Беларускія народныя казкі

Беларускія народныя казкі

Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 144с.
Мінск 1981
46.39 МБ
— Рассудзі хоць ты нас,— просяць дзядзькі прыёмную панскую дачку.
Даведалася дзяўчынка, што ў іх за справа, і кажа:
— Няхай той з вас, чыя кабыла, выпража яе з калёс ды вядзе ў руках, а той, чые калёсы, няхай цягне іх на сабе ў другі бок. За кім жарабя пабяжыць, той яго і гаспадар.
Дзядзькі так і зрабілі. Жарабя пабегла за кабылаю. На гэтым і спрэчка ў іх скончылася.
Вярнуўся пан з-за граніцы і дачуўся, што разумная дзяўчынка без яго суды судзіла. Узлаваўся ён, н'арабіў крыку:
— Што ж ты не паслухала мяне? Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды ідзі дахаты, каб я цябе больш не бачыў!
— Добра,—кажа дзяўчынка.— Але мне хочацца на адыход цябе віном пачаставаць.
— Частуй,— буркнуў пан.— Толькі хутчэй.
Напаіла яго дзяўчынка віном, пан і заснуў без памяці. Загадала тады яна слугам запрэгчы каня, палажыла ў карэту пана і павезла дахаты. Дома з бацькам зняла яго з карэты ды перанесла ў сенцы на салому.
— Вось табе,— кажа,— пасцель замест пярынаў. Ачухвайся тут.
Прачнуўся назаўтра пан, разглядаецца — дзе ж гэта ён? Убачыў сваю прыёмную дачку, якую прагнаў, і пытаецца:
— Чаму я тут, у бруднай мужыцкай хаце, ляжу?
— Ты сам так захацеў,— смяецца дзяўчынка,—Ты сказаў мне: «Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды ідзі дахаты». Я і ўзяла цябе. Уставай ды ідзі замест бацькі паншчыну адбываць. Ты мужык дужы, работнік з цябе будзе нядрэнны.
Пачуўшы гэта, пан усхапіўся на ногі і так драпануў, што толькі яго і бачылі. Нават ад коней з карэтаю адрокся.
ЯК СЦЕПКА 3 ПАНАМ ГАВАРЫЎ
Жыў некалі адзін пан, ды такі злосны, што бяда: ніхто не мог яму дагадзіць. Усе яго баяліся, як чорта. Бывала, прыйдзе хто да яго штонебудзь прасіць, а ён як крыкне: «Што скажаш?», дык той ад страху забудзецца і аб сваёй просьбе.
— Нічога, паночку, усё добра,— адказвае бядак калоцячыся.
— А па добрым што?
— He ведаю, паночку...
— На стайню яго, галгана! — раве пан.— Даць яму розаг, каб больш сюды не хадзіў!
Іначай пан і не ўмеў з людзьмі гаварыць. I людзі баяліся з ім гаварыць, бо скажаш што не так, не па шэрсці,— да смерці засячэ.
Аднойчы гуляў пан у карты і выйграў у суседняга пана маёнтак. Было гэта вясною. Сабраўся пан ды паехаў аглядаць свой новы маёнтак. Як паехаў, дык і застаўся там на ўсё лета: вельмі ж яму спадабаўся новы маёнтак. Праўду бо кажуць, што новае сіта на калочку вісіць, a старое пад лавай ляжыць.
Тым часам у старым маёнтку нарабілася шмат бяды. «Як жа,— думае аканом,— сказаць пану пра бяду?» Сам ехаць да яго баіцца. Надумаўся ён паслаць каго з дваровых. Ды няма ахвотніка. Каму хочацца дастаць ад пана лішніх розаг?
А жыў там адзін чалавек. 3 выгляду так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэнь не лезе. Імя ён меў Сцяпан, але ўсе звалі яго проста Сцёпка. Малы, бач, ён быў ростам і шчуплы.
Дачуўся Сцёпка, што аканом шукае пасланца да пана, прыйшоў да яго і кажа:
— Пашліце мяне—я ўмею з панам гаварыць.
Рад аканом, чуць не цалуе Сцёпку. Даў ён яму хлеба, сала, цэлую жменю медзякоў і выправіў у дарогу.
Ідзе Сцёпка, медзякамі пазвоньвае, ніводнай карчмы не мінае.
Доўга ішоў ён ці коратка, прыходзіць нарэшце ў новы маёнтак. Хацеў Сцёпка проста ў панскі дом ісці, ды лёкай спыніў:
— Ты чаго, валацуга, цягаешся!
I нацкаваў на яго сабак.
Сцёпка дастаў з торбачкі кавалак хлеба, кінуў сабакам. Тыя і перасталі брахаць. Тады Сцёпка зноў падышоў да ганка.
— Што табе трэба? — крычыць лёкай.— Тут сам пан жыве!
Сцёпка пакланіўся лёкаю і кажа:
— А мой паночку, а мой даражэнькі, вось жа мне і патрэбен гэты сам-пан. Я прыйшоў да яго са старога маёнтка.
Лёкай памякчэў.
— Добра,— кажа,— я далажу пану пра цябе. Але скажы ж ты мне, адкуль ты ведаеш, што і я — пан?
— Гм,— хітра кашлянуў Сцёпка,— бачу: ты пан, не пан,а так сабе, паўпанак, бо ў цябе лоб нізкі, нос слізкі, от і відаць, што лізаў панскія міскі.
Узлаваўся лёкай, схапіў Сцёпку за каўнер ды давай тузаць. Убачыў гэта пан з акна і паклікаў лёкая да сябе.
— Які там хлоп1? — пытаецца пан у лёкая.
— Ды валацуга нейкі са старога панскага маёнтка,— адказаў лёкай і нізка пакланіўся пану.
Пан успомніў, што даўно не быў у старым маёнтку.
— Пакліч яго сюды,— загадаў ён лёкаю.
Пабег лёкай клікаць Сцёпку, а той дастаў капшук, набіў люльку тытунём ды пачаў агонь крэсіць. Выкрасіў агню, закурыў люлечку. Курыць ды паплёўвае на чысты панскі ганак.
— Ідзі ў пакоі, цябе пан кліча! — крычыць яму лёкай.
, — He трасца пана трасе, пачакае,— адказвае Сцёпка і пакурвае сабе люлечку.
— Ды хутчэй жа ты! — злуецца лёкай,— a то пан цябе розгамі засячэ...
— He засячэ! Вось дакуру люльку, тады і пайду.
Чакаў, чакаў пан Сцёпку, не дачакаўся. Кліча зноў лёкая:
— Чаму хлоп не ідзе?
— Люльку, пане, курыць.
Пан узлаваўся:
— Гані яго сюды!
Сцёпка дакурыў люльку, выбіў з яе попел, схаваў за пазуху і толькі тады падаўся памаленьку ў панскія пакоі. Лёкай бяжыць наперадзе, адчыняе Сцёпку дзверы, як пану.
Увайшоў Сцёпка да пана і закашляўся пасля моцнага тытуню. Кашляе, а пан чакае, толькі злосна вачыма зіркае. Адкашляўся сяк-так Сцёпка і кажа:
— Добры дзень, паночку!
— Што скажаш? — хмурыцца пан.
— Усё добра, паночку.
— А па добрым што?
— Ды вось, паночку, прыслаў мяне аканом. Бачыце, панскі сцізорык зламаўся.
Хлоп — халоп, абразлівая клічка прыгонных сялян.
— Які сцізорык?
— Ды, мабыць, той, якім пану пер’і вастрылі.
— Як жа яго зламалі?
— Кажуць жа, пане, што без начыння і. лапця не спляцеш. А ўсялякае начынне пры рабоце псуецца. Вось так і панскі сцізорык. Хацелі пану на боты злупіць з выжла 1 шкуру, узялі сцізорык. Але на панскім выжле вельмі ж моцная шкура была. Ну, сцізорык і зламаўся.
— Якога выжла? Што ты пляцеш, галган? — закрычаў злосна пан і хацеў ужо загадаць слугам, каб забралі Сцёпку на стайню і далі розаг. Але Сцёпка пачаў расказваць далей:
— Панскі выжал, гэта той самы, можа, пан памятае, што ўскочыў быў у студню, а Мікіту пасылалі даставаць, дык ён утапіўся там. Эге ж, той самы выжал, што пан любіў яго браць на паляванне. Здаецца, калі не мыляюся, пан аддаў за таго выжла суседняму пану трох мужыкоў...
— Што ж, мой лепшы выжал здох?
— Здох, пане.
— 3 чаго ж ён здох?
— Каніны аб’еўся, дык адразу і ногі выпруціў.
— Якой каніны?
— Ды мяса жарабца.
— Якога жарабца?
— Панскага ж буланага жарабца, з лысінаю.
— Што ж, і ён здох?
— Здох, пане. А шкада, добры жарабец быў.
— О, я нешчаслівы!
— Э, пане, чаго вельмі турбавацца. Ужо ж ведама, калі жарабятка ўродзіцца з лысінкаю, то яно ці здохне, ці яго воўк з’есць.
— 3 чаго ж жарабец здох?
— Падарваўся, мабыць.
— Што ж на ім рабілі? Шпарка ездзілі, ці што?
— Ды не, пане, на ім не ездзілі, ён заўсёды на стайні стаяў.
— А што ж?
— Ваду, пане, вазілі.
— Але ж нашто была тая вада?
— Людзі ж кажуць, паночку, што як топішся, дык і за брытву ўхопіціся. Як загарэўся панскі свінушнік, дык аканом загадаў і на жарабцы ваду вазіць.
— Што ж, і свінушнік згарэў?
— Згарэў, пане.
.— Як жа ён загарэўся?
— Бачыш, пане,ён быў блізка каля аборы2, дык ад яе і загарэўся.
1 Выжал — паляўнічы сабака.
2 Абора — хлеў.
— To i абора згарэла?
— Згарэла, пане, як свечка.
— 3 чаго ж яна загарэлася?
Вось гэтага, паночку, добра не ведаю: ці ад абозні, ці мо ад пакояў.
— О, то і пакоі згарэлі?
— Згарэлі, пане, начыста, от быццам хто языком злізаў.
— I ўвесь двор згарэў?
— Увесь, пане: чыста, гладка, хоць рэпу сей.
Ухапіўся пан за галаву ды давай божкаць.
— Але з чаго ж загарэліся пакоі? — зноў пытаецца пан у Сцёпкі.
— Ад свечак, пане.
— Для чаго ж паліліся свечкі?
— Ну як жа, пане, вядома, заўсёды свечкі паляць, як хто памрэ.
— Хто ж там памёр?
Вечны пакой, каб ёй на тым свеце лёгка ікнулася,— пані памерла.
— Што, што ты кажаш?.. Пані памерла?!
Пачуўшы такія навіны, пан зваліўся з крэсла, а Сцёпка закурыў люлечку ды падаўся сабе дахаты.
ПАН I КАЗАЧНІК
Адзін багаты пан вельмі любіў слухаць казкі. Бывала, хто яму што ні нахлусіць — ён з усім згаджаецца.
Захацелася таму пану паслухаць хоць адну казку, якой бы ён не паверыў. Абвясціў ён усюды: «Хто раскажа мне такую казку, каб я сказаў: «Лжэш», таму дам талерку золата».
Знайшоўся адзін такі казачнік. Звалі яго Янкам. Прыйшоў ён да пана:
— Стаў, пане, талерку золата, буду казку казаць!
Паставіў пан на падлозе талерку золата, а сам рассеўся ў крэсле і закурыў люльку з доўгім цыбуком.
— Ну, кажы. Толькі глядзі, каб замест золата розаг не дастаў.
Прысеў Янка на кукішках перад талеркай і пачаў гаварыць!
— Чаго, панок, на свеце не бывае. Вось якая аднойчы са мною прыгода трапілася. Было гэта тады, калі мой бацька яшчэ і на свет не радзіўся. Жыў я з дзедам. Рабіць дома няма чаго, дык дзед аддаў мяне да аднаго гаспадара пчол пасвіць. А было ў. таго гаспадара аж пяцьдзесят раёў пчол. Кожнага дня раніцай трэба ўсіх пчол пералічыць ды на пашу гнаць. А ўвечары прыгнаць, зноў пералічыць, падаіць і ў вуллі пазаганяць. Бо гаспадар мне цвёрда сказаў: «Калі хоць адну пчалу згубіш, то не заплачу табе за цэлы год». Вось якая гэта нялёгкая работа была!
— Усё можа быць,— згаджаецца пан.
Зірнуў Янка на талерку золата ды кажа далей:
— Аднаго разу прыгнаў я пчол з пашы, пералічыў: няма адной пчалы... Бацейкі! Бяда будзе! Я бягом назад — пчалу шукаць. А ўжо і змяркацца пачало. Пабегаў туды-сюды — няма пчалы. Аж раптам чую: недзе пчала раве. Я туды. Гляджу, а там, за ракою, сем ваўкоў апанавалі маю пчалу. Яна ж, небарака, адбіваецца ад іх з усяе сілы, не здаецца ваўкам. Кінуўся я пчале на дапамогу. Прыбег да ракі — перавозу няма. Што рабіць? А тут вось-вось ваўкі пчалу разарвуць. Я гэта, доўга не думаючы, схапіў сябе за чуб, разгойдаўся ды — гоп цераз раку! Але не даляцеў да другога берага — пляснуўся проста пасярод ракі. I як камень пайшоў на дно. Ачухаўся сяк-так, пачаў дарогу шукаць, каб наверх выйсці. А тут, як на ліха, на дне ракі нехта агню наклаў ды такога куродыму нарабіў, што дым вочы выядае, нават рыба чмыхае насамі. I дарогі з-за куродыму не відаць. Іду гэта я вобмацкам, аж бачу: мядзведзь стаіць. Хацеў я ўхапіць яго за хвост, ды ён да мяне галавою павярнуўся. Я гэта засунуў яму руку ў горла, дабраўся да хваста і ўхапіўся за яго. Мядзведзь напужаўся ды як ірванецца наверх,— так і выцягнуў мяне. Сам пабег з перапуду ў лес, а я застаўся на беразе, ды не на тым, што трэба. Тут я зноў ухапіў сябе за чуб, разгойдаўся яшчэ мацней, чым першы раз, і — гоп на другі бераг!