Беларускія народныя казкі
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 144с.
Мінск 1981
Жыў дзед ды баба. I быў у іх кот. Дзед кашалі плёў, баба кудзелю прала, а кот паляваць на мышэй хадзіў.
Вось пайшоў раз кот у лес на паляванне ды і заблудзіўся.
Шукаў, шукаў дарогу дадому — не знайшоў. Сеў пад ялінай і плача.
Бяжыць лісіца. Убачыла ката, заглядзелася: ніколі яшчэ такога звера ў сваім лесе не сустракала!
— Ты хто такі будзеш? — пытаецца.
— Я — Кот Мурлыковіч.
— А чаго ж ты плачаш, Кот Мурлыковіч?
Расказаў ёй кот аб сваёй прыгодзе.
— Хе,— кажа лісіца,— каб толькі тае бяды! Ідзі да мяне жыць. Будзеш у мяне за гаспадара.
— Добра,— кажа кот.
Вось прыходзіць ён да лісіцы. А ў яе курэй — і смажаных, і вараных.
Наеўся кот і спаць уклаўся.
Тым часам бяжыць па лесе воўк: топ-топ, шлёп-шлёп!
Пачула лісіца, выскачыла з хаты ды як закрычыць:
— Хто гэта ў маім лесе стукоча-тупоча? Хто майму гаспадару спаць не дае?
— А хто ж у цябе гаспадар? — пытаецца воўк.
— У мяне не гаспадар, а гаспадарышча, хвост з памялішча: як махне, дык адразу заб’е!
Узяла воўка цікавасць. Ен і кажа:
— А ці нельга было б, кумка, хоць адным вокам паглядзець’на твайго гаспадара? »
— Паглядзець то можна,— адказвае лісіца,— але без падарунка лепш не прыходзь. Мой гаспадар падарункі любіць.
— Добра, будзе падарунак,— сказаў воўк і пабег далей.
Вярнулася лісіца ў хату.
А тым часам ідзе па лесе мядзведзь:трэсь-лом, трэсь-лом, трэсь-лом!
Пачула лісіца, выскачыла з хаты ды як закрычыць зноў:
— Хто гэта ў маім лесе трашчыць? Хто майму гаспадару спаць не дае?
— А хто ў цябе гаспадар? — пытаецца мядзведзь.
— У мяне не гаспадар, а гаспадарышча, хвост з памялішча: як махне, дык адразу заб’е.
I мядзведзя ўзяла цікавасць: які такі гаспадар у лісіцы, што хвастом усіх забівае? Вось ён і кажа:
— А ці нельга было б, лісічка-сястрычка, хоць паглядзець на твайго гаспадара?
— Паглядзець можна,— кажа лісіца.— Толькі без падарунка не прыходзь. Мой гаспадар падарункі любіць.
— Добра, падарунак будзе,— сказаў мядзведзь і пайшоў далей.
Прабеглі яшчэ дзік-сякач і заяц-шарак. Лісіца і іх сваім гаспадаром напалохала.
Сабраліся звяры і моцна задумаліся: якія ж ім падарункі лісіцынаму гаспадару прынесці?
Думалі-думалі, нарэшце мядзведзь і кажа:
Вось што, браткі, трэба смачны абед згатаваць ды ў госці яго з гаспадыняй запрасіць. Тады ўсе разам і паглядзім.
— Добра, няхай будзе так,— згадзіліся звяры.
I тут зноў яны моцна задумаліся: які абед згатаваць?
Думалі-гадалі, нарэшце мядзведзь і кажа:
— Я прынясу мёду калоду.
— А я — барана,— кажа воўк.
— А я — жалудоў,— кажа дзік.
— А я — салодкай капусты,— кажа заяц.
Згатавалі абед і пачалі раіцца, каму запрашаць ісці.
Мядзведзь кажа:
— Я тоўсты, мне хадзіць цяжка.
Воўк кажа:
— Я і так набегаўся, мне ногі баляць.
Дзік кажа:
— А я складна гаварыць не ўмею.
А заяц нічога не сказаў. Вось і парашылі паслаць яго, як лягчэйшага на ногі.
Прыбег заяц да лісіцынай хаты, пастукаў лапкай у шыбіну, зажмурыўся ад страху ды прапішчаў спалоханым голасам:
— Дзень добры вам, шаноўныя гаспадары! Прасілі мядзведзь, воўк і дзік, каб вы ласкавы былі, да іх у госці прыйшлі.
Сказаў так адным духам ды ходу назад.
Падрыхтаваліся звяры гасцей сустракаць. Сядзяць ля багатага стала, чакаюць, аб лісіцыным гаспадару разважаюць.
Вось заяц і кажа:
— He, браткі, сядзець так боязна. Хто яго ведае, які там гаспадар у лісіцы? А што.калі ён абеду нашага не ўпадабае ды ўсіх нас хвастом пазабівае?.. Давайце лепш схаваемся і спярша здалёк на яго паглядзім.
Згадзіліся звяры з мудрай зайцавай парадай ды пачалі хавацца.
Мядзведзь на дуб узлез, дзік у мох зашыўся, воўк пад куст забраўся, а заяц у траве схаваўся. Тым часам узяла лісіца пад руку свайго гаспадара, і пайшлі яны ў госці.
Прыходзяць на палянку. Чуе кот — мясам запахла. Бачыць — цэлы баран ляжыць.
Тут ён шэрсць наставіў, вусы натапырыў. ды адразу на барана накінуўся.
Есць ды ўсё бурчыць: «Мяу-у, мяу-у!»
Звяроў аж страх узяў. Ім здалося, што ён крычыць: «Мала, мала!»
— Ну і звяруга! — кажа воўк.— Мне б і за дзень з такім рагалём не ўправіцца, а яму на раз мала...
Дзік ляжаў, ляжаў у моху ды ад страху пачаў хвастом варушыць. Кот падумаў, што мыш з норкі вылазіць. Скокнуў туды і ўчапіўся кіпцюрамі ў дзікаў хвост.
Як усхопіцца дзік, як пусціцца наўцёкі! Толькі галлё трашчыць.
Кот напужаўся ды скок на дуб!
«Ну,— думае мядзведзь,— гэта ён мяне ўбачыў. Трэба ратавацца, пакуль не позна».
Грымнуўся мядзведзь з дуба проста на куст, пад якім воўк сядзеў. А таму здалося, што гэта сам лісіцын гаспадар на яго напаў. Усхапіўся воўк ды ходу далей ад бяды. А мядзведзь за ім: трэсь-лом! трэсь-лом!
Уцякалі яны так, што заяц іх ледзьве праз гадзіну дагнаў.
Дагнаў і кажа:
— Каб не паслухалі мяне ды не схаваліся, ён бы нас усіх з’еў. Ну і страшэнны звер!
А кот з хітрай лісіцай нагасцяваліся ды пайшлі сабе дахаты.
КУРАЧКА-РАБКА
Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.
Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць.
Ідзе воўк:
— Дзедка, бабка, чаго вы плачаце?
Як жа нам не плакаць? Была ў нас курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.
I воўк завыў.
Ідзе мядзведзь:
— Воўк, чаго выеш?
— Як жа мне не выць? Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачкарабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць... А я брахаць не ўмею, дык і завыў...
САБАКА 1 ВОЎК
Быў у аднаго гаспадара сабака. Шчыра служыў ён гаспадару, ды і не агледзеўся, як пастарэў. Горш сталі бачыць яго вочы, і цяжэй яму. стала вартаваць гаспадарова дабро. Тады скупая гаспадыня перастала карміць яго, а потым і зусім пачала з двара праганяць.
«Чым так жыць,— думае сабака,— лепш няхай мяне воўк з’есць».
Надумаўся ён і пайшоў у лес шукаць воўка.
Ідзе ён лесам, а тут насустрач і воўк бяжыць.
— Куды, сабака, ідзеш? — пытаецца воўк.
— Да цябе.
— Чаго?
— З’еш ты мяне, воўча...
I расказаў ён воўку пра сваю бяду.
Бачыць воўк, што сабака надта худы — яшчэ зубы паломіш, і кажа: — He, цяпер я цябе есці не буду. Трэба, каб ты трохі патлусцеў. — Як жа я патлусцею,— кажа сабака,— калі мяне гаспадыня зусім не корміць?
— Нічога. Мы зробім так, што яна цябе з ахвотаю будзе карміць.
— Дзе там! — пакруціў хвастом сабака.— Гаспадыня мая вельмі скупая.
— Слухай ты мяне,— кажа воўк.— Ідзі дадому і сядзі там на агародзе. Адвячоркам, як пачне цямнець, я прыбягу і ўхаплю лепшага гаспадаровага падсвінка. Ты наробіш брэху, пабяжыш за мною, і я табе аддам падсвінка. Гаспадар убачыць гэта і загадае гаспадыні добра карміць цябе. А праз месяц, як патлусцееш,— прыходзь да мяне, тады я цябе з’ем.
Сабака падумаў і згадзіўся.
Адвячоркам прыбег воўк, ухапіў падсвінка і павалок цераз агароды.
Тут сабака як наробіць ляманту, як кінецца за воўкам...
Пачуў гэта гаснадар, выскачыў з хаты, бачыць: воўк падсвінка валачэ цераз агароды, а сабака яго даганяе, адбірае.
— Туйга! Туйга! — закрычаў гаспадар на ўсю сілу.— Кусі яго, Лыска!
Воўк тым часам кінуў падсвінка, а сам ходу ў лес.
— Малайчына, Лыска! — пахваліў гаспадар сабаку, прывёў на кухню і загадаў жонцы добра карміць яго.
Жыве Лыска прыпяваючы. А праз месяц зрабіўся такі тлусты, аж шэрсць блішчыць. I пра дагавор з воўкам забыўся.
Вось аднойчы сабраліся ў гаспадара госці. ГГюць, гуляюць, песні спяваюць. Нямала тут і Лыску перапала — цэлую кучу касцей пад стол яму накідалі.
Наеўся Лыска ды выйшаў на двор — у сваю будку. Глядзіць— аж у будцы воўк чакае яго.
— Чаго ты тут? — здзівіўся сабака.
— Па цябе прыйшоў,— адказвае воўк.— Памятаеш наш дагавор з табою?
Спалохаўся сабака — не хочацца яму на воўчыя зубы трапляць. Вось ён і кажа:
— He еш ты мяне, воўк. Я цябе за гэта добра пачастую самаю смачнаю ядою.
— Адкуль жа ты возьмеш?
— У майго гаспадара госці. Там пад сталом поўна касцей — нават з мясам. Хадзем!
— Баюся. Яшчэ заб’юць мяне там.
— He бойся, не заб’юць,— кажа сабака.— Я цябе правяду так, што ніхто і не ўбачыць.
Згадзіўся воўк і пайшоў за сабакам.
Лыска пакінуў яго ў сенцах, сам убег у хату, махнуў хвастом і патушыў лучыну.
— Цяпер бяжы пад стол,— паклікаў ён воўка.
Воўк так і зрабіў.
Сабака накарміў воўка, нават віном напаіў. Сядзяць яны сабе пад сталом ды зюкаюць1 паціху.
А тым часам госці заспявалі вясёлыя песні.
Воўк слухаў, слухаў ды кажа сабаку:
— Мне таксама спяваць хочацца.
-— Маўчы лепш,— раіць сабака.
Воўк памаўчаў крыху ды зноў за сваё.
— He вытрымаю,— кажа,— аж язык свярбіць, гэтак спяваць захацелася.
I зацягнуў на ўсю хату басам:
— Ау-ау!
А сабака таксама не вытрымаў ды давай падпяваць яму:
— Гаў, гаў! Цяў, цяў!..
Пачулі гэта госці, ухапілі хто качаргу, хто чапялу, набілі воўка і выкінулі яго з хаты разам з сабакам.
Ачухаўся воўк і кажа сабаку:
— Ну і накарміў жа ты мяне! Я табе не дарую гэтага.
— Сам вінаваты,— кажа сабака.— Трэба было маўчаць.
— He,— не згаджаецца воўк,— гэта ты вінаваты. Навошта ты завёў мяне ў хату?
Спрачаліся яны, спрачаліся, нарэшце воўк кажа:
1 Зюкаць — размаўляць.
— Калі так, давай будзем ваяваць: хто каго зваюе, той таго і з’есць. Збірай сваё войска і прыходзь да мяне ў лес.
— Што ж,— кажа сабака,— няхай будзе так.
Назаўтра ўзяў ён барана, ката і пеўня сабе ў памочнікі ды пайшоў на вайну з воўкам.
А воўк запрасіў да сябе ў ваякі мядзведзя, дзіка і зайца. Сабраў ён сваё войска, выйшаў на ўскраек лесу і чакае.
— Палезь ты, Міхайла,— кажа ён да мядзведзя,— на елку ды паглядзі, ці ідзе сабака са сваім войскам.
Мядзведзь узлез на елку, прыгледзеўся і кажа:
— Ідзе!
— Ну, дык злазь! — кліча воўк.— Будзем ваяваць.
— He, не злезу,— адказвае мядзведзь.
— Чаму?
— Страшна.
— Што ж там за войска такое, што ты гэтак спужаўся? — пытаецца воўк.