Беларускі фальклор. Хрэстаматыя
Канстанцін Кабашнікаў
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 858с.
Мінск 1995
Каляндарныя абрады
чу коп», а затым гаспадыня, зрэзаўшы некалькі каласоў, звязвае іх у пучок і адносіць яго дамоў. Там яна кладзе яго пад абразы, дзе ён ляжыць аж да малацьбы. Калі ж пачнуць малаціць першы пасад жыта, то яго бяруць і кладуць сушыць у ёўню разам з іншымі снапамі.
У некаторых мясцовасцях Гродзенскага павета жыта зажынае абавязкова мужчына, каб, як там кажуць сяляне, лета не было гнілое. Першы сноп зжатага жыта таксама прыносяць у хату, ставяць на покуці і накрываюць ручніком. У гэты дзень рыхтуюць святочную вячэру.
Дажынкі, або Абжынкі. У агульных рысах дажынкі, як і іншыя жніўныя абрады, адбываюцца амаль аднолькавым чынам на ўсёй Беларусі, адрозніваючыся толькі некаторымі, больш ці менш цікавымі асаблівасцямі па мясцовасцях.
а) Так, напрыклад, у Віцебскай губерні і павеце, заканчваючы жытняе жніво, адна частка жней, зрэзаўшы жменю жытніх сцяблін з каласамі, пачынае звіваць з іх вянок; у той жа час другая частка, аддзяліўшыся ад іх, садзіцца на зямлю і спявае адпаведную нагодзе песню. Першая з пявунняў ,<адзіцца на кукішкі перад знарок пакінутым на полі кустом аржаных сцяблін з каласамі і, працягваючы пець з астатнімі, поліць, г. зн. вырывае траву, якая засталася ў недажатым кусце жыта. Гэта работа працягваецца і канчаецца адначасова з падрыхтоўкай вянка. Калі ўсё гатова, палольніца вырывае адну сцябліну і ёй звязвае ў пучок увесь куст ля самых каласоў, што і завецца «барадой», а ў сярэдзіну ачышчанага ад травы куста кладзе акраец аржанога хлеба з соллю. Усё гэта дзеянне называецца «завіваць бараду».
Закончыўшы сваю работу, усе ўстаюць, і жняязавадатар, менавіта тая, што палола куст і «завівала бараду», бярэ вянок з рук тых, хто яго плёў, і кладзе сабе на галаву. Жнеі, узначаленыя ёю, адпраўляюцца павольным крокам у хату гаспадара і дарогаю спяваюць доўгую песню. Калі на шляху ім трапіцца свойскі чалавек, то зачынальніца здымае з галавы вянок і адзяе яго на галаву свойскага сустрэчнага чалавека. У той жа час усе жнеі наўкол «палонніка» працягваюць спяваць да таго часу, пакуль ён не дасць ім выкупу, які складаецца звычайна з грошай або якойнебудзь рэчы. Толькі ў такім выпадку вянок здымаюць з яго галавы, і ён атрымлівае свабоду.
Падышоўшы да хаты, жнеі спыняюцца і заканчваюць песню. Да іх тады падыходзіць гаспадар і просіць у хату. Скончыўшы песню, зачынальніца здымае вянок са сваёй галавы і надзявае яго на гаспадарову галаву. У суправаджэнні гаспадара жнеі заходзяць у хату. Гаспадыня сустракае іх у сенях,
91
Каляндарнаабрадавая паэзія
92
трымаючы ў руках гарэлку, хлеб, соль і сыр, якімі яна тут жа іх частуе. У выпадку калі гатова вячэра, то адразу садзяцца за стол, і не толькі жнеі, але ўсе, нават людзі староннія, няпрошаныя, але ўцягнутыя адной пустой цікавасцю.
На дажынках (у Лепельскім п. Віцебскай губ.) пякуць бліны і да іх падаюць жнеям масла, мёд і сыту. Акрамя таго, гатуюць вельмі густую кашу для таго, каб і пасевы на лета былі такія ж густыя, як яна. Таксама смажаць або вараць парася, пякуць яечню і шчодра частуюць гарэлкаю.
б) У Мінскай губерні і павеце, калі гаспадар збіраецца святкаваць дажынкі або дажынаць хлеб, напярэдадні таго дня сам асабіста ідзе да сваіх суседзяў і просіць у іх на другі дзень колькі трэба жней, гледзячы колькі застаецца недажатага хлеба. Яму абяцаюць, і ён ідзе гатаваць на заўтрашні дзень частаванне для гасцей. У назначаны тэрмін прыходзяць да яго запрошаныя абедаць, а пасля абеду, а поўдні, ідуць у поле дажынаць. Гаспадар ідзе таксама на палетак і гатуе там полудзень і гарэлку. Пачастунак залежыць ад заможнасці селяніна. Калі на полі застаецца ўжо зусім мала жыта, то ўсе запрошаныя пачынаюць ірваць з гэтай рэшткі жыта траву. Гэта завецца «рваць бараду». Пры гэтым заклікаюць на дапамогу чараўнікоў, мядзведзяў, лісіц і іншых жывёл. Самі ж аржаныя каласы рве адна, выбраная ўжо загадзя для гэтага дзяўчына (замужняя жанчына або ўдава не можа рваць гэтыя каласы). Вырваўшы калоссе з зямлі, дзяўчына дзеліць яго на дзве часткі і кладзе іх накрыж адна з другой на зямлю. На гэтым крыжы ўсярэдзіне, па баках і па канцах кладуць хлеб. Пасля гэтага ўсе разам вяжуць вялікі сноп, які завецца «баба». 3 края бяруць каласы і плятуць аржаны вянок. Выбраная дзяўчына сядзіць у гэты час на «бабе». Калі сплятуць вянок, то маладзейшыя дзяўчаты здымаюць абранніцу з «бабы», надзяваюць ёй на галаву вянок і ідуць у вёску... Як толькі выйдуць з поля на дарогу, у той жа час пачынаюць пець «Засцілай, пані, сталы, лавы...»
в) У Бельскім павеце Смаленскай губерні апошні сноп абвязваюць хусткаю і адзяваюць на яго кашулю, называючы яго «бабай». Поле жнеі не дажынаюць да канца, а пакідаюць у ім нязжатую невялікую лапінку, называючы яе «барадою» таго гаспадара, у якога працавалі. Усе жнеі садзяцца наўкол «барады», паставіўшы перад сабою «бабу», і снедаюць прынесенымі запасамі ежы. Затым усе з песнямі адпраўляюцца да хаты, у двор гаспадара поля. Наперадзе ідзе адна, выбраная, з «бабаю» ў руках. Пачуўшы іх галасы, гаспадыня выходзіць да іх насустрач і запрашае ў хату. Там яны ставяць «бабу» на покуці, пад абразамі, і прымаюцца за прапанаваную ім вячэ
Каляндарныя абрады
ру; п’юць за здароўе гаспадара, гаспадыні, іх дзетак, жней і закусваюць блінамі, якіх яшчэ з вечара напякла для гэтага свята гасцінная гаспадыня. Па заканчэнні вячэры «бабу» адносяць у гумно і потым гуляюць усю ноч.
г) У Гродзенскай губерні паўсюдна жытнія сцябліны, што прызначаны для апошняга снапа, таксама не звязваюць да таго часу, пакуль гаспадыня пры песнях жней не заўе так званай «барады», для чаго і пакідаюцца знарок недажатымі крыху сцяблін, у прамежках якіх старанна выполваецца трава і кладзецца невялікая луста хлеба з соллю. Затым гаспадыня перавязвае сцябліны чырвонай ніткаю і падразае сярпом пры самым карэнні, пасля чаго яна, трымаючы пучок жыта ў левай руцэ, правай кідае серп уверх і крыху ўбок і кладзе гэты пучок у сярэдзіну нязвязанага снапа, які цяпер і звязваецца ў двух месцах: зверху, ніжэй каласоў, і знізу, у звычайным месцы. Гэты сноп не прывозіцца возам разам з іншымі, а забіраецца з поля выбранай жняёй, хоць не заўсёды ў самы дзень дажынак. У гумне яму адводзіцца ганаровае месца. Напярэдадні ж Спаса (6 жніўня) гэты сноп абіваюць, а на самога Спаса свенцяць, і тады яго зерні скарыстоўваюць для засеўкаў.
У Лашанскай воласці той жа губерні і павета, калі дажынаюць жыта, таксама ў канцы поля, пры мяжы, пакідаюць невялічкую лапінку нязжатага і кажуць: «Трэба пакінуць звяром, бо калі не было на свеце гэтым жыта, то звяры пачалі прасіць Бога чаго есці, а Бог ім кінуў жменьку жыта, штоб яны памялі, і адгэтуль распладзіўся хлеб». Затым робяць вянок з каласоў, палявых кветак, прыносяць яго дамоў і ставяць на покуці.
Калі дажынкі бываюць у пана, то хоць вянок робяць таксама з жыта, але прыч перанясенні яго захоўваецца асобая цырымонія: яго надзяваюць на галаву самай прыгожай дзяўчыне, і ўзначаленыя ёю астатнія жнеі адпраўляюцца ў панскі двор, спяваючы ўсю дарогу прымеркаваныя да гэтага выпадку песні. Калі жнеі падыходзяць да панскай сядзібы, то пан або пані ці абое разам выходзяць да іх насустрач, бяруць вянок з галавы дзяўчыны і хтонебудзь з іх надзявае на галаву сабе. У гэты час хтонебудзь з дворні раптам вылівае цэлае вядро халоднай вады на галаву дзяўчыны, што несла вянок. Пан дарыць яе грашыма, а часам звыш таго і хусткай.
93
Каляндарнаабрадавая паэзія
94 Багач
У Ігуменскім павеце Багачом называюць Ражство багародзіцы (8 верасня), і апошняя назва амаль невядома нароДУ
У жыцці земляроба гэта самая шчаслівая пара — пара адноснага дастатку, калі ў бедняка ёсць хлеб на стале, а ў багатых, «як князі, скірды шырока сядзяць, падняўшы галовы». Адсюль зразумела, чаму народ называе Багачом свята, што супадае з часам канчатковай уборкі хлеба і гаспадарчага багацця...
Галоўную ролю ў абрадзе гэтага свята адыгрывае «багач», або «багатца». Гэта лубка жыта з устаўленай у яе васковай свечкай. «Багач» стаіць на працягу цэлага года ў хаце гаспадара, на покуці, пад абразамі. У гэты дзень свечка запальваецца. Запрашаецца святар для служэння малебна, які адбываецца першнаперш у тым доме, дзе стаіць «багач». Потым гаспадар услед за светаром нясе «багача» ў наступны двор, дзе іх сустракаюць гаспадары. Для сустрэчы ставяць на дварэ стол, накрыты белым абрусам, устаўлены лубкамі жыта, пшаніцы, ячменю ці іншага збожжа. «Багач» ставіцца на стол да збажыны, і служыцца кароткі малебен. Святар і ўсе, хто яго суправаджае, запрашаюцца ў хату для пачастунку, прычым «багач» ставіцца на покуці. I так абыходзяць па чарзе ўсе дамы. Збажына, якой сустракалі «багача», ідзе на карысць прытча.
На другі канец вёскі зганяюць усю жывёлу і, калі абойдуць усе двары, абносяць «багача» наўкол статка. Пасля гэтага адносяць яго ў хату чарговага гаспадара, дзе ён і застаецца цэлы год. Ён, паводле павер’я, прыносіць у дом багацце і шчасце.
У некаторых мясцовасцях жыта і воск для «багача» збіраюцца з усёй вёскі і падмяняюцца толькі тады, калі «багач» па чарзе абыдзе ўсё сяло ці калі свечка згарыць. А ў іншых месцах жыта і свечка падмяняюцца штогод чарговым гаспадаром, прычым жыта для гэтага вымалочваецца з першага зажыначнага снапа. У апошнім выпадку падмененае «багачовае» жыта змешваецца са звычайным і ўжываецца на насенне. Падрыхтоўка свечкі суправаджаецца агульнай вячэрай усіх удзельнікаў і асобнымі песнямі, што нагадваюць дажынкавыя.
Зімовыя песні
ЗІМОВЫЯ ПЕСНІ
95
КАЛЯДКІ I ШЧАДРОЎКІ. ПЕСНІ КАЛЯДНЫХ ІГРЫШЧАЎ
А Калядачкі, а хадзіце к нам...
А Калядачкі, а хадзіце к нам, Ой, рана, рана, а хадзіце к нам. А хадзіце к нам, а мы рады вам, Ой, рана, рана, а мы рады вам. Нашы праснічкі паламаліся, Ой, рана, рана, паламаліся. Верацёначкі пагубляліся, Ой, рана, рана, пагубляліся. Нашы пальчыкі паспрадаліся, Ой, рана, рана, паспрадаліся.
I пярсцёначкі пасціраліся, Ой, рана, рана, пасціраліся. Каб вас, Калядак, нядзель дзесятак, Ой, рана, рана, нядзель дзесятак. А бы, дзевачкі, нагуляліся, Ой, рана, рана, нагуляліся.
I Калядак наўспаміналіся, Ой, рана, рана, наўспаміналіся.
Прыехала Каляда на белым кані...
Прыехала Каляда на белым кані, Яе конічак — ясен месячык, Яе дружачка — ясна зорачка, Яе пужачка — ясна звёздачка, Яе вазочак — з тоўстага лядку, Яе кажушок — з белага сняжку.