянца яго бацькі, толькі ён разам з братам або халастым сваяком павінны ехаць да вянца вярхамі. Прыехаўшы ў царкву, усе ў час абедні моляцца. 3 заканчэннем абедні свяшчэннік адпраўляе абрад вянчання, пасля чаго маладая пара разам са сватамі накіроўваюцца да яго ў дом, дзе ён запісвае маладых у метрыку... Потым абедзве дружыны разам накіроўваюцца ў карчму або да якога-небудзь знаёмага ў сяле і там п’юць гарэлку, якую прывезлі з сабою, закусваюць, танцуюць і спяваюць песні. 3 царквы жаніх едзе разам з нявестай на сваіх конях. Адразу ж пасля вянца свацці пачынаюць пець наступныя песні:
Ай, none, none, бацька наш! Павянчаў жа ў адзін час, А ў тую гадзіну шчаслівую. Ай, рэкі, рэкі Іардані!
Стаялі папы радамі, Там нашага Паўлюську вянчалі: Рызкамі ручанькі звязалі, Ніхто не можа развязаць, Ай, ні ножычкам разрэзаць. Так нам маладым векаваць.
Учора Матрунка весяла; Абсела не чужына, Усё Паўлюськіна радзіма.
А ехала Матрунка з-пад вянца, Ай, сеяла расаду з рукаўца. Ай, вейся, вейся, качання, Дайся долінька з вянчання, Шчасця, багацця ў рукаве, Розум, здароўе ў галаве. Матрунка ў мамкі каханка, Чы не было кавалёў раскаваць? Чы не было грабянцоў расчасаць? А былі кавалі ў дарозе, А былі грабянцы ў возе.
Пасля выпіўкі і закускі абедзве дружыны развітваюцца і раз’язджаюцца па сваіх хатах асобна, нявеста са сваёй дружынаю едзе да сябе, жаніх са сваёй — таксама да сябе дадому. Дарогаю спяваюць:
А маменька мая, Я ужо не твая! Я ж таго пана, 3 кім я павянчана, На вяночку стаяла, Богу прысягала, Пярсцёнка мяняла, За руку дзяржала.
Бацькі сустракаюць нявесту; яна ім кланяецца ў ногі, яе вядуць у ха* ту, садзяць з дружынаю за стол і даюць абедаць. У час абеда спяваюць:
•
Села сабе Матрунка за сталом, За поўным кубкам, за віном: «Даруй мяне, татухна, чым хочаш». — Дарую, дачушка, дарую, Хлеба-солі гатую.
Села Матрунка за сталом,
За поўным кубкам, за віном: «Даруй мяне, мамухна, чым хочаш». — Дарую, дачушка, дарую, Кублічак трубачак гатую. «Будзем, маменька, вячэраць, Павячэраўшы, дзяліцца: Табе, маменька, кублічкі, А мне, маменька, трубачкі, Табе, маменька, кручкі, А мне, маменька, ручнічкі, Табе, маменька, усё дабро, А мне, маменька, серабро».
— Едзь, мая дачушка, без кубла, Чаму маёй кудзелькі не скубла? He сядзець было на печы, He махаць было нагамі, Работаць было рукамі.
Бярозка з лісточкам, бярозка з лісточкам Усё лета шумела, усё лета шумела: «Бярозка мая, белая мая, я ж цябе кідаць буду. Я ж цябе не забуду, вясной к табе буду — не забуду, Вясной к табе буду, шумець з табой буду».
Матрунка з мамкай, Матрунка з мамкай
Усю восень гаварыла, усю восень гаварыла: «Мамухна мая, родная мая, я ж цябе кідаць буду, Я ж цябе кідаць буду, я ж цябе не забуду, Я ж цябе не забуду, у госці к табе буду, У госці к табе буду, гаварыць з табой буду».
Пасля таго, як паднімуцца з-за стала і крыху патанцуюць, нявесту з сяброўкамі выводзяць у другую хату; потым падрыхтоўваюць усё прызначанае, каб надзяляць нявесту. Бацькі хрышчоныя з сяброўкамі падводзяць яе да дзвярэй, яна плача і прыпявае:
Расчыніцеся, цясовыя дзверы, Расступіцеся, добрыя людзі! Прапусціце мяне за цясовыя столікі, За бялёвыя скацеркі.
Яе зноў выводзяць у хату да гасцей і садзяць за стол. Каля яе садзяцца сяброўкі, а на галоўным месцы пад абразамі садзіцца хрышчоны бацька. Ен бярэ два маленькія пірагі і гаворыць, паўтараючы тры разы: «Дудка-галубка! Каб ты век іграла, не пераставала, а гэты час перастала. Просіць ма-
ладая княгіня песеньку пачаць, а бацька з маткай вяселле згуляць. Чы не знойдзецца на гэты час малады князь, песеньку пачаць, вяселле згуляць? Дам яму два боханы хлеба на месяц і чарачку вінца. Ці ёсць у доме свянцоным, у піры вясёлым бацька і маці, і браты, і сёстры, і дальныя прыезджыя? Просяць песеньку пачаць, вяселле згуляць».
Усе адказваюць:
«Бог благаславіць!» (3 разы).
Тады з натоўпу звычайна выходзіць адзін, які ўмее песню стаўбавую заводзіць, лезе на печ, садзіцца каля слупа і пачынае прыказваць: «Ах, пака на слуп забраўся, насовенка падраўся, сем гадоў пад градамі валяўся, пакуль гэтага вяселлейка я дачакаўся. Чы не далі б мне чарачку вінца, чарачку піўца, прамачыў бы я ў роце, мог бы пару слоў сказаць».
Звяртаючыся да хрышчонага бацькі: «Пане тысяцкі, ваявода шляхецкі! Чы не падаслаў бы ты мне на месяц хлеба, чарачку вінца, чарачку піўца, мог бы я табе песеньку пачаць, вяселлейка гуляць».
Пачынае пець: