• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларускія народныя казкі

    Беларускія народныя казкі


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 144с.
    Мінск 1981
    46.39 МБ
    — He, пане, не прадам: гэтай мой сынок.
    А пан прычапіўся як смала: прадай ды прадай!
    — Я табе,— кажа пан,— дам шмат грошай.
    Пачуў гэта сынок, падбег да бацькі і шэпча яму:
    — Прадавай, тата, толькі вазьмі ў пана за мяне жменю золата. He бойся, я ад яго ўцяку...
    Згадзіўся дзед і прадаў пану сына за жменю золата.
    Узяў пан хлопчыка, пасадзіў у кішэнь і паехаў. «Вось,— думае,— добрага аратага нажыў. Гэтакага ні ў кога няма. Няхай зайздросцяць мне ўсе паны!»
    Тым часам хлопчык прадраў панскую кішэнь, цішком вылез з яе ды выскачыў з брычкі. Пан нават і не пачуў. Паехаў сабе дамоў хваліцца дзіўным аратым.
    Агледзеўся хлопчык, аж кругом яго густы лес.
    Пахадзіў ён, пахадзіў па лесе і заблудзіўся.
    А тут і вечар настаў. Сеў ён пад елкаю і плача.
    Адкуль ні натрапіўся галодны воўк. Ухапіў ён хлопчыка і праглынуў яго.
    Апамятаўся хлопчык, пачаў брыкацца ў воўчым жываце, пачаў крычаць:
    — Гэй, воўк, нясі мяне дахаты!
    — He панясу,— кажа воўк.
    — Нябось, панясеш, як надакучу табе.
    — Паглядзім,— агрызнуўся воўк і пабег у поле шукаць авечак.
    Прыбягае да чарады авечак, а хлопчык як крыкне з воўчага жывата:
    — Гэй, пастухі, воўк па авечкі крадзецца!
    Пачулі гэта пастухі, прагналі злодзея. Ды яшчэ і сабак нацкавалі на яго.
    Прыбег воўк у лес і кажа хлопчыку:
    — Вылазь вон!
    — He, не вылезу,— адгукаецца хлопчык.— Нясі мяне дадому.
    — He панясу! — злуецца воўк.
    Выгаладаўся воўк ды зноў пайшоў шукаць спажывы. Але куды ні прыйдзе, усё няўдача: не дае яму хлопчык спакою.
    Зусім схуднеў воўк, ледзьве ногі цягае. А хлопчык усё сваё права правіць:
    — Нясі мяне дадому!
    Бачыць воўк —няма рады: панёс хлопчыка дадому.
    Прынёс да двара і кажа:
    — Вылазь. Вунь твая хата.
    — He,— адказвае хлопчык,— нясі на двор.
    Прынёс яго воўк на двор і зноў крычыць:
    — Вылазь!
    — He, нясі ў сенцы.
    Прынёс воўк яго ў сенцы.
    Тут хлопчык выскачыў вон ды як закрычыць:
    — Тата, хадзі воўка біць!
    Выбег бацька з качаргою і забіў воўка. Шкуру злупіў і бабе футра пашыў. А баба сасмажыла за гэта дзеду і сынку гуся.
    Тут і казка ўся.
    РАЗУМНАЯ ДАЧКА
    Жыў адзін бедны чалавек з жонкаю. Нарадзілася ў іх дачка. Прыйшлося спраўляць радзіны. А ў чалавека таго ні хлеба, ні да хлеба. Чым гасцей частаваць?
    Пайшоў бядняк на рэчку па ваду. Аж бачыць — ляжыць у кустах цялушка. Ды такая слабая, лядаштая, што сама і не ўстане.
    Прынёс ён цялушачку дахаты і кажа жонцы:
    — Давай зарэжам яе: будзе чым гасцей пачаставаць.
    Спадабалася жонцы цялушачка — такая рыжанькая ды лысенькая.
    — He,— адказвае яна,— хай лепш гадуецца.
    — Дык жа яна зусім кволенькая. Яе, відаць, нехта знарок выкінуў, каб у хляве не здохла.
    — Нічога, можа, як і выгадуем. Падрасце дачка — будзе ёй малако.
    Паслухаў чалавек жонку, і пачалі яны гадаваць цялушачку.
    Акрыяла тая, расце як на дражджах. I дачка таксама расце як на дражджах. Ды такая разумніца ўдалася, што і старыя ахвотна слухаюць яе.
    Выгадавалася з лысенькай цялушачкі слаўная карова.
    Падрасла дзяўчынка, стала ёй сем гадоў, пачала сама пасвіць карову.
    Загледзеўся аднойчы багаты сусед на карову бедняка.
    — Адкуль у цябе такая добрая карова? — пытаецца.
    Бядняк і расказаў яму ўсё, як было.
    — Эге,— кажа багацей,— дык гэта ж мая цялушка! Гэта я выкінуў яе — не думаў, што яна на ногі ўстане. He, тады я забяру сваю карову назад...
    Зажурыўся бедны чалавек.
    — Я ж яе гадаваў,— кажа.— I яна цяпер мая.
    He згаджаецца багаты:
    — He аддасі па-добраму,— пойдзем да пана на суд.
    Што рабіць? Пайшлі да пана на суд.
    Багаты падаў пану руку, прывітаўся: ведама, багаты з багатым свае людзі. Пан кажа яму:
    — Садзіся ў мяне.
    Багаты сеў у крэсла, а бедны стаіць ля парога, шапку зняўшы. Пан на яго і не глядзіць.
    — Ну, што добрага скажаш? — пытаецца пан у багатага.
    — Ды вось, пане, якая справа,— пачаў скардзіцца багаты.— Сем гадоў таму назад гэты чалавек забраў маю цялушку і цяпер не аддае...
    Выслухаў пан і бедняка. А потым кажа ім:
    — Добра. Суд мой будзе такі. Загадаю вам тры загадкі: што на свеце сыцей за ўсё? што на свеце саладзей за ўсё? што на свеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму і карова застанецца. А цяпер ідзіце дахаты, падумайце. Заўтра прыйдзеце з адгадкамі.
    Вярнуўся бедны чалавек дахаты, сеў і плача.
    — Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.
    — Ды так і так,— адказвае бацька,— хоча багаты сусед адабраць у нас карову. Пайшлі мы з ім да пана на суд. А той загадаў нам тры загадкі. Хто з нас адгадае, таму і карова застанецца. Дзе ж мне адгадаць тыя загадкі!
    — А якія, тата, загадкі? — пытаецца дачка.
    Бацька сказаў.
    — Нічога, тата, не турбуйся,— кажа дачка,— Кладзіся спаць. Раніца за вечар мудрэйшая: заўтра што-небудзь прыдумаем.
    А багаты прыйшоў дадому і радуецца:
    — Ну, баба, карова будзе наша! Трэба нам з табою толькі адгадаць тры загадкі: што на свеце сыцей, што саладзей і што шпарчэй?
    — Вось дзіва! — усміхнулася жонка.— Тут і адгадіаць няма чаго. Сыцей за нашага рабога парсюка нікога на свеце няма. Саладзей за
    ліпавы мёд ад нашых пчол таксама няма нічога. А шпарчэй за нашага гнедага жарабца ніхто не зможа бегчы: ён жа як памчыцца, дык і вецер не дагоніць!
    — Праўда,— згадзіўся мужык,— так я і скажу пану.
    Назаўтра прыходзяць бедны з багатым да пана.
    — Ну што: адгадалі мае загадкі? — пытаецца пан.
    Багаты выйшаў наперад:
    — Ды тут і адгадваць няма чаго: нікога і нічога на свеце няма сыцей за майго рабога парсюка, саладзей за ліпавы мёд ад маіх пчол і шпарчэй за майго гнедага жарабца.
    — А ты,— пытаецца пан у бедняка,— адгадаў?
    — Адгадаў, пане: няма нічога сыцей за зямлю, бо яна ўсіх корміць; няма нічога саладзей за сон, бо хоць якое гора, а заснеш, дык і забудзешся; і няма нічога шпарчэй за людскія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка...
    Правільна адгадаў бядняк! Прыйшлося пану прысудзіць яму карову.
    — Хто цябе навучыў так адказваць на мае загадкі? — пытаецца пан у бедняка.
    — Мая дачка-сямігодка.
    Здзівіўся пан: не можа таго быць, каб такая малая беднякова дачка адгадала яго загадкі! Захацелася яму паглядзець разумную дзяўчынку. Прыехаў ён аднойчы да бедняка, а той якраз з жонкаю ў полі быў. Сустрэла пана беднякова дачка-сямігодка.
    — Дзяўчынка,— пытаецца пан,— да чаго мне коней прывязаць?
    Паглядзела дзяўчынка на сані і калёсы, што стаялі на двары, і кажа:
    — Можаш да зімы прывязаць, а можаш і да лета.
    Пан і вочы вылупіў: як гэта можна коней прывязаць да зімы або да лета? Смяецца, відаць, з яго гэтае дзяўчо!
    — Ну хоць да саней прывяжы, а хоць да калёс,— растлумачыла дзяўчынка.
    Бачыць пан: беднякова дачка сапраўды надта разумная. He гонар гэта пану. Дачуюцца людзі, што яна разумнейшая за яго, тады хоць з маёнтка ўцякай.
    Пагаварыў пан з дзяўчынкай і паехаў, а ёй сказаў, каб увечары бацька да яго ў маёнтак прыйшоў. Прыйшоў увечары бядняк да пана.
    — Нішто,— кажа пан,— разумная твая дачка.— Але я ўсё ж разумнейшы.
    Даў пан бедняку рэшата яек.
    — На,— кажа,— занясі дачцэ і скажы, каб яна пасадзіла на іх квактуху і вывела мне да заўтра куранят на снеданне. А не зробіць гэтага — загадаю бізуноў даць.
    Прыйшоў бядняк дахаты засмучаны. Сеў на лаве і плача.
    — Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.
    — Ды вось, дачушка, бяда якая: загадаў табе пан новую загадку.
    — Якую?
    Бацька паказаў дачцэ рэшата з яйкамі:
    — Сказаў, каб ты на гэтыя яйкі квактуху пасадзіла і вывела куранят да заўтра яму на снеданне. Хіба ж гэта можна зрабіць?
    Дачка падумала і кажа:
    Нічога, тата. Заўтра што-небудзь прыдумаем. А пакуль што бяры, мама, гэтыя яйкі, пячы яечню на вячэру.
    Раніцай дачка кажа бацьку:
    — На табе, тата, гаршчок, ідзі.да пана. Скажы, каб ён за дзень ляда высек, выкарчаваў і ўзараў, проса пасеяў, зжаў і змалаціў ды ў гэты гаршчок насыпаў — куранят карміць.
    Пайшоў бацька да пана, падаў яму гаршчок і сказаў усё, як дачка загадала.
    Пан падкруціў вусы, паморшчыўся і кажа:
    — Разумная твая дачка, ды я ўсё ж разумнейшы!
    Узяў ён тры сцяблінкі льну, падаў бедняку:
    — Скажы дачцэ, каб яна да заўтра гэты лён сцерла, спрала, выткала і пашыла мне кашулю.
    Вярнуўся бацька дахаты засмучаны. Дачка пытаецца:
    — Што сказаў табе пан?
    Падаў бацька ёй тры сцяблінкі льну і расказаў, што пан загадаў.
    — Нічога,— адказвае дачка,— кладзіся, тата, спаць: заўтра што-небудзь прыдумаем.
    Назаўтра дае дачка бацьку тры кляновыя дубчыкі і кажа:
    — Занясі пану і папрасі: няхай ён іх пасадзіць, за адну ноч вырасціць і зробіць варштат для кросен, каб было на чым яму палатно для кашулі выткаць.
    Пайшоў бядняк да пана, падаў тры дубчыкі і сказаў, як дачка навучыла.
    Пачырванеў пан і кажа.
    — Разумная твая дачка — нічога не скажаш. Ды я ўсё ж разумнейшы! Перадай жа ты ёй, каб яна да мяне не пехатою прыйшла, не на кані прыехала, не голая і не адзетая, і каб падарунак мне прынесла, а я каб не мог яго прыняць. Калі зробіць усё гэта, то вазьму яе за дачку, вырасце — паняй будзе! А не зробіць — дрэнна ёй будзе...
    Вярнуўся бацька дахаты яшчэ больш засмучаны.
    — Ну што табе, тата, пан сказаў? — пытаецца дачка.
    — Ды вось, дачушка, нарабіла ты сваімі адгадкамі бяды і нам і сабе...
    Расказаў ёй бацька, што пан загадаў. Дачка засмяялася:
    — Нічога, тата. Як-небудзь абдурым пана і на гэты раз. Злаві ты мне толькі жывога зайца.
    Пайшоў бацька ў лес, паставіў сіло і злавіў зайца.
    Дачка закруцілася ў рыбацкую сетку замест сукенкі, села на кіёк і паехала з зайцам да пана.
    Пан стаіць на ганку і дзівіцца: зноў перахітрыла яго беднякова
    дачка! Узлаваўся ён і нацкаваў на яе сабак—думаў, тыя разарвуць разумніцу. Дзяўчына выпусціла з рук зайца — сабакі і памчаліся за ім.
    Падышла яна да пана.
    — Лаві,— кажа,— свой падарунак: вунь у лес пабег...
    Прыйшлося пану ўзяць разумную дзяўчынку за дачку.
    Паехаў неўзабаве пан за граніцу, а дзяўчынцы сказаў:
    — Глядзі ж, каб ты тут без мяне не судзіла маіх людзей, бо дрэнна табе будзе.
    Засталася дзяўчынка адна ў маёнтку.
    Здарылася ў гэты час такая справа. Пайшлі два дзядЗькі на кірмаш. Адзін купіў калёсы, другі — кабылу. Запрэглі кабылу ў калёсы і паехалі дамоў. Па дарозе спыніліся адпачыць. Ляглі і паснулі. А як прачнуліся, бачаць: бегае ля калёс малое жарабятка. Дзядзькі заспрачаліся. Той, чые калёсы былі, кажа: «Жарабя маё,— гэта мае калёсы ажарабіліся!» А той, чыя кабыла, сваё даводзіць: «Не, жарабя маё,— гэта мая кабыла ажарабілася!» Спрачаліся, спрачаліся ды парашылі ехаць да пана на суд. Прыехалі, а пана няма дома.