Міфалогія. Духоўныя вершы
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 471с.
Мінск 2003
45
пакланеннем зямлі, якая ў падзяку за тое, што людзі, не парушаючы спрадвечных канонаў, працуюць на яе целе, аблягчаюць яе жыццё, вяртае ім моц і сілу. Тое ж самае назіралася і на Гомельшчыне: «Выпалаўшы «бараду», каб налета жыта было чыстае, і паліўшы яе вадою, каб не было засухі, рассцілаюць паміж калосся белую хусцінку, кладуць на яе лусту хлеба і пасыпаюць соллю. Потым збіраюць палявыя кветкі і аздабляюць імі «бараду». Пасля гэтага жнеі кладуцца на зямлю, каб на будучы ўраджай жыта было добрае і калоссе гнулася да зямлі»43. Устаўшы з зямлі, жнеі мыюць рукі вадою, каб налета было чыстае жыта, і перавязваюць снапы чыстаю травою або саломаю, каб на будучы год не парэзаць руку ў час жніва.
Пры гэтым кожная жняя качалася па ніве, прыгаворваючы: «Ніўка, ніўка, аддай маю сілку на другую ніўку. На коніка лой, на ніўку гной, а мне здароўя. Судзі, Божа, налета жаці і ядранейшае і гусцейшае!»44
Як бачым, асноўная рыса земляробчай дахрысціянскай рэлігіі заключаецца ў перабольшванні ў ёй практыкі — магіі і рэлігіі — над міфалогіяй. Багатая практыка аформлена строгім традыцыйным рытуалам; міфалогія, насупраць, адрывачная і бессістэмная. Ёсць уяўленні аб спецыяльных земляробчых духах ці боствах, якія нават называліся акрэсленымі імёнамі, але функцыі іх пераплятаюцца, слаба дыферэнцыраваныя і ўзаемаадносіны паміж імі таксама ўяўляюцца не надта выразна.
Можна дапусціць, што непасрэдна з гаючай сілай зямлі звязаны жніўныя песні, бо ў этнаграфічных запісах сустракаецца наступная тэма: «Калі жняя пачуе стому, забаляць рукі і спіна, тады яна пачынае пець песні, якія носяць назву жніўных»45. А як вядома, у гэтых песнях жнейкі заўсёды звяртаюцца да МаціЗямлі з просьбай дапамагчы падчас жніва, не пакідаць у горы і галечы. Але ж часта звярталіся і да Сонца, відаць, нездарма ж нашых продкаў называлі сонцапаклоннікамі. «У Себежскім павеце гаспадыні, выйшаўшы на ніву, становяцца тварам да сонца і моляцца, потым зажынаюць «бародку» са словамі: «Дай жа, Божа, штоб лёгка жалась! Сярэдзінка не балела, ручанькі не млелі, ножанькі не дзервянелі, галава не гарэла!» Для «бародкі» зажынаюць тры жмені жыта, звязваюць іх у сноп і кладуць на плечы гаспадыні. Яна адносіць «бародку» дамоў і кладзе за абразы, а жнеі бяруцца за
43 Романов Е. Р. Белорусскнй сборннк. Вып. 8. С. 241.
44 Тамсама. С. 240.
45 Тамсама.
46
работу. Строга сочаць пры гэтым, каб у гаспадыні, якая зажынае жыта, была «рука лёгкая», іначай жнеям будзе вельмі цяжка жаць. Калі ж між гаспадынь такой не знойдзецца, то зажынае маладая дзяўчына»46.
На палескіх абшарах распавядаюць яшчэ і пра тое, што калі грыміць гром (маецца на ўвазе першы гром), лье дожджык, то людзі звычайна імкнуцца патрапіць пад яго, умыцца, а таксама пакачацца па зямлі. Тут зноў нам бачыцца непасрэдная сувязь са старажытным культам зямлі.
Мы маем усе падставы для таго, каб сцвярджаць, што з адным з найбольш старадаўніх відаў чалавечай дзейнасці — земляробствам — звязаны і старажытнейшыя карані, так званыя каляндарныя абрадавыя земляробчыя дзеянні, г. зн. абрады, прымеркаваныя да пэўных сельскагаспадарчых работ у сувязі са зменай пораў года.
Старажытны земляроб быў бездапаможны перад стыхіямі прыроды. Назіранні за з’явамі прыроды нараджалі ў яго свядомасці ўяўленні, быццам жывёлы, расліны і нежывая прырода (стыхіі) валодаюць чалавечымі ўласцівасцямі: думкамі, пачуццямі, воляй. На гэта ўказваюць і шматлікія археалагічныя знаходкі. Так, выявы заштрыхаванага крыжа ў коле альбо крыжа, пазначанага на заштрыхаваным полі, змешчаныя на гліняных грузіках, разглядаюцца вучонымі як праява своеасаблівай сілы зямлі, яе культу.
Калі на малюнках грузікаў з Палесся прасочваецца культ урадлівасці глебы, то на такіх жа вырабах з Падняпроўя ёсць яшчэ раслінны арнамент і знойдзены рытуальныя фігуркі жывёл. Гэта дае падставу меркаваць, што і ў жыхароў старажытнага Палесся культ урадлівасці распаўсюджваўся не толькі на земляробства, але і на жывёлагадоўлю.
Аналізуючы малюнкі на гліняных грузіках, можна заключыць, што ў светапоглядзе носьбітаў мілаградскай культуры Палесся адлйэстраваны тры напрамкі пакланенняў: сонцу, агню і ўрадлівасці. Узоры арнаментаў сведчаць аб іх цсснай сувязі. Яны падпарадкаваны галоўнай мэце — ідэі ўрадлівасці.
Нават асноўны напрамак каляднай варажбы на Беларусі праходзіў у форме своеасаблівых прыкметтлумачэнняў. Адвечная іх тэма — зямля і звязаны з ёю непарыўны ўраджай. Непасрэдныя атрыбуты варажбы — сноп, колас, зерне, хлеб, прылады працы, адным словам, усё тое, што расце на зямлі і чым яе апрацоўваюць.
46 Романон Е. Р. Белорусскнй сборнпк. Вып. 8. С. 240.
47
Зімою зямля, па ўяўленню патрыярхальных людзей, спала. Але нават падчас яе сну сяляне спрабавалі прадказаць, які ж будзе ўраджай на зямлі на будучы год, чаго трэба чакаць ад наступнай вясны, бо гэта заўсёды хвалявала. Чалавека зямлі турбавалі не столькі грошы і багацце, колькі самае надзённае — хлеб і да хлеба на будучы год.
Бясспрэчна, зямлю абагаўлялі, яе шанавалі і ніколі проста так, без нагоды. не згадвалі. Продкі слушна разважалі. што будзеш несур’ёзна сябе паводзіць у гэтым плане, то потым усё адмоўна адаб’ецца на дабрабыце сям’і, роду. Вядома ж, ніхто на такі крок не адважваўся. Кожнаму хацелася, каб у яго ўсё ішло належным чынам, каб па ягоным надзеле вырастаў шчодры ўраджай, бо ў адваротным выпадку пагражала галодная смерць. Што такое голад, старадаўнія жыхары зведалі добра. Таму нават у думках імкнуліся заўсёды сцерагчыся ад яго. Іншая справа тое, як атрымлівалася ў рэальным жыцці, суровым, напружаным, шматпакутным.
3 зямлёю чалавек яднаўся раз і назаўсёды, бо нараджаўся. жыў на ёй, а калі прыходзіў час, то і «хаваўся ў зямную нетру», «ішоў жыць да продкаў». Без яе ён проста не мог уявіць свайго існавання, ды, мабыць, і не імкнуўся ніколі да гэтага.
ІПАНАВАННЕ ДРЭВАЎ СТАРАЖЫТНЫМІ БЕЛАРУСАМІ
Абагаўленне дрэваў. Няма нічога дзіўнага ў тым, што нашы продкі, далёкія і блізкія, жыццё якіх праходзіла сярод глухіх лясоў, на ўлонні першастваральнай прыроды, у рэшце рэшт пачыналі абагаўляць усё жывое. Відаць гой, хто першы ўздумаў пакланяцца дрэвам, не праводзіў рэзкай мяжы паміж імі і чалавекам, бо і дрэвы і чалавека лічыў істотамі адухоўленымі. Баліць чалавеку, значыцца, можа гэтаксама балець і любому дрэву, цячэ кроў з цела чалавека, — і сок, які выступіў на дрэве, прыраўноваўся да яе. Сцвярджалі, што той, хто ніколі не пярэчыць прыродзе (не робіць ёй нічога шкоднага), у канцы жыцця або ўжо на тым свеце атрымае здольнасць разумець таямнічую гаворку лясоў і траў, вятроў і грымот.
Людзі такія маглі бачыць схаваныя глыбока пад зямлёю ці дзе ў іншых патаемных месцах незлічоныя скарбы і каштоўнасці, менавіта яны, у большасці выпадкаў, валодалі дарам прадказання або чараўніцтва. Патрыярхальныя продкі былі перакананы, што да такіх асоб патрэбна звяртацца падчас надзвычай цяжкіх жыццёвых момантаў: калі, напрыклад, град выб’е ўраджай, калі доўга няма дажджу і ўсталявалася страшэнная засуха, калі пачынае, ні з дай прычыны, хварэць жывёла і г. д. Можна адзначьшь, што такіх вяскоўцаў не толькі паважалі, але і баяліся, асабліва тады, калі камунебудзь з варажбітоў і сапраўды ўдавалася здзейсніць штонебудзь непрадказальнае (выратаваць, знайсціадшукаць). I таму, як толькі нехта з гэтых асоб, якія займаліся знахарствам або варажбою, прасіў зрабіць ці дапамагчы любога з аднавяскоўцаў у якойнебудзь гаспадарчай справе, то яму імкнуліся дапамагчы адразу ж, неадкладваючы назаўтра. Баяліся, каб не пакрыўдзіўся той, хто прасіў. Калі такое здаралася — трэба было чакаць самага дрэннага ў будзённым жыцці. Гаварылі, што раззлаваны прадказальнік лёсу мог такое напрарочыць чалавеку! 3 гэтай нагоды іх, у большасці, і палохаліся сяляне.
49
Сапраўды, патрыярхальныя людзі пакланяліся ўсяму жывому на зямлі, і лес, вядома ж, не складаў выключэння. Менавіта ў многім дзякуючы яму старажытны чалавек здолеў выжыць у бязлітаснай барацьбе з прыродай, таямнічых з’яў і змен у якой ён не мог растлумачыць.
Людзі са старажытных часоў пакланяліся дрэвам і камяням, раслінам і жывёлам. Ф. Энгельс пісаў: «Карані антрапамарфізму, зліваючыся з увасабленнем ці персаніфікацыяй — уяўным аб прадметах нежывой прыроды і ўласцівасцях чалавека як аб жывых істотах, звяртаюцца да свядомасці першабытнага чалавека, да краю «бяздоннай бездані».
Сілы прыроды ўяўляліся старажытнаму чалавеку чымсьці чужым, таямнічым, што падаўляе. На вядомай ступені, праз якую праходзяць усе культурныя народы, ён асвойваецца’з імі шляхам увасаблення. Менавіта гэта імкненне да ўвасаблення стварыла ўсюды багоў»1.
Ф. Буслаеў сваім выказваннем нібы працягваў слушную думку Ф. Энгельса: «Міфалагічныя пачаткі, агульныя для ўсіх роднасных індаеўрапейскіх народаў, у кожным з іх атрымлівалі сваё ўласнае развіццё ў выніку большай або меншай сталасці духоўных сіл народа, а таксама ў выніку розных абставін, мясцовых і гістарычных, якія садзейнічалі вольнаму раскрыццю дахрысціянскіх народных вераванняў або затрымлівалі яго»2.
Патрэбна адзначыць, што шанаванне дрэваў было своеасаблівым рытуалам маленняў, звернутых да вегетатыўнай сілы прыроды, яно шырока адлюстравана ў этнаграфічных запісах. Э. Ажэшка пісала пра нашых продкаў: «Гэтай думцы (абмежаванасці беларусаў. — А.Н.) без сумнення таксама супярэчыць і веданне народам расліннага свету, настолькі дакладнае, што смела можна сцвярджаць: ад самага высокага дрэва да найдрабнейшай травінкі, якія растуць на той самай зямлі, што і ён, няма такой расліны, якая ў яго мове не мела б сваёй назвы, а ўжо ў саміх гэтых назвах выяўляецца назіральнасць, выказаная жывапісна і паэтычна, часам грубавата, але затое дакладна»3.
Выбар сімвалаў для структуравання свету і апісання яго функцыянавання быў зведзены да калектыўных ведаў пра свет. Hi адно з семантычных увасабленняў для міфапаэтычнай свя
1 Энгельс Ф. Подготовнтсльные работы к «АнтнДіорннгу» // Маркс К.. Энгсльс Ф. Соч. М., 1968. Т. 20. С. 26.
2 Буслаев Ф. М. Нсторнческпе очеркіі русскоіі народной словесностн н нскусства. СПб.. 1861. Т. 2. С. 5.
3 Ажэшка Э. Аповесці. Апавяданні. Нарысы. Мн., 2000. С. 15.
50
домасці не з’яўляецца абсалютна незалежным, бо ўсе яны скаардынаваны паміж сабой і ўтвараюць адзіную універсальную сістэму. Пазнаючы свет, старажытны продак падзяляў яго непарыўнасць шляхам бінарнага супастаўлення. Першапачатковай асновай міфалагічных сімвалічных класіфікацый з’яўляюнца не матывы, а адносіны ў выглядзе элементарных семантычных апазіцый, у першую чаргу тых, якія адпавядаюць найпрасцейшай прасторавай і пачуццёвай арыентацыі чалавека. Такія адносіны потым актыўна аб’ектывізуюцца і дапаўняюцца найпрасцейшымі суадносінамі ў касмічным прасторачасавым кантынууме, у соцыуме або на мяжы соцыуму і космасу, прыроды і культуры, непасрэдна да больш абстрактных лічбавых супрацьпастаўленняў і такіх фундаментальных антынонімаў, як жыццё — смерць, шчасце — няшчасце, а таксама магістральнай міфалагічнай апазіцыі сакральнае — прафаннае. Уласна міфалагічнай класіфікацыя становіцца тады, калі зроблены пераход ад семантычных апазіцый, якія выяўляюць арыентацыю чалавека ў прасторы і ўспрыняцце кантрастных адчуванняў, да касмалагічнага асэнсавання асноўных параметраў карціны свету і ўстанаўлення адпаведнасцей на мове розных органаў пачуццяў, частак грамадства, прыроднага свету, чалавечага цела і інш., а таксама для ўключэння ў адпаведную сістэму каштоўнасцей.