Беларусы ў ЗША  Вітаўт Кіпель

Беларусы ў ЗША

Вітаўт Кіпель
Выдавец: Беларусь
Памер: 352с.
Мінск 1993
125.57 МБ
Аднак сама ідэя яднаньня не памерла, і будучыня пакажа, ці дасягнуць беларусы посьпеху ў гэтым высакародным памкненьні.
Якія б розныя ні былі паваенныя беларускія арганізацыі, мэты й рацыя йснаваньня бальшыні зь іх палягалі ў тым, каб жыць і працаваць дзеля беларускае справы, прапагандаваць ідэі беларускае незалежнае дэмакратычнае дзяржаўнасьці, падтрымваць і заахвочваць усё большае зацікаўленьне амэрыканцаў Беларусьсю, яе народам, гісторыяю, культураю й цяперашнім палітычным становішчам, а таксама падкрасьляць уклад беларусаў у амэрыканскую гісторыю.
Бясспрэчна, гэта вельмі высакародная й адказная місія, выканаць якую нялёгка, якая дае свой плён не адразу, а патрабуе шмат намаганьняў, прынцыповасьці й адданасьці. I паваенная хваля іміграцыі можа з поўным правам ганарыцца сваімі дасягненьнямі.
187 Архівы БІНіМу; Архівы БАЗА; АрхіВЫ БККА
РЭЛІГІЙНАЕ ЖЫЦЬЦЁ
Й РЭЛІГІЙНЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ
Як і старыя беларускія імігранты, імігранты паваеннае хвалі ў пераважнай большасьці былі праваслаўныя. Беларусы-каталікі ў абодвух хвалях складалі каля адной пятай ад агульнае колькасьці. Да канца 40-х гадоў у Злучаных Штатах ніводная канфэсія ня мела беларускіх цэркваў.
Звычайна новапрыбылыя наведвалі найбліжэйшую праваслаўную — украінскую ці расейскую — царкву або рыма-каталіцкі касьцёл, аддаючы перавагу польскаму перад чужэйшымі італьянскім або ірляндзкім.
Як паказала гісторыя, шмат хто зь беларусаў жадаў бы мець сваю беларускую царкву або касьцёл, шмат дзе было пастаноўлена ажыцыдявіць гэтую ідэю. На жаль, выканаць гэта было ня гэтак проста. Каб уявіць сабе тое мноства цяжкасьцяў, зь якімі сутыкалася беларуская грамада ў гэтай справе, варта заглянуць у не такую даўную гісторыю й разгледзець праблемы вернікаў-беларусаў.
Спадчына мінулага. Праваслаўныя беларусы
Беларусы, клірыкі й міране, пачалі працаваць у справе аднаўленьня Беларускае Аўтакефаліі ў часе расейскіх рэвалюцыяў 1917 году, завяршыўшы гэты працэс у 20-х гадох. На жаль, у тым самым часе Савецкая дзяржава цалкам зьнішчыла адміністрацыйную структуру Беларускае Царквы й пазбавіла волі бальшыню яе кіраўнікоў і актывістаў.
Беларускае Праваслаўе ў Заходняй Беларусі да пэўнае ступені выяўляла сваю беларускасьць у 20-х гадох, аднак пасьля трапіла пад поўны кантроль Польскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, што спрыяла яе хуткай палянізацыі.
Такім чынам да 1939 году, г. зн. да пачатку Другое сусьветнае вайны, Беларускае Праваслаўнае Царквы практычна не йснавала.
Сур’ёзныя спробы адбудаваць Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву былі зробленыя ў часе вайны й нямецкае акупацыі Беларусі.
У жніўні 1942 году ў Менску быў скліканы Ўсебеларускі Праваслаўны Сабор. Кіраваны нацыянальна сьведамым беларускім духавенствам на чале з архіяпіскапам Магілеўскім і Мсьціслаўскім Філафеем (Нарко), гэты Сабор як найвышэйшы выразьнік волі праваслаўнага духавенства й вернікаў прыняў пастанову аб кананічным абвешчаньні аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы. Праект статуту быў напісаны, прыняты й падпісаны прысутнымі япіскапамі. Быў складзены ліст да Сусьветнага Патрыярхату, дзе паведамлялася пра гэтую пастанову й выказвалася просьба да Маці-Царквы абвесьціць пра гэта ўсім памесным Праваслаўным Цэрквам. Застаецца няясным, які быў адказ Патрыярхату1.
Зрабіўшы трагічны й здрадніцкі паварот, япіскапы Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы на чале з мітрапалітам Паньцялейманам (Ражноўскім) фактычна анулявалі пастановы Сабору 1942 году і, выехаўшы па вайне ў Нямеччыну, далучыліся да Расейскае Зарубежнае Праваслаўнае Царквы, арганізацыі, ведамай зь яе манархічных тэндэнцыяў і імпэрска-расейскіх шавіністычных паглядаў. Гэткі крок пастыраў Беларускае Праваслаўнае Царквы большасьцю праваслаўных беларусаў быў успрыняты як здрада й выклікаў у іх разгубленасьць і роспач.
Пераважная бальшыня беларускіх эмігрантаў у Заходняй Эўропе хацела аднавіць родную Аўтакефальную Царкву й пацьвердзіць тым самым пастановы Царкоўных Сабораў 1922, 1927 і 1942 году. Гэтая вялікая група эмігрантаў называла сябе «аўтакефалістамі». Лідары гэтае групы навязалі лучнасьць зь япіскапамі Ўкраінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (УАПЦ), шукаючы іхнае дапамогі.
Пры ўдзеле й супрацоўніцтве міранаў, духавенства ды іерархіі УАПЦ 5 жніўня 1948 году ў Канстанцы, Заходняя Нямеччына, быў скліканы адмысловы Сабор. На гэтым Саборы была заснаваная Часовая Кансысторыя Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (БАПЦ). Была прызнаная г патрэба ў япіскапскім кіраўніцтве, і дзеля гэтага архіяпіскап Сергій, адзін зь іерархаў УАПЦ, перайшоў у Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву. Васіль Тамашчык, адукаваны міранін, адзін з прызнаных і добра ведамых беларускіх лідараў, які быў скончыў Украінскую Багаслоўскую Акадэмію ў Мюнхене з ступеньню доктара багаслоўя, згадзіўся быць высьвячаным і прыняць манаства. Ён быў узвышаны ў сан архімандрыта, a 18—19 сьнежня 1949
1 Царкоўны Сьветач 1955 №6; 1967. №16; Запісы. Кн. 17. 1983.
году быў высьвячаны на япіскапа БАПЦ у Розэнхайме, Заходняя Нямеччына2.
Такім чынам, з архіяпіскапам Сергіем у якасьці Першаіерарха й япіскапам Васілём у якасьці сакратара Кансысторыі іерархія БАПЦ была адноўленая, і гэтак споўнілася жаданьне большасьці беларускіх эмігрантаў.
Другая частка беларускіх эмігрантаў хацела й надалей падтрымваць кантакты з духавенствам, якое перайшло ў Расейскую Зарубежную Праваслаўную Царкву, спадзеючыся пераканаць іх у памылковасьці іхнага кроку й вярнуць іх у Беларускую Царкву. Але гэтага ніколі не адбылося.
Беларусы-каталікі. Заходні абрад
Паводле звычайнага польскага перакананьня, усе рыма-каталікі, што жывуць на ўсход ад Бугу, — палякі Гэтае цалкам неабгрунтаванае меркаваньне абвяргаецца ўсімі дасьледаваньнямі й фактамі. Паводле д-ра Ю.Туронка, на Беларусі жыве ня больш за поўмільёна палякоў, астатнія рыма-каталікі на ўсход ад Бугу — этнічныя беларусы3. Шмат рыма-каталікоў было сярод тых, хто быў у авангардзе беларускага палітычнага адраджэньня ў канцы мінулага й на пачатку гэтага стагодзьдзя, сярод іх было нямала й рыма-каталіцкіх сьвятароў. Зь іхнае ініцыятывы ў 1918 годзе ў Менску адчынілася Каталіцкая Сэмінарыя, яны заснавалі шмат пэрыядычных публікацыяў, навуковых і культурных установаў4.
Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году ў Расеі й Рыжскага міру 1921 году сытуацыя пачала мяняцца. Ва Ўсходняй Беларусі, кантраляванай Саветамі, у 1926 годзе Біскуп Магілеўскі магістар Баляслаў Слосканс быў арыштаваны. У выніку гэтага арышту арганізаваная беларуская каталіцкая дзейнасьць на тэрыторыі БССР была спыненая, а кіраўніцтва й актыў зьняволеныя.
У Заходняй Беларусі беларусы-каталікі працягвалі сваю дзейнасьць з пэўным посыіехам да канца 20-х гадоў. На жаль, у 30-х гадох гэтая дзейнасьць была амаль цалкам спыненая ў выніку таго, што польскія касьцельныя ўлады ў цесным супрацоўніцтве з урадам выслалі амаль усіх беларускіх ксяндзоў далёка за межы Беларусі — у Францыю, Нямеччыну, Італію, на Далёкі Ўсход і ў Злучаныя Штаты Амэрыкі. Жменька сьвятароў, якім было дазволена застацца
2 Бацькаўшчына 1948 №24; 1949. №60; 1950. №61; БеларускІ Праваслаўны Каляндар на 1970 год Кліўлэнд, 1969; Голас Царквы 1970. №32; Беларуская Думка 1960. №1.
3 Туронак Ю. Каталіцызм у Беларусі — маштаб праблемы//Скарыніч. Вып.1 Мн, 1991. С 230—237
4 Stankievid A. Bielaruski Chryscijanski ruch. Vilnia, 1939. S.272.
на Беларусі, прыкладам, а. Адам Станкевіч, а. Вінцук Гадлеўскі ды некаторыя іншыя, мусілі цярпець няспынныя перасьледы й адольваць безьліч перашкодаў, што ставіліся перад імі, не даючы ім выконваць звычайныя душпастырскія абавязкі5.
Падчас Другое сусьветнае вайны беларускія парафіі былі арганізаваныя ў шматлікіх гарадох і мястэчках, улучна з сталіцаю — Менскам. Але гэта ня значыць, што цяжкасьцяў і перашкодаў сталася меней. Наадварот, сьвятаром і сьвецкім актывістам штодня даводзілася супрацьстаяць ідэалягічнай апазыцыі й падкопам польскае каталіцкае іерархіі, антырэлігійных савецкіх цывільных уладаў і акупацыйнае нямецкае адміністрацыі. Нямецкія ўлады непрыхільна ставіліся да рэлігійных лідараў, і, прыкладам, у выпадку з а. В.Гадлеўскім, падозраньня ў сувязях зь беларускім нацыянальным падпольлем і падтрыманьні кантактаў з Ватыканам было дастаткова, каб арыштаваць яго й зьнішчыць у сьнежні 1942 году6.
Беларусы-каталікі здолелі скарыстаць зь мінімуму арганізацыйнае свабоды ў паваеннай Заходняй Эўропе. Аднак ім не ўдалося заснаваць ніводнае асобнае трывалае парафіі. Усе намаганьні былі скіраваныя на тое, каб забясьпечыць беларускіх вернікаў рэлігійнай, інфармацыйнай і інтэлектуальнай літаратурай, а таксама адукаваць вышэйшыя каталіцкія ўлады ў існаваньні беларускае нацыі, адрознае ад палякаў і расейцаў7.
Беларусы-каталікі. Усходні абрад
Хоць у міжваеннай Заходняй Беларусі сям-там існавалі ўніяцкія парафіі, Беларускі Грэка-Каталіцкі Экзархат быў заснаваны толькі ў канцы 30-х гадоў. А. Антон Неманцэвіч быў прызначаны экзархам у 1940 годзе. У 1942 годзе а. А.Неманцэвіч загінуў у нацыстоўскіх катоўнях8.
Папа Ян XXIII аднавіў беларускую каталіцкую іерархію ўсходняга абраду, высьвяціўшы на біскупа а. Часлава Сіповіча 4 жніўня 1960 году. Беларусы-ўніяты здолелі заснаваць у паваенным часе шэраг сваіх місіяў і парафіяў — у Госьляры, Лёндане, Мюнхене, Парыжы, Рыме й Чыкага9.
5 Candle in the Wind: Religion in the Soviet Union. Washington, DC, 1989. P.43—48; Гэрмановіч Я. КІтай—СІбір—Масква Мюнхен, 1962; Божым Шляхам. 1967. №101; 1972. №133-134; 1973. №136; 1980. №151.
6 Бацькаўшчына. 1952. №130—131; Byelorussian Statehood. P.320—321.
7 Архівы БІНіМу: Папка П.Татарыновіча; Архіў беларускага лягеру ДыПі ў Ватэнштэце.
8 Божым Шляхам. 1949. №26—27.
9 Бацькаўшчына. 1960. №492, 513, 515—516, 520—521; Беларускія Навіны. 1946 №2; Picarda G. The Byelorussian Church. Chicago, 1977; Christ the Redeemer Church. Tenth Anniversary, 1955—1965. Chicago, 1965; Roberson R. The Eastern Christian Churches: A brief survey. Roma, 1988. P.24,37.
Беларусы-пратэстанты
У XX стагодзьдзі Беларусь зазнала надзвычайны ўздым місійнае дзейнасьці — асабліва з боку баптыстаў. Пратэстанты першыя выдалі па-беларуску Новы Запавет і Псальмы, а таксама цэлы шэраг іншых важных публікацыяў. Апошнімі часамі назіраецца шырэйшая місійная дзейнасьць пратэстантаў ў беларускай мове, хоць да нядаўнае пары амаль уся баптысцкая праца сярод беларусаў вялася па-расейску.