Беларускія народныя казкі
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 144с.
Мінск 1981
Сівы конь адказвае:
— Добра. Але цяпер ты паедзеш на гнедым.
Ну, Іван зрабіў тое, што трэба, сеў маладзец-малайцом на гнедага каня і паляцеў у сталіцу. Усе ехалі туда па месяцу, па два, а ён за гадзіну дамчаўся. I паспеў якраз. Гнеды конь як сігануў, дык толькі на паўлокця да царэўны не даскочыў...
Царэўну цікавасць узяла: хто ж гэта такі той храбры царэвіч, што і другі раз ледзь не даскочыў да яе? Вось па некаторым часе дае яна трэцюю аб’яву, а сама залазіць на пяты ярус. I на гэты раз зноў з’ехаліся туды ўсе цары і царэвічы, каралі і каралевічы, усе паны і дваране. Паехалі і разумныя браты, пакінуўшы Івану работу: чатыры гарцы маку з пяском перабраць.
Вылежаўся Іван на печы, узяў мак з пяском ды пайшоў да сваіх коней.
— Ці не можна было б яшчэ разок з’ездзіць у сталіцу? — кажа коням.
— Можна то можна,— адказаў сівы конь.—Але цяпер ужо ты паедзеш на мне самім. Калі і я не даскочу да царэўны, дык больш і гаварыць аб гэтым не будзем.
Зрабіў Іван усё, што трэба, сеў на каня, свіснуў-крыкнуў і паляцеў у сталіцу. Гадзіны не мінула, а ён ужо там апынуўся.
— Ну, трымайся! — крыкнуў яму сівы конь.
Заржаў сівы конь на ўсю сталіцу, узвіўся ўгору і даскочыў да самай царэўны. А царэўна — стук, стук! — і паставіла Івану дзве свае пячаткі: адну на лоб, другую—на патыліцу. Конь спусціўся на зямлю ды памчаўся прэч. Усе крычаць: «Лаві, лаві!» А лавіць і няма каго: тут быў — тут няма...
Прымчаўся Іван назад, папрасіў каня, каб перабраў мак, і пусціў яго ў зялёныя лугі, на шаўковыя мурагі. А сам насунуў шапку на самыя
вушы, каб пячаткі не відаць было, ды пайшоў дахаты. Па дарозе зноў назбіраў лубянку грыбоў.
Прыехалі браты, пачалі жонкам пра дзіва расказваць:
— Што там было, што рабілася! Усе скакалі, але і да другога яруса не даскочылі, а адзін царэвіч — прыгожы такі, увесь у золаце — як сігануў, дык да самай царэўны даскочыў, а яна яму пячаткі свае на лоб і на патыліцу паставіла.
Іван слухае з печы ды смяецца:
— Ці не я гэта там быў?
— Сціхні, дурань! — зашыкалі на яго браты.— He з тваім розумам і спрытам зрабіць такое! Ці перабраў ты хоць мак?
— Перабраў,— адказвае Іван,— няхай вас з вашым макам!
Паглядзелі браты, і дзіва іх узяло: як гэта можна было гэтулькі маку з пяску выбраць?
— To, відаць, хапіла табе работы! — кажуць.
Тым часам царэўна дала аб’яву, каб з’явіўся да яе жаніх. Перш-наперш паклікала да сябе ўсіх царэвічаў і каралевічаў. Агледзела — няма жаніха! Тады паклікала паноў і купцоў,— таксама няма! Прыйшла чарга і да іншых — муЖыкоў ды парабкаў. Усіх загадала збіраць.
— Ну,— кажа Іван да братоў,— раней я прасіўся, каб вы ўзялі мяне, а цяпер пайду і без вас!
Узяў сваю жалейку, торбу за плечы і пайшоў за цёмны лес, у чыстае поле. Крыкнуў-свіснуў там поўным голасам — прыбягаюць да яго ўсе трое коней.
— Коні мае добрыя,—кажа Іван,— загадала царэўна з’явіцца на яе вочы ўсім мужыкам ды парабкам. Ці не можна б і мне паехаць да яе?
Сівы конь адказвае:
— Цяпер ты зноў паедзеш на малодшым з нас. I едзь такім як ёсць.
А буланаму каню дае наказ:
— Завязі ты яго, братка, да лазні, што каля царскага палаца стаіць, і пакінь там. А ты,— кажа да Івана,— залезь у лазні на палок ды іграй на жалейцы. Цябе знойдуць, як трэба будзе.
Як бачыш замчаў яго буланы конь да лазні. Увайшоў Іван у лазню, залез на палок ды іграе сабе на жалейцы.
Тым часам царэўна са служанкаю ўсіх мужыкоў ды парабкаў перагледзелі — няма жаніха! Аж раптам чуюць, нехта ў лазні іграе, ды так хораша, што люба слухаць.
Пайшлі туды, адчынілі, бачаць — ляжыць на палку хлапец, абадраны, абшарпаны, шапка на лоб насунута... I так іграе на жалейцы, што ногі самі ў скокі ідуць. Падышла да яго царэўна, зняла падраную шапку, глядзіць, аж яе пячатка на лбе! Паглядзела на патыліцу — і там яе пячатка!
— Ну,— кажа яна Івану,— гэта ты мой жаніх! Хадзем да бацькі!
Узяла яго за руку і вядзе, а Іван упіраецца:
— Куды я пайду! Каб з мяне там насмяяліся?
Прывяла яго сяк-так царэўна ў харомы. Бацька як убачыў, давай плявацца:
— Каго гэта ты сабе за мужа выбрала?!
Дачка кажа:
— Але ж на ім мае пячаткі,— значыцца, ён мой суджаны муж. Такі мой лёс. Нічога не зробіш...
Хоць-не-хоць,— прыйшлося гуляць вяселле. Стаў Іван царскім зяцем.
А было ў таго цара яшчэ два зяці, што на старэйшых дочках пажаніліся. Тыя, вядома, з князёў ды каралёў былі. Вось сабраў аднойчы цар сваіх багатых зяцёў і кажа:
— Я ўжо стары, і смерць мая не за гарамі. Каму ж з вас царства перадаць?
— Мне! — кажа адзін зяць.
— He, мне! — кажа другі.
I так заспрачаліся, што ледзь не да бойкі справа даходзіць. Тады цар кажа:
— Вось што, зяці любыя: ёсць у адным царстве, у адной старане свінка — залатая шчацінка, лычам арэ, нагамі барануе, а ўслед за ёю пірагі растуць, ды такія, што можна хоць самому цару есці. Каторы з вас дастане тую свінку і прывядзе ў мой палац, таму ўсё царства адпішу!
Тут зяці, доўга не думаючы, узялі па палку салдат і з музыкай паехалі шукаць свінку — залатую шчацінку.
Кажа малодшая царская дачка свайму мужу Івану:
— Швагры твае вунь паехалі шукаць свінку — залатую шчацінку, a ты што сабе думаеш? Ім бацька ўсё царства адпіша, а мы як жыць будзем?
— Нікуды я не паеду! — адказвае Іван.— Выдумалі ліха ведае што — нейкую свінку! Дзе яе возьмеш?
Жонка заплакала, а Іван узяў сваю жалейку ды і пачаў іграць.
Мінула так з месяц ці больш, тады Іван кажа да жонкі:
—. Схадзі да бацькі, папрасі ў яго якой-небудзь заваляшчай кабылкі: паеду і я свінку шукаць.
— Дурань ты,— кажа жонка,— швагры ўжо, можа, даўно знайшлі яе ды вязуць дамоў, а ты цяпер толькі надумаўся ехаць!
— Няхай сабе! Схадзі да бацькі. А калі не дасць, дык я пехатою пайду.
Пайшла жонка да бацькі.
— Татулька,— кажа,— просіць мой Іван хоць якой заваляшчай кабылкі: хоча і ён па свінку ехаць.
Цар пасмяяўся, але кабылку даў.
Сабраўся Іван, сеў на кабылку задам наперад ды паганяе.
- Глядзіце,— дзівяцца царскія слугі,— дурны па-дурному і едзе!
Выехаў ён за горад і пусціў кабылку ваўкам на спажыву. А сам як крыкне, як свісне — прыбягаюць да яго ўсе трое коней: сівы, гнеды, буланы.
— Што скажаш нам, гаспадар?
Ах, коні мае добрыя!.— кажа Іван.— Есць у адным царстве, у адной старане свінка — залатая шчацінка, лычам арэ, нагамі барануе, а ўслед за ёю пірагі растуць, ды такія, што можна самому цару есці! Ці не можам мы яе дастаць?
— Можам! — адказвае сівы конь.— Паедзеш ты па свінку на малод■ шым з нас. Але вам трэба ўзяць з сабою шаўковы шнурок і раменны бізун.
— Дзе ж мне іх узяць? — пытаецца Іван.
— Пачакай крышку.
Узвіўся сівы конь і паляцеў у зялёныя лугі. Праз хвіліну прылятае з раменным бізуном і шаўковым шнурком.
- Вось табе ўсё, што трэба. Толькі глядзі,— лупі свінку гэтым бізуном, не лянуючыся. пакуль не здасца, а ты, буланы, дратуй яе капытамі.
Улез Іван буланаму каню ў правае вуха, праз левае вылез, стаў добрым малайцом, сеў — толькі яго і бачылі.
Ці доўга ляцелі яны, ці коратка. аж прылятаюць у тую краіну, дзе жыве свінка—залатая шчацінка. Глядзіць Іван, а яна і праўда: лычам арэ, нагамі барануе... Падкраўся ён да свінкі ды давай бізуном яе хвастаць. Конь капытамі дратуе, а ён бізуном хвошча. Свінка цярпела, цярпела, ды моцы не стала.
— Ах,— кажа,— заморскі царэвіч Іван Іванавіч, за што ты мяне забіваеш?
— Здавайся,— крычыць Іван,— бо не пушчу цябе жывую!
I датуль біў, пакуль свінка не здалася. Зашмаргнўў тады Іван ёй на шыю шаўковы шнурок, сеў на буланага каня і паехаў, а свінка ззаду бяжыць.
Едзе так, едзе, бачыць — насустрач два палкі салдат ідуць, музыка іграе «Ну,— думае Іван,— гэта, напэўна, швагры мае яшчэ па свінку едуць». Улез ён буланаму каню ў левае вуха, праз правае вылез і стаў такім, як быў. Каня пусціў, а свінку за шнурок да дуба прывязаў. Свінка тая і давай сваёй работаю займацца: лычам арэ, нагамі барануе...
Расклаў Іван у дубняку цяпельца1, грэецца ды на жалейцы іграе.
Пад’язджаюць швагры бліжэй, бачаць — з дубняку дымок уецца. Кажуць яны сваім слугам:
— Пайдзіце паглядзіце, хто там дыміць.
Слугі пайшлі, аб усім даведаліся, прыкурылі ад цяпельца і назад вярнуліся.
— Ну, што там?.— пытаюцца швагры.
— Ды гэта ж,— кажуць слугі.— наш дурань дыміць там. Ен ужо і свінку тую вядзе.
He можа быць!—дзівяцца швагры.— Пойдзем самі паглядзім. 1 калі што, дык выпрасім у яго свінку або адбяром.
Цяпельца — агонь.
Прыходзяць у дубняк, глядзяць —і праўда: сядзіць Іван ля цяпельца, на жалейцы іграе, а свінка каля дуба сваю работу спраўляе...
— Добры дзень, швагер!
— Добры дзень!
— Дык гэта ты ўжо раней за нас і свінку дастаў?
— Я адну толькі дастаў,— адказвае Іван,— а там іх цэлая чарада: хопіць і вам.
■— Што ты хлусіш, швагер! Такая толькі адна і ёсць на свеце. Аддай ты нам гэтую свінку.
А Іван стаіць на сваім:
— Гэта мая свінка, і я сам павяду яе цесцю. <
Швагры ж як прысталі да яго — не адчапіцца. «Мы табе,— кажуць,— і тое дамо, і гэтае...» Надакучыла Івану слухаць іх, ён і кажа:
— Ну, ліха з вамі: калі адрэжаце па мезеным пальцы з правай нагі, то бярыце яе сабе.
Падумалі швагры і згадзіліся: што ж, мезены палец варты палавіны царства! Адрэзалі яны пальцы, узялі свінку — залатую шчацінку і вясёлыя павялі яе ў сталіцу.
А Іван палажыў пальцы ў сваю каліту1, пагрэўся яшчэ трохі каля цяпельца, потым клікнуў буланага каня, сеў на яго і памчаўся. Швагры ехалі, можа, з месяц, а Іван за адзін дзень справіўся. Прыехаў да горада, буланага пусціў у зялёныя лугі, а сам да жонкі пайшоў.
Убачыла яго жонка без нічога, рукамі пляснула:
— Дзе ж ты бацькаву кабылку падзеў?
— Ды, бачыш,— кажа Іван,—дрэнная кабылка трапілася: прыстала ў дарозе... Ну, я кінуў яе і сам пехатою вярнуўся.
Жонка ў плач:
— Ох, ліханька мне з табою: выпрасіла ў бацькі кабылку, а ты яе страціў і свінкі не прывёў...
Вось праз нейкі час вярнуліся і швагры са свінкаю. Прывязалі яе на дзядзінцы каля царскіх харомаў. Свінка і пачала дзівы вырабляць: лычам арэ, нагамі барануе, а за ёю гатовыя пірагі растуць...
Колькі тут было радасці і шваграм і цару! Паклікаў цар гасцей — паноў ды князёў — дзіва глядзець. Бо ніводзін цар такой свінкі не мае!
Раз’ехаліся госці, а швагры пайшлі да цесця прасіць, каб царства ім адпісаў.