Беларускія народныя казкі
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 144с.
Мінск 1981
— А трэба,— адказвае старэйшая ведзьма.— Мы ж цяпер асірацелі: няма каму рабіць. Усіх трох мужыкоў нашых удовін сын пазабіваў. Ды нічога — і мы яго са свету страцім!
- А як жа вы яго страціце? — пытаецца парабак.— Ен жа, відаць, вельмі дужы.
— У яго сіла, а ў нас чары,— кажа жонка малодшага Цуды-Юды.— Вось будзе ён са сваімі памочнікамі ехаць назад, у сваё царства, дык я на дарозе крыніцай разліюся: нап’юцца яны вады — і капцы ім.
- А калі гэта не паможа,— кажа жонка сярэдняга Цуды-Юды,— дык я салодкай яблыняй зраблюся. З’ядуць яны па яблыку — і больш не захочуць...
— Вы зробіце тое,— кажа жонка старэйшага Цуды-Юды,— без Bare яны могуць і абысціся. А я прыдумала лепш: на сто вёрст квяцістым лугам рассцялюся. А збоку цяністую вярбу пастаўлю. Будуць яны ехаць, захочуць коней на лузе папасвіць, а самі пад вярбой адпачыць. Як лягуць, дык і не ўстануць. А конь калі скубне тры разы травы з таго лугу, дык і яму больш не жыць.
Удовінаму сыну толькі гэта і трэба было. Дачакаўся ён ночы і, як паснулі ведзьмы, пакінуў палац ды бягом да сяброў.
Назаўтра чуць свет пайшлі яны на зялёны луг, палавілі коней Цудаў-Юдаў. Удовін сын сеў на каня дзевяцігаловага Цуды-Юды, купецкі — на каня шасцігаловага Цуды-Юды, а царскі— на каня трохгаловага Цуды-Юды. 1 паехалі ў сваё царства.
Едуць яны палямі, едуць барамі, даязджаюць да крыніцы. I тут царскаму сыну і купецкаму так захацелася піць, што вытрымаць не могуць.
Удовін сын кажа:
— Вы ўсё ж людзі не мужыцкага звання. Пачакайце, я вам сам вады прынясу.
Саскочыў ён з каня, падышоў да крыніцы і давай біць яе булавою. Збіў так, што адна гразь ды кроў засталіся.
Сябры ледзь не плачуць:
— Навошта ты гэта зрабіў? Мы ад смагі паміраем...
— He крыніца гэта,— кажа ўдовін сын,— а наша здрада.
Сеў ён на каня, і паехалі далей.
Пад’язджаюць да яблыні. I такія на ёй яблыкі растуць — чырвоныя ды румяныя: самі ў рот так і просяцца.
Кінуліся таварышы да яблыні, а ўдовін сын спыніў іх:
— Пачакайце! Вы ўсё ж людзі панскага звання — я вам лепш сам яблыкаў нарву.
Падышоў ён да яблыні, ударыў булавою — тая адразу павалілася і завяла.
— Навошта ты гэта зрабіў? Мы ж бы хоць па яблычку з’елі.
— He яблыкі гэта, а смерць наша,— кажа ўдовін сын.
Паехалі далей. Пад’язджаюць да квяцістага лугу. Убачылі вярбу цяністую, і так усім спаць захацелася—рады няма. А коні аж капытамі зямлю б’юць — да квяцістай травы рвуцца.
Спыніў удовін сын каня:
- Пайду пагляджу, ці можна коней на гэтым лузе пасвіць.
Падышоў да вярбы ды як пачаў яе булавою дубасіць, дык луг адразу і засох, а ад вярбы адны косці засталіся.
- Ну, вось бачыце, якая гэта вярба і які луг,— кажа ён таварышам.
Пераехалі на сухі луг і спыніліся начаваць у зялёнай дуброве. Коней пасвіцца пусцілі, а самі павячэралі ды ляглі спаць. Тры дні і тры ночы спалі. А як прачнуліся, удовін сын кажа сябрам:
— Тут ужо царства наша недалёка. Едзьце сабе дадому адны. A то вашы бацькі даўно чакаюць вас. У мяне ж бацькі няма. Я яшчэ па белым свеце пагуляю.
Развітаўся ўдовін сын з сябрамі і паехаў па белым свеце гуляць.
Ці доўга ён ездзіў, ці нядоўга,— прыязджае да цара Пастаянца. А той цар быў з адным бокам, з адным вокам, з адною нагою, з адною рукою, палавіна галавы і палавіна барады. I вельмі любіў ён коней.
Убачыў ён каня ўдовінага сына і кажа:
— Давай навыперадкі пабяжым вакол палаца. Калі я цябе выпераджу — забяру твайго каня, а калі ты мяне — аддам табе сваё царства.
Падумаў ўдовін сын: «Не можа быць, каб аднабокі і аднаногі цар выперадзіў мяне». I згадзіўся.
Кінуліся бегчы. Удовін сын і трох крокаў не зрабіў, а аднаногі цар ужо тры разы вакол палаца абабег...
Забраў цар Пастаянец каня ўдовінага сына і паставіў у сваю стайню.
Удовін сын ледзь не плача: шкада каня. Пачаў ён прасіцца ў цара: — Якую хочаш службу саслужу табе — аддай каня!
Падумаў цар Пастаянец і кажа:
— Жыве ў трыдзевятай зямлі, у трыдзесятым царстве баба Каргота. Есць у яе дванаццаць дачок як адна: волас у волас, голас у голас, твар у твар. Дом бабін высокім частаколам абгароджаны, і на кожнай частаколіне чалавечая галава тырчыць: гэта ўсё тыя, што ў сваты да бабіных дачок прыходзілі. Толькі адна частаколіна вольная. Дык вось: калі ты высватаеш за мяне малодшую дачку бабы Карготы,— вярну табе каня.
Падумаў удовін сын: калі не згадзіцца — не бачыць яму каня, як сваіх вушэй. А калі згадзіцца, то, можа, і без галавы застанешся, а можа, і з галавою і з канём.
— Добра,— кажа ён цару.— Пайду ў сваты.
Ідзе ён, ідзе, бачыць — бяжыць чалавек па моры, як па мосце. Загледзеўся ўдовін сын на бегуна.
— Добры дзень табе, Марскі Бягун! — прывітаўся да яго.
Добрага здаровейка, удовін сын! Куды ідзеш, куды дарога твая вядзе?
— Іду да бабы Карготы сватаць яе малодшую дачку за цара Пастаянца.
— Вазьмі і мяне з сабою. Я табе не лішнім буду.
— Хадзем.
Ідуць удвух. Бачаць — чалавек адным вусам млын трымае, што на дванаццаць камянёў меле, а другім воблака ў небе падпёр.
— Добры дзень табе, Вусач!
— Добрага здаровейка, удовін сын! Куды ідзеш, куды дарога твая вядзе?
— Іду да бабы Карготы сватаць яе малодшую дачку за цара Пастаянца.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Хадзем.
Пайшлі ўтрох. Ішлі, ішлі, бачаць — п’е чалавек ваду з возера. Цэлае возера выпіў, а ўсё крычыць: «Піць хачу!»
— Добры дзень, Вадапой!
— Добры дзень, удовін сын! Куды ідзеш, куды дарога твая вядзе?
— Іду да бабы Карготы сватаць яе малодшую дачку за цара Пастаянца.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Добра, ідзі з намі.
Прайшлі трохі, бачаць — грызе чалавек асінавую калоду і ўсё крычыць: «Есці хачу!»
— Добры дзень, Пражора!
— Добры дзень, удовін сын! Куды ідзеш, куды дарога твая вядзе?
— Іду да бабы Карготы сватаць яе малодшую дачку за цара Пастаянца.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Ідзі з намі.
Падышлі да лесу. Сустракаюць чалавека ў кажусе да пят. Стаіць ён пры дарозе ды ўсё рукавіцамі — плясь, плясь! I як толькі плясне — адразу дрэвы інеем пакрываюцца.
— Добры дзень, Мароз!
— Добры дзень, удовін сын! Куды ідзеш, куды дарога твая вядзе?
— Іду да бабы Карготы сватаць яе малодшую дачку за цара Пастаянца.
— Без мяне табе з бабаю КаргоТаю не згаварыцца...
— Дык ідзі і ты з намі!
Пайшлі ўшасцёх. Ішлі, ішлі і прыйшлі да двара бабы Карготы. Бачаць—на ўсіх частаколінах галовы вісяць, толькі на адной няма. Удовін сын кажа:
— Вось тут мая галава сядзе!
— Можа б, і села,— усміхаюцца таварышы,— каб не мы...
Пачалі шукаць вароты. Ды нідзе іх няма. Тут Марскі Бягун абабег разоў тры вакол двара і знайшоў вароты.
Зайшлі на двор. Баба Каргота стаіць на ганку, дзівіцца: як маглі знайсці яе вароты гэтыя падарожнікі?
Падышоў удовін сын да бабы Карготы:
— Добры дзень, гаспадыня!
— Добры дзень, удовін сын! Чаго прыйшоў да мяне?
— Прыйшоў сватаць тваю малодшую дачку за цара Пастаянца.
— Ну што ж, сватай, калі не жартуеш. Але перш чым дачку сватаць — паспытай піўка з майго скляпка. Вып’еш усё — аддам дачку за цара Пастаянца, не вып’еш — галаву зніму.
— 3 ахвотаю вып’ю,— адказвае ўдовін сын.— Я з вялікай дарогі і вельмі ж піць хачу. Ды і сябры мае таксама пасмяглі.
Загадала баба слугам, каб завялі ўдовінага сына з таварышамі ў піўны склеп. Завялі іх слугі і на замок замкнулі.
Удовін сын з сябрамі шклянкамі п’юць, а Вадапой — цэлымі бочкамі глытае. Вып’е бочку, стукне па ёй кулаком —тая і рассыплецца на клёпкі. Выпіў усе бочкі і крычыць нема:
— Баба Каргота, давай яшчэ піва!
Адчыніла баба склеп, бачыць — усе бочкі разбіты, усё піва выпіта!
— Піва ў мяне,— кажа баба,— болып няма. А ёсць пірагі. З’ясце ўсе мае пірагі — будзеце дачку сватаць.
Сваты зарадаваліся:
— Давай, бабка, свае пірагі! Мы вельмі ж здарожыліся, даўно есці хочам.
Загадала баба слугам адчыніць другі склеп з пірагамі. Пусцілі туды сватоў; А пірагоў у склепе — цэлыя горы.
Пакуль іншыя па пірагу з’елі, дык Пражора ўвесь скле.п ачысціў, сцяну праеў і крычыць нема:
— Баба Карвота, давай больш пірагоў!
Узлавалася баба: тры гады пякла яна з дочкамі пірагі, а сваты за адну гадзіну з’елі. Загадала яна слугам нацяпліць жалезную лазню. Слугі так нацяплілі, што аж сцены пачырванелі. Баба кажа сватам:
— Памыйцеся ў маёй лазні, пераначуйце там, тады будзем аб справе гаварыць.
— Добра, бабка, мы па дарогах нахадзіліся, дужа запыліліся — лазня нам не пашкодзіць.
Павяла баба сватоў у лазню сама. Толькі ўдовін сын падышоў да парога, як Мароз цоп яго за плячо і паставіў за сабою. Сам увайшоў першы, надзеў рукавіцы, пляснуў раз-два,і адразу халадком павеяла. Зайшлі.за Марозам усе сваты, а баба дзверы зачыніла і замкнула...
Тут Мароз давай па лазні пахаджваць, рукавіцамі памахваць:
— Ну, як: не перастудзіў? Можна будзе начаваць не накрываючыся?
— Добрая лазня,— хваляць таварышы.— He гарачая і не халодная,— якраз умеру.
Памыліся і ляглі спаць.
Назаўтра пасылае баба Каргота слуг у лазню:
— Схадзіце павыкідайце сабакам папечаных сватоў!
Адчынілі слугі лазню, а адтуль выходзяць шэсць малайцоў, як дубоў.
Баба аж умлела: нічога сватам зрабіць не можа! Вось яна і кажа ўдовінаму сыну:
— Калі пазнаеш маю малодшую дачку, то будзеш сватаць яе за цара Пастаянца. А не пазнаеш — пасаджу тваю галаву на вольную частаколіну.
Удовін сын зажурыўся: «Як жа яе пазнаць, тую малодшую дачку?»
— Я пазнаю,— шэпча Марскі Бягун.— Я іх не раз бачыў, калі яны прыходзілі да мора купацца.
— Добра,— кажа ўдовін сын бабе,— вядзі сваіх дачок.
Прыводзіць неўзабаве баба Каргота дванаццаць дачок — волас у волас, голас у голас, твар у твар, плячо ў плячо: як адна! Сама стала наперадзе, дачок за сабою паставіла.
Удовін сын тры разы бабіных дачок абышоў, а якая малодшая,—не пазнаў: усе роўныя!
Тут Марскі Бягун падмаргнуў і вачыма на малодшую дачку паказаў.
Узяў яе ўдовін сын ды вывеў наперад, да бабы Карготы:
— Вось твая малодшая дачка!
Закалацілася баба ад злосці, ды нічога не зробіш: не памаглі хітрыкі!
Узяў удовін сын бабіну дачку за руку і павёў за вароты. Але толькі яны выйшлі,—скокнула бабіна дачка ў неба, села на воблака ды смяецца.
Тут Вусач падняў правы вус угору, падчапіў яе і зняў з воблака.
Бачыць бабіна дачка: з такімі сватамі не вельмі нажартуеш, і супакоілася.
Пайшлі сваты дадому.