Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)
Алег Гардзіенка
Памер: 536с.
Смаленск 2007
Удзельнікі нарады разьмеркавалі абавязкі кіраўніцтва БККА. Расьціслаў Завістовіч і Лёнгіна Брылеўская сталі сакратарамі арганізацыі, Аляксей Шудзейка— скарбнікам. Галоўная праца— рэпрэзэнтацыя Беларусі на замежным кірунку— ускладалася на старшыню арганізацыі.
Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі, пры падтрымцы шматлікіх беларускіх грамадзкіх арганізацыяў, узяў на сябе абавязак праводзіць працу беларускага амбасадара ў ЗША.
Праца БККА выяўляецца перадусім у рэпрэзэнтацыі свайго народу і навязваньні кантактаў з уладамі Аб’еднаных Нацыяў, урадавымі дзейнікамі ЗША, іншанацыянальнымі групамі, а таксама праз утрымоўваньне цеснага кантакту зь беларускімі арганізацыямі ЗША і Канады супольна ладжанымі спатканьнямі і сьвяткаваньнямі сваіх нацыянальных сьвятаў248.
У сваёй рэпрэзэнтацыйнай дзейнасьці Кангрэсавы камітэт павінен быў улічваць новыя тэндэнцыі замежнай палітыкі ЗША. На першай нарадзе БККА з новым складам кіраўніцтва была абмеркаваная рэзалюцыя, што тычылася стварэньня пры амэрыканскім Дзярждэпартамэнце «аддзелаў вызваленьня паняволеных народаў»249. Паводле рэзалюцыі, меркавалася, што ў аддзелы будуць уваходзіць прадстаўнікі кожнага з такіх на-
247 Пратакол № 1 Нарады інаўгурацыйнае Беларускага Кангрэсавага Камітэту Амэрыкі, якая адбылася 14-га ліпеня 1957 г. у Саўт-Рывэры. 3 архіву БККА.
248 Зварот Беларускага кангрэсавага камітэту ад 25 верасьня 1961 г. 3 архіву БККА.
249 Пратакол № 1 Нарады інаўгурацыйнае Беларускага Кангрэсавага Камітэту Амэрыкі, якая адбылася 14-га ліпеня 1957 г. у Саўт-Рывэры.
родаў. Ад БККА былі прапанаваныя наступныя кандыдаты: Іван Касяк, Бэрнард Букатка, Расьціслаў Завістовіч, Лёнгіна Брылеўская, Аляксей Шудзейка, а. Мікалай Лапіцкі. Толькі апошні не ўваходзіў у кіраўніцтва БККА, але ён зьяўляўся сябрам управы Злучанага беларуска-амэрыканскага дапамаговага камітэту й быў настаяцелем парафіі сьв. Эўфрасіньні Полацкай, якая была падмуркам беларускіх арганізацыяў, што складалі Кангрэсавы камітэт. Зрэшты, далей дэклярацыяў аб неабходнасьці стварэньня такой структуры пры Дзярждэпе справа не пайшла.
Вялікі ўплыў на дзейнасьць БККА, вызначэньне прыярытэтаў і мэханізмаў працы на новым этапе, як гэта было й раней, рабіла асоба кіраўніка арганізацыі. Іван Касяк належаў да катэгорыі новых эмігрантаў, якія лічылі, што беларусамуцекачам трэба рэал ізоўвацца на эміграцыі. Ён зарабіў грошы ня толькі як інжынэр-архітэктар, але і ўмела гуляючы на біржы250. Акрамя таго, Іван Касяк браў актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці: радзе Беларускай праваслаўнай (кананічнай) царквы, Беларускай Цэнтральнай Радзе, старшыняваў у БККА. Магчыма, такой актыўнай грамадзкай дзейнасьці ў розных кірунках спрыяла тое, што Іван Касяк быў у тым часе нежанаты, а таму меў больш вольнага часу, чым ягоныя паплечнікі. Ён патрабаваў ад сваіх падначаленых па БККА большай актыўнасьці. Напрыклад, у лісьце да сакратара арганізацыі Міхася Сенькі (30 верасьня 1958 г.) Касяк крытыкаваў сяброў управы за пасіўнасьць.
Нарада нашага Кангрэсавага камітэту, скліканая мною на 28 верасьня б. г., не адбылася, бо прыбылі толькі два сябры. Я жыву далёка ад Саўт-Рывэру і не магу ведаць аб асабістых плянах паасобных сяброў Камітэту, бальшыня зь якіх пражывае ў Саўт-Рывэры. Атаму не магу трапна выбраць часу на паседжаньні Камітэту. Можа, Вы будзеце ветлівы і склічаце чарговую нараду Камітэту, прадбачачы ўспомненую вышэй акалічнасьць. Можа, будзе адпаведнай дата 12 кастрычніка, калі маецца адбыцца царкоўная ўрачыстасьць. Нарада забярэ мала часу— каля 1 гадзіны і, хіба, ня будзе перашкодай паасобным сябром у іх асабістых справах251.
250 Успаміны Лёлі Касоўскай пра Івана Касяка, напісаныя спэцыяльна для аўтара кнігі. Захоўваюцца ў прыватным архіве Алега Гардзіенкі.
251 Ліст Івана Касяка да Міхася Сенькі ад 30 верасьня 1958 г. 3 архіву Івана Касяка.
3 часам новаму старшыню БККА давялося зьмірыцца з такім становішчам справаў і падладжвацца пад акалічнасьці іншых сяброў арганізацыі. У другой палове 1950-х — 1960-х гг. паседжаньні ўправы БККА праходзілі больш-менш рэгулярна, раз на месяц ці раз на два месяцы. Дзейнасьць арганізацыі паранейшаму праходзіла ў двух кірунках: узаемадачыненьні зь беларускімі арганізацыямі ўнутры ЗША, супрацоўніцтва зь іншымі арганізацыямі, г. зв. замежная палітыка. Прыкладам, на паседжаньні ўправы БККА 22 верасьня 1957 г. абмяркоўваліся дачыненьні Кангрэсавага камітэту й Антыбальшавіцкага блёку народаў (АБН)252. Кіраўніцтва прыхільнікаў АБН настойвала на тым, каб БККА ўступіў у арганізацыю. Кіраўніцтва БККА, у сваю чаргу, было катэгарычна супраць, зь перакананьня, што Беларускі кангрэсавы камітэт мусіць заставацца незалежнай грамадзкай арганізацыяй.
Спробы аб'яднаньня з БАЗА й стварэньня супольнай Беларуска-амэрыканскай рады
Зь Беларускім кангрэсавым камітэтам у Амэрыцы канкуравала Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне, якое нягледзячы на большую колькасьць сяброў пакуль прайгравала БККА на замежным кірунку працы. Камітэт намаганьнямі Мікалая Шчорса ўжо ў 1953 г. наладзіў трывалыя кантакты з кангрэсам ЗША. Але Вашынгтон даваў выразны сыгнал: беларусам для вырашэньня сваіх пытаньняў найлепей выступаць адзіным фронтам. Пагатоў рыхтавалася Кангрэсавая пастанова аб вызначэньні й адзначэньні Тыдня паняволеных народаў.
У 1959 г. быў адроджаны праект супольнай Беларускай кангрэсавай рады Амэрыкі. Цяпер ініцыятыва аб’яднаньня сыходзіла адначасова ад абодвух структураў: кіраўніцтва БККА й кіраўніцтва БАЗА, на чале якога ў 1959 г. стаў Кастусь Мерляк.
Мерляк прыехаў у ЗША з Аргентыны, дзе ён стварыў мясцовае Згуртаваньне беларусаў. Грамадзкае жыцьцё ў гэтай лацінаамэрыканскай краіне пасьля вайны істотна розьнілася ад дзейнасьці беларускіх грамадаў у іншых рэгіёнах сьвету. У сярэдзіне 1940-х, да прыезду паваеннай хвалі эміграцыі, у
252 Удзел у паседжаньні ўзялі таксама Расьціслаў Завістовіч, Лёнгіна Брылеўская, Барыс Шчорс, Мікалай Новік, Міхась Сенька, Ксенафонт Вайцяхоўскі, Віталь Цярпіцкі, Лявон Шурак, Нікандар Мядзейка.
Аргентыне працавалі шаснаццаць беларускіх арганізацыяў, але ўсе яны былі аб’яднаныя ў Фэдэрацыю беларускіх арганізацыяў, што знаходзілася пад моцным уплывам савецкай амбасады253. Дзякуючы ўмелай савецкай прапагандзе да новапрыбылых яны паставіліся варожа. Некалькі сотняў нашых суайчыньнікаў, што прыехалі ў Аргентыну пасьля вайны, былі вымушаныя трымацца разам, каб процістаяць адмоўна настроеным суродзічам. У такой сытуацыі падзелу на прыхільнікаў БЦР і Рады БНР у Аргентыне проста не магло быць. «Да пераезду ў ЗША я ня ведала пра існаваньне на эміграцыі двох лягераў — «крывічоў» і «зарубежнікаў». Муж, канечне, пра гэта ведаў, аднак ніколі пра іх не расказваў — у Буэнас-Айрэсе мы ўсе жылі па-сяброўску», — згадвала ў сваіх успамінах Ганна Мерляк254.
Зь пераездам у ЗША Кастусь Мерляк актыўна ўключыўся ў тамтэйшае грамадзкае жыцьцё. У кастрычніку 1954 г. ён ужо быў абраны старшынём аднаго з найбуйнейшых аддзелаў арганізацыі — БАЗА-Нью-Ёрк, а са сьнежня 1954 г. заняў пасаду старшыні Сэктару Рады БНР на ЗША. Гэты сэктар быў найбуйнейшы на эміграцыі, колькасна ён пераважаў усе астатнія такія структуры, і часам пастанова, прынятая Амэрыканскім сэктарам, была вырашальнай.
Пасьля пераезду ў ЗША Кастусь Мерляк паспрабаваў зьмякчыць палітычны падзел эміграцыі. Ён быў шчыры прыхільнік Рады БНР, але БЦРаўцы былі для яго выключна палітычнымі апанэнтамі, а ня ворагамі. Апроч таго, Мерляк дазваляў сабе раз-пораз крытыкаваць кіраўніцтва Рады БНР і БАЗА. Найбольш даставалася канцэпцыі непрадрашэнства. Аднак нягледзячы на тое, што погляды Кастуся Мерляка афіцыйна разыходзіліся з поглядамі кіраўніцтва рады БНР і духоўных лідэраў дыяспары ў Амэрыцы, у 1959 г. на VIII Кангрэсе яго абралі кіраўніком Галоўнай управы БАЗА. I адразу па сваім абраньні Мерляк рабіў спробы наладзіць кантакт з кіраўніцтвам БККА.
Першае агульнае паседжаньне сяброў дзьвюх арганізацыяўапанэнтаў прайшло 1 лістапада 1959 г. Ад БАЗА ў ім узялі ўдзел Кастусь Мерляк і Франціш Бартуль, ад БККА Іван Касяк, Валянціна Вайцяхоўская, Ксенафонт Вайцяхоўскі, Міхась Сенька, Уладзімер Пеляса, Лёнгіна Брылеўская. Старшыняваў
253 Мерляк К. Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі... С. 63-64.
254 Мерляк Ганна: У Аргентыне не было падзелу на «крывічоў» і «зарубежнікаў» II Адзінец А. Паваенная эміграцыя... С. 296-301.
на нарадзе Ўладзімер Пеляса255. Сябры БККА прапанавалі абмеркаваць чатыры пытаньні: «справа дзяржаўнай рэпрэзэнтацыі», царкоўны падзел, пытаньне «непрадрашэнства» ды Антыбальшавіцкага блёку народаў і г. зв. «ватыканскую акцыю». Аднак спыніліся толькі на першым пытаньні: аб’яднаньні ўнутраных высілак у стварэньні агульнай беларускай арганізацыі ў Амэрыцы256. Вынікам паседжаньня стаў Зварот да беларуска-амэрыканскіх арганізацыяў у ЗША. БАЗА зьвярталася да сваіх сяброўскіх арганізацыяў, БККА—да сваіх. (У 1959 г. у склад БККА ўваходзілі: Беларуска-амэрыканская нацыянальная рада ў Чыкага, Саюз беларускай моладзі ў Нью-Джэрзі, Аб’яднаньне (саюз) беларуска-амэрыканскіх студэнтаў, ЗБАДК, Праваслаўны царкоўны камітэт.) Кіраўнікі БККА прапаноўвалі сваім арганізацыям адказаць на пытаньні, што тычыліся патрэбы стварэньня такой агульнай беларускай арганізацыі:
3 мэтай шуканьня шляхоў для аб’еднаньня высілкаў беларуска-амэрыканскіх арганізацыяў, падзеленых на розныя ідэалягічныя напрамкі, для больш эфэктыўнай дапамогі нацыянальнавызвольнай справе беларускага народу, паняволенага Савецкай Расеяй, дня 1-га лістапада 1959 г. у Нью-Ёрку адбылася ўступная нарада прадстаўнікоў Беларускага Кангрэсавага камітэту Амэрыкі і Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня ў Амэрыцы. Нарада сьцьвердзіла, што вырашэньне гэтай справы належыць да самых паасобных арганізацыяў і таму пастанавіла зьвярнуцца да ўсіх беларуска-амэрыканскіх арганізацыяў з наступнымі запытаньнямі:
1. Як Ваша арганізацыя ацэнівае сучасны стан абслугоўваньня вонкавага адрэзка беларускай нацыянальна-вызвольнай справы ў СШПАмэрыкі?
2. Як Вы ацэніваеце факт адсутнасьці адзінага беларускаамэрыканскага кіраўніцтва на вонкавым адрэзку беларускай справы ў СШПАмэрыцы?
3. Якое вырашэньне Вы прапануеце для сучаснай сытуацыі вышэй парушанай працы?