Беларускія народныя казкі

Беларускія народныя казкі

Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 144с.
Мінск 1981
46.39 МБ
ЛІСІЦА I ЗБАНОК
Пайшла адна баба жаць і пакінула збанок са страваю на мяжы, ажно прыбягае ліска, усадзіла галаву ў збанок: лізь, лізь, лізь, лізь — нахлёбалася дый вымае галаву, а тут ніяк не выняць. Бяда!
— Ой, утаплю,— кажа,— збана!
А збанок кажа:
— Тапі!
Ліска, няма рады, пайшла да ракі са збанком. Прыбегла, садзіць галаву:
— Пусці, бо ўтаплю!
— Тапі!
Яна ўсадзіла глыбей, у збанок вады набралася, і ліску ў ваду пацягнула. От настрашыла зб.анка!
ЛІСІЦА-ХІТРЫЦА
Жылі дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі не было, толькі адна курачка Чубатка.
Жылі яны, жылі, дажыліся — няма чаго варыць.
Вось дзед і кажа бабе:
— Баба, а баба, звары хіба Чубатку, ці што?
Баба замахала рукамі:
Што ты, дзед, надумаўся! Лепш мы галодныя будзем, а Чубаткі я не дам варыць.
Пачула гэта курачка, пабегла на двор, знайшла там бабовае зерне і прынесла бабе.
Дзед кажа:
— Вось і добра. Звары ты, баба, хоць гэтую бобінку.
Паглядзела старая на бобінку:
— Дзеду мой, дзеду, што тут за наедак з аднае бобінкі? Я для яе і гаршка не падбяру. Давай лепш пасадзім яе. Як вырасце, тады спячом цэлы бабовы пірог.
— Дзе ж мы яе пасадзім? — пытаецца дзед.
— На полі.
— На полі яе варона выдзеўбе...
— Дык на двары.
— На двары яе курыца выграбе...
— Тады давай пасадзім хіба ў хаце пад палацямі.
— Добра,— згадзіўся дзед і пасадзіў бобінку ў хаце пад палацямі. Узышла бобінка ды давай расці. Расла, расла, уперлася ў палаці.
— Што, баба, рабіць будзем? — пытаецца дзед.
— Трэба палаці разбіраць.
Дзед разабраў палаці, а бобінка як расці ды расці — дарасла да столі.
— Што, баба, рабіць будзем? — зноў пытаецца дзед.
— Трэба столь разбіраць.
Дзед і столь разабраў, а бобінка як расці ды расці — дарасла да страхі.
Дзед і страху разабраў. Выглянула бобінка на свет і давай расці яшчэ весялей. Дарасла аж да неба.
Узяў тады дзед торбу, палез па сцяблу на неба, абабраў спелыя струкі і вярнуўся назад.
Зарадавалася баба — цэлую торбу бабовых струкоў прынёс дзед!
— Ну, цяпер мы ўжо наядзімся пірага!
Палузала баба струкі, высушыла боб на печы, змалола і рашчыніла ў дзяжы цеста на пірог.
Цеста як расці ды расці — з дзяжы вон лезе. Палажыла яго баба на лапату, загладзіла пірагом, размалявала рознымі ўзорамі, каб прыгожы быў, ды ў печ. А пірог як расці ды расці — з печы на прыпечак лезе. Адсланіла баба засланку, а ён — скок на хату, з хаты за парог — і ўцёк...
Кінуліся дзед з бабай даганяць пірог. Ды дзе там! Так і не дагналі.
Прыкаціўся пірог у лес. А тут насустрач яму рыжая лісіца-хітрыца. Схапіла яна пірог, выела мякіш, у сярэдзіну шышак насыпала ды пабегла з пірагом да пастушкоў.
Знайшла пастушкоў у полі і кажа:
-	Пастушкі, пастушкі, дайце мне бычка-трацячка, а я вам дам за гэта пірог.
Бачаць пастушкі — добры пірог у лісіцы, жоўценькая скарынка аж блішчыць, так і хочацца яго паспытаць. Згадзіліся яны на мену і аддалі лісіцы бычка-трацячка.
-	Толькі ж, глядзіце, не ешце пірага, пакуль я не заеду за горку,— ' кажа лісіца. .
Села яна на бычка верхам і паехала. Як толькі схавалася за горкаю, пастушкі і кажуць: «Сядзем на пясочку, з’ядзім па кусочку». Разламалі пірог, а там — адны шышкі яловыя...
Падманула іх хітрая лісіца!
Едзе лісіца на бьічку, бачыць — на дарозе парожні воз стаіць, а недалёка чалавек арэ. Падкралася яна цішком да воза, запрэгла ў яго бычка-трацячка, села на мяккай саломе і едзе сабе далей, пугай бычка паганяе.
Прыехала ў лес. Насустрач ёй воўк ідзе. Збегаўся, змарыўся, ледзьве ногі валачэ.
— Куды, кума, едзеш? — пытаецца.
— За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства.
— Чаго?
— Там, кажуць, курэй і каршуны не дзяруць...
— А бараны ў тым царстве ёсць? — аблізнуўся воўк.
— Ды імі там хоць гаць гаці!
— А лісічка, а сястрычка, вазьмі і мяне з сабою. Падвязі хоць мой хвост.
— Што адзін хвост везці, садзіся ўвесь ты.
Сеў воўк. Едуць далей. Сустракаюць мядзведзя.
— Куды, кумы, едзеце?
— За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства...
— Чаго?
— Там, кажуць, курэй і каршуны не дзяруць,— адказвае лісіца.
— Там, кажуць, бараноў хоць гаць гаці,— падтаквае ёй воўк.
— А мёду там многа?
— Ды там, кажуць, мядовыя рэкі цякуць!
Мядзведзь зарадаваўся:
— To вазьміце і мяне. Хоць адну лапу падвязіце. ■
— Што адну лапу везці, садзіся ўвесь ты.
Уселіся ўтраіх, едуць далей. Аж раптам зламалася аглобля.
Лісіца кажа мядзведзю:
— Схадзі, кум, прынясі аглоблю.
Пайшоў мядзведзь у гушчар, знайшоў вывернутую елку і прывалок да воза. Убачыла лісіца, крыку нарабіла:
— Ах ты, мядзведзішча, ах ты, дурнішча, ці ж гэта лясіна для аглоблі!
I да воўка:
— Схадзі, куме, прынясі тонкую аглоблю.
Пайшоў воўк і прынёс крывы яловы сук. Лісіца і на яго накрычала, плюнула ды пайшла сама па аглоблю.
Тым часам мядзведзь з воўкам з’елі бычка-трацячка, шкуру саломай напхалі, на ногі паставілі ды пайшлі сабе пасміхаючыся.
Вярнулася лісіца, бачыць — ні воўка, ні мядзведзя, толькі бычок стаіць. Прыладзіла яна аглоблю, села на воз, махнула пугаю на бычка, a той — брык! — і паваліўся.
Паглядзела лісіца на бычка і аб усім здагадалася.
— Пачакайце ж вы ў мяне! Я вам гэтага не дарую! — пагразіла яна воўку і мядзведзю ды пайціла сваёю дарогаю.
Шмат часу ішла ці мала, а ў дарозё ўжо і восень яе застала. Сустракае воўка, таго, што з’еў бычка.
— Добры дзень, кум! Як маешся?
— Дрэнна,кажа воўк.— Нешта азяб на дажджы, аж увесь калачуся. Зуб на зуб не трапляе.
— To трэба новы кажух пашыць,— раіць лісіца.
— Праўду, кумка, кажаш,— згадзіўся воўк.
Пабег ён на выган, схапіў авечку і прывалок у лес.
— Хопіць на кажух? — пытаецца воўк у лісіцы.
— Мала,— кажа лісіца.
Прынёс воўк яшчэ адну авечку.
— Цяпер хопіць?
— He, яшчэ адну трэба.
Воўк і трэцюю авечку прывалок.
— Ну, а цяпер,— кажа лісіца,— трэба краўца шукаць.
— Дзе ж мне яго шукаць, кумка?
— Я ведаю добрага краўца. Хадзем да яго.
Прывяла лісіца воўка на луг. Там на прывязі жарабец пасвіўся.
— Вунь ён, кравец!
Воўк зарагатаў:
— Гэта не кравец, а жарабец! He, кумка, як сабе хочаш, а розуму ў цябе мала.
Лісіца пакрыўдзілася:
— Ты пра мой розум не вельмі языком мялі. Я была разумнай і буду, а ты быў дурань, дурнем і застанешся.
Тут ужо і воўк пакрыўдзіўся, аж узлаваўся:
— Паглядзім яшчэ, хто з нас разумнейшы!
— He хваліся загадзя,— кажа лісіца,— лепш паглядзіш, як зараз з цябе шкуру знімуць.
— Хто зніме? — ляснуў зубамі воўк.
— Гаспадар гэтага каня.
— He можа быць! — не верыць воўк.
— Пабачыш. На чым жарабец навязаны? — пытаецца лісіца.
— На вяроўцы.
Лісіца засмяялася:
— Вось і відаць, што дурань!
— Чаму? — падскочыў воўк.
— Жарабец на калу навязаны.
— He можа быць! — залыпаў воўк вачыма.
•— Хадзем пакажу.
Прывяла лісіца яго да калка, за які быў прывязаны канец вяроўкі, зняла вяроўку, зрабіла пятлю і закінула воўку на шыю. Воўк і азірнуцца не паспеў, як у пятлі апынуўся. Тады лісіца падбегла да жарабца, замахала хвастом. Той спужаўся ды як драпануў дахаты, толькі падковы заблішчалі.
Так і прыцягнуў у пятлі воўка да свайго гаспадара. Ну, а там з яго і шкуру знялі.
Вярнулася лісіца ў лес, закапала авечак у мох на запас, адны толькі мазгі на абед пакінула. Села пад елкаю і есць.
Ідзе мядзведзь — той, што бычка з’еў.
— Што гэта ты, кума, жуеш? — пытаецца.
— Мазгі. Сляпы ты, ці што?
— А дзе ж ты іх дастала?
— 3 галавы. I ты можаш дастаць, калі хочаш.
— Як?
— Вельмі проста: разганіся ды стукніся галавою аб дуб — мазгр і выскачаць.
— Дзякую ж табе, кума, за добрую параду. Так я і зраблю. A то есці даўно хочацца.
Знайшоў ён самы тоўсты дуб, разагнаўся з усяе сілы ды і грымнуўся ў яго лбом.
Тут яму і канец.
А хітрая лісіца наелася мазгоў ды пайшла запіваць крынічнаю вадой.
ПШАНІЧНЫ КАЛАСОК
Жылі на адным двары курачка Сакатушка, гусак Шыпун ды індык Балбатун.
Курачка даглядала сваіх куранятак, грэблася на сметніку, шукала зярнятак. А гусак Шыпун і індык Балбатун толькі шпацыравалі ўзад і ўперад па двары, як важныя паны, ды заўсёды вялі між сабою спрэчкі аб тым, хто з іх важнейшы і разумнейшы.
— У мяне галава большая,— хваліўся гусак,— дык і розуму ў ёй болып!
Індык з гэтым не згаджаўся.
— Галава ў цябе вялікая, гэта праўда, ды дурная як бот,— казаў ён.
— Ну, няхай сабе галава дурная,— адказваў гусак,— затое нос які ў мяне! Моцны, цвёрды, прыгожы... А ў цябе што за нос — смех адзін! Чарвяк, а не нос!
I гусак і індык былі страшэнныя гультаі. Яды шукаць сабе ленаваліся і таму часта галадалі. Каб не карміла іх сяды-тады гаспадыня, дык даўно б гультаёў і на свеце не было.
Аднаго разу знайшла курачка каля плота пшанічны каласок. Зарадавалася, засакатала на ўвесь двор:
— Ко-ко-ко! Глядзіце, які цудоўны каласок я знайшла!
Пачулі пра такую навіну Шыпун і Балбатун.
— А ну, пакажы!
Курачка паказала ім каласок. Індык панюхаў каласок сваім носамчарвяком.
— Так-так,— сказаў ён,— каласок і праўда цудоўны. Трэба яго змалаціць.
— Ага, ага,— згадзіўся і гусак.— Трэба змалаціць. Тады будуць зярняткі. А яны смачныя... Ага, ага!
— Добра,— сказала курачка.— А хто яго змалоціць?
— Толькі не я! — адказаў гусак.— Я тоўсты, мне цяжка цэпам махаць.
— Дык што ж, ты хочаш, каб я малаціў? — горача забалбатаў індык.— Я табе не парабак!
— Ну добра,— сказала курачка,-—я сама змалачу.
Пайшла яна на ток, узяла цэп і змалаціла пшанічны каласок. Прынесла зярняткі і цешыцца:
— Глядзіце, якія цудоўныя зярняткі! Чырванаваценькія, пузаценькія! Яны, напэўна, смачнейшыя за ячменныя.
Падышлі да зярнятак і гусак з індыком.
— Так, так,— сказаў, індык.— Цудоўныя зярняткі.
— Ага, ага,— пацвердзіў гусак,—Аж шкада дзяўбці.
— I не трэба дзяўбці. Іх трэба змалоць ды напячы булак,— падаў разумную параду індык.
— Ага, ага,— згадзіўся гусак.— Пшанічныя булкі мяккія, як мой пух. А смачныя якія!
— Добра,— сказала курачка.— А хто змеле пшанічныя зярняткі?
— Толькі не я!— буркнуў гусак.— Мне цяжка ў млын хадзіць.
— I не я! — усклікнуў індык.— 3 такою простаю работаю і дурны гусак справіцца.
— Ну што ж,— сказала курачка,— калі так, то давядзецца мне самой ісці ў млын.
Усыпала яна зярняткі ў торбачку і панесла ў млын. Там змалола і прынесла муку дахаты.
— Ай, якая бялюткая мука!— засакатала курачка на ўвесь двор.