• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларускі фальклор

    Беларускі фальклор


    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 840с.
    Мінск 1977
    158.56 МБ
    Прыходзіць карабельшчык у комнату к цару:
    — Найяснейшы, от па той бок мора што здзелалася: выстраіла ўдава дом сабе, і такі ў яе хлопчык, што крашай яго ў свеце няма: ва ілбе месяц, у патыліцы звязда, па локаць рукі ў срэбры!
    Дрогнула царскае сэрца, і зараз жа адправіў карабельшчыка з свайго дому.
    — Ах,— гаворыць,— мая мілая, паедзем, пасмотрым на той бок, што там за хлопчык—гэта дзіва?
    — Э, мой мілы, ці гэта дзіва? Гэта не дзіва, а ёсць дзіва: за трыдзевяць зямель, у іншым царстве, у вялікім гасударстве, на моры, на лукамор’і, на востраве стаіць дуб, а на тым дубе дванаццаць кокатаў, а на тых кокатах па дванаццаць святліц, а ў тых святліцах па дванаццаць дзявіц ды шыюць адзежу дарагую, ды кідаюць далоў, і гніе тая адзежа ні к якой пользе!
    Вылятае той галубец з царскага дому, прылятае ў свой дом, садзіцца на свайго каня, падае далоў — і стаў чалавекам. I пытае ў яго конь:
    — Ах, хазяін мой любы, што там цар з царыцай гаварылі?
    — А што ж яны гаварылі. Гэта, гавораць, не дзіва, a то дзіва, што дзесь, за трыдзевяць зямель, у іншым царстве, у вялікім гасударстве, на моры, на лукамор’і, стаіць дуб, а на тым дубе дванаццаць кокатаў, а на тых кокатах па дванаццаць святліц, а ў тых святліцах па дванаццаць дзявіц ды шыюць адзежу дарагую, ды кідаюць далоў, і гніе тая адзежа ні к якой пользе! Конь мой любы, конь мой мілы, ці не можам мы гэтага дзіва дастаць?
    — Прасі ў маткі благаславення, і паедзем у пуць!
    Дала яму матка благаславенне, сеў ён на свайго каня і паехаў у пуць! Прыязджае к таму дубу:
    — Здрастуй табе, дубе!
    — Здрастуй, Іван Іванавіч-царэвіч!
    — Эх, дубе, у якім ты ў нядобрым месцы стаіш! Калі б ты пайшоў у маю старану, там бы гэту адзежу насілі б і за цябе бога прасілі!
    А той дуб адказвае яму:
    — А што ж, будзеш ты маю адзежу знашваць?
    — Буду!
    — Ну, я з табой пайду!
    Сеў царэвіч на свайго каня, а дуб услед за ім ідзе. Прыехаў ён дамоў, прывёз дуб з сабой і паставіў сабе ля дому. I пачулі пра гэта дзіва па ўсяму міру. Ідуць жа гэта дзіва г/<ядзець. Ішлі карабельшчыкі морам, прывярнулі караб к яго двару не так аддыхаць, як гэта дзіва паглядзець. Адпраўляюцца карабельшчыкі. Праважае іх хлопчык і заходзіць к свайму каню. Кажа яму конь:
    — Вот, хазяін любы, скінься ты галубцом і ляці на той бок мора, і пачуеш ты, што будуць цар з царыцай гаварыць.
    Ён узлез на каня, упаў з яго, скінуўся галубцом і паляцеў на той бок мора. Прылятае туды, садзіцца карабельшчыку на плячо, і ўваходзяць яны ў горніцы. Распісуецца цар з карабельшчыкам, і выхваляецца карабельшчык:
    — Ах, цару найяснейшы, па той бок мора дзіва з’явілася: стаіць дуб, а на тым дубе дванаццаць кокатаў, а на тых кокатах па дванаццаць святліц, а ў тых святліцах па дванаццаць дзявіц ды шыюць адзежу дарагую.
    Цар гэты выслухаў і карабельшчыка адсылае назад, і кажа царыцы:
    — Ну, мая мілая, паедзем гэта дзіва паглядзім!
    — Гэта, мой мілы, не дзіва, a то дзіва, што дзесь, за трыдзевяць зямель, у іншым царстве, у вялікім гасударстве, стаіць шчогла, а на шчогле зязюля. Што кукне,— дык салдат з яе выйдзе з канём і з сядлом, і на вайну гатоў. Ды есць там нечага, і народ памірае галоднай смерцю!
    От, цяпер жа вылятае той галубец з яго комнат і прылятае ў свой дом, ды пайшоў к каню. I пытае ў яго конь:
    — Хазяін мой любы, хазяін мой мілы, што там цар з царыцай гаманілі?
    Адказвае яму хазяін:
    — Гаварылі, што то не дзіва, а от то дзіва, што дзесь, за трыдзевяць зямель, у іншым царстве, у вялікім гасударстве, стаіць шчогла, а на шчогле зязюля. Што кукне,— дык салдат з яе выйдзе з канём і з сядлом, і на вайну гатоў. Ды есць там нечага, і народ памірае галоднай смерцю! Конь мой любы, конь мой мілы, ці не можна мне гэта дзіва дастаць?
    Конь яму адказвае:
    — Прасі ў маткі благаславення, і паедзем у пуць!
    Узяў ён благаславенне і паехаў у пуць! Прыязджае к шчогле, злез з каня і гаворыць:
    — Здрастуй табе, шчогла!
    — Здрастуй, Іван Іванавіч-царэвіч!
    — У якім ты ў нядобрым месцы стаіш! Калі б ты пайшла ў маю старану, там бы не паміраў гэты народ галоднай смерцю! Ці не пойдзеш ты са мной?
    — Пайду!
    Ен на свайго каня сеў, а шчогла ўслед за ім. Прыходзіць ён к свайму дому і становіць шчоглу ля дуба. Так жа салдат як упадзе, у адзежу надзяецца і на работу ідзе. To дзіва было, а гэтакага дзіва ніхто не бачыў. I збіраецца многа народу дзіва гэта глядзець. Ішоў карабельшчык морам і прываліў караб свой к берагу дзіва гэта глядзець. Паглядзеў гэта дзіва і ад~ праўляецца ў землі ў свае. Хлопчык жа, правёўшы яго, пайшоў к каню. Кажа яму конь:
    — Хазяін мой любы, узлезь ты на мяне і ўпадзі з мяне, скінься галубцом і паляці на той бок мора.
    Садзіцца галубец карабельшчыку на плячо, і ўносіць ён яго ў дом. I распісуецца цар з карабельшчыкам, і гаворыць карабельшчык:
    — Вот, царскае сіяцельства, як па той бок мора, дык то было дзіва, а цяпер яшчэ большае: стаіць шчогла, а на шчогле зязюля. Што кукне,— дык салдат з яе выйдзе з канём і з сядлом, і на вайну гатоў. Як упадзе, у адзежу надзяецца і на работу ідзе.
    Ддпраўляе ён карабельшчыка і кажа:
    — Ах, мая мілая, паедзем гэта дзіва глядзець!
    — Э, мой мілы, ці гэта дзіва? To дзіва, што дзесь, за трыдзевяць зямель, у іншым царстве, у вялікім гасударстве, дзікі кабан лычам арэ, нагамі скародзіць, хвастом рассявае, і ў тры дні хлеб паспявае. Ды некаму яго з’ядаць, дык ён там і згнівае.
    Галубец адправіўся дамоў і, не заходзячы ў свой дом, ідзе к каню свайму. Пытае ў яго конь:
    — Ах, хазяін мой любы, хазяін мой мілы, што там цар з царыцай гаманілі?
    — Што ж там цар з царыцай гаманілі. Гэта, гавораць, не дзіва, а от то дзіва, што дзесь, за трыдзевяць зямель, у іншым царстве, у вялікім гасударстве, дзікі кабан лычам арэ, нагамі скародзіць, хвастом рассявае, і ў тры дні хлеб паспявае. Конь мой любы, конь мой мілы, ці не можам мы гэтага дзіва дастаць?
    Конь яму адказвае:
    — Прасі ў маткі благаславення, і паедзем у пуць!
    Ен узяў благаславенне, сеў на свайго добрага каня і паехаў. Прыязджае к кабану.
    — Здрастуй табе, кабан!
    — Здрастуй, Іван Іванавіч-царэвіч!
    — Эх, у якім ты месцы ў нядобрым стаіш, хлеб сееш! От як бы ты пайшоў у маю старану, там бы мы гэта жыта зжыналі і гэты хлеб з’ядалі, і за цябе б бога прасілі! Ці не пойдзеш ты са мною?
    — Пайду!
    Ен сеў на свайго на добрага каня, а дзік услед за ім. Прыводзіць царэвіч яго к свайму двару і становіць на сцяпу. Так жа, як зязюля кукне,— салдат з яе выйдзе, у адзежу надзяецца і на работу ідзе — жыта жаць.
    Скора казка кажацца, ды няскора дзела дзелаецца.
    У яго ўжо здзелалася такое царства, што ўжо больш, чым у цара. To дзіва глядзелі, a то яшчэ больш сталі людзі глядзець.
    Ішоў карабельшчык морам і прывярнуў караб гэтага дзіва паглядзець. Праводзіць хлопчык карабельшчыка і заходзіць к свайму каню. Кажа яму конь:
    — Хазяін мой любы, хазяін мой мілы, скінься ты галубцом, ляці на той бок мора і паслухай, што цар з царыцай будуць гаманіць.
    Ен скінуўся галубцом і паляцеў. Садзіцца карабельшчыку на плячо, і
    ўносіць ён яго ў дом. I распісуецца цар з карабельшчыкам, і гаворыць карабельшчык:
    •— Вот, царскае сіяцельства, як па той бок мора, дык было дзіва, а цяпер яшчэ паболела: стаіць на сцяпу дзікі кабан, лычам арэ, нагамі скародзіць, хвастом рассявае, і ў тры дні хлеб паспявае. Салдат з дуба выйдзе, у адзежу надзяецца і на работу ідзе — жыта жаць.
    Цар карабельшчыка назад адправіў і стаў з царыцай гаманіць:
    — Ах, мая мілая, ну, паедзем гэта дзіва паглядзім!
    А яна яму адказвае:
    — Гэта дзіва не дзіва, а ёсць дзіва: за трыдзевяць зямель, у іншым царстве, у вялікім гасударстве ёсць рака — кісялёвы берагі; прыдзі — пакушай і сумкі не рушай! Як паядаеш, яна зноў зарасце.
    Адпраўляецца той галубец з царскага дому і прылятае к свайму дому. He зайшоўшы ў дом, пайшоў к свайму каню. От, конь у яго пытае:
    — Хазяін мой мілы, хазяін мой любы, што цар з царыцай гаманілі?
    — А што гаманілі. Казалі, што гэта не дзіва, а от дзіва, што дзесь, за трыдзевяць зямель, у іншым царстве, у вялікім гасударстве, ёсць рака — кісялёвы берагі; прыдзі — пакушай і сумкі не рушай! Як паядаеш, яна зноў зарасце. Конь мой любы, конь мой мілы, ці не можам мы гэтага дзіва дастаць?
    Конь гаворыць:
    — Вазьмі ў маткі благаславенне, і паедзем у пуць!
    Ен узяў благаславенне, сеў і паехаў. Прыязджае к рацэ к гэтай.
    — Здрастуй, рака — кісялёвы берагі!
    — Здрастуй, Іван Іванавіч-царэвіч!
    — Эх, у якім ты ў нядобрым месцы стаіш! Ці не пойдзеш ты са мной у маю старану? Там бы цябе з’ядалі, там бы цябе співалі, і ўсягды б ты свежая была.
    — Пайду!
    Сеў ён на свайго добрага каня, а рака ўслед за ім. I прывёз ён яе к свайму дому, і паставіў ля берага. Так жа дуб адзежу шые, зязюля кукне,— салдат выйдзе, адзежу надзяе, кабан хлеб засявае, салдат хлеб паесць, ідзе к рацэ. Прыйшоў, паядаў і пайшоў жыта жаць, і ў цагельню, у розныя работы там. To ж дзіва глядзелі, a то яшчэ больш сталі глядзець, з усяго свету прыязджаць. Так жа ішоў карабельшчык і прычаліў караб гэтага самага дзіва паглядзець. Паглядзеўшы гэта дзіва, правёў яго хлопчык гэты. I правёўшы яго, пайшоў к каню к свайму. I конь яму гаворыць:
    — Хазяін мой любы, хазяін мой мілы, скінься галубцом і ляці на той бок мора, паслухай, што цар з царыцай будуць гаманіць.
    Ен на каня ўзлез, з каня ўпаў і скінуўся галубцом. I паляцеў на той бок мора, сеў карабельшчыку на правае плячо, і ўнёс яго карабельшчык у царскія пакоі. Распісуецца цар з карабельшчыкам, і гаворыць яму карабельшчык:
    — Вот, царскае сіяцельства, якое дзіва па той бок мора! To было дзіва, а цяпер яшчэ паболела. Цячэ рака — кісялёвы берагі; прыдзі — пакушай і сумкі не рушай! I як паядаеш, яна зноў зарасце. Так жа дуб адзежу шые, зязюля кукне,— салдат выйдзе, кабан хлеб засявае, салдат адзежу надзявае, хлеба пад’есць, ідзе к рацэ. Прыйшоў, паядаў і на работу пайшоў.
    Цар адправіў карабельшчыка і гаворыць на царыцу:
    — Ну, мая мілая, паедзем дзіва паглядзім!
    Яна яму адказвае:
    — Гэта дзіва не дзіва, a то дзіва, што дзесь, за трыдзевяць зямель, у іншым царстве, у вялікім гасударстве, стаіць кельня ля мора, і ў той кельні адзінаццаць братоў спасаюцца. I не знаюць яны, што яны браты адной маткі і аднаго бацькі. Дык от дзіва!