Беларусы у генетычнай прасторы
антрапалогія этнасу
Аляксей Мікуліч
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 138с.
Мінск 2005
Да апошняга часу заставалася спрэчным пытанне ўзросту беларускага этнасу. Некаторыя гісторыкі і этнографы лічылі яго даволі маладым не болей за 45 стагоддзяў, што адпавядае 1518 пакаленням [Грннблат М.Я., 1968; Бондарчнк В.К., 1976], Да іх далучыўся археолаг Л.Побаль [Поболь Л.Д., 1983]. У якасці галоўных аргументаў такой версіі называюцца маладая дзяржаўнасць (маецца на ўвазе БССР), параўнальна нядаўняе найменне тутэйшага народа беларусамі, а таксама нібыта позняе фармаванне беларускай мовы і культуры. Палеаэтнаграфічныя матэрыялы схіляюць большасць археолагаў [Седов В.В, 1970; йсаенко В.Ф., 1976; ШтыхаўГ.В., 1992], а таксама этнолага У.Чаквіна [1998] да меркавання, што пачатак беларускага этнасу сягае ў сярэдзіну 1га тысячагоддзя па Н.Х., што эквівалентна 5560 генерацыям. Згодна ж з нашымі разлікамі паводле “генетычнага гадзінніка”, гэты тэрмін для карэнных сельскіх папуляцый паглыбляецца да 130140 генерацый.
Спрадвеку рассяленне вясковага насельніцтва не было выпадковым. Яно заўсёды падпарадкоўвалася найперш ландшафтным, прыродным, а потым і сацыяльным заканамернасцям. Лакальныя папуляцыі заўсёды адрозніваюцца сваёй генаструктураю, якая захоўваецца ў зададзенай прасторы рэгіянальнага генафонду. Падобная сінэргетыка хутчэй за ўсё перадвызначана неабходнасцю аптымальна прыстасавацца да навакольнага асяроддзя. Да такой высновы нас
ПСТАРЫЧНЫЯ АСПЕКТЫ ПЕРАЕМНАСЦІ I СТАБІЛЬНАСЦІ • 13
падводзіць выяўленая ўзаемасувязь паміж генагеаграфіяй рэгіянальных папуляцый і экалагічным раянаваннем Беларусі. Гэта цалкам адпавядае гіпотэзе Ч.ЛІ аб плеятропнасці генаў не без уплыву геафізічных і геахімічных, сацыяльных і культурных фактараў [Лн Ч., 1978], Пры гэтым разам з генетычнай дыферэнцыяцыяй пашыраецца антрапагенетычная розніца. У сваю чаргу інбрыдынг, не мяняючы генных канцэнтрацый, мяняе генетычную дысперсію лакальных папуляцый.
Ужо пасля другога этапу так званага вялікага перасялення народаў паўднёвабеларускія і паўночнаўкраінскія землі на працягу VIVII стагоддзяў былі заселеныя славянамі. Дзесьці праз сто гадоў імі была занятая ўся астатняя, балцкая, тэрыторыя сучаснай Беларусі. Яшчэ ў 50х гадах мінулага стагоддзя Вітаўт Тумаш апублікаваў працы “Балцкі элемент пры паўстанні сучаснага беларускага народу” [Брага С., 2002] і “Да справы беларускай паўдзённай этнаграфічнай мяжы” [Максімовіч Р., 2002], дзе пераканаўча паказаў культуровую і духоўнапсіхічную блізкасць беларусаў да сучасных балцкіх народаў. Славянскія плямёны, на яго думку, не заваёўвалі тубыльцаў, а хутчэй “інфільтравалі” іх у сябе. Курганныя матэрыялы археолагаў таксама сведчаць, што славянская міграцыя на землі балтаў не пацясніла апошніх. Палеаантрапалагічныя матэрыялы поруч з археалагічнымі не пярэчаць высновам пра негвалтоўную асіміляцыю балцкіх аўтахтонаў прыіплымі славянамі [Седов В.В., 1970; Салівон І.І., 1994],
Пачынаючы з эпохі неаліту, у 4м тысячагоддзі перад Н.Х., гэта значыць за сотні пакаленняў да нас, сфармаваліся мясцовыя асаблівасці матэрыяльнай культуры. Земляробства і жывёлагадоўля спрыялі аселасці, новай ландшафтнай адаптацыі і, як вынік, замацаванню рэгіянальных антрапалагічных асаблівасцяў. Вядома, што ў другой палове 2га тысячагоддзя па Н.Х. адбывалася інтэнсіўнае змешванне прышлых славян з карэннымі балтамі, генафонды якіх узаемна ўзбагачаліся.
Матэрыялы І.Салівон з палеаантрапалагічных раскопаў (каля 300 адзінак) сведчаць, што на працягу як мінімум 40 апошніх пакаленняў (гэта значыць больш як дванаццаці стагоддзяў) існуе безумоўная пераемнасць асноўных расавых асаблівасцяў мясцовага насельніцтва.
14 • ПСТАРЫЧНЫЯ АСПЕКТЫ ПЕРАЕМНАСЦІ I СТАБІЛЬНАСЦІ
Больш старажытнага краніялагічнага матэрыялу ў даследчыцы не было [Салівон І.І., 1994]. На падставе абагульненых адлегласцяў даказана ўзаемапранікненне славянскіх і балцкіх антрапалагічных рысаў. Аналагічныя высновы былі зробленыя і ў нашай супольнай публікацыі за два гады перад тым [Мікуліч А.І., Салівон І.І., 1992], дзе дадаткова быў прааналізаваны матэрыял Т.Аляксеевай [Алексеева Т.Й., 1973], Такі падыход з дапамогаю абагульненых фенатыпных структураў дазволіў па вывучаных антрапалагічных прыкметах выявіць статыстычна імаверную розніцу найперш паміж паўднёвымі ўкраінцамі і паўночнымі рускімі. Карэнныя жыхары Беларусі, перадусім яе поўначы, разам з насельнікамі Пскоўшчыны, Ноўгарадчыны і Смаленшчыны паводле марфатыпу фактычна ўпісваюцца ў кола формаў прабацькоўскай папуляцыі. А паўднёвыя беларусы цалкам ідэнтычныя ёй.
Наш матэрыял пабудаваны на асабіста атрыманых арыгінальных антрапагенетычных і генадэмаграфічных дадзеных, здабытых у экспедыцыйных умовах на працягу шматгадовых антрапалагічных вандровак па Беларусі і сумежных з ёю краінах. Розніца паміж папуляцыямі фіксавалася па выніках комплекснага вывучэння кожнай даследванай асобы, удакладнення не толькі яе беларускага сельскага паходжання, але і паходжання продкаў. Так высвятлялася яго монаці іншаэтнічнасць і геаграфічнае месца народзін бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Менавіта так рэканструяваліся гістарычныя сувязі папуляцый паміж сабою, а таксама геаграфія іх дачыненняў з навакольным асяроддзем. Публікацыі Ю.Рычкова даказваюць, што кожная элементарная людская папуляцыя прадукт гісторыі этнасу, а значыць, і частка яго супольнай сістэмы [Рычков Ю.Г., 1973; 1982], У такім разе антрапалагічныя асаблівасці лакальных папуляцый перадвызначаюцца генетычнай якасцю самога этнасу. Гэтакім чынам, паводле паказчыкаў абагульненых біягенетычных адлегласцяў і розніцы паміж сучаснымі сельскімі групамі была атрыманая магчымасць адшукаць след генетычнай памяці папуляцый. Працэс спарадкавання генетычных структур ад іх максімальнай стахастычнасці да поўнай гармоніі мае сваю храналогію. У нашым выпадку на ўзроўні этнатэрытарыяльна аб’яднаных папуляцый яшчэ не назіраецца геаграфічна скіраванай клінальнай зменлівасці. Так, да апошняга часу
Мал. 1. Генетычныя адлегласці па локусах ABO і Rh у насельніцтва Беларусі. Абагульненая карта дзвюх сістэм паказвае шэраг лакальных ядраў зменлівасці, размешчаных пераважна бліжэй да перыферыі этнічнага арэалу. Гэтая карта наглядна дэманструе недастатковасць выкарыстання абмежаванай колькасці генетычных сістэм для выяўлення агульнай карціны генагеаграфіі этнасу
ГІСТАРЬІЧНЫЯ АСПЕКТЫ ПЕРАЕМНАСЦІ I СТАБІЛЬНАСЦІ • 15
заставаліся адрознымі паміж сабою антрапагенетычныя тыпы насельніцтва заходняй і ўсходняй частак Беларускага Палесся. Адназначная адпаведнасць па нашых матэрыялах выяўлена ў выпадку трохкампанентавай герархіі папуляцый толькі ў межах экалагічных правінцый: Палескай, Цэнтральнай і Прыдзвіння.
Магчымасці папуляцыйнай генетыкі дазваляюць вызначыць храналогію генадэмаграфічных працэсаў. На эвалюцыйную дынаміку аднолькава ўплываюць як фактары стабільнасці, так і фактары развіцця. Хуткасць зменлівасці залежыць ад эфектыўнарэпрадукцыйнага памеру папуляцый, генных міграцый і ўзроўню генетычнай дыферэнцыяцыі. Пасля ўнармавання вывучаных генадэмаграфічных параметраў і ілюстрацыйных картаў абагульненых ізагенліній мы атрымалі адпаведную занальную спарадкаванасць у кірунку з поўдня на поўнач або з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Самое генагеаграфічнае раянаванне становіцца тым болей дакладным, чым болей генных маркёраў скарыстана ў даследванні. Так, напрыклад, па дзвюх генетычных сістэмах (АВО і рэзус) было вылучана 9 групаў лакальных аб’яднанняў, пераважна бліжэй да перыферыі этнічнага арэалу. Тут добра праглядваецца, згодна з канцэпцыяй В.Бунака [1980], старажытны антрапалагічны пласт папуляцыйных асаблівасцяў на вывучанай тэрыторыі (мал. 1). Генетычныя адлегласці, пабу$ даваныя па 8 локусах, адсочваюць паступовы пераход міжпапуляцыйнай антрапагенагеаграфічнай зменлівасці ў кірунку з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Фактычна тут захоўваецца цэнтральнаўсходнееўрапейская тэндэнцыя клінальнай зменлівасці антрапагенетычных структураў. Абагульнены аналіз дапамог высветліць, што генафонды беларусаў, а таксама жыхароў сумежных з нашай краінай рэгіёнаў Летувы і Расіі амаль не адрозніваюцца.
Максімальна выкарыстаныя намі магчымасці матэматычнай статыстыкі і генагеаграфічнай картаграфіі дазволілі ўдасканаліць антрапалагічнае даследванне сучасных папуляцый. У гэтым сэнсе сярэднія паказчыкі якасных прыкмет лічацца больш адпаведнымі і ёмістымі параўнальназ колькаснымі [Рычков Ю.Г., 1973], Намі падлічаны імаверныя тэрміны засялення тэрыторыі краіны. Адзначым тут, што дадзеныя палеаэтнаграфіі (Бердыж, Юравічы) сведчаць пра першапачатковае засяленне Беларусі каля 26 тысяч гадоў таму.
16 • ГІСТАРЫЧНЫЯ АСПЕКТЫ ПЕРАЕМНАСЦІ I СТАБІЛЬНАСЦІ
Згодна ж з нашым матэрыялам, які дазваляе гаварыць пра генетычную пераемнасць, засяленне ў межах Палесся магло адбыцца не пазней за 16±3 тысяч гадоў таму. Паводле археалагічных звестак, якраз гэтым часам (1211е тысячагоддзі перад Н.Х.) на Дняпры і Сажы пачала складвацца грэнская культура. Уся ж тагачасная старажытная Беларусь, згодна з сярэднеўзважанымі эфектыўнарэпрадукцыйнымі дэмаграфічнымі памерамі і паводле звестак пра восем антрапасістэм генетычных прыкметаў, была заселеная продкамі сучасных беларусаў 9±1 тысяч гадоў таму. Гэта добра стасуецца з дадзенымі пра канец апошняга, паазерскага, зледзянення, ад часу якога прайшло ўжо 10 тысяч гадоў, і пачатак на тэрыторыі Беларусі эпохі мезаліту.
Цяпер пачата даследванне геаэтнічнага размеркавання высокапаліморфных маркёраў ДНК на малекулярным узроўні сярод лакальных і рэгіянальных папуляцый, якія, магчыма, дазволяць вызначыць долю балцкага і славянскага элементаў у складзе сучаснага карэннага насельніцтва Беларусі.
Надзвычай выражаны полімарфізм мікрасатэлітных паўтораў і вялікая гетэразіготнасць робяць іх высокаінфармацыйнай крыніцаю звестак для вывучэння генетычных параметраў папуляцый. Узроўні індэксаў фіксацыі Fst у беларускіх папуляцыях ніжэйшыя, што сведчыць пра іх генетычную гамагеннасць і імаверную аўтахтоннасць. Такім чынам, нашым даследваннем устаноўлены міжпапуляцыйныя і міжэтнічныя асаблівасці антрапалагічных тыпаў, іх геаграфічная залежнасць. Сучасных беларусаў з высокай доляй упэўненасці можна лічыць нашчадкамі мясцовага старажытнага насельніцтва. Фармаванне адаптацыйных тыпаў магло адбыцца на працягу не меней як 130140 пакаленняў.