• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларускія народныя казкі

    Беларускія народныя казкі


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 144с.
    Мінск 1981
    46.39 МБ
    Толькі сышоў ён на бераг, як бачыць — не стала за ім моста! «Што за дзіва!» — думае Янка. Мац у кішэнь —аж няма табакеркі... Катка ўзяў, мышку ўзяў, а табакерку забыўся...
    Тут ён аб усім здагадаўся. «Вось табе і прысяга каралеўны! — падумаў сам сабе Янка.— Я яе пашкадаваў, з бйды выбавіў, а яна мне за дабро злом заплаціла. Цяпер зноў давядзецца ісці ў сваю хатку і галадаць, як раней».
    Сеў ён на беразе мора і аж заплакаў ад крыўды. Раптам чуе— мышка скрабецца ў кішэні. Высунула адтуль галоўку і пытаецца:
    — Чаго ты плачаш, добры чалавек?
    Расказаў ёй Янка пра сваю бяду.
    — Нічога,— суцяшае яго мышка,— гэтай бядзе мы дамо рады.
    Пашапталася яна аб нечым з катком, потым села яму на спіну, і паплылі яны цераз мора. Даплылі да замка. Тут каток схаваўся ў садзе, а мышка праз шчыліну прабралася ў пакой да каралеўны.
    Доўга сядзела яна там, цікуючы, дзе каралеўна табакерку хавае. I даглядзела-такі — у драўляным куфэрку!
    Уночы, як лягла каралеўна спаць, прагрызла мышка куфэрак, схапіла табакерку ды пабегла ў сад да катка.
    — Есць,— кажа,— залатая табакерка!
    — To садзіся зараз жа мне на спіну! — загадаў каток.— Паплывём назад.
    Села мышка яму на спіну, каток і паплыў, фыркаючы, па хвалях.
    Даплылі ўжо траха не да берага. Каток пытаецца ў мышкі:
    — Ці не згубіла ты табакеркі?
    — He,— кажа мышка,— вось яна!
    Падняла табакерку, каб паказаць катку, ды не ўтрымала: табакерка плюх у мора!
    — Ах ты, недарэка! — узлаваўся каток.— Што ж ты нарабіла?
    Выплыў ён на бераг і схапіў мышку зубамі за спіну.
    — Я цябе задушу!
    Убачыў гэта Янка, адабраў у катка мышку. А як даведаўся, што здарылася, дык зноў сеў каля мора і моцна зажурыўся — так шкада было яму табакеркі.
    Раптам з мора паказалася серабрыстая рыбка:
    — Чаго ты, чалавеча, сумуеш? Раскажы мне: можа, я табе ў чым дапамагу за тое, што ты калісь збавіў мяне ад смерці.
    Прыгледзеўся Янка — пазнаў тую рыбку.
    — Эх! — цяжка ўздыхнуў ён.— Вялікая ў мяне страта...
    I расказаў рыбцы пра сваю бяду. Выслухала яго рыбка і кажа весела:
    — Гэта бяда — не бяда! У мяне тут, у моры, табакерак колькі хочаш. Я табе буду выкідаць іх, а ты пазнавай, якая твая. Сваю забярэш, а мае мне назад вернеш.
    Вільнула рыбка хвастом і нырнула на дно мора.
    Неўзабаве пачала яна выкідаць на бераг табакеркі — сярэбраныя, залатыя, дыяментавыя. У Янкі аж у ваччу мітусіцца ад табакерак. Давай ён пільна прыглядацца да іх і нарэшце такі ўбачыў сваю. Зарадаваўся Янка, пакідаў у мора лішнія табакеркі і крыкнуў да рыбкі:
    — Дзякую, даражэнькая! Збавіла ты мяне ад бяды.
    Узяў ён сваю залатую табакерку і пайшоў з катком і мышкай шукаць лепшых людзей.
    5 Зак. 1021
    ГАРОШАК
    Жыў калісь на свеце адзін гаспадар з жонкаю.
    Былі ў іх два сыны і адна дачка.
    Рэдка ў каго былі такія працавітыя хлопцы, як гэтыя сыны. Ніколі яны не сядзелі без работы, а калі дома работы не было, то хадзілі ў чужыя землі.
    Яшчэ больш цікавай была іх сястра. Цяжка было знайсці такую прыгожую, такую мілую дзяўчыну. I звалася яна Ясаня.
    Адзін раз улетку, парабіўшы дома работу, задумалі браты пайсці ў заработкі.
    — Калі мы не вернемся праз тры ,дні,— сказалі браты,— то няхай нам Ясаня прынясе есці.
    — А як жа я вас, браткі, знайду? Куды мне есці прыносіць? — спытала Ясаня братоў ужо на дварэ.
    — Мы будзем салому па дарозе церушыць. Па гэтай саломцы і знойдзеш ты нас.
    Развіталіся яны з бацькамі, з сястрою.
    Ідуць браты, саломку па дарозе раскідваюць, прыгаворваючы:
    — Будзе наша Ясаня ісці і не саб’ецца з дарогі.
    А ў тых месцах жыў страшны змей. У яго быў жалезны язык, вочы — як жарнавыя камяні, і гарэлі агнём. Жыў ён у палацах. Тыя палацы былі зложаны з людскіх касцей.
    Падслухаў змей, што казалі браты, даведаўся, навошта салому цярушаць. Пазбіраў ён гэту салому і пакідаў яе па дарозе, што ў яго касцяныя палацы вяла.
    «Будзе яна па саломцы ісці і ў мае палацы прыйдзе»,— думае змей.
    Так яно і сталася.
    Праходзіць дзень, праходзіць другі,— няма братоў. I трэці дзень мінуўся, а іх няма.
    На чацвёрты дзень сабралася Ясаня ў дарогу братам есці несці. Узяла яна хлеба, стравы і пайшла.
    Ідзе яна ды ідзе, на саломку прызіраецца. А дарога ўсё глыбей у лес забірае. Лес цёмны, глухі, нават і неба не відаць. Ідзе Ясаня, і страшна робіцца ёй. «Куды ж так далёка зайшлі яны?» — думае дзяўчына. Вось пад вечар падыходзіць яна да касцяных палацаў ліхога змея. Паглядзела Ясаня, і сэрца яе замерла ад страху: вакол чалаве-
    чыя косці ляжаць. Што ж тут рабіць? Кінулася яна бегчы назад. Бяжыць яна, бяжыць, ажно чуе — гудзе штосьці. Азірнулася — змей даганяе!
    Схапіў яе змей і ў свае палацы нясе.
    — Я цябе даўно чакаю,— кажа змей.— Цяпер ты будзеш жыць са мною — ты будзеш маёю жонкаю.
    Плакала, прасілася Ясаня, каб пусціў яе змей, але просьба не памагла.
    Браты чакаюць яе на чацвёрты дзень. Чакалі, чакалі, ды так і не дачакаліся. Пайшлі яны дадому.
    — Чаму ж вы,— кажуць бацькам,— не прыслалі яды?
    Напалохаліся бацькі.
    — Як не прыслалі? Хіба ж не было Ясані?
    Спалохаліся і браты. Напэўна з Ясаняю ліха налучылася.
    — Пайду шукаць яе,— кажа старэйшы брат.
    Сабраўся і пайшоў.
    Ідзе ён ды ідзе па той дарозе, што саломаю пацярушана, ды не прымеціў, што гэта не тая дарога, кудою ён з братам ішоў, і дайшоў да касцяных палацаў. Сустракае сястру.
    — Куды ж ты, братка, зайшоў? — пытае яго Ясаня.— Тут страшны змей жыве. З’есць ён цябе. Уцякай ты адгэтуль хутчэй.
    — Калі ўцякаць — уцякайма разам,— кажа ёй брат.
    — He, братка: ён чуе мой дух — ён дагоніць і зловіць нас. А адзін ты, можа, уцячэш.
    Толькі што яна так сказала, чуюць — як загудзе нешта, ды так моцна, што аж аглушыла іх. Глядзяць — аж то змей ляціць.
    — Гэта мой брат прыйшоў да нас,— кажа Ясаня змею.
    — Добра,— кажа змей,— вядзі ж ты яго да мяне ў госці.
    Увайшлі ў палацы.
    — Ну, жонка,—гаворыць змей,— дай нам пасмакаваць бобу жалезнага.
    Прынесла Ясаня жалезнага бобу. Змей як зачаў есці гэты боб, дык аж іскры пасыпаліся, а той, небарака, узяў адну бобіну ды чуць быў зубы не паламаў. Пажаваў дый выплюнуў з рота бобіну.
    Як закрычыць тут змей:
    — Ты што ж гэта дабром маім пагарджаеш? Я ем, а ты не можаш? Чым ты лепшы за мяне?
    Сядзіць бедны госць, баіцца зварухнуцца.
    — Хадзем — пакажу маё багацце!
    Вывеў змей свайго госця на двор і павесіў яго на варотах, а потым прыйшоў да Ясані і кажа:
    — Жонка! Я павесіў твайго брата, бо ён не хацеў есці майго бобу. Залілася Ясаня горкімі слязьмі, але бядзе памагчы нічым не магла. Праз дзень ці праз два выйшла Ясаня на дарогу, бачыць — другі брат ідзе, шукаючы яе.
    Такая ж самая доля напаткала і другога брата.
    Чакаюць бацькі сыноў дзень, чакаюць другі... Так чакалі з тыдзень, а іх усё няма.
    Аднаго разу досвіткам пайшла жонка гаспадара па ваду. Бачыць яна — коціцца па дарозе гарошак. Падняла яго, паглядзела ды і з’ела. I вось якая сталася з ёю праява. Пачула яна, што той гарошак стаў у ёй расці. А тыдняў праз два нарадзіўся ў яе сын. I такі прыгожы ды такі вялікі, што проста дзівота! I як толькі нарадзіўся ён, дык зараз жа і закрычаў:
    — Мама! Дай мне есці!
    А голас такі грубы-грубы, што ўсе папалохаліся.
    Расце той хлопец не па днях, а па часінах, і за месяц вырас такі вялікі, ды яшчэ і з барадою, ажно бацька яго баяўся.
    Думалі, думалі, як назваць яго, якое імя даць. I назвалі яго Гарошак.
    Праз нейкі час кажа Гарошак бацьку:
    — На табе, тата, шпільку, завязі яе да каваля, няхай выкуе з яе булаву ў сем пудоў.
    Бацька думае сабе: «Ось дурны які хлопец: хоча, каб са шпількі яму зрабілі булаву ў сем пудоў». Але сказаць аб гэтым сыну пабаяўся. Паехаў у горад, купіў сем пудоў жалеза, завёз да каваля.
    — Зрабі ты,— кажа,— булаву, каб яна важыла сем пудоў.
    Каваў, каваў каваль булаву, насілу выкаваў. Ускацілі на воз булаву. Прывозіць яе бацька дадому.
    — На,— кажа,— сынок, табе булаву.
    I скаціў яе на зямлю.
    Узяў Гарошак тую булаву адною рукою ды як шыбануў яе ўгору, аж яна ў небе схавалася.
    Шпурнуўшы гэту доўбню, ён пайшоў у хату, паснедаў, з бацькамі пагутарыў. А потым кажа:
    — Ну, бацька, хадзем на двор, зараз булава вернецца.
    Выйшлі за хату на поле. Паглядзеў Гарошак у неба.
    — Бач, тата: вунь булава ляціць!
    He паспеў бацька зірнуць, а булава як загудзе!
    Падставіў Гарошак калена. Як стукнецца аб калена булава! Трах! — і пераламалася папалам.
    Пакруціў Гарошак галавою.
    — Ты, мусіць, тата, не з тае шпількі булаву зрабіў.
    Паехаў бацька зноў у горад, купіў сем пудоў жалеза і зноў завёз яго да каваля. Выкаваў каваль новую булаву.
    Павёз яе бацька дамоў.
    Шпурнуў яе Гарошак угору, падставіў калена — булава толькі трошкі пагнулася.
    — Ну, гэта булава добрая,— кажа Гарошак, павесялеўшы,— цяпер жа, тата, пайду сястру шукаць.
    Доўга не думаючы, узяў Гарошак сваю булаву і пайшоў проста да змея.
    Пачуў змей вялікую сілу. Выскачыў на дарогу насустрач Гарошку. Зірнулі яны адзін на аднаго і маўчаць, як бы напужаліся адзін аднаго. Недалёка і Ясаня стаіць. Гарошак здагадаўся, што гэта сястра яго.
    Нарэшце кажа змей Гарошку:
    — Хадзем, браце, з’ямо трохі бобу.
    Пайшлі ў палац, селі за жалезныя столікі. Як толькі сеў Гарошак за свой столік, дык гэты столік так і пасыпаўся. Здзівіўся змей і яшчэ болыіі спалохаўся. Падаў госцю другі столік, яшчэ мацнейшы. Але і той сагнуўся пад Гарошкам. Пачалі есці жалезны боб. Елі, пакуль усяго не з’елі.
    Змей аж пачырванеў, так яму моташна стала, што знайшоўся чалавек, яшчэ дужэйшы за яго. Круціўся ён, круціўся, а потым кажа:
    — Хадзем, брат, агледзім маё багацце.
    — Хадзем.
    Прыходзяць у гумно. Гумно вялікае. Ад сцяны сцяны не ўбачыш. Ток выкладзен меддзю. Страха на жалезныя слупы апіраецца. А на гэтых слупах вісяць два чалавекі, даўно нежывыя.
    — Што гэта за людзі ў цябе вісяць? — пытае Гарошак.
    — Браты маёй жонкі,— адказвае змей.
    Затросся Гарошак ад злосці і гневу.
    — Ах ты, паганец, змяіная твая душа! To ж ты маіх братоў павешаў! — загрымеў Гарошак ды як хапіў рукамі змея, як здушыў яго ды як стукнуў, дык змей па пояс уляцеў у медны ток. Схапіў тады Гарошак сваю даўбешку ды як чахнуў змея па пераносіцы, дык той увесь крывёю заліўся. Трэснуў яшчэ раз па галаве, і дух з яго вон.
    Вярнуўся Гарошак дадому і сястру прывёў.
    ЗАЛАТАЯ ЯБЛЫНЬКА
    Жыў дзед і баба. I былі ў іх дочкі — дзедава дачка і бабіна дачка/ Дзедаву дачку звалі Галя, а бабіну — Юля.