• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларускі фальклор. Хрэстаматыя  Канстанцін Кабашнікаў

    Беларускі фальклор. Хрэстаматыя

    Канстанцін Кабашнікаў

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 858с.
    Мінск 1995
    196.49 МБ
    — Я, бабка, не буду бавіцца,— іду з табою разам.
    Ідучы дарогай, я спытала:
    — Што ж мне, бабка, рабіць і гаварыць, калі я прыду ў хату?
    — Хлеб і соль палажы на стале, да і скажы: «Няхай жа добрае вядзецца!» Дай куме (парадзісе) грывяньку — тады ўжо будзем збіраць несці дзіця хрысціць; толькі прашу цябе, панначка, як будзеш несці дзіця хрысціць, то не гавары з кумам!
    Хрысцінны абрад
    — А гэта, бабка, чаму?
    — А дзеля таго, каб дзіця не было крыклівае.
    — Добра, я буду маўчаць.
    Калі я прыншла ў хату, было некалькі сялян і сялянак, запрошаных гасцей. Палажыўшы хлебсоль і перадаўшы куме 50 капеек, я заўважыла, што кума засаромелася; прычына сарамлівасці пакуль мне заставалася невядомаю, а пазней я даведалася, што яна засаромелася таму, што ёй даводзілася даваць падарунак, адпаведны грошам. У сялян, звычайна, даецца ў дар наметка.
    Сабраліся скора, і трэба было ісці на дом да свяшчэнніка. Тады баба, так званая павітуха, вывела мяне за руку на ганак і перадала мне ў кішэню маленькі вузельчык, завязаны ў анучку, са словамі:
    — Глядзі ж, панначка, гэты вузлік выкінь на крыжовых дарогах.
    — Што ж, бабка, у гэтым вузліку?
    — Усякая пашня (насенне зерневага хлеба), пячына (гліна, выцягнутая з печы) і соль.
    — На што ж, бабка, гэта кідаць?
    — От дзеля таго, штоб не было ліхой стрэчы.
    Пасля адпраўлення абраду хрышчэння, прынёсшы дзіця ў хату, я перадала яго парадзісе. У гэты час стол ужо быў падрыхтаваны, на ім ляжала некалькі булак хлеба, прынесеных гасцямі, і стаяла вялікая бутэлька гарэлкі. Мяне і хроснага бацьку з пашанай пасадзілі на першыя месцы, а стары гаспадар, дзед нованароджанага, узяў чарку і, наліваючы яе, сказаў:
    — Боэ, баславі (Божа, благаславі).
    Наліў чарку гарэлкі, выпіў сам, а рэшткі выліў уверх са словамі:
    — Дай жа, Боэ, штоб наш унук вялік рос!
    I палажыў капейку ў чарку, наліў яе гарэлкай і перадаў хроснаму бацьку. Той прыняў чарку, сказаў тыя ж словы, што і дзед, выпіў чарку, выняў адтуль капейку, выплюхнуў рэшткі ўверх, прамовіў:
    — Штоб наш хрышчэннік так высока скакаў.
    I перадаў чарку дзеду. Дзед палажыў у чарку срэбраную грыўню, наліў яе гарэлкай і перадаў мне. Я папрасіла жанчыну, якая сядзела побач са мною, выпіць гэтую гарэлку; яна выпіла, выняла грыўню, перадала яе мне разам з чаркай і з рэшткамі гарэлкі. Я, у сваю чаргу, таксама выплюхнула гарэлку ўверх і сказала:
    — Каб наш хрышчэннік так высока скакаў.
    253
    Сямейна абрадавая паэзія
    254
    Тады пачалі гарэлкаю частаваць усіх гасцей, толькі не кідалі ўжо ў чарку грошы. Перадача ж чарак з грашыма хросным бацькам называецца «перапіваць кумоў».
    Мужчыны і жанчыны пілі гарэлкі шмат, але п’янымі не былі, што мяне, прызнаюся, вельмі здзівіла. Пасля выпіўкі пачаўся абед. Ежа звычайная на хрэсьбінах: «квас» (кіслы крупнік з парасяці), «млінцы» (бліны), «узвар», г. зн. сушаныя плады, звараныя з чарніцамі, а пасля ўсяго гэтага ставілі гаршчок з кашай. Гэта была бабіна каша. Тады баба падышла да стала і звярнулася да хроснага бацька з такою прамоваю:
    — Кумочак, галубочак, салавейко, прахаю (прашу) цябе, не бі майго гаршка, бо ён жа не тут купованы, я ж за ім ездзіла ў Альвова (горад Львоў).
    Кум адказваў іранічна:
    — Бабко! Ты ўжо старая, трохі сляпая, не дабачыш, гэта ж гаршчок гліняны да й той расколаты.
    Баба адказвала:
    — Ты, куме, пап’ян, то і не бачыш!
    — Я хоць і пап’ян, але ж усётакі бачу, што гэта чэрап, а не срэбны, а калі срэбны, то ён не разаб’ецца.
    I з гэтымі словамі з размаху стукнуў гаршчок аб стол. Гаршчок разляцеўся на кавалкі. Тут пасыпаліся жарты:
    — Але ж ты, куме, добра б’еш гаршкі, каб ты так біў цэпам да касою.
    Ён адказваў:
    — Я майстар на ўсё, а падчас, як п’яны з карчмы прыду, то і жонцы ўсе гаршкі пераб’ю.
    Тады баба паставіла тарэлачку, палажыла на яе капейку і пачала ўсім гасцям раздаваць па ложцы кашы. Кожны рукою браў кашу з ложкі, а ў ложку клаў капейку. Сабраўшы ад усіх грошы і палажыўшы ложку кашы, яна перадала яе з талеркай парадзісе. Услед за гэтым паставілі на стол маю (г. зн. хроснай маці) кашу, але мая каша не была ў гаршку, а ў каструлі. Тады баба сказала куму:
    — Эге, куме, хоць жа ты здароў, як мядзведзь, ды гэтага гаршка не ўкусіш.
    Пасля гэтага баба абдзяліла ўсіх прысутных кашаю, але грошай за гэта ўжо ніхто не плаціў. Паставілі на стол яшчэ трэці гаршчок, гэта была «кумава» каша. Пры гэтым баба сказала:
    — Ты ж гаршкі ўсе біў, паспрабуй жа свайго разбіць.
    — Эге, бабко, якая ты разумная, добра, што я й тваго разбіў, а яшчэ буду свайго біць!
    Калі з’елі «кумаву» кашу, усталі зза стала падпіўшыя, і паміж бабамі пачалася нарада:
    Хрысцінны абрад
    — Калі рабіць змуркі, бо заўтра кумапаненка не прыдзе да нас, ёй конча трэба прамыць вочы.
    (Змуркамі называецца змыванне святога міра, якім было памазана дзіця пры хрышчэнні, інакш яшчэ называюць зліўкі).
    Баба ўзяла кубак і, трымаючы на руках раздзетае дзіця, абліла яго вадой. Бацька дзіцяці прынёс 9 галінак з лісточкамі. Калі ж «змуркі» бываюць зімою, дык трэба, каб галінкі былі ўзяты хоць са старога веніка, але з лісткамі. Палажылі галінкі ў міску (9 галінак бярэцца таму, каб нованароджаны дасягнуў 90 гадоў). Стол накрылі чыстым абрусам, на стале паставілі міску з галінкамі і такую ж другую з салодкаю гарэлкаю і была паложана хлебсоль. Тады баба першая падвяла мяне да стала пад руку і сказала:
    — Прамый жа, панначка, вочы і рукі, каб твае вочы не хварэлі.
    Але я сказала, што мае вочы вельмі яшчэ добра бачаць, а рукі апусціла ў ваду. Пасля гэтага мне далі чарку і ложку, я наліла чарку гарэлкаю з дапамогай ложкі і сказала, што піць яе не магу, тады бабы прыступілі да мяне з асобай просьбаю:
    — Панначко, прахленачко, выпі хоць адну чарачку, гэта ж салодкая!
    Калі я адмовілася ад гарэлкі, дык, відаць, бабы былі гэтым засмучаны, а некаторыя ўпаўголас прамовілі:
    — От жа гардая кума!
    Тады ўсё сямейства па чарзе падходзіла да міскі, мылі рукі і твар, уяўляючы, што змытае міро дае незвычайна гаючую сілу, і пілі гарэлку. Пасля гаспадароў падходзілі такім жа чынам госці, выпівалі ўсю гарэлку і, відаць, усе ап’янелі. Тут мяне з «кумам» пасадзілі на ганаровае месца, каля мяне яшчэ села бабапавітуха, а каля яе адна жанчына, якая ўмела пець хрэсьбінныя песні, якімі я павінна была адказваць «куму» як «кума».
    Першай за ўсіх пачала пець баба:
    255
    1
    Ў нядзелю ранесенько
    Бяжыць Іван к сваёй бабусеньке.
    Бабусенька дагадалася, Ў адзін чобат абувалася;
    Бяжыць яна боса і без пояса, Бяжыць яна скарэсенько, Просіць Бога шчырэсенько: — Дай жа, Боэ, маёй ўнучцы: Лягесенько, дабрэсенько, скарэсенько!
    Сямейнаабрадавая паэзія
    256
    2
    Ідзе бабусенька да свае ўнучкі, Аж яе ўнучка па сенечках ходзіць, Сваю бабусеньку просіць. — Гардая ж, мая бабусенька, Дам ісе я табе, бабусенька, Я мерачку проса, За што ты прышла ка мне боса. Дам жа табе, бабусенька, Я каробку мукі, Да прылажы ж, бабусенька, Ка мне свае рукі.
    Дам жа табе, бабусенька, Гарэлачкі з перцам, Да прылажы свае рукі Да майго сэрца.
    Дам жа табе, бабусенька, Сіню наметачку, Да прылажы ж свае ручкі К майму жываточку.
    3
    Ой кум куме рад, Павёў куму ў вінаград: — Шчыплі, кумка, ягодкі, Каторыя салодкі;
    А каторы горкі, Кідай для маёй жонкі. Прышоў кум да кумы, Кума грады поле.
    — Добра, куме, што прыйшоў, Цяпер мая воля.
    А ліхая свякроў На радзіны пайшла, А мой свёкар дабрэсенькі Спіць на печы п’янесенькі. А я й мужа пазаву, Вас гарэлачкай напаю; Мёдам, кашай накармлю. Свякроў прыдзе п’яна —■ Таго яна і не ўвазнае.
    Спевы, магчыма, працягваліся б і далей, але баба заўважыла маю стомленасць, пачала быццам бы пераборліваць:
    — I хата ў цябе, ўнук, цесная і паскакаць мне няма дзе. Тады мужчыны спыталі гаспадара:
    — Ці ёсць у цябе коні, штоб павазіць нашу княгінюбабу? Гаспадар адказаў:
    — I коні е і карыта (карэта), пайду запрагаць!
    У гэты час у хату ўвайшоў малады мужычок з уздзечкаю на шыі і сказаў:
    Хрэсьбінныя песні
    — Бабко, княгіня, паедам у карчму, там і паскачаш.
    I ўсе прысутныя кінуліся да вакна глядзець экіпаж. Каля ганка стаяў ручны воз, на возе ляжала барана, пакрытая кажухом і была паложана падушка.
    Двое з мужыкоў узялі бабу на рукі і пасадзілі на воз, прытрымліваючы яе, каб яна не саскочыла. Некалькі чалавек узяліся за дышаль і хутка пацягнулі бабу ў карчму. Усе госці пайшлі следам глядзець, як будзе баба танцаваць, а я пачала развітвацца з парадзіхай; яна прапанавала мне ў падарунак чырвоную шарсцяную хустку і, калі я адмаўлялася, дык пачала мяне ўпрошваць і прасіць прабачэння, што падарунак нязначны. А калі я сказала, што не вазьму падарунка, дык тыя, што засталіся ў хаце, сказалі, што гэта будзе цяжкі грэх парадзісе, і што яе падарунак абавязкова павінен быць у шэсць разоў каштоўнейшы тых грошай, якія яна атрымала ад мяне, таму ж сяляне ніколі не даюць парадзісе больш грыўні пры пацалунку.
    257
    ХРЭСЬБІННЫЯ ПЕСНІ
    А хто, хто ў нас да па ночы ходзіць?..
    А хто, хто ў нас да па ночы ходзіць, А хто, хто ў нас да бабульку просіць: — Бабулька мая, галубка мая, Прыйдзі ж ты ка мне і к маёй жане. У маёй жаны жываток баліць, Жываток баліць, сярэдзінку ломіць. — Унучак ты мой, галубочак мой, He журыся ты, каго Божа дасць: Калі дачушку — швачкаю будзе, А калі сынка — пісарам будзе.
    Цераз рэчачку, цераз быструю...
    Цераз рэчачку, цераз быструю Гібка кладачка ляжыць.
    Па той кладачцы па той гібенькай Молад Мішачка ідзець, Сваю жоначку, сваю мілую Ён за ручачку вядзець:
    — Ой ты, кладачка, ой ты, гібкая, Ты не гніся пада мной.
    А ты, жоначка, мая мілая, Ты не старуйся за мной.
    9 Беларускі фальклор
    Сямейнаабрадавая паэзія
    258
    Пі мёд, пі віно і гарэлачку, I не будзь ты п’яная.
    Радзі сем сыноў і дачушачку, I не будзь ты старая.
    — А мой мужанька, а мой міленькі, Ды няпраўдачка твая:
    П’ючы мёд, віно і гарэлачку, Мушу быці п’яна, Раджу сем сыноў і дачушачку, Мушу быці старая.
    Ў нас сягоння, хвала табе Божа...
    Ў нас сягоння, хвала табе Божа, Застагнала Гэлячка ў ложы, Зажадала вішнёвага соку, Зажадала вішнёвага соку:
    — А паклічце міленькага з току, А паклічце міленькага з току, Хай дастаніць вішнёвага соку, Хай дастаніць вішнёвага соку.
    — Калі сына — магу расстарацца, Калі сына — магу расстарацца, Калі дочку — прашу перабачыць. Калі дочку — прашу перабачыць, Бо сыночак — свой гаспадарочак, Бо сыночак — свой гаспадарочак, А дачушка — то людская служка, А дачушка — то людская служка.— Ў садзе вішні — ўсё роўнае вецце, Ў садзе вішні — ўсё роўнае вецце, Бацьку й маці — ўсё роўныя дзеці, Бацьку й маці — ўсё роўныя дзеці: Сыны і дачушкі — ўсе роўныя служкі, Сыны і дачушкі — ўсе роўныя служкі.