• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларускія народныя казкі

    Беларускія народныя казкі


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 144с.
    Мінск 1981
    46.39 МБ
    Ехаў аднаго разу праз тое сяльцо пан. Убачыў ён знаёмую бабку ды і здзівіўся.
    — Хіба ж ты яшчэ жыва? — пытаецца.
    — Жыва, паночку. He ідзе смерць па мяне...
    — А колькі ж табе гадоў?
    — Ды я сваім гадам і ліку не ведаю...
    — А як жа ты жывеш?
    — Якое маё жыццё! Як так жыць, то лепей гніць: рабіць не магу, а дзеці і ўнукі ўсе даўно паўміралі. Адна я цяпер, як тая былінка ў полі. Няма каму і вады падаць. Ці не памог бы ты, паночку, чым-небудзь старому чалавеку?
    Пан быў скупы. He было яшчэ таго, каб ён каму дапамог у бядзе.
    Падумаў ён і кажа:
    — Чаму ж ты, старая, не шэпчаш ці не варожыш?
    — He ўмею, паночак.
    — Дык я цябе навучу.
    — А навучы, голубе, навучы, каб і я не дарэмна свет займала.
    Нахіліўся пан да бабчынага вуха ды і кажа:
    — Як паклічуць цябе да хворага, ты пахукай на яго тройчы і шапчы: «Сіголаў жыў, сіголаў не...» Пашапчы гэтак трохі, дай яму выпіць вады з бутэлечкі — ён і ачуняе. А не ачуняе, то сіголаў яго бяры.
    Падзякавала бабка пану і пачала шаптаць, як ён яе навучыў.
    Пайшла чутка па ваколіцы, што аб’явілася такая бабка-шаптуха, якая вельмі ж добра лечыць і людзей, і жывёлу. Ды не толькі лечыць, але і ўсё ўгадвае.
    Павалілі да тае бабкі людзі адусюль. Нясуць і вязуць ёй усялякага дабра.
    Жыве цяпер бабка і паміраць не хоча.
    Тым часам паехаў аднойчы пан на паляванне. Дзень быў халодны. Пан доўга ганяўся за зайцамі, крычаў на ўсё горла супраць ветру, вось^ і села яму скула ў горле.
    Пан і да аднаго доктара, і да другога — ніхто не можа скулы тае вылечыць. А яна вось-вось задушыць яго.
    Жонка кажа, што трэба паклікаць шаптуху, а пан і слухаць не хоча: ведае ж ён гэтую шаптуху!
    Цярпеў, цярпеў ён, а нарэшце, як не стала моцы, дык і згадзіўся, каб паклікалі бабку.
    Прывезлі бабку, а пан ужо ледзь дыхае. Давай тут бабка хукаць ды шаптаць: «Сіголаў жыў, сіголаў не...»
    Пачуў пан, што бабка шэпча тое, чаму ён яе дзяля жарту навучыў, дык яго аж смех апанаваў. Бабка ж не зважае ні на што — шэпча: «Сіголаў жыў, сіголаў не...»
    Слухаў, слухаў пан, а потым як зарагоча,— дык скула ў горле і лопнула...
    Ачухаўся пан ды давай дзякаваць бабцы, што адратавала яго ад смерці.
    — I гэта ты ўсё так лечыш, як я цябе навучыў? — пытаецца ён.
    — Эге ж, паночку, так і лячу.
    — Ну, а як жа ты ўгадваеш?
    — Ды як прыйдзецца...
    — Угадай жа, што я цяпер думаю.
    Паглядзела бабка пану ў вочы і кажа:
    — Думаеш: заплаціць мне за шэпты ці не?
    Пан засмяяўся:
    — А няхай цябе, бабка, качкі стопчуць: як жа ты ўгадала?
    — А гэта, пане, кожны ўгадае, хто цябе знае...
    ДВА КАМЯНІ
    Ляжаў пры дарозе вялікі камень. Хто ні ідзе, спыніцца каля яго, пасядзіць, адпачне, a то і падсілкуецца трохі. Людзі з усяе акругі ведалі той камень і шанавалі яго.
    Пабудаваў у тых мясцінах адзін чалавек новы млын. Але не было ў яго камянёў для жорнаў. Паехаў ён у горад, купіў там верхні жарнавы камень і вязе яго на валах дахаты. Убачыў жарнавік свайго таварыша пры дарозе і заганарыўся.
    — Вось бачыш, які я пан! Мяне на валах возяць, а ты нікому не патрэбен. Валяешся тут, як ламачына. Набок з дарогі, бо расцісну, як порхаўку!
    Тут на валоў напалі авадні ды сляпні. Закруцілі валы хвастамі ды як скокнулі ўбок... Зачапіўся воз за камень, што ляжаў пры дарозе, вось зламалася і ганарысты жарнавік паляцеў далоў. Ды так рэзнуўся аб прыдарожны камень, што аж усярэдзіне ў яго нешта трэснула.
    Ляжыць жарнавік і траха са злосці не лопаецца, што давялося апынуцца побач з такім брыдкім каменем.
    Тым часам млынар пачаў прыглядацца да прыдарожнага каменя, «Ці не зрабіць мне з яго споднік для жорнаў?» — думае.
    Паклікаў ён майстра. Аглядзеў майстар камень ды выкаваў з яго споднік для млынавых жорнаў
    Прывёз млынар абодва камяні і зрабіў з іх жорны: камень, што валяўся пры дарозе, палажыў пад спод, а куплены — наверх.
    Меле сподні камень муку ды толькі радуецца, што цяпер ён яшчэ лепш служыць людзям. А верхні камень аж скрыгоча ад злосці, фанабэрыцца перад таварышам:
    — Куды табе да мяне! Я калі захачу, дык задушу цябе! He ты, а я мялю муку!
    Пры гэтым ён так закруціўся, так зашумеў, што аж распаўся на кавалкі.
    Пабедаваў млынар ды выкінуў тыя кавалкі ў гразь як непатрэбныя.
    Купіў млынар новы жарнавік, доўга малоў ім, але і той зламаўся.
    А сподні камень трапіўся такі моцны ды ўдалы, што і да гэтага часу меле.
    СТАРЫ БАЦЬКА
    Даўней было так: як састарэе бацька, то сын завязе яго ў глухую пушчу ды і пакіне там...
    Вось аднаго разу павёз сын бацьку ў пушчу. Шкада яму бацькі,— моцна любіў ён яго, але што зробіш? He павязеш — людзі смяяцца будуць: старых, скажуць, звычаяў не трымаецца. Яшчэ з сяла выганяць...
    Едзе ён такі маркотны, аж бацька і кажа яму:
    — Няўжо ты, сынку, мяне, старога ды нядужага, аднаго ў пушчы пакінеш?
    Падумаў сын, змахнуў слязу і кажа:
    — He, бацька, не пакіну. Але для людзей хоць трэба зрабіць гэта. Уночы я прыеду па цябе, забяру і буду трымаць да смерці ў цёмнай каморцы, каб ніхто не бачыў.
    Так сын і зрабіў.
    Як прыйшла ноч, прывёз ён бацьку з пушчы ды схаваў у цёмнай каморцы.
    Здарылася няшчасце: град усё жыта выбіў, і няма чым нават новага пасеяць.
    Прыйшоў сын да бацькі ў цёмную каморку, бядуе:
    — Што рабіць? He пасеем жыта — і налета без хлеба будзем.
    Бацька кажа:
    — He, сынку, пакуль я жыў, без хлеба мы не будзем. Слухай мяне. Як ты быў яшчэ малы, тады я гумно ставіў. А ў тым годзе быў вельмі ж добры ўраджай. Дык я немалочаным жытам гумно накрыў. Здзяры страху, абмалаці і будзеш мець насенне.
    Сын так і зрабіў. Садраў страху з гумна, абмалаціў і пасеяў увосень жыта.
    Суседзі дзівяцца: адкуль ён насенне ўзяў?
    А сын маўчыць, бо нельга ж прызнацца, што гэта стары бацька яму дапамог.
    Прыйшла зіма. Няма чаго есці. Зноў ідзе сын да бацькі ў цёмную каморку.
    — Так і так,— кажа,— давядзецца з голаду паміраць...
    — He,— кажа бацька,— з голаду не памром. Слухай, што я табе скажу. Вазьмі рыдлёўку ды пакапайся ў хаце пад лаваю. Там я некалі, як быў яшчэ малады і дужы, закапаў трохі грошай на чорны дзень. Жыццё, сынку, пражыць — не поле перайсці: усё можа здарыцца. Так я думаў, так і рабіў.
    Зарадаваўся сын, выкапаў бацькавы грошы і купіў збожжа.
    Сам з сям’ёю хлеб есць ды яшчэ і суседзям пазычае. Вось яны і пытаюцца ў яго:
    — Скажы ты нам, браце, адкуль ты хлеб бярэш?
    Прызнаўся сын.
    — Бацька,— кажа,— мяне корміць.
    — Як жа так? — дзівяцца суседзі.— Ты ж завёз свайго бацьку ў лес, як і ўсе добрыя сыны!
    — He,— кажа ён,— я не рабіў так, як вы робіце, а пакінуў бацьку пры сабе дажываць веку. Затое, як прыйшла бяда,— бацька мне і дапамог. Старыя людзі большы розум маюць, чым маладыя.
    Перасталі з таго часу сыны бацькоў у пушчу вазіць, а пачалі пад старасць шанаваць іх і даглядаць.
    ЯК МУЖЫК ЦАРСКАГА ГЕНЕРАЛА ПРАВУЧЫУ
    Капаў мужык склеп і выкапаў кавалак золата. Ачысціў яго ад пяску і думае: «Што ж мне з ім рабіць? Занесці пану, дык пан адбярэ і нічога за яго не дасць. Занесці карчмару, дык той ашукае: скажа, што гэта не золата. Пакінуць дома — могуць зладзеі ўкрасці... He, панясу лепш самому цару. Што ён дасць, тое і вазьму».
    Апрануў мужык новую світку, абуў новыя лапці і панёс цару золата.
    Можа, тыдзень ішоў, можа, два,— прыходзіць нарэшце ў царскую сталіцу. Падышоў да царскага палаца...
    — Куды, дзядзька, ідзеш? — спытаў яго вартавы салдат.
    — Да цара, служывенькі.
    — Чаго?
    — Ды вось: нясу яму кавалак золата.
    Салдат прапусціў мужыка за браму.
    Падышоў ён да царскіх пакояў. А там на варце сам царскі генерал стаіць.
    — Куды, мужык, лезеш? — грозна закрычаў генерал на мужыка.
    — Да цара,— кажа мужык.
    — Чаго?
    — Ды вось, капаў я склеп на агародзе і выкапаў кавалак золата. Дык нясу цару — можа, ён што дасць за яго.
    — Пакажы,— кажа генерал,— золата.
    Паказаў яму мужык золата. Паглядзеў генерал: праўда, што золата.
    Падумаў генерал, паскуб сябе за вусы і кажа:
    — Калі дасі мне палавіну таго, штб табе цар за золата дасць, дык пушчу, а не — дык ідзі назад.
    — Добра, панок, дам! — кажа мужык.
    Генерал далажыў цару. Цар выйшаў, забраў золата і пытаецца ў мужыка:
    — Што ж табе, мужычок, даць за яго?
    — А нічога, царочак-паночак. Калі ёсць чым пачаставаць, то пачастуй: бо я з вялікай дарогі, дужа есці захацеў.
    Цар загадаў, і слугі прынеслі мужыку каравай белага хлеба і бутэльку віна.
    Паглядзеў мужык на далікатны пачастунак і кажа:
    — Царочак-паночак! Мой дзед і прадзед такога хлеба не елі, такога віна не пілі,— і я да гэтага не прывык. Ці няма ў цябе салдацкага хлеба і простай гарэлкі?.
    ГТрынеслі мужыку чорнага салдацкага хлеба і простай гарэлкі.
    Наеўся мужык, падпіў трохі і дзякуе цару.
    — Ну, а што яшчэ ты хочаш, мужычок?
    — А нічога, царочак-паночак. Цяпер дазволь паскакаць трохі ў тваіх пакоях.
    — Гэй, музыку!—клікнуў цар.
    Прыйшла палкавая музыка.
    — He,— кажа мужык,— я пад такую музыку не ўмею скакаць.
    — А пад якую ж ты ўмееш?
    — Пад дудў.
    Знайшлі дудара з дудою. Зайграў дудар, а мужык як пайшоў скакаць, аж царскія пакоі трасуцца. Наскакаўся ўволю, усе лапці стаптаў, а потым кажа:
    До
    Дудар перастаў іграць.
    До — досыць.
    — А цяпер, царочак-паночак,—кажа мужык,— ёсць у мяне яшчэ адна апошняя просьба.
    — Якая?
    — Ды вось я табе тут нашумеў, насмяціў сваімі лапцямі,— дык дай мне за гэта сто розаг.
    — Навошта табе розгі? — кажа цар.— Ты ж мне золата прынёс!
    — He, царочак-паночак, дай розаг, бо я ад цябе так не пайду.
    Ну, рабіць няма чаго. Паклікаў цар катаў з розгамі. Палажылі мужыка на ўслон. Каты намачылі розгі ў салёнай вадзе і падрыхтаваліся біць яго.
    А мужык раптам як закрычыць:
    — Пачакай, царочак-паночак! У мяне ёсць палавіннік.
    — Які палавіннік?
    — Ды вось, калі я ішоў да цябе, дык мяне тут адзін твой генерал не пускаў. Калі дасі,— кажа,—■ палавіну таго, што табе цар дасць за золата, то пушчу. Я абяцаў яму аддаць палавіну. Дык дайце яму першаму яго палавіну — усё ж ён не мне раўня, я яму сваю чаргу мушу пераступіць.
    Прывялі генерала. Убачыў ён розгі, задрыжаў, пачаў нешта гаварыць, ды язык яго не слухаецца. А мужык кажа:
    — He бойся, панок-генерал, я цябе не ашукаю: тваю долю спаўна аддаю. Дайце яму пяцьдзесят, а потым рэшту мне.
    Раздзелі генерала, палажылі на ўслоне і пачалі лупцаваць розгамі.
    Як налічылі роўна пяцьдзесят, мужык кажа: