Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)
Алег Гардзіенка
Памер: 536с.
Смаленск 2007
Хочацца мне пераслаць Вам пры гэтым неадкладна копію рэцэнзіі на кніжку Лофтуса аб беларусах з Los Angeles Times, якую даставіла мне дачка Ядзя ў мін[улую] суботу і якую прыпадкам яна мела, бо мы гэтай газэты не выпісвалі. Дачка назвала яе страшнай, а я да гэтага часу змог ужо пачытаць кніжку і пабачыць, як гадка яна напісана! Др. Запруднік пэўны, што дасьць адпаведны адказ — думаю, што і Вы не астанецеся ў даўгу. Некаторыя із нашых высказалі патрэбу байкатаваць кніжку і не купляць. Я ўважаю, каб усе яе ўважна прачыталі і прынялі яе як добрую навучку для сябе і «палітграмату». (...)431
Магчыма, інфармацыйную й інтэлектуальную падтрымку Джону Лофтусу аказваў і савецкі Менск. Так, інфармацыя пра канфэрэнцыю ў Роклэндзе была церазь дзень (!) перадрукаваная менскай «Сельской газетой»432. Зважаючы на розьніцу ў часе паміж Амэрыкай і СССР, а таксама на тагачасныя мэханізмы й хуткасьці ў выданьні газэтаў, складавалася ўражаньне, што «справа Лофтуса» — добра сплянаваная акцыя, прычым ініцыяваная з боку БССР і Масквы. Як высьветлілася пазьней, за некалькі месяцаў да свайго скандальнага інтэрвію Джон Лофтус сышоў зь бюро па спэцыяльных дасьледаваньнях Дэпартамэнту юстыцыі й прыхапіў з сабой некаторыя дакумэнты. Прыкладна ў 1981-1982 гг. на дом дачкі Радаслава Астроўскагаў Фларыдзе напалі невядомыя433. Мэтай злачынцаў мог быць менавіта архіў прэзыдэнта БЦР Прынамсі, гэтым можна вытлумачыць тую боязь і празьмерную асьцярожнасьць, зь якой Галіна Мінкевіч доўгі час перадавала архівы свайго бацькі ў Саўт-Рывэр.
431 Ліст Часлава Найдзюка да Івана Касяка ад 14 сьнежня 1982 г. 3 архіву Івана Касяка.
432 «Белорусское досье» на амернканскнх телеэкранах // Сельская газета.
21 февраля 1985. Гл. таксама: Голас радзімы. 28 лютага 1985.
433 Ліст Лёнгіны Брылеўскай да Алега Гардзіенкі ад 20 жніўня 2007. Захоўваецца ў прыватным архіве аўтара кнігі.
Варта таксама заўважыць, што падобныя падзеі ў 1980-х мелі месца і ў Аўстраліі. Тут у 1986 г. пабачыла сьвет кніга Томаса Кінілі «Сямейнае вар’яцтва»— мастацкі твор, прысьвечаны адной беларускай сям’і, што пасьля вайны перабралася ў Аўстралію434. Пастаянным фонам дзеяньняў кнігі былі падзеі нямецкай акупацыі й дзейнасьць падчас яе аднаго з герояў кнігі. Праўда, такога рэзанансу, як «справа Лофтуса», кніга Томаса Кінілі ў Аўстраліі не зрабіла. Пазьней яна была перакладзеная на польскую мову й выдадзеная ў Варшаве.
Хоць удар Джона Лофтуса й тых, хто за ім стаяў, быў накіраваны на ўсю беларускую дыяспару, аўтар, відаць, слаба разьбіраўся ў беларускім палітычным расколе на эміграцыі. Баранілася беларуская эміграцыя паасобку: БККА сваімі сіламі, БАЗА — сваімі, але дапаўняючы адно аднаго.
...На кніжку, апублікаваную пад прозьвішчам Лёфтуса, трэба даць адказ па ўсіх закранутых у ёй асноўных справах. Адказ протапр. Сьвятаслава (Каўша) на ангельскай мове, апублікаваны ў № 34 за 1983 «Царкоўнага Сьветача», дае добрыя насьвятленьні аб ілжывасьці парадаў, але пераважна на мясцовыя дачыненьні ў Вашых аколіцах. Цыркуляцыя гэтага часапісу досыць абмежаваная і да кіруючых дзейнікаў амаль не трапляе. Трэба насьвятліць фактычную сутнасьць гэтага чарненьня і разаслаць гэты матэрыял для кіруючых дзейнікаў перадусім. Я зьбіраю дадзеныя па гэтай справе, а апрацаваньне зойме шмат часу435.
Мэмарандумы, як з боку БАЗА, так і БККА, адыгралі станоўчую ролю— было бачна, што беларусы бароняцца ад хлусьні Лофтуса, прыводзячы свае аргумэнты ці на канкрэтных фактах выкрываюць хлусьню. Інфармацыя была аднатонная, і яе было шмат. Так, Вітаўт Кіпель і Юрка Андрусышын наведвалі кангрэсмэнаў і падавалі мэмарандумы, як ад БККА, так і ад БАЗА. Праз пэўны час была разаслана вялікая колькасьць мэмарандумаў, адбыліся сустрэчы зь дзясяткамі кангрэсмэнаў, дзе тлумачылася паўсталая сытуацыя.
У сувязі са «справай Лофтуса» ў беларускім асяродзьдзі ў ЗША паўстала ідэя стварэньня праўдзівай кнігі пра
434 Keneally, Thomas. A Family Madness. Sydney — London — Nes York: Simon and Schuster, 1986. — 336 p.
435 Ліст Івана Касяка да Віталя Цярпіцкага ад 9 траўня 1983 г. 3 архіву Івана Касяка.
II Сусьветную вайну на Беларусі, каб супрацьстаяць закідам у калябаранцтве й супрацоўніцтве з нацыстамі. Але імпэт да яе ажыцьцяўленьня зьнік у 1989 г., калі выйшла кніга Івана Касяка, дзе даволі падрабязна распавядалася пра падзеі нямецкай акупацыі, ды пабачыла сьвет на польскай мове кніжная вэрсія доктарскай дысэртацыі беларускага гісторыка з Варшавы Юр’я Туронка «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Польская кніга была вельмі папулярная сярод беларусаў ЗША, стаўшы для іх настольнай кнігай436.
«Справа Лофтуса» стала згасаць у сярэдзіне 1980-х, калі яе ініцыятар заняўся іншымі справамі: напісаў аналягічную кнігу пра злачынствы Ватыкану, потым стаў радыёкамэнтатарам у справе яўрэйска-арабскіх дачыненьняў, чым даволі сур’ёзна падарваў давер да сябе ў амэрыканскім грамадзтве.
Зьменшылася ад 1986 г. і цікавасьць амэрыканцаў да беларускіх справаў, на першы плян выйшлі падзеі ў СССР, перабудова й паступовая рэарганізацыя савецкай імпэрыі.
13 сакавіка 1989 г. у РывэрФорэсьце пад Чыкага памёр Іван Касяк, які ўзначальваў Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі на працягу 32 гадоў. Паводле тастамэнту яго цела было перавезенае й пахаванае на беларускім могільніку ў Саўт-Рывэры, дзе жонка паставіла яму магутны помнік417.
Надмагільны помніківану Касяку ў Саўт-Рывэры.
436 У 1993 г. яна выйшла па-беларуску ў Менску, а ў 2008 г. перавыдадзеная з улікам правак аўтара. Але ў саўт-рывэрскім архіве захоўваецца некалькі асобнікаў менавіта польскага выданьня.
437 Вітаўт Кіпель згадвае: «Іван Касяк часта заходзіў да мяне ў [НьюЁрскую] бібліятэку, і мы часта зь ім хадзілі выпіць кавы. Неаднаразова ён казаў мне: пакуль ня маем дзяржавы, магутнасьці — хай будуць па нас магутныя помнікі! Відаць, казаў ён гэта і жонцы. Я ж з магутнасьцю помнікаў ніяк не згаджаюся» (цыт. паводле ліста Вітаўта Кіпеля да аўтара кнігі Алега Гардзенкі ад 3 сьнежня 2007 г.).
***
Дзейнасьць БККА за кіраўніцтвам Івана Касяка можна ўмоўна разьдзяліць на тры этапы.
Пачатковы этап прыйшоўся на 1957-1965 гг. Ён вызначаўся спробамі актывізаваць дзейнасьць БККА, ператварыць яго ў мабільную дынамічную арганізацыю. У 1957-1959 гт. Іван Касяк зрабіў спробу карэнным чынам рэарганізаваць Кангрэсавы камітэт (які, паводле статуту, аб’ядноўваў іншыя арганізацыі й быў іх прадстаўніцтвам) у самастойную арганізацыю. Старшыня БККА стараўся павялічыць колькасьць зборак грамадзкага актыву, абавязаць сяброў рабіць справаздачы. Але з увагі на занятасьць дзеячаў сямейнымі, прафэсійнымі абавязкамі, удзел у іншых арганізацыях такі праект ажыцьцявіць не атрымалася.
У 1959-1963 гг. была зробленая няўдалая спроба аб’яднаньня з БАЗА й стварэньня супольнай Беларускай кангрэсавай рады для «рэпрэзэнтацыі беларускіх арганізацыяў навонкі». Прычыны няўдачы хаваліся ў супярэчнасьцях унутры БАЗА, а менавіта нежаданьні аб’ядноўвацца крыла, цесна зьвязанага з Радай БНР. Паводле Вітаўта Кіпеля, беларускае шырокае грамадзтва тады яшчэ не сасьпела для аб’яднаньня438. Гэта тычылася ў тым ліку й асяродзьдзя БККА. Менавіта гэтыя самыя людзі сямю гадамі раней, у 1956 г., пахавалі прапановы аб’яднаньня, што сыходзілі ад Міколы Шчорса.
Старэйшае пакаленьне эміграцыі сапраўды не было гатовае да паразуменьня. Жорсткую характарыстыку, дадзеную Кастусём Мерляком адносна сяброў Беларуска-амэрыканскага зьвязу, створанага Міколам Шчорсам — «яны ў сапраўднасьці былі эгаістычныя, індывідуалістычныя, не рэальныя, а перадусім не зразумелыя. Iвось гэтыя людзі сабіраліся аб ’яднаць, пашыраць супрацоўніцтва, увесьці дэмакратызм, талеранцыю ўнутры беларускага грамадзтва ў вольным сьвеце»439, — можна было перанесьці на ўсю беларускую палітычную грамаду ў Амэрыцы. Аб’яднаньне абодвух крылаў эміграцыі фактычна, а не юрыдычна адбылося толькі ў 1990-х, калі на першыя ролі выйшла маладзейшае пакаленьне, не зьвязанае практыкамі палітычнай барацьбы другой паловы 1940-х.
438 Ліст Вітаўта Кіпеля да Алега Гардзіенкі ад 4 верасьня 2007 г. Захоўваецца ў прыватным архіве аўтара кнігі.
439 Мерляк К. Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі... С. 165.
Правал аб’яднальных працэсаў пачатку 1960-х прымусіў кіраўніцтва БККА перагледзець сваю дзейнасьць. Ад 1965 г. пачаўся іншы этап (1965-1982 гг.), калі Кангрэсавы камітэт амаль цалкам сканцэнтраваўся на трох напрамках дзейнасьці: стварэньне й распаўсюд мэмарандумаў, удзел у міжнародных антыкамуністычных форумах і дамаганьне прызнаньня ў штатах і гарадах 25 сакавіка Беларускім Днём Незалежнасьці. Адпаведна, многія дзеячы БККА сталі выступаць у кіраўнічых структурах ад свайго імя, а не ад імя арганізацыяў.
На фоне спаду грамадзкага жыцьця ў 1970-х былі зноў зробленыя спробы штучна зацікавіць пазасталы грамадзкі актыў праз павелічэньне шэрагаў кіраўнічых органаў БККА, а адсюль і пашырэньне грамадзкіх абавязкаў. Нягледзячы на гэта ў пачатку 1980-х актыўнае грамадзкае жыцьцё стала занепадаць.
Абудзіла беларусаў «справа Лофтуса», якая актывізавала грамадзкія сілы, каб пераадолець абвінавачаньні ў супрацоўніцтве з нацыстамі. Тым ня менш, наступны этап (1982-1989 гг.) характарызуецца спыненьнем на некаторых кірунках, апроч абвяшчэньня Дня 25 Сакавіка і ўдзелу ў міжнародных канфэрэнцыях, дзейнасьці БККА.
Ад 1982-га да 1990 г. ня быў праведзены ніводны Кангрэс беларусаў Амэрыкі, што сьведчыць у тым ліку й пра агульную апатыю. Магчыма, паўплываў на гэта й пераезд Івана Касяка ў 1978 г. зь Нью-Ёрку ў Рывэр-Форэст пад Чыкага, дзе ягоная жонка атрымала добрааплатную працу ў шпіталі. Такім чынам, нью-ёрска/нью-джэрзійскі асяродак быў пазбаўлены свайго рухавіка, і калі яшчэ ў першыя гады па ад’езьдзе дзеяча (19781980) тут намагаліся хоць нейкім чынам захаваць бачнасьць грамадзкай працы, то пасьля X Кангрэсу беларусаў Амэрыкі (1982) і разьвязаньня «справы Лофтуса» (1983-1986) актыўнасьць зьменшылася.
Міжнародныя падзеі, перадусім пачатак перабудовы, а потым і сыход з палітычнай мапы СССР, разбудзілі й дзейнасьць нацыянальных, асабліва эўрапейскіх, групаў у ЗША. He абмінула актывізацыя й беларуска-амэрыканскія арганізацыі, улучна з БККА.