Беларускі фальклор
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 840с.
Мінск 1977
(He разаб’еш гаршчочка, то і не з’ясі кашы. (Арэх)
Стаіць певень над вадою з чырвонаю барадою. (Каліна)
Усю зямлю прайшоў, чорну шапачку знайшоў. (Грыб)
Хоць у капелюшы, а галавы не мае. (Грыб)
Як радзіўся, так за кій ухапіўся. (Хмель)
Загадаю загадку, закіну за градку; у адзін год пушчу, у другі выпушчу. (Азімае жыта)
На коніку сем саколікаў, кожны ў капаточку. (Авёс)
Длінней пана вусы. (Ячмень)
Прыйдзе восень — заб’ю лося: галаву з’ем, шкуру аблуплю, а мяса за плот выкіну. (Аён)
Білі мяне, білі, білі, калацілі, па полі цягалі, клоччамі ірвалі, на ключ запіралі і на стол саджалі. (Аён)
Косці на лагу, скура на таргу, а галава ў клеці. (Каноплі)
Чорная свінка мае тры спінкі. (Грэчка)
Сядзіць панна ў чырвоным кафтане. Як узялі разбіраць — сталі плакаць, наракаць. ( Цыбуля)
Ляжыць грушка ў чырвоным кажушку. Хто яе ўкусіць, той плакаць мусіць. (Цыбуля)
Лата на лаце, ніткі не знаці. (Капуста)
Хата пуката, поўна вераб’ёў нагната. (Гарбуз)
Дзеўка ў каморы, а яе косы на дворы. (Морква)
Галава пляшывая, што ў ксяндза,— ды не ксёндз, барада калматая, што ў папа,— ды не non. (Рэпа)
Была птушка брыкацён, віла гняздо за сем дзён, звіла гняздо за плотам, знесла яйцо за гняздом. (Агурок)
Поўна дзежачка круп, а наверсе струп. (Мак)
Пад адным брыльком семсот казакоў. (Мак)
Зранку ходзіць на чатырох нагах, удзень — на дзвюх, а ўвечары — на трох. (Чалавек у розным узросце)
Што любіш, таго не купіш, а чаго не любіш — не прадасці. (Маладосць і старасць)
Прыйшоў нехта, узяў нешта: ні яго дагнаць, ні ў яго адабраць. (Смерць)
За табою стаіць дуб, ніхто яго не абыдзе, ніхто яго не аб’едзе: ні цар, ні царыца, ні красна дзявіца. (Смерць)
Ляжыць калода пасярод балота: не гніе, не сохне. (Язык)
Каля прарубы стаяць белы галубы.(Зубы)
Цераз мяжу брат брата не бачаць. (Вочы)
Чатыры чатырнічкі: на кожным чатырнічку па пяць пяцернічкаў (Рукі, ногі, пальцы)
Дзве маткі маюць пяць сыноў, а кожны з іх аднаго імя. (Рукі і пальцы) Пяць братоў у адну ноч нарадзіліся і ўсе з адным імем. (Пальцы) Як родзіцца — у дудачкі грае, як вырасце — зямлю капае, як памрэ — дык у скокі ідзе, а ўсё не гуляе. (Вол)
Чатыры дзяды назад бародамі. (Капыты)
Каля бочкі качаюцца клубочкі. (Парасяты каля свінкі)
Па полі і лузе ходзіць у кажусе. (Авечка)
У цёмнай цямнушачцы сядзяць чарнушачкі і вяжуць вязаначкі — ні вузла, ні пяцелечкі. (Пчолы)
Выйшла панна з трасок, а на ёй сорак сарочак, а як вецер павее — гола цела віднее. (Курыца)
Ляцела пава, на белыя камені пала; камні разбіла — усіх мёртвых узбудзіла; мёртвыя ўсталі — у дудачкі зайгралі. (Квактуха)
Ані шпунта, ані дна, поўна бочачка віна. (Яйцо)
Ходзіць цар па гародзе, носіць два бліны ў бародзе, а трэці на галаве. (Певень)
На лапатах ходзіць, рогам траву есць. (Гусь)
He кравец, а ўсё жыццё з іголкамі ходзіць. (Вожык)
Два разы нараджаецца, адзін раз памірае. (Птушка)
Даўжэй клеці зашчэпка. (Сарока)
Спераду шыльцы, ззаду вільцы, наверсе чорнае сукно, падысподам белае палатно. (Ластаўка)
Плача баба на ўвесь лес, а па ёй ніякі бес. (Сава)
Ва ўсіх дзетак адзенне з манетак. (Рыба)
На тым свеце жывы, а на гэтым мёртвы. (Рыба)
Ехаў не дарогай, сцёгаў не пугай, шыбаў не палку, злавіў не галку, шчыпаў не пер’е, еў не мяса. (Рыба)
Жывы — чорны, памрэ •— чырвоны. (Рак)
,Без станка і без рук, а кросны тчэ. (Павук)
Вісіць сіта, не рукамі звіта. (Павуціна)
Крыллі — арловы, хобат —■ слановы, грудзі — каніныя, ногі — ільвіныя, голас — медны, нос — жалезны, мы яго біць, а ён — нашу кроў ліць. (Камар)
Ляціць — вые, сядзе — зямлю рые. (Жук)
Семсот муляроў змуравалі царкву без вуглоў. (Мурашкі.)
Лес сяку — лес вяне, на тым месцы горад стане. (Сенакос)
Тысячы брацікаў звязаны, адным поясам падпяразаны. (Сноп)
Ляжыць мужычок у залатым каптане, падпяразан, ды не поясам; сам устаць не можа, а людзі падымаюць. (Сноп)
Ляцяць гускі, дубовыя наскі, ляцяць і гавораць: «То-то я! То-то я!» (Малацьба цапамі)
Матка гладка, сыны-цакуны, дочкі-палізухі. (Ток, цапы, мётлы)
Бацька гарбаты, маці пляската, дзеці кручоныя, на суку павешаныя. (Гумно, ток, цапы)
Што ў вадзе сохне, а ў печы мокне? (Воск)
Баба Яга, віламі нага; увесь свет корміць, а сама галодная. (Саха)
Дзіравае радно ўсё поле збегла. (Барана)
Рыбка бялява хвосцікам віляла, лясы ламала, горы стаўляла. (Каса)
Бацька з сажань, матка з пядзень, а дзеткі па мязінцу. (Граблі)
Рота няма, а зубы маюцца. (Граблі)
Гарбаты дзядок усё поле аббегаў. (Серп)
Сам я тонак, як паясок, у мяне востранькі насок. Як выйду на поле ваяваці проціў высокенькіх панічоў у злаце, яны мяне паясаюць, а мае востранькія зубкі іх усіх перакусаюць. (Серп)
Аснова саснова, уток саламяны. (Азярод)
Хата рагата, вокан багата. Як узлезеш — не вылезеш. (Рыбацкая сетка)
Семсот варот, адзін уваход. (Невад)
Сама пад страхою, а хвост мокры. (Кудзеля)
Чым я больш вярчуся, тым я больш таўсцею. (Верацяно)
Пяць козак смокчуць стажок, а пяць у поле ідуць. (Пальцы і кудзеля)
Крыж на крыжы; хто ведае — не кажы. (Клубок)
Жоўценькі вепручоначак між загародак бегае. (Чаўнок)
Бегла свінка, залатая спінка, льняны хвосцік. (Іголка)
Б’юць мяне палкамі, пнуць мяне камнямі, рэжуць мяне нажамі. За тое мяне глумяць, за што мяне любяць. (Хлеб)
Жалезны ток, свінячы пераскок, аўсяная пасцель. (Скаварада, падмазка і блін)
У вадзе родзіцца, а вады баіцца. (Соль)
Вутка ў моры, а хвост на заборы. ( Апалонік)
Худ канёк, а ўсё возера выпіў. (Аыжка)
Чатыры шчучкі, галоўкі ў кучцы, тулава па-рознаму. (Сцены, вуглы)
Сядзіць дзядок, на хату гарбок. (Крук у сцяне)
Маці таўстуха, дачка краснуха, а сын перабор выскачыў на двор. (Печ, агонь, дым)
Стаіць бычок, асмалены бачок. (Засланка)
Сізы Салівон пайшоў вон. (Дым)
Два стаяць, два ляжаць, пяты ходзіць, за пуп водзіць. ( Дзверы, вушакі і чалавек)
He брэша, не кусае, а ў хату не пускае. (Замок)
Поле шкляное, а межы дрывяныя. (Акно)
Чырвоны пеўнік па жэрдачцы сунецца. (Агонь на лучыне)
Сам голы, а сарочка за пазухай. (Свечка)
Пад адной страхой чатыры браты стаяць. (Стол)
Бабка-крываножка на золаце скача. (Качарга)
Быў я на капанцы, быў я на кружанцы, быў на пажары, быў на базары; малады быў — увесь свет карміў, а як стары стаў — пелянацца стаў; давялося ж паміраць — некаму касцей пахаваць. (Гаршчок)
За вушы два канцы дугі трымаюць мора берагі. (Почапка вядра) Дзве галачкі сядзяць на адной палачцы. (Каромысел і вёдры) Сам худ, а галава з пуд. (Бязмен)
У аднаго парсюка два лычы. (Начоўкі)
На той свет ідзе — скача, з таго свету ідзе — плача. (Вядро ў студні)
У лес ідзе — дамоў глядзіць, дамоў ідзе — у лес глядзіць. (Сякера за поясам)
Маленькі Данілка ў пяцельку ўдавіўся. (Гузік)
Сяджу на нагах, а хаджу на галаве. (Цвік у ботах)
Браты за братамі гоняцца, ды дагнаць не спаромяцца. (Колы)
Бягуць сычыкі, задраўшы лычыкі. (Сані)
Паўзулькі паўзуць, рагулькі вязуць, едуць пана калаціць, што на лузе стаіць. (Сані)
Еду, еду — ні дарогі, ні следу: конь без хваста, пуга без пасвіста. (Лодка)
Жывая жывулечка на жывым крэсле сядзіць і жывы абед абедае. (Маці корміць дзіуя)
Сяло заселена, а пеўні не пяюць і людзі не ўстаюць. (Могілкі)
У лесе знята, да хаты ўзята, на руках плача, а не дзіця. (Скрыпка)
Хто з жывога і з мёртвага бярэ? (Поп)
Божжу хвалу за хвост цягаю: хвала крычыць, што хвост баліць. (Звон) Хто ляціць без крылаў? (Веце.р)
,Што зімою камлём угору расце? (Ледзяшы)
Што без вады плавае? (Воблака)
Без чаго хлеб не спячэш? (Без скарынкі)
Хто гаворыць на усіх мовах? (Язык)
Без чаго чалавек не можа жыць? (Без імя)
Чаго нельга абнесці кругом хаты? (Вады ў прыполе)
На што каню хамут кладуць? (На шыю)
Які ў моры камень? (Мокры)
Пад якім кустом заяц сядзіць, як дождж ідзе? (Пад мокрым)
Без чаго хаты не пабудуеш? (Без стуку)
Чаму пастух пугу носіць? (Бо сама не ходзіць)
Што бывае пасля сямі гадоў? (Восьмы год)
Ляцела сарока, за ёю сорак. Колькі ляцела сарок? (Дзве)
Дзве дачкі, дзве маці і бабулька. Колькі ўсіх? (Трое — бабка, маці і дачка)
Ляцелі галкі, селі на палкі. Сядуць па адной — галка лішняя, сядуць па дзве — палка лішняя. Колькі было галак і колькі было палак? (Тры палкі і чатыры галкі)
Якая з’явілася новая зорка? (Чырвонаармейская)
Хто ўвесь век жыве маладым? (Камсамол)
КАЗКІ
а ж н а е месца ў фальклорнай спадчыне беларускага народа належыць апавядальным жанрам — казкам, легендам, паданням, вусным сказам, анекдотам. Гэты разнастайны ў жанравых адносінах ^астацкі матэрыял па характару мастацкай выдумкі, адносінах да рэчаіснасці і асаблівасцях яго адлюстравання ў розных творах можна падзяляць на тры групы. Да першай адносяцца казкі і анекдоты, да другой — легенды і паданні і да трэцяй — розныя віды вуснага народнага апавядання: вусныя сказы, успаміны і г. д.
Сярод апавядальных жанраў беларускай вуснапаэтычнай творчасці шырынёй ахопу жыццёвых з’яў, глыбінёй абагульнення, яркасцю створаных
вобразаў вылучаюцца казкі. Тэрмін «казка» аб’ядноўвае розныя па форме і зместу апавядальныя творы: пра жывёл і птушак, пра фантастычных пачвар і непераможных асілкаў, пра кемлівага сялянскага сына Несцерку і ненажэрных крывасмокаў-паноў, пра хітруна-злодзея і служкаў культу, пра мудрую дзяўчыну і языкатую жонку і інш. Такая разнастайнасць матэрыялу вельмі ўскладняе задачу фалькларыстаў даць гранічна акрэсленае азначэнне гэтага жанру. Сярод розных, але ў асноўным блізкіх паміж сабой азначэнняў казкі, якія прыводзяцца ў навуковай літаратуры, найбольш прыдатным можна лічыць наступнае: к а з к a — гэта мастацкае вуснае апавяданне сацыяльна-бытавога, фантастычнага або авантурна-навелістычнага зместу, якое адлюстроўвае рэчаіснасць пры дапамозе мастацкай выдумкі і заключае ў сабе дыдактычна-павучальны сэнс.
Казкі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці і заўсёды былі непарыўна звязаны з шматгранным жыццём народа, яго барацьбой з сіламі прыроды, а ў класавым грамадстве — за роўнасць, сацыяльную справядлівасць. Казкі як творы сапраўднага мастацтва задавальнялі эстэтычныя запатрабаванні народа і ў той жа час былі важным сродкам пазнання навакольнага свету і абагульнення працоўнага вопыту многіх пакаленняў, а таксама сродкам выхавання.