• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларускі фальклор

    Беларускі фальклор


    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 840с.
    Мінск 1977
    158.56 МБ
    Класіфікацыя казак даволі ўмоўная. Звычайна іх падзяляюць на казкі аб жывёлах, чарадзейныя або міфічныя і сацыяльна-бытавыя. Кожная з груп беларускіх казак вылучаецца сваімі асаблівасцямі зместу, сістэмай вобразаў, характэрнымі прыёмамі мастацкага адлюстравання рэчаіснасці. Усім ім уласціва высокае паэтычнае майстэрства. Беларускія казкі маюць шмат агульнага з казкамі іншых народаў, асабліва славян, але ў той жа час узбагачаюць казачны эпас славянскіх народаў новымі сюжэтамі, ідэямі, вобразамі.
    Казкі аб жывёлах адрозніваюцца ад астатніх груп казачнага эпасу тым, што галоўнымі персанажамі ў іх з яўляюцца жывёлы, птушкі і нават расліны: ліса, воўк, мядзведзь, заяц, дзік, кот, баран, певень і інш. Частка гэтых твораў узнікла вельмі даўно, калі чалавек быў амаль у поўнай залежнасці ад сіл прыроды і ў сваім уяўленні надзяляў жывёл, расліны, з’явы прыроды рознымі незвычайнымі якасцямі, а таксама некаторымі якасцямі людзей. У гэтых першых казках мы чуем, па словах М. Горкага, водгукі працы над прыручэннем жывёл, над адкрыццём лекавых траў, вынаходніцтвам прылад працы. Пазней, у класавым грамадстве, казкі аб жывёлах набылі новы змест. Разам з трапнымі назіраннямі над навакольнай прыродай у гэтых казках у алегарычнай форме правільна перададзены адносіны паміж людзьмі, асобныя рысы чалавечых характараў, выкрываюцца заганы грамадства, заснаванага на прыгнечанні чалавека чалавекам.
    Чарадзейныя казкі таксама вельмі старажытныя па свайму паходжанню. За доўгі час бытавання ў народзе яны значна змяніліся, але захавалі вобразы міфічных асілкаў (Вярнідуб, Гарыня) і варожых сіл (шматгаловы змей — «Паганы цмок»). Разам з жывымі істотамі ў казках дзейнічаюць сонца, вецер, месяц, мароз, гром. Героям дапамагаюць цудадзейныя прадметы: тапор-самасек, дыван-самалёт, жывая вада, цудоўны збанок. У аснове многіх чарадзейных казак ляжыць сацыяльны канфлікт, які адлюстраваў спрадвечнае жаданне працоўных пазбавіцца ад эксплуатацыі. Характарам асноўнага канфлікта ў такіх творах абумоўлены некаторыя змены ў сістэме вобразаў: тут галоўнымі дзеючымі асобамі з’яўляюцца працоўныя сяляне і іх ворагі — паны.
    Да сацыяльна-бытавых казак адносяцца ўласна бытавыя казкі, а таксама антыпрыгонніцкія і антырэлігійныя творы. Уласна бытавыя казкі малююць селяніна ў яго паўсядзённым жыцці, услаўляюць працавітасць, глыбокі розум, дасціпнасць і сціпласць простага чалавека, асуджаюць гультайства, прагнасць, зайздрасць і іншыя заганы. Многія бытавыя казкі — гумарыстычныя, жартоўныя творы.
    Антыпрыгонніцкія і антырэлігійныя казкі адлюстроўваюць барацьбу сялянства супраць сацыяльнага і рэлігійнага ўціску, рост іх класавай свя" домасці. Працягваючы лепшыя традыцыі гераічнага эпасу, народ стварыў у іх каларытны вобраз народнага заступніка. Многія антыпрыгонніцкія і антырэлігійныя казкі — сатырычныя творы, яны выкрываюць сапраўд» ны твар прыгнятальнікаў-паноў і служкаў культу.
    Па асаблівасцях адлюстравання рэчаіснасці, па характару мастацкай выдумкі да сацыяльна-бытавых казак набліжаюцца авантурна-навелістычныя. У шматлікіх варыянтах запісана на Беларусі вядомая многім народам свету авантурная казка. «Клімко» пра знаходлівага, кемлівага селяніна, які ўдала перамагае сваіх праціўнікаў і кпіць над імі, а таксама казкі аб верных і няверных жонках і іншыя падобныя творы.
    У наш час казачная традыцыя паступова затухае, але многія казкі трывала захоўваюцца ў народным рэпертуары і па-ранейшаму выконваюць значную ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення. У апошнія гады ў розных раёнах Беларусі было запісана шмат гэтых твораў, у асноўным казкі пра жывёл і чарадзейныя, якія карыстаюцца асаблівай увагай дзіцячай аудыторыі. Сучасныя запісы казак не толькі характарызуюць ступень распаўсюджання і захаванасці традыцыйных твораў, але, зробленыя з дапамогай гуказапісваючай апаратуры, даюць магчымасць данесці да чытача казку ў яе натуральным выглядзе, з усімі асаблівасцямі творчай манеры і паэтычнай мовы казачніка. Параўнанне класічных тэкстаў, запісаных у мінулым стагоддзі, з сучаснымі запісамі дапамагае вызначыць характар змен, што адбыліся ў змесце і мастацкіх асаблівасцях народных казак. У другое выданне хрэстаматыі ўключана некалькі казак, запісаных у апошнія гады ў час фальклорных экспедыцый Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.
    Літаратура
    Романов Е. Р. Белорусскнй сборннк, вып. 3. Внтебск, 1887; вып. 4. Внтебск, 1891; вып. 6. Могнлев, 1901.
    Шейн П. В. Матерналы для нзучення быта н языка русского населення Северо-Западного края, т. 2. Спб., 1893.
    Federowski М. Lud bialoruski na Rusi Litewskiej, t. 1. Krakow, 1897; t. 2. Krakow, 1902; t. 3. Krakow, 1903.
    Добровольскйй B. H. Смоленскнй этнографнческяй cP.. ■ .	. чб., 1891.
    Сержпутовскйй A. K. Сказкя я рассказы белчру .	_іг6., 1911.
    Казкі і легенды роднага краю. Рэдактар П. Ф. Глебка . ..„к, i960.
    Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. Мінск, 1971.
    Чарадзейныя казкі, ч. 1. Мінск, 1973.
    Карскйй Е. Ф. Белорусы, т. 3, ч. 1. М., 1916, с. 418—484.
    Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць. Пад рэдакцыяй П. Ф. Глебкі, I. В. Гутарава і М. Я. Гоынблата. Мінск, 1967, с. 124—141.
    Кабашнікаў К. П. Беларуская казка ў казачным эпасе славян. Мінск, 1968.
    Бараг А. Беларуская казка. Мінск, 1969.
    Новйков Н. В. Образы восточнославянской волшебной сказкя. Л., 1974.
    Лісічка-сястрычка і воўк
    Была сабе ліска і вельмі галодная. Бяжыць яна дык бяжыць, аж едуць рыбаловы; яна прытаілася, лягла на зямлю і ляжыць. Тыя рыбаловы паглядзелі на ліску, і адзін, каторы ехаў ззаду, узяў тую ліску дый укінуў
    у воз. Ліска, седзячы на возе, прагрызла дзіру і, выкідаўшы ўсю рыбу праз тую дзіру, сама выскачыла, пападбірала рыбу дый есць. Есць яна дык есць, аж прыходзіць воўк.
    — Што ты, кумко-галубко, ясі?
    — Рыбу, куме!
    — Дай жа ж ты мне.
    — Ото! Каб я табе давала! Пайдзі дый налаві!
    — А дзе ж я буду лавіць, калі не ведаю дзе?
    — Вот ідзі за мною, то я табе пакажу.
    А тым часам дала ваўку адну рыбку, каб ён рассмакаваўся, і павяла яго.
    Прыходзяць яны да аднаго возера замёрзлага. Ліска прабіла праломку дый кажа да ваўка:
    — Усадзі свой хвост у гэту праломку, то набярэцца многа рыбы.
    Воўк, паслухаўшы хітрай ліскі, усадзіў хвост у праломку і сядзіць. Лісіца, зрабіўшы тое, што хацела, зачала бегаць па возеры, крычаць:
    — Мерзні, мерзні, кумаў хвост!
    — Што гаворыш, кумко? — кажа воўк.
    — Я кажу, каб бралася рыбка маленькая і вялікая!
    Сядзеў воўк, сядзеў у праломцы, аж покі не прымёрз хвост.
    Ліска, убачыўшы, што кумаў хвост прымёрз, пабегла ў сяло даць знаць, каб ваўка ішлі біць. Людзі, пачуўшы, што крычаць на ваўка, пабеглі зараз з кіямі, з булавамі біць ваўка. А кума пабегла ў хату, дзе мясілі хлеб, укачалася ў рашчыну, выбегла, села на стог дый сядзіць. А воўк, пачуўшы людзей, як зачаў рвацца, дый адарваў хвост і сам ледва ўцёк. Бяжыць ён дык бяжыць, аж бачыць, на стагу сядзіць ліска дый есць.
    — Кумко-галубко, бачыш, якая ты благая! Ашукала мяне. Хоць за тое дай што есці.
    — На, лізні раз,— сказала ліска дый пазволіла раз лізнуць.
    Воўк, лізнуўшы, захацеў другі раз дый ізноў зачаў прасіць яшчэ.
    — He дам ужо больш, бо мне баліць, бо я ем свае мазгі; калі хочаш есці, разганіся галавой у сасну, разбі галаву дый ясі!
    Той воўк ізноў паслухаў хітрай ліскі, пайшоў у лес дый як разагнаўся аб сасну галавой, дык і забіўся насмерць. Ліска, убачыўшы, што воўк забіўся, пайшла, з’ела ўсе мазгі ваўка дый схавалася ў нару.
    Каток, пеўнічак і лісічка
    Былі сабе каток з пеўнічкам, зрабілі яны хатку. Коцік накарміў пеўнічка, а сам пайшоў на ўловы. Прыйшла лісічка і кажа:
    — Пеўнічку; пеўнічку, адчыні мне!
    Пеўнічак адчыніў, а лісічка ўхапіла яго і панесла да сваёй хаткі. А пеўнічак стаў крычаць:
    Коце, браце!
    Мяне ліска нясе У высокія горы, У глыбокія норы, Па бору, па каменню, Па ўсялякаму зеллю.
    Ю. Чарноў. Казка
    Коцік пачуў, прыбег, пеўнічка адабраў, прывёў да хаткі і сказаў яму: — Глядзі ж, не слухай лісіцы, як яна прыдзе, бо я пайду далёка.
    Коцік пайшоў, а лісічка зноў прыбегла і кажа:
    — Пеўнічку, галубочку, адчыні мне! Я агню вазьму.
    — He адчыню, бо ты мяне ўхопіш.
    — He бойся, я не будуць хапаць.
    Пеўнічак адчыніў, а лісічка ўхапіла яго і панесла да хаткі. Пеўнічак зноў крычыць:
    Коце, браце!
    Мяне ліска нясе У высокія горы, У глыбокія норы, Па бору, па каменню, Па ўсялякаму зеллю.
    Коцік пачуў, прыбег, пеўнічка адабраў, набіў, прывёў да хаткі і сказаў: — Ну, глядзі ж, больш не пускай яе ў хату, бо я пайду яшчэ далей.
    Коцік пайшоў, а лісічка прыбегла і зноў гаворыць:
    — Пеўнічку, галубочку, падай мне агню!
    — He падам, бо ты мяне ўхопіш.
    — He бойся, ну, падай праз дзірачку.
    Пеўнічак падае, а лісічка хап яго і панесла да свае хаткі. Пеўнічак крычаў, крычаў — не пачуў коцік. А лісіца прынесла яго ў хатку і кажа сваім дочкам:
    — Наварыце есці чэставаць госця.
    Прыйшоў коцік, не бачыць пеўнічка. Зрабіў ён скрыпачку і стальную пушку, пайшоў, сеў над нарою і стаў граць:
    А ў ліскі, А ў ліскі Новы двор, Трое дочак, Трое дочак, На выбор, Чацвёрты пеўнічак, То-то мой!
    — Ах, матка, як хтосьці хораша грае, пойдзем паглядзім.
    Выйшлі дочкі паглядзець, а коцік з пушкі па іх — і забіў, каля сябе палажыў і зноў грае.
    А лісіца кажа:
    — Што гэта яны не ідуць есці?
    Узяла дубца, выйшла, а коцік і яе забіў. I сталі яны з пеўнікам жыць у лісіцы ў хаце.
    Дзедава рукавічка
    Жыў дзед з бабай. Паехаў дзед у лес і згубіў рукавічку. Прыскакала да рукавічкі лягушка і пытаецца:
    — Хто ў гэтай рукавічцы жыве?
    Ніхто не адгукаецца. Яна залезла ў рукавічку і стала жыпь.
    Трохі пагадзя паўзе рак. Прыпоўз да рукавічкі і пытаецца:
    — Хто ў гэтай рукавічцы жыве?
    А лягушка гаворыць:
    — Сама паня-пацягуня. А ты хто?
    — А я рак-тарабун. Ці можна мне?
    — Лезь!
    Трохі пагадзя бяжыць зайчык. Прыбег да рукавічкі і пытаецца:
    — Хто ў гэтай рукавічцы жыве?
    — Сама паня-пацягуня і рак-тарабун. А ты хто?
    — А я па бярэзнічку прыгун. Палезу і я к вам?
    — Лезь!
    Трохі пагадзя бяжыць лісіца.
    — Хто ў гэтай рукавічцы жыве?
    — Сама паня-пацягуня, рак-тарабун ды па бярэзнічку прыгун. А ты хто?
    — А я лісіца, добрая маладзіца. Палезу і я к вам?
    — Лезь!
    Лісіца ўлезла і сядзіць. Трохі пагадзя ідзе воўк.