Беларускі фальклор
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 840с.
Мінск 1977
Сачыўка
Жыў дзед і баба. Былі яны бедныя, мала ў іх было зямлі. Вось аднойчы вясной кажа баба дзеду:
— Дзед, дзед, узары ты лапічак жарствянкі, ды пасей сачыўку, можа і ў нас трохі дабра будзіць.
Дзед узараў той лабячок камяністай, пясчанай ды жарствяной зямелькі, пасеіў жменьку сачыўкі. Добрая вырасла сачыўка, выспела. Скасіў дзед сачыўку, змалаціў цэпам, перавеіў. Сталі дзед з бабай сачыўку ў мех сыпаць — сачыўка ў мех ня лезе, дзеду з бабай бяда!
Сталі яны мышэй прасіць:
— Мышы, мышы, ідзіце сачыўку тачыць!
Мышы ня йдуць сачыўку тачыць, сачыўка ў мех ня лезе — дзеду з бабай бяда!
Сталі яны ката клікаць:
— Кот, кот, ідзі мышэй лавіць!
Кот ня йдзе мышэй лавіць, мышы ня йдуць сачыўку тачыць, сачыўка ў мех ня лезе — дзеду з бабай бяда!
Сталі яны сабаку цкаваць:
— Сабака, сабака, ідзі ката ганяць!
Сабака ня йдзе ката ганяць, кот ня йдзе мышэй лавіць, мышы ня йдуць сачыўку тачыць, сачыўка ў мех ня лезе — дзеду з бабай бяда!
Сталі яны воўка прасіць:
— Воўк, воўк, ідзі сабаку пужаць!
Воўк ня йдзе сабаку пужаць, сабака ня йдзе ката ганяць, кот ня йдзе мышэй лавіць, мышы ня йдуць сачыўку тачыць, сачыўка ў мех ня лезе — дзеду з бабай бяда!
Сталі яны стральца прасіць:
— Стралец, стралец, ідзі ваўка страляць!
Стралец ня йдзе ваўка страляць, воўк ня йдзе сабаку пужаць, сабака ня йдзе ката ганяць, кот ня йдзе мышэй лавіць, мышы ня йдуць сачыўку тачыць, сачыўка ў мех ня лезе — дзеду з бабай бяда!
Сталі яны лазу прасіць:
— Лаза, лаза, ідзі стральца біць!
Лаза ня йдзе стральца біць, стралец ня йдзе ваўка страляць, воўк ня йдзе сабаку пужаць, сабака ня йдзе ката ганяць, кот ня йдзе мышэй лавіць, мышы ня йдуць сачыўку тачыць, сачыўка ў мех ня лезе — дзеду з бабай бяда!
Сталі яны казу прасіць:
— Каза, каза, ідзі лазу есці!
Каза ня йдзе лазу есці, лаза ня йдзе стральца біць, стралец ня йдзе ваўка страляць, воўк ня йдзе сабаку пужаць, сабака ня йдзе ката ганяць, кот ня йдзе мышэй лавіць, мышы ня йдуць сачыўку тачыць, сачыўка ў мех ня лезе — дзеду з бабай бяда!
Сталі яны доўбню прасіць:
— Доўбня, доўбня, ідзі казу біць!
Доўбня ня йдзе казу біць, каза ня йдзе лазу есці, лаза ня йдзе стральца біць, стралец ня йдзе ваўка страляць, воўк ня йдзе сабаку пужаць, сабака ня йдзе ката ганяць, кот ня йдзе мышэй лавіць, мышы ня йдуць сачыўку тачыць, сачыўка ў мех ня лезе — дзеду з бабай бяда!
Сталі яны чарвей прасіць:
— Чэрві, чэрві, ідзіце доўбню тачыць!
Як пайшлі чэрві доўбню тачыць, як пайшла доўбня казу біць, як пайшла каза лазу есці, як пайшла лаза стральца біць, як пайшоў стралец ваўка страляць, як пайшоў воўк сабаку пужаць, як пайшоў сабака ката ганяць, як пайшоў кот мышэй лавіць, як пайшлі мышы сачыўку тачыць, з’елі ўсю сачыўку — дзеду з бабай бяда!
Курка-рабушка
Быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў-біў — не разбіў, баба біла-біла — не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула — і разбіла.
Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць...
Ідзе воўк:
— Дзедка, чаго вы плачаце?
— Як жа нам не плакаць: жылі сабе мы з бабкай, была ў нас куркарабушка, нанесла яец повен карабец. Я біў-біў — не разбіў, баба біла-біла — не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула — і разбіла.
Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць... I воўк завыў.
Ідзе мядзведзь:
— Чаго ты, воўча, выеш?
— Як жа мне не выць: быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў-біў — не разбіў, баба біла-біла — не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула — і разбіла.
Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць — і я, воўк, выю.
I мядзведзь зароў.
Ідзе лось:
— Чаго ты, мядзведзь, равеш?
— Як жа мне не равець: быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў-біў — не разбіў, баба біла-біла — не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула — і разбіла.
Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць, воўк завыў — і я, мядзведзь, зароў.
I лось рогі паскідаў. Прыйшоў лось да калодзезя: папова чалядка ваду бярэ.
— Чаго ты, лось, свае рогі паскідаў?
— Як жа мне не скідаць: быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў-біў — не разбіў, баба біла-біла — не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула — і разбіла.
Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць, воўк завыў, мядзведзь зароў — і я, лось, рогі паскідаў.
I чалядка вёдры пабіла, каромысел паламала і заплакала.
Ідзе дзяк:
— Дзеўка-дзявіца, чаго ты плачаш?
— Як жа мне не плакаць: быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў-біў — не разбіў, баба біла-біла — не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула — і разбіла.
Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць, воўк завыў, мядзведзь зароў, лось рогі паскідаў — і я вёдры пабіла, каромысел паламала і за-
плакала.
I дзяк пайшоў ды кнігі папарваў.
Ідзе non:
— Дзяк, чаго ты кнігі папарваў?
— Як жа мне не рваць: быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў-біў — не разбіў, баба біла-біла — не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула — і разбіла.
Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць, воўк завыў, мядзведзь зароў, лось рогі паскідаў, чалядка вёдры пабіла, каромысел паламала і заплакала — і я, дзяк, пайшоў кнігі папарваў.
Пайшоў non і царкву запаліў.
Кот Максім — сват
Жылі сабе дзед з бабай, мелі яны сынка і катка. Сын зваўся Марцінам Глінскім-Папялінскім, кот быў Максім. Жылі старыя колькі год, потым памёрлі. Засталіся сынок і каток. Некалькі часу прайшло, згніла гэта хата, засталася адна печ. Марцін Глінскі навучыўся гаварыць па-кашачаму, а кот — па-чалавечаму. Жылі яны некалькі гадоў. Марцін жаніцца захацеў, а кот кажа яму:
— Ты жаніцца захацеў, седзячы на гэтай печы, у цябе ж голас не чалавечы. Я цябе карміў, паіў, а ты сядзеў, нічога не рабіў, толькі попел перасыпаў.
— Ну, ідзі ты,— кажа Марцін Глінскі-Папялінскі,— да царэўны ў сваты.
Нанасіў кот есці яму вялікую кучу: мышэй, сала, мяса — усяго. Нанасіўшы есці, пайшоў у сваты. Ідзе ды ідзе, на палянцы сустрэў зайца.
— Куды ты, кот, ідзеш? — пытаецца заяц.
— Іду да цара на суд,— кажа кот.
— На які суд?
— Дзе што кошка парушыць сала, ці каўбасу, ці яшчэ што, прыдзе гаспадар у свіран, на каго падумае? На ката, і скажа на ката. А ката там зусім не было, а кошка. Як я буду цярпець гэтакай няславы.
А заяц падумаў ды і гаворыць:
— I я пайду з табой!
— Чаго ты пойдзеш?
— Ды вось дзе што зайчыха ў сад улезе, шчэпы паесць, яблынькі і грушкі,— усё кажуць на зайца; дзе зайчыху сабакі ганяюць,— усё кажуць на зайца. Як гэтакай няславы цярпець? Пайду і я з табой да цара на суд.
— Што ж ты,— кажа,— адзін?
— А ты ж чаму адзін?
— Эх, ты. У мяне ж там дзядзькі, бацькі, прадзеды, сёстры, брацця. Усе па слову кінуць, дык мне і веры дадуць. А ты што адзін! Каб вас з гэтага лесу палавіна, дык бы вам веры далі.
А заяц гэты паслухаў. Як пакоціцца, як наробіць крыку — дзе каторьі заяц не дачуў, дык так бег на гук, а каторы чуў, дык прыйшоў і пасабляў крычаць. Сабралася іх некалькі тысяч, але не тое што некалькі тысяч, але некалькі мільёнаў. Што як ішлі цераз лес, дык там павыбівалі карэнні капытамі — што аж лес паўсыхаў, а як ішлі па полі, дык да вады зямлю ўбілі, каб яны піць не хацелі, дык бы ўвесь свет затапіла вада. Прыйшлі сяк-так да цара. Кот ім кажа:
— Зайдзіце вы ў гэты сарайчык, пастойце, як выйдзе мой суд, тады я вашу жалабу занясу і вас пазаву.
Як гэтыя зайцы ўскочылі ў сарай, так кот — хлоп! ды запёр іх і пайшоў сабе, песенькі пеючы, падскакваючы і ў ладкі плешчучы. Прыходзіць на ганак да цара і стукае:
— Адчыняйце!
Адчынілі.
— Пакажыце, дзе цар жыве.
Паказалі яму:
— Здрастуйце, ваша вялічаства!
— Здрастуй, каток, здрастуй! Што ж ты скажаш мне харошае?
— Прыслаў вам Глінскі-Папялінскі гасцінчыка.
Гасудар адказвае яму:
— Добра зрабіў, ды не дужа.
Пад’ехаў гасудар, паглядзеў у гэты сарай: «Мусіць у яго яшчэ больш ёсць, калі ён мне столькі прыслаў». Накарміў ён гэтага катка і меха наклаў, на дарогу даў.
Прыходзіць гэты каток да Марціна Глінскага-Папялінскага. Аж гэты Глінскі чуць жыве, а яшчэ пытаецца:
— Ці пойдзе яна за мяне, ці не?
— Годзе табе пытацца, калі ты не ўстаеш ужо.
— Ды ты адказвай, ды давай есці хутчэй мне.
Кот на самы першы выпадак пайшоў каля рэчкі, злавіў рыбу. Пасля стаў насіць, што дзе ні зарваў. Адкарміў яго, адпаіў, адхаяў. Пасылае яго Глінскі зноў да цара ў сваты. Кот яму нанасіў піцення-ядзення яшчэ больш.
Ідзе кот ды ідзе цераз лес, выходзіць на палянку, а насустрач яму воўк. Кот спалохаўся і скок на хвойку. А воўк і кажа:
— Ты не палохайся мяне, раскажы, куды ідзеш.
— Я б расказаў, але баюся.
Гэты воўк падскочыў, хваціў ката за каўнер і прыціснуў да зямлі:
— Калі скажаш, дык не з’ем цябе, а не скажаш — з’ем.
— He еж — скажу.
— Ну, кажы, не буду есці!
Адпусціў яго ад зямлі.
— Ну, ты ж ужо зусім пусці мяне, ужо скажу, не уцяку. Але ж ты не адкажыся, глядзі, a то табе вялікі сорам будзе.
— Чаму так? — пытаецца воўк.
— Калі зайцаў столькі хадзіла, дык вас трэба тры часткі гэтулькі.
— Куды?
— Куды і я іду.
— Куды ж ты ідзеш?
— Да цара на суд.
— I я пайду.
— Што ты адзін пойдзеш?
— А ты чаму адзін ідзеш?
— А ты не глядзі, што адзін іду. Мяне ўся царская фамілія ведае, а ад цябе і сабакі уцякаюць, як угледзяць, не то цар. Сабярыцеся трэцяя частка з гэтага лесу, дык паверыць цар вам.
— Ну, раскажы ж, на які ты суд ідзеш?
— Ото ж я наперад не скажу. Збяры ты з гэтага лесу трэцюю частку, каб былі сведкі, дык табе веры дадуць, і тады я раскажу, на які суд іду.