• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларускі фальклор

    Беларускі фальклор


    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 840с.
    Мінск 1977
    158.56 МБ
    I так расказваюць людзі, як ён уедзе ўвесь у зямлю, то і свету канец.
    Бязногі багатыр
    У нейкім царстве, нейкім гасударстве жыў-быў каваль ды каваліха. Спарадзіла каваліха, на яе ліха, гожага хлапчука, ды бязногага. Расце хлапчук не на радасць, а на гора. Вядома, калека з роду, якая радасць бацькам. Гадуецца ён, як пакідзішча. Управіцца каваліха каля печы ды й бяжыць у поле, ці ў агарод, а хлапчук валяецца па зямлі ды смокча скарынку або жуе параную картоплю. Кінула яго раз каваліха на дзядзінцы, дык чуць яго свінні не з’елі. He шкадуе каваліха, на яе ліха, свайго дзіцяці.
    — Бо,— кажа,— якая з яго карысць. Калека не памога, а толькі абуза. Хаць бы яго бог з свету прыбраў.
    А тут ён наперакор расце ды таўсцее. Вырас ужо хлапчук нелапы, але не ходзіць ды толькі поўзае. Карміць яго кармі, а карысці з яго ніякае няма. Яшчэ гарэй пачала яго праклінаць матка ды наракаць на бога, што даў ён сына не на ўцеху, як людзям, а на бяду. Слухаў, слухаў каваль праклёны дурное бабы, але нічога не можа парадзіць. Шкада яму хлопца, але ад бабы жыткі няма. От нарэшце не вытрымаў ён, запрог кабылку, пасадзіў на воз сына ды й павез яго ў лес. Завёз ён далека ад вёскі, ды й хацеў там пакінуць на страту, але ўбачыў у лесе маленькую хатку. Улез ён у хатку, аж там нікога няма. Зірнуў ён туды-сюды — у хатцы ўсё ёсць, а гаспадыні няма. От ён унес сына ў хатку ды там і пакінуў, а сам сеў на воз ды па кабылцы, ды па кабылцы. Патарахцеў ён хутчэй, не аглядваючыся, каб ніхто не дагнаў. Сядзіць хлапчук адзін у хатцы ды разглядае, што там ёсць.
    Толькі вось прыходзіць старэнькі дзядок і просіць напіцца.
    — Рад бы я даць табе напіцца,— кажа хлапчук,— ды не магу хадзіць.
    — Прашкі,— кажа дзядок,— зачарпні ды перш закаштуй сам, ці харошая вада.
    А хлапчуку даўно піць хацелася, хлебануў ён ды й выдундзіў амаль поўны корчык. Як выпіў, дык адразу пачуў у сабе такую сілу, што, здаецца, усю зямлю перавярнуў бы, каб толькі было аб што ўперціся нагамі. Напіўся дзядок ды й кажа:
    — Пі больш, бо табе трэба вялікая сіла,— ды й знік, баццэ яго й не было.
    Падзівіўся хлапчук, думаў, што гэта яму прыснілася, але бачыць, што ў яго здаровыя ногі, што ён так ідзе, што пад сабою зямлі не чуе. Напіўся ён яшчэ тае вады, дык і чуецца, што яму няма раўні на ўсім свеце. Хацеў ён яшчэ больш наліць вады, ды як узяўся за жбан, дык і разгнеў яго, а вада вылілася. Схапіў ён вядро дый пабег да крыніцы. Шукаў ён яе, шукаў — няма, от бы ў зямлю правалілася. Варочаецца ён да хаткі, аж і тая прапала. Ен туды, ён сюды, ды так заплутаўся ў гушчэчы, што не ведае, куды ісці. Пастаяў ён трохі ды й пайшоў проста. Ідзе ён, а спераду пападаецца тоўстая хвоя або дуб, як печ. От схопіць ён адной рукою дрэва,
    дык тое й хрусне, бы саломіна. Ідзе ён ды варочае дзераўлякі, быццам там віхар праляцеў. А ён ломіць лес дзеля таго, каб зрабіць метку ды ў другое туды не прыйсці. Доўга ён так ішоў, пакуль вышаў на дарогу. А там паабапал дарогі ляжалі вялізарныя каменні, быццам валы. От і пачаў ён перакідаць тое каменне на дарогу, бы картоплю. Толькі вось едуць багатыры. Пад’ехалі яны ды супыніліся, бо нельга ехаць далей, каменне мяшае.
    — Здароў, дзяцюк,— кажуць багатыры,— што ты робіш?
    — Граю сабе,— кажа той хлапчук.
    От багатыры злезлі з каней ды хацелі апрастаць дарогу: узяліся яны за адзін камень, але не могуць яго й крануць. Падышоў той хлопец ды й згроб тое каменне ў роў.
    — Паедзем з намі,— кажуць багатыры.
    — Як жа я паеду, калі ў мяне няма каня,— адказвае хлопец.
    — Выбірай сабе каня з нашых.
    Пайшоў хлопец выбіраць сабе каня, але толькі паложыць каню на спіну руку, дык той і ўпадзе на пярэднія каленкі. Перабраў ён так усіх каней, а сабе не выбраў ніводнага. От пайшоў ён з багатырамі, тыя на конях, a ён пешкі. Толькі вось бачыць ён, што каля дарогі мужык скародзіць поле. Кабылка ў яго худая, маленькая, але жылістая. Палажыў ёй хлапец руку на спіну, а яна й не ўхмылілася. От пачаў ён таргаваць тую кабылку, але мужык не хоча аддаваць ні за якія грошы.
    — Навошта мне грошы,— кажа ён,— яшчэ хто заб’е, а без канякі як я ўпраўлюся з гаспадаркаю. Без канякі й чалавек не чалавек.
    — Памяняй сваю кабылку на каня,— кажуць багатыры.
    — Бяры сабе на выбар, якога хочаш.
    — Хто мяняе, у таго хамут гуляе,— кажа мужык.
    Насілу багатыры ўламалі мужыка, ды за пару самых лепшых коней вымянілі хлопцу тую кабылку. Сеў ён на кабылку, і паехалі яны далей. Толькі вось пад’ехалі яны к той вёсцы, дзе жыў бацька хлопца, ды й сталі каля кузні каваць коней. He пазнаў каваль сына, так ён змяніўся, ды падкаваў і яго кабылку. Вось і просіць кавальчук, каб бацька выкаваў яму булаву. Сабраў каваль усё жалеза ды й выкаваў такую булаву, што ўтрох насілу яе варочаюць. Узяў кавальчук тую булаву, пакруціў яе адной рукою ды як шыбануў угару, дык яна няведама й дзе дзелася. Стаяць багатыры да дзівяцца. Але вось па нямалым часе ляціць булава, бы гром грыміць, ляціць уніз. Падставіў кавальчук калена. Ударылася булава аб калена ды толькі скрывілася. Прыбавіў каваль яшчэ з пуд жалеза ды й выкаваў мацнейшую булаву. Падзякваў кавальчук, узяў булаву ды й паехаў з багатырамі ў свет.
    Прыехалі яны к аднаму цару й наняліся на службу. Па немалым часе аб’явіўся там дужы змей і пачаў прылятаць ды цягаць к сабе людзей. Багацько пахватаў ён людзей ды й паеў іх. Нарэшце захацелася яму царскага мяса, вось і схапіў ён царэўну ды й запёр к сабе ў лёху, але не есць, а трымае на закуску. Аб’явіў цар па ўсяму царству, што дасць таму паў-
    царства й аддасць замуж царэўну, хто яе выбавіць ад змея, а яго заб’е. Многа парывалася сільных багатыроў біцца з тым змеям, але ўсе яны згубілі там свае костачкі. Нарэшце вызваліся й тыя багатыры, што прыехалі з кавальчуком.
    — Паедзем з намі,— кажуць яны кавальчуку.— Ты яшчэ малады, пара й табе шукаць славы. Паедзем, та мы цябе навучым, як біцца.
    Згадзіўся кавальчук, і паехалі яны разам. Вось едуць яны ды едуць ды пад’язджаюць, аж растанцы на дарозе й стаіць слуп, а на ём штось напісана. Быў з іх адзін пісьменны, вось і пачаў ён чытаць. Вось і перачытаў ён, што хто паедзе направа, той дабудзе сабе славу, хто налева — знойдзе багатства, а хто проста — таго спаткае смерць. I пачалі тут багатыры выбіраць, куды хто ахвоч ехаць. Выбралі яны ўсе дарогу направа й паехалі шукаць славы, толькі адзін кавальчук кажа, што ад смерці не адперці, ды лепш ехаць проста. Як ні адмаўлялі багатыры, а кавальчук уперся ды-такі адзін паехаў проста. Праехаў ён трохі ды й трапіў на тую самую хатку, куды яго завёз бацька бязногага. Прывязаў ён кабылку ды й ўлез у хатку. Зірнуў ён у кут, аж там у запечку сядзіць вельмі старэнькая баба.
    — Здарова была, бабка!
    — Дзякуй табе, дзецючок. Куды бог нясе? — пытае яна.
    — Паеду, бабка, проста.
    — He едзь, дзетка, бо згінеш, там змей з’есць.
    — He, бабка, паеду, хоць згіну.
    — Шкода мне цябе, дзетка; ты быў у маёй хатцы, дык ты мне быццам родны ўнук. Дык вось жа слухай мяне. Што ты не сустрэнеш на дарозе, дык не забівай, то яно табе ў дарозе ды ў бядзе паслужыць.
    Падзякваў хлопец бабе ды й паехаў далей. Толькі ён ад’ехаў ад хаткі, аж выскачыў заяц. Хацеў ён швырнуць у яго булавою, але той кажа: «Не бі мяне, я табе ў бядзе паслужу».
    Паехаў ён далей, а заяц бяжыць за ім назіркам. Толькі вось выскачыў воўк. Ён за булаву, а воўк кажа: «Не бі мяне, буду патрэбен у бядзе».
    Апусціў ён булаву ды й паехаў далей. Бяжыць воўк назіркам. Вось пад’ехаў ён к каменнай гары. Няма як ехаць далей. Злез ён з кабылкі, пусціў яе на пашу, а сам пайшоў шукаць дарогі. Тым часам змей вылез з лёху жыраваць ды якраз трапіў туды, дзе была кабылка. Бачыць воўк, што з’есць змей кабылку, вось ён як напалохаў яе, дык яна й пусцілася наўцекача з усіх ног, ды тым часам і ўцякла ад змея. Пажыраваў змей ды й вярнуўся к сабе ў лёху. Вось прыбег к хлопцу заяц ды й паказаў яму тую шчыліну, дзе змей зачыніў царэўну. Пагрукаў хлопец булавою ў каменную сцяну, вось там і паказалася царэўна ды й кажа: «Уцякай, бо змей з’есць». А тут хлопец размахнуўся ды як трэсне булавою аб сцяну, дык яе й высадзіў. Кінулася к яму царэўна на шыю ды давай прасіць, каб давёз яе к матцы ды к бацьку. Тым часам змей высунуў голаў праз шчыліну ды й хацеў з’есці таго хлапца. Тут хлопец схваціў булаву ды як рэзне па галаве змея, дык з яе й мазгі пацяклі. Вось адрэзаў ён у змея язык ды й палажыў яго
    сабе ў кайстру. Тым часам змей высунуў другую голаў. Хлопец і тую размазджыў ды выразаў язык. 1 акім парадкам расквасіў ён змею ўсе дванаццаць галоў. Рада царэўна, што такі знайшоўся багатыр, ды й страціў ліхога змея. Спадабаўся ёй той хлопец і абяцала яна, што пойдзе за яго замуж, як ён завязе яе к бацьку ды к матцы. А што гэта праўда, дык яна разарвала хустачку ды й дала хлапцу адну палавінку. Палажыў хлапец хустачку за пазуху ды й лег спаць, бо вельмі стаміўся, пакуль ухадзіў змея. Спіць хлапец багатырскім сном і не чуе, што бяда блізка. Тым часам тыя багатыры пад’ехалі туды, убачылі царэўну ды й пачалі яе пытаць, як тое ўсе было. Расказала яна ўсё, як было, ды й кажа, што пойдзе замуж за таго хлапца. Пазавідувалі яны хлопцу, падбеглі к яму соннаму ды й забілі яго. Потым пачалі яны спрачацца, каму павінна дастацца царэўна. Доўга спрачаліся яны, нарэшце, пачалі яны біцца, пакуль пазабівалі адзін аднаго. Застаўся толькі адзін самы дужы ды спрытны. Вось ён прымусіў царэўну, каб яна сказала бацьку ды матцы, што гэта [ён] багатыр забіў змея й выбавіў яе з няволі. Няма ей чаго рабіць, трэ згаджацца, бо яе каханага хлопца няма ў жывых. Вось той багатыр пасадзіў царэўну на каня ды й павёз яе к цару. Тым часам заяц пабег да крыніцы, набраў там жывое вады ў рот, прынёс ды й пырснуў хлопцу ў вочы. Ажыў той ды й прахапіўся. Зірнуў ён, аж царэўны ўжо няма. Дагадаўся ён, што тут было ліха, ды чуць не заплакаў ад жалю. Хацеў ён хутчэй бегці к цару ды расказаць там усю праўду, дык вядома, пешкі далёка не забяжыш хутка. Тым часам воўк пабег па лесе ды й трапіў яго кабылку. Напужаў ён яе ды й прыгнаў туды. Сеў гэта хлопец на кабылку ды й паехаў хутчэй к таму цару. Прыязджае ён туды, аж там ужо ўсе гатовяцца к вяселлю. Пайшоў ён к цару дый расказаў яму ўсю праўду. He мае цар веры ды й пытае ў дачкі. Але, вядома, тая кажа толькі тое, што ёй вялеў казаць той багатыр. От цар вялеў за паклёп павесіць таго хлапца. Тут толькі пачалі яго пытаць, хто ён такн.