• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларускі фальклор. Хрэстаматыя  Канстанцін Кабашнікаў

    Беларускі фальклор. Хрэстаматыя

    Канстанцін Кабашнікаў

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 858с.
    Мінск 1995
    196.49 МБ
    	Каляндарна абрадавая паэзія
    74	Сваю імаць да за белу ручку водзіць. Ты імаць, гардуеш ты мною, Што быці штогод із табою.
    Паненцы ці дачцэ гаспадара:
    Каля таго да зялёнага куста Парасла сачавічанька густа. А каля дуба дуброва зялёна. Да па той дуброве да Агапка хадзіла, На ёй сукня ў дробненькія хванды, Да любілі яе да багатыя паны.
    На ёй сукня ў дарагія пасаманы, Да любілі яе ненарокам, папраўдзе.
    Сыну:
    Каля таго да зялёнага куста Парасла сачавічанька густа. Хто ж тую сачавічаньку парве, Той сабе красную панну азьме. Наш Сямёнка сачавічаньку парве. Ён сабе красную панну азьме.
    У час танцаў спяваюцца наступныя песні:
    Ой, пайду я пад гай зеляненькі, Сустрэне мяне там казак маладзенькі, Стане мяне да дарогі пытаці, Да я, маладая, не ўмею адказаці...
    He ў свайго ты бацькі, дзеўка, узрасла, Што не ведаеш, куды дарожанька пайшла. Сказала б табе: у калінавы мосты, Да шкада Ьудзе, што да бацюхны ў госці, Сказала б табе: пад гай зеляненькі, Да шкада будзе, што казак маладзенькі. Мяне ж маці не на тое ўрадзіла, Каб я казакаў па дарогах вадзіла.
    Урадзіла мяне маці для сваёй выгоды, Штоб я хадзіла з дзевачкамі ў ягоды, Штоб падавала да крынічнай воды. Пахілілася сухая ляшчынанька, Палюбіліся да абое маладыя, Пахавалі аднае гадзіны.
    Казак ляжыць у зялёненькай дуброве, Дзяўчына ляжыць у бацюхны ў каморы. Па казаку чорны воран крача, Па дзяўчыне бацька, матка плача. Па казаку дуброва зашумела, Па дзяўчыне ўся радзіна зажалела. Па казаку ўсе лугі зашумелі, Па дзяўчыне ўсе званы зазванілі.
    Каляндарныя абрады
    Пры танцах спявалася і шмат іншых, прымеркаваных да «куста» песень.
    У двары і ў знаёмых звычайна даюць «кусту» грошы ці штонебудзь з харчовых прыпасаў — вяндліну, хлеб, сыр і інш. Усё сабранае нясуць у карчму ці хату якоганебудзь гаспадара і, уваходзячы, гавораць:
    Вот тут кусту есці, піці даці,
    Вот тут кусту да на станцыі стаяці.
    Тут наладжваецца вечарынка на сабраныя «кустом» грошы і прыпасы, якая працягваецца ўсю ноч.
    75
    Дзень Івана Купалы
    Hi адзін дзень у годзе не абстаўлены, здаецца, такімі забабоннымі расказамі, як Купала (24 чэрвеня па ст.ст.). У гэтых расказах, праўда, ёсць шмат падобнага са светапоглядам велікарускім і наогул славянскім, але, думаем, падобная з’ява даказвае толькі супольнасць заходнерусаў з астатнім велікарускім светам. Гавораць, што ноччу на Купалу душы памёршых (русалак) прачынаюцца ад доўгага сну і купаюцца, Пасля, калі ўзыдзе сонца, яны быццам сушацца пры яго цяпле і святле. Калі сонца нібы ў тумане, то русалкі, значыць, закрылі яго. Раніцою ў дзень Івана Купалы звычайна, на думку народа, «іграе» сонца. Гавораць, што яно раздзяляецца на шматлікія рознакаляровыя кругі, якія то сыходзяцца, то разы’ходзяцца, ствараючы пры гэтым цудоўную гульню колераў. Асабліва дзеці цікавяцца, каб убачыць падобную з’яву, і ўстаюць для гэтага па магчымасці раней. Але звычайна нічога не бачаць ці бачаць толькі тое, што намалюе ім іх настрой, вядомым чынам іх уяўленне. У іншых месцах проста гавораць, што немагчыма бачыць, як «іграе» сонца. Яно не дазваляе, кляне — вы, маўляў, людзі, цэлы год сорак раз гуляеце, дайце мне пагуляць хоць адзін раз.
    На Купалу дзяўчаты і хлопцы збіраюць рознага роду кветкі, травы, наломліваюць галінак дубу, рабіны і ўсё гэта прыносяць пасля ў царкву, каб асвяціць. 3 асвячонай зелені ўюць вянкі і захоўваюць іх як сродак супраць нашэсця ліхой сілы. Думаюць, што ў гэты дзень здзяйсняецца якісьці пераварот у свеце, цяпер быццам расхаджваюць па зямлі ведзьмы, духі. Дрэвы, звяры і наогул усё жывое нібы вядуць паміж сабою гаворку і г. д.
    Гавораць, што ўсе гэтыя цуды можна бачыць, можна зразумець гаворку звяроў, знайсці скарб, варта толькі дагледзець,
    Каляндарнаабрадавая паззія
    76
    як будзе цвісці папараць, якая, на думку сялян, цвіце ў ноч на Купалу, і авалодаць гэтай кветкай. Апошняе дастаецца надзвычай цяжка. Перад захадам сонца трэба пайсці ў лес і абавязкова ў такую глуш, куды ніякім чынам не можа пранікнуць спеў пеўня, якога, на думку народа, моцна баіцца д’ябал. Адшукаўшы прыгоднае месца, дзе, зразумела, павінна быць і папараць, чалавек уладкоўваецца на ўсю ноч. У гэты час яму неабходна чытаць «боскую» кнігу пры запаленай «грамніцы», таму што д’ябал будзе прымаць усе меры, каб якнебудзь напалохаць яго і як бы выбіць з занятай пазіцыі. Ён будзе кідацца на чалавека ў выглядзе розных звяроў, будзе, відаць, затапляць яго вадою, падпаўзаць да яго ў выглядзе страшных змей, будзе пазбаўляць слыху пранізлівым гікам і піскам. Чалавеку будзе здавацца, што на яго валяцца велізарныя дрэвы, і ўсё гэта для таго, каб толькі прымусіць яго да ўцёкаў. Патрэбны, гавораць, незвычайная прысутнасць духу і цвёрдасць волі, каб устаяць супраць падобнага наслання. Гавораць, быццам бы і д’ябал быў неразумным, пакуль не авалодаў кветкай папараці. Таму ён і баіцца так, каб чалавек не падзяліў яго веды. Сродкам супраць яго нападкаў, акрамя малітваў, з’яўляецца яшчэ і наступнае: трэба абрысаваць круг вакол сябе крэйдай, якая была асвячона ў «дзень богаз’яўлення». Д’ябал ніякім чынам не пераступіць гэтай свяшчэннай лініі.
    Расказваюць, што нейкаму шчасліўцу ўдалося авалодаць кветкай папараці. Было гэта хак. У аднаго чалавека напярэдадні Купалы заблудзіліся валы. Ён пайшоў шукаць іх у лес ды і сам заблудзіўся. Трапіў ён у такую глуш, што не меў магчымасці ісці далей, і паняволі прыйшлося прыпыніцца, каб адпачыць. Выявілася, што, заблудзіўшыся, лёг сярод папараці. Ноччу, калі адцвіла папараць, а цвіце яна, па ўяўленні народа, адно імгненне, кветка яе папала селяніну ў лапаць. Прачнуўшыся, селянін адчуў сябе зусім іншым чалавекам. Ён разумеў шапаценне дрэў, чуў, што гавораць у яго дома, бачыў усё, што там адбываецца, як бы перад сабою, бачыў тое месца, дзе знаходзяцца яго валы, бачыў багацці зямлі, скарбы. Ён вырашыў пайсці за валамі, хутчэй загнаць іх дамоў і аДправіцца адкрываць скарбы. Ужо ён гнаў дамоў валоў, але тут адчуў, што горача яго нагам, і, каб аблегчыць сябе і хутчэй дабрацца дамоў, ён скінуў лапці, не падазраючы, што ў іх знаходзіцца галоўная і адзіная прычына яго ўсёбачання. Скідаючы лапці, ён выпусціў з іх магічную кветку і ў тую ж хвіліну згубіў усе свае веды і разуменне: стаў ранейшым селянінам з няясным успамінам аб нядаўняй сваёй унутранай вялікасці.
    Каляндарпыя абрады
    У гэты дзень асабліва баяцца, каб ведзьмы не сапсавалі кароў. Яшчэ задоўга да гэтага паміж гаспадынямі ідзе размова, што хутка, маўляў, наступіць час змяншэння малака. Думаюць, што ведзьмы тады збіраюцца ў адно месца на Лысую гару ў Кіеве і там раяцца, куды і якая з іх павінна адправіцца за малаком. Паколькі некаторыя гаспадары ў гэты час выганяюць сваю жывёлу на пашу вельмі рана, то ведзьмы дзейнічаюць тут наступным чынам. На луг, дзе пасуцца к.аровы, яны з’яўляюцца таксама рана, бяруць ручнік, цягаюць яго па pace і гавораць, паказваючы на тую карову, у якой жадаюць адабраць малако: «Як раса ўбывае зпад ручніка, так каб убыло малако ў гэтай каровы» і «Як раса ўбіраецца ў мой ручнік, так няхай і малако пераходзіць ад гэтай каровы і ўбіраецца ў вымя маёй каровы». Пасля ведзьма выкручвае ручнік і ваду, што з’явілася, дае выпіць карове. Малако пасля гэтага будзе ўбываць і пяройдзе да каровы ведзьмы. Гавораць, што іншы раз хтосьці пайменна ўсіх кароў заве ў лес. На гэты кліч каровы моцна рвуцца. Значыць, тут ёсць ведзьма. Трэба ўсімі сіламі не пускаць туды кароў: інакш ведзьма іх сапсуе.
    Каб хоць колькінебудзь засцерагчы сваіх кароў ад такога зла, іх пояць часам расою, сабранай у агародзе, або пераганяюць жывёлу праз раскладзены агонь. Яшчэ мацней баяцца сяляне, каб ведзьма не забралася да кароў у хлеў. 3 гэтай мэтай яны стараюцца як бы перагарадзіць ёй усе шляхі да свайго жылля. На варотах кладуць крапіву, каб ведзьма апяклася, а часам забіваюць касу, каб яна адрэзала сабе хвост. У хлявах затыкаюць усе дзіркі і шчыліны, над дзвярыма ў хляве вешаюць свечку, якая была асвечана ў царкве. Гавораць, што ведзьмы яе баяцца, і хоць са злосці грызуць яе, але перагрызці не могуць. На вуглах вешаюць вянкі з асвячонага зелля, вешаюць іх таксама ў дзвярах, кладуць на стрэхі, на вокны. Шчыліны ў дзвярах затыкаюць, таму што думаюць, быццам ведзьмы пераварочваюцца ў яшчарак і жаб і такім чынам могуць забрацца ў хлеў. На лбе ў кароў намазваюць дзёгцем крыж. Ісціну існавання ведзьмаў сяляне пацвярджаюць мясцовым паданнем.
    У дзень Іаана Прадцечы сяляне наказваюць пастухам, каб на гэты раз яны не пераганялі сваёй жывёлы «праз мяжу», г. зн. праз тую мяжу, якая аддзяляе палі адной вёскі ад другой: там, гавораць, збіраюцца ведзьмы, пераварочваюцца ў жаб і, падпоўзшы пад кароў, адбіраюць малако. Аднойчы дамовіліся некалькі хлапчукоў не паслухаць сваіх гаспадароў і пагнаць жывёлу ў забароненае месца «за мяжу». Адзін хлопчык, назіраючы за жывёлай, заўважыў, што паміж каро
    77
    Каляндарнаабрадавая паэзія
    78
    вамі поўзае вялізная жаба. Ён зразумеў, што гэта ведзьма, узяў палку, завастрыў яе, быццам долата, і, наблізіўшыся да жабы, сказаў: «Ах ты, ведзьма, ты прыйшла за малаком да маіх кароў, вось я цябе пачастую!» Ён прыцэліўся і так лоўка стукнуў па жабе палкаю, што адсек ёй пярэднюю лапу. Параненая жаба запішчала і папаўзла без нагі. Хлопчык расказаў аб гэтай гісторыі сваім равеснікам. Яны пасмяяліся, пажартавалі — на гэтым усё, відаць, і закончылася б. Але калі гэты хлопчык вярнуўся вечарам з жывёлай дадому, то тут жа яму сказалі, што нядаўна хтосьці яго хроснай маці адсек руку. Успомніўся хлопчыку той выпадак, і ён тут жа паспяшаўся наведаць сваю хросную маці. He паспеў ён уступіць у хату, як старая, сабраўшы апошнія сілы, схапіла качаргу і здаровай рукою шарахнула малому па галаве. «Ах ты, шалун, неслух,— сказала яна,— ты прыйшоў яшчэ сюды здзекавацца нада мною? 3за цябе я адыходжу на той свет!» Усе, хто прысутнічаў, былі здзіўлены падобным відовішчам і прасілі хлопчыка растлумачыць ім прычыну такога прыёму яго хроснаю маці. Хлопчык, зразумела, расказаў, што здарылася ў полі з несапраўднай жабай. Хатнія даведаліся, што была ў іх за старая. Хутка яна сканала, а паданне пра яе захавалася.
    Жывёла ў гэты дзень вяртаецца з пашы ўвенчаная кветкамі, якія застаюцца на ёй на працягу ўсёй ночы. На другі дзень вянкі з гэтых кветак асвячаюцца ў царкве і захоўваюцца ў гаспадароў як ахоўныя сродкі супраць жывёльных хвароб. Коней у ноч перад Іванам не пускаюць на начлег. Думаюць, што тады злосныя духі маюць асабліва шмат клопатаў і спраў, адчаго і рады бываюць, калі пападаецца добры рысак, каб пры яго садзейнічанні хутчэй зрабіць сваю справу...