Беларускія народныя казкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 144с.
Мінск 1981
Паехаў Гаравік, адсек усе шэсць галоў цмоку і адну на паказ прывёз.
— Дзе загадаеш цмокаву галаву падзець? — пытаецца ў Хведара Набілкіна.
— Кінь у куст дрэнь гэтую!
Шырока пайшла слава пра асілка Хведара Набілкіна. Дайшла чут-
1 Цмок — змей.
ка пра яго і да дзевяцігаловага цмока. Выклікае ён Хведара Набілкіна на бой. Хацеў Хведар Набілкін і на гэты раз каго са сваіх малодшых таварышаў паслаць, ды тыя адмовіліся.
— Мы ўжо,— кажуць,— ездзілі, цяпер твая чарга, ды і цмок па тваёй сіле трапіўся: нам з ім не справіцца.
Ну, нічога не зробіш: трэба ехаць. Ці ж да твару магутнаму асілку гонар свой траціць?
Сабраўся Набілкін, сеў на сваю дохлую кабылку і паехаў.
А цмок чакаў, чакаў Хведара Набілкіна, не дачакаўся — сам да яго выйшаў. Сустрэліся яны на паўдарозе. Як убачыў Хведар Набілкін перад сабою страшыдлішча дзевяцігаловае, напужаўся ды як дуж ходу назад! Цмок за ім. Збіўся Хведар Набілкін з роўнай дарогі, трапіў на глухую. А гэта дарога вяла ў дрыгвяністае балота. Ляцеў, ляцеў ён па глухой дарозе ды ўскочыў проста ў дрыгву. Цмок, не разглядаючы дарогі, таксама туды бухнуўся — адны галовы тырчаць.
Хведар Набілкін лёгкі быў, выскачыў адразу, а цмок і засеў там, як корч.
Разгледзеўся Хведар Набілкін — моцна сядзіць цмок у балоце, не паварушыцца нават. Схапіў ён цмокаў меч, падняў сяк-так і давай страшыдлішчу галовы адсякаць. Адсек усе дзевяць галоў, цяжкі меч у балота ўтаптаў, а сам пайшоў назад пехатою: кабылку сваю з дрыгвы выцягнуць ніяк не здолеў.
Прыйшоў на луг, крычыць да асілкаў:
— Гэй, малайцы! Зараз жа ідзіце ў дрыгвяністае балота, прывядзіце майго багатырскага каня. Я там з паганым цмокам ваяваў, усе дзевяць галоў яму сцяў.
Пайшлі асілкі на дрыгвяністае балота, глядзяць — і праўда: валяюцца ў балоце ўсе дзевяць цмокавых галоў!
— Вось жа,— кажуць,— сіляка! Гэта ж дзіва: утаптаў паганага цмока ў дрыгву і ўсе галовы адсек яму! I чым? Глядзець няма на што: не меч, а каса нейкая, ды і толькі!
Узяў Гаравік кабылку пад паху і прынёс гаспадару.
Яшчэ большая слава пайшла пра магутнага асілка Хведара Набілкіна. Дачуўся пра яго сам цар Храпун. Захацелася яму мець пры сабе такога слаўнага асілка, які дзевяцігаловага цмока адолеў. Паслаў яму запрашэнне.
З’явіўся Хведар Набілкін у палац. Цар справіў яму дарагое адзенне, аддаў лепшы ў палацы пакой, слуг і кухара да яго прыставіў.
Жыве Хведар Набілкін прыпяваючы.
Мінуў год, другі, на трэці год выступіў супраць цара Храпуна злосны ды грозны суседні цар Хапун.
Сабраў ён такое войска, што вокам не акінеш, лікам не злічыш. Стаў ён з войскам ля сталіцы цара Храпуна і паслаў яму аб’яву: выклікаю цябе на бой!
Напалохаўся цар Храпун, пытаецца ў Хведара Набілкіна:
— Што рабіць? Пераможа мяне цар Хапун...
— He пераможа! — адказвае Хведар Набілкін.— He турбуйся, бацюхна, ідзі спаць, я сам буду ваяваць.
Цар пазяхнуў соладка і пайшоў спань, а Хведар Набілкін загадаў, каб усе краўцы, шаўцы, цесляры, сталяры з’явіліся ў сталіцу.
I ўсе майстры з усяго царства з’явіліся ў сталіцу — цесляры з сякерамі, краўцы з іголкамі, сталяры з піламі, шаўцы з шыламі...
Выйшаў Хведар Набілкін да майстроў і кажа:
— За тры дні нарабіце мне сем палкоў драўлянага войска!
— Добра,— адказалі майстры,-— Наробім!
Як войска было гатова, Хведар Набілкін загадаў:
— Выставіць усё драўлянае войска ноччу за горадам!
Так і зрабілі. А сапраўднае войска Хведар Набілкін схаваў у кустах.
Прачнуўся раніцай цар Хапун, бачыць — стаіць супраць яго сем палкоў войска цара Храпуна: значыць, пара вайну пачынаць.
Цэлы дзень стралялі салдаты цара Хапуна ў салдат цара Храпуна.
Увесь порах спалілі, усе патроны патрацілі, а нікога не забілі.
Дзівіцца цар Хапун: ці не зачараванае войска выставіў цар Храпун?
Тым часам Хведар Набілкін даў каманду пускаць у работу сапраўднае войска. '
Выбеглі яго салдаты ды давай страляць па войску цара Хапуна. Стралялі, стралялі — усё войска перабілі, а самога Хапуна ў палон захапілі і да цара Храпуна прывялі.
Пабудзіў яго Хведар Набілкін і кажа:
— Што загадаеш, цар, з палонным рабіць?
Працёр цар вочы, бачыць — стаіць перад ім звязаны Хапун.
Зарадаваўся цар, падхрабрыўся.
— У пушку яго,— кажа,— зарадзіць і выстраліць у той бок, адкуль прыйшоў.
Так і зрабілі.
Паехаў цар за горад, паглядзеў — усё варожае войска покатам ляжыць, а яго ўсе салдаты жывы і здаровы.
— Як гэта табе ўдалося? — пытаецца цар у Хведара Набілкіна.— У Хапуна ж сілы ў тры разы больш было...
— Я,— кажа Хведар Набілкін,— ваюю не сілаю, а розумам.
Паставіў тады цар Храпун Хведара Набілкіна самым галоўным начальнікам над сваім войскам, а сам пайшоў спаць.
Спаў ён цяпер спакойна, бо ніхто з суседніх цароў і не думаў ісці на яго вайною.
ЯК ВАСІЛЬ ЗМЕЯ ПЕРАМОГ
Было яно ці не было, праўда ці няпраўда,— паслухаем лепш, што казка кажа.
Ну дык вось. Прыляцеў у адзін край страшэнны змей. Выкапаў ён сярод лесу ў гары глыбокую яму і лёг адпачываць.
Доўга ён адпачываў ці нядоўга — ніхто таго не памятае. А як устаў, дык адразу на ўвесь край закрычаў:
— Гэй, людзі — мужыкі і кабеты, старыя і малыя,— насіце мне кожны дзень даніну: хто гавядзіну, хто бараніну, а хто — свініну! Хто прынясе, той жыць будзе, а хто не — таго змей праглыне!
Напалохаліся людзі, пачалі насіць змею даніну.
Насілі, насілі, а потым глядзяць — і насіць няма чаго. Чыста згалелі. А змей быў такі, што без даніны не мог пражыць і гадзіны, Пачаў ён тады сам па вёсках лятаць, людзей хапаць — у нару да сябе цягаць...
Ходзяць людзі як непрытомныя, галосяць, не ведаюць, як ад ліхога змея збавіцца. Ніхто не можа даць яму рады, бо сіла ў змея такая, што кожнага з ног збівае.
А жыў у тым краі адзін чалавек. He сказаць каб дужы, але смелы і здагадлівы. Звалі яго Васіль.
Аднойчы Васіль і кажа суседзям:
— Ну што ж, паспрабую хіба я са змеем сілаю памерацца!
— Дзе табе з ім сілаю мерацца! — адказваюць суседзі,—Дарэмна толькі загінеш.
— Нічога,— кажа Васіль,— у яго сіла, а ў мяне розум. Паглядзім, што мацней.
Запрог ён каня, узяў тоўстую доўбню і паехаў у лес да змея.
Убачыў яго змей, вытрашчыў свае зялёныя вочы і пытаецца:
— Чаго ты сюды прыехаў з гэтаю доўбняю?
— Цябе біць! — адказвае Васіль.
— Бач ты яго! — здзівіўся змей.— Уцякай лепш, пакуль не позна, бо як дыхну, як свісну, дык на нагах не ўстаіш, за сем вёрст адляціш!
Усміхнуўся Васіль і кажа:
— He хваліся дарэмна, пудзіла ты старое,— я не такіх бачыў! Яшчэ паглядзім, хто з нас мацней свісне. Ну, свішчы!
Засвістаў змей, ды так моцна, што аж лісце з дрэў пасыпалася, лес зашумеў. А Васіль за дуб ухапіўся, стаіць сабе, і хоць бы што.
— Э,— кажа ён,— глупства! Хіба так свішчуць? Паслухай лепш, як я свісну. Толькі раю — завяжы сабе вочы, бо адразу наверх павылазяць.
Збянтэжыўся змей. «Можа, і праўда,— думае,— лепш завязаць вочы». Завязаў ён вочы анучаю.
— Ну, цяпер свішчы сабе!
Узяў Васіль доўбню, размахнуўся ды як свіснуў змею па галаве, дык у таго аж іскры з вачэй пасыпаліся.
Ачухаўся змей, дзівіцца на Васіля:
— Няўжо ты дужэйшы за мяне? He можа таго быць! Давай яшчэ раз сілу паспрабуем.
— Давай,— згаджаецца Васіль.
Схапіў змей камень, сціснуў лапамі, ды так моцна, што аж пыл пасыпаўся.
— Нічога дзіўнага!—смяецца Васіль.—Вось ты паспрабуй сціснуць камень так, каб з яго вада палілася.
Развязаў Васіль торбу, выняў свежы сыр і сціснуў яго на ўсю сілу — сыроватка так і палілася...
Бачыць змей — Васіль і праўда дужэйшы за яго. Напалохаўся ён і кажа:
— Прасі ў мяне што хочаш, я табе ўсё дам.
— Нічога мне не трэба,— адказвае Васіль.— У мяне дома ўсяго больш, як у цябе.
— He можа быць! — не верыць змей.
— He верыш, дык паедзем паглядзім.
— Добра, паедзем.
Селі на воз і паехалі.
Тым часам у дарозе змею захацелася есці. Убачыў ён чараду валоў пры лесе і кажа да Васіля:
— Схадзі злаві вала, перакусім трохі.
Пайшоў Васіль у лес і пачаў лыкі драць.
Чакаў, чакаў змей — няма ні Васіля, ні вала. Прыйшоў ён сам у лес.
— Што ты так доўга тут робіш? — пытаецца ў Васіля.
— Лыкі дзяру.
'— Навошта?
— Хачу вяровак навіць ды на абед валоў з пяць злавіць...
— Навошта нам пяць валоў? Хопіць і аднаго!
Схапіў змей вала за карак і павалок да воза.
— А ты,— кажа Васілю,— прынясі дроў вала смажыць.
Сеў Васіль у лесе пад дубам і сядзіць сабе, люлькаю пыхкае. Чакаў, чакаў яго змей— не дачакаўся. Зноў прыходзіць да Васіля. — Што ты так доўга тут робіш?
— Ды вось выбіраю дубы таўсцейшыя — хачу адразу з дзесятак прынесці.
— Навошта нам дзесяць дубоў? Хопіць і аднаго!
Вырваў змей самы тоўсты дуб і панёс да воза.
Засмажыў вала і кліча Васіля частавацца.
— Э,— кажа Васіль,— што з аднаго вала за наедак? Гэта мне на раз укусіць. Еш сам.
З’еў змей вала, і паехалі далей.
Пад’ехалі да Васілёвай хаты. Убачылі дзеці здалёк бацьку і закрычалі ад радасці:
— Тата едзе! Тата едзе!
А змей недачуў і пытаецца:
— Чаго там дзеці крычаць?
— А гэта яны радуюцца, што я цябе ім на абед вязу. Яны ў мяне даўно галодныя.
Спалохаўся змей, саскочыў з воза і як дуж кінуўся наўцёкі.
Але не разглядзеў дарогі — трапіў у балота. А балота было такое, што і дна не дастаць.
Праваліўся змей у балота ды там і захлынуўся.
СЫНОК-З-КУЛАЧОК
Жылі дзед і баба. I быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. He большы за кулак. Так дзед з бабай яго і звалі: сынок-з-кулачок.
Паехаў аднойчы дзед араць, а бабе сказаў, каб згатавала абед ды прынесла яму на поле.
Баба згатавала абед ды кажа да сына:
— Каб ты быў большы, дык занёс бы бацьку абед за мяне. А так мне самой трэба ісці.
А сынок падхрабрыўся і кажа:
— Давай, мама, занясу абед.
— Дзе табе данесці яго? — не верыць маці.
— Данясу!
Узяў сынок-з-кулачок абед, паставіў у дзедаў лапаць, сам ззаду сеў і паехаў.
Едзе сабе і песенькі спявае. Прыехаў на поле, гукае бацьку:
— Тата, я табе абед прывёз!
Убачыў яго бацька, зарадаваўся:
— Малайчына, сынок!
Сеў ён абедаць, а сын кажа:
— Тата, пасадзі мяне на саху, я араць буду.
— Як жа ты будзеш араць?
— А паглядзіш,— кажа сын.
Пасадзіў яго бацька на саху. Сынок-з-кулачок узяў лейцы ў рукі і крыкнуў на каня:
— Но, сівы-буры!
I пачаў араць.
Ехаў дарогаю пан у брычцы. Убачыў ён такое дзіва.
— Прадай, дзед, мне свайго аратага,— кажа пан.