Беларусы ў ЗША  Вітаўт Кіпель

Беларусы ў ЗША

Вітаўт Кіпель
Выдавец: Беларусь
Памер: 352с.
Мінск 1993
125.57 МБ
Калі па вайне ў Амэрыку пачалі прыбываць новыя беларускія імігранты, а. Тарасэвіч пачаў гуртаваць іх з мэтаю заснаваньня беларускае парафіі. Вялікая група беларусаў Чыкага ўлетку 1955 году зьвярнулася з просьбаю да абата кляштару Сьвятога Пракопа а. Амброза Ондрака, каб той прызначыў іхным духовым пастарам а. Хрызастома Тарасэвіча. Абат Амброз згадзіўся на прызначэньне й падаў просьбу да кардынала Сэмюэла Стрыча аб заснаваньні парафіі ўсходняга абраду. Кардынал даў на гэта сваю ласкавую згоду. Першыя Службы Божыя адбыліся ўлетку 1955 году ў найманай залі. Служыліся Літургіі і ў школах ды іншых памешканьнях. Аднак надыходзілі цяжкія для парафіі часьі: а. Тарасэвіч захварэў, а ягоны блізкі сябра й памочнік а. Язэп Рэшаць памёр Пошукі сталага месца й сьвятара працягваліся.
У верасьні 1958 году пляменьнік а. Хрызастома, а. Уладзімер Тарасэвіч, таксама манах кляштару Сьвятога Пракопа, вярнуўся пасьля заканчэньня навукі ў Рыме. Ён быў прызначаны памочнікам а. Хрызастома, што шмат дапамагло парафіі. Нарэшце адпаведны будынак для царквы быў знойдзены й куплены 15 сьнежня 1959 году. Набыць будынак для царквы Хрыста Збаўцы дапамагла Чыкагская архідыяцэзія. Царква была ўрачыста высьвячаная 2 ліпеня 1961 году біскупам Чаславам Сіповічам у прысутнасьці кардынала Мэера. Царква сталася актыўным грамадзкім цэнтрам, пры ёй дзеіла нядзельная дапаўняльная школка, праводзіліся мера-
57 Founder's Day June 17, 1962. Church of Christ the Redeemer. Program. Chicago, 1962; Walker A. My favorite priest: Rev. John Chrysostom Tarasevitch, an American Staretz. Manuscript. 1984; The Voice of the Church. 1936. No.l; Eastern Churches Quarterly. 1937. No.2. P.88—89.
прыемствы для моладзі і — разам зь іншымі беларускімі арганізацыямі — ладзіліся міжнародныя беларускія навуковыя канфэрэнцыі58. Парафія выдавала шэраг пэрыёдыкаў, гэткіх, як «Лісток да Беларусаў» (1955), «Да Злучэньня», «Newsletter». А. Уладзімер Тарасэвіч актыўна ўлучыўся ў жыцьцё беларускае грамады. Ён разам з кіраўніцтвам царквы наладзіў блізкія дачыненьні зь беларускаю праваслаўнаю парафіяю Сьвятога Юр’я ў Чыкага, неаднаразова прадстаўляў чыкагскіх беларусаў пры розных нагодах, a 25 сакавіка 1959 году адчытаў малітву ў Кангрэсе ЗША59. Парафія й блізкія да яе арганізацыі маюць вялікі ўплыў на жыцьцё беларускае грамады ў Чыкага. Апроч а. Яна й а. Уладзімера Тарасэвічаў шмат зрабілі для парафіі сем’і Будзькаў, Рамукоў, Бяленісаў, Махначоў, Пануцэвічаў, Гайдзеляў, Занковічаў, Жызьнеўскіх, Мікола Дзямідаў.
Зь цягам часу, аднак, а. Ян Тарасэвіч пачаў схіляцца да нэўтральнае або часам і пазытыўнае ацэнкі саветаў і супрацоўніцтва зь імі. Ён наведаў Савецкую Беларусь, апублікаваў колькі артыкулаў і вершаў у газэце «Голас Радзімы» і, як здавалася, прымаў за праўду савецкую пацыфісцкую прапаганду60. Гэта, аднак, не адбілася ні на дзейнасьці царквы Хрыста Збаўцы, ні на грамадзкім жыцьці чыкагскіх беларусаў, ні на дачыненьнях паміж абедзьвюма беларускімі цэрквамі ў Чыкага, бо рэальнае кіраўніцтва парафіяю на той час было ўжо ў руках а. Уладзімера Тарасэвіча.
Пасьля сьмерці а. Яна Тарасэвіча 11 чэрвеня 1978 году а. Уладзімер узяў на сябе ўсю духовую й адміністрацыйную дзейнасьць у парафіі. У 1975 годзе а. Уладзімер Тарасэвіч быў узьведзены біскупам Чаславам у сан архімандрыта. Пад ягоным кіраўніцтвам парафія адсьвяткавала свой 25-гадовы юбілей61. Аднак найслаўнейшаю падзеяю ў жыцьці парафіі стаўся дзень, калі а Уладзімер быў высьвячаны на біскупа Ардынацыя адбылася 8 верасьня 1983 году, на гэтай урачыстасьці прысутнічала ўся беларуская калёнія Чыкага, a таксама госьці — прадстаўнікі шмат якіх іншых беларускіх арганізацыяў62. Аднак радасьць парафіі й беларускага
58 Беларус. 1965 №100; 1970 №161; Бацькаўшчына 1959. №473.
59 Бацькаўшчына 1959 №454
60 Новое Русское Слово 1978 7, 8 нояб.: Голас Радзімы 1967 №982; Беларус. 1971. №165
61 Беларус. 1975. №218; 1978 №254; 1980. №279; The Rev. Vladimir L.Tarasevitch, Our Beloved Jubilarian and Pastor. 25 years of the Priesthood. Chicago, 1964.
62 Episcopal Ordination of the Most Reverend Vladimir L.Tarasevitch, O.S.B., D.D. Titular Bishop of Mariamme. Chicago, IL, September 8, 1983; Testimonial Banquet on the occasion of the Episcopal Ordination. Chicago, September 8, 1983; Беларус. 1983 №313
грамадзтва была нядоўгая — біскуп Уладзімер памёр 2 студзеня 1986 году63.
Наступным духовым кіраўніком парафіі стаўся а. Язэп (Джозэф) Сіру. Гэта вельмі актыўны рэлігійны дзеяч, прафэсійны музыколяг, выдатны літургіст, ён карыстаецца шырокаю падтрымкаю грамады Падчас сьвяткаваньняў 1000годзьдзя Хрысьціянства на Беларусі ў 1990 годзе парафію наведалі некаторыя высокія прадстаўнікі царкоўных уладаў, у тым ліку чыкагскі арцыбіскуп Джозэф Бэрнардын.
1 ліпеня 1990 году парафія адзначыла сваё 35-годзьдзе. 3 гэтае нагоды Літургію служыў біскуп Плясыда Радрыгес, прысутнічала шмат высокіх гасьцей, галоўным прамоўцам на ўрачыстасьці быў прафэсар Томас Бэрд зь Нью-Ёрку64.
Хоць гэтая парафія параўнаўча невялікая, царква Хрыста Збаўцы адыгрывае важную ролю ў беларускім жыцьці Чыкага. Сваімі выданьнямі, канфэрэнцыямі й выставамі парафія сталася добра ведамая амэрыканскім беларусам.
Беларускія рыма-каталікі нягледзячы на ўсе ходаньні ня здолелі арганізаваць свае нацыянальныя парафіі. Зь цягам часу бальшыня зь іх улучылася ў нацыянальнае жыцьцё пры беларускіх праваслаўных парафіях. Тым ня менш беларусыкаталікі ў Амэрыцы працягваюць намаганьні дзеля заснаваньня парафіі. Беларусы-каталікі ўсходняга абраду арганізавалі сваю парафію, і гэта мае вялікае значаньне як у беларускім нацыянальным жыцьці, гэтак і ў рэпрэзэнтацыі навонкі.
Як і ў жыцьці беларускае праваслаўнае грамады, гэтак і для беларусаў-каталікоў на будучыню будзе мець значаньне наяўнасьць новых сьвятарскіх пакліканьняў.
Важна таксама падкрэсьліць, што беларусы-каталікі абодвух абрадаў у царкоўным жыцьці поўнасьцю перайшлі на беларускую мову, што ёсьць бясспрэчным гістарычным дасягненьнем.
Беларускія пратэстанты
Па Другой сусьветнай вайне ў Злучаныя Штаты прыбыло некалькі тысячаў беларусаў-пратэстантаў. Яны заснавалі невялікія грамадкі ў штатах Іліной, Каліфорнія, Нью-Джэрзі, Нью-Ёрк і Пэнсылвэйнія ды аб’ядналіся ў 1973 годзе ў
63 ВесткІ I Паведамленьні БАЗА 1986 №87
64 Гутарка з прафэсарам Томасам Бэрдам; Беларус 1988 №350
Беларускае Эвангельска-Баптысцкае Брацтва ў ЗША й Канадзе, галоўная кватэра якога месьцілася спачатку ў Іры, штат Пэнсылвэйнія, а пазьней у Ўітыэры, штат Каліфорнія.
Сярод пачынальнікаў беларускага пратэстанцкага руху ў Злучаных Штатах былі а. Масей Гітлін, а. Даніла Ясько, а. Якуб Рапэцкі, а. Юры Рапэцкі, а. Ян Пятроўскі, а. Б.Лабоцкі, а. В.Наркевіч і а. Н.Любанскі, Янка Ліхач, Герасім Сахар, Тарас Сайка, Валерыян Маеўскі.
Беларускае Эвангельска-Баптысцкае Брацтва разгарнула актыўную дзейнасьць на ніве выдавецтва, радыёвяшчаньня й адукацыі. Пачынаючы ад 1976 году яно вядзе беларускія радыёперадачы праз радыёстанцыі ў Сан-Францыска й МонтэКарла. Хоць беларускія пратэстанты й не адыгрывалі істотнае ролі ў беларускім грамадзкім жыцьці ў Злучаных Штатах, a дзейнасьць іхная галоўным чынам абмяжоўвалася рамкамі амэрыканскага пратэстанцкага — пераважна баптысцкага — сьвету, яны, аднак, унесьлі немалы ўклад у беларускую культуру. А. Даніла Ясько, а. Якуб Рапэцкі й а. Юрка Рапэцкі ды іхная група выдалі значную колькасьць каштоўнае рэлігійнае літаратуры, у тым ліку некалькі беларускіх хрысьціянскіх сьпеўнікаў. Варта згадаць хоць бы сьпеўнік «Гімны Хрысьціян» (1979), укладзены й перакладзены на беларускую мову а. Данілам Ясько, у які ўвайшло 604 рэлігійныя гімны. А. Ян Пятроўскі й сп-ня Аліцыя Пятроўская пераклалі на беларускую мову й выдалі творы грэцкіх клясыкаў, а таксама шэраг рэлігійных кніг, слоўнікаў ды цікавыя мэмуары. Усё гэта сталася неад'емнаю часткаю беларускае культуры65.
Колькі словаў трэба сказаць і пра беларускіх старавераў, якіх нямала ў Злучаных Штатах. Жывуць яны пераважна ў Мілвілі, штат Нью-Джэрзі, і Іры, штат Пэнсылвэйнія. Хоць і зьвязаныя гістарычна зь Беларусьсю ад XVI стагодзьдзя, арганізацыйна яны не выяўляюць зь ёю ніякае лучнасьці. Разам з тым шмат хто з актывістаў беларускіх грамадаў належыць да старавераў, аднак унутры іх рэлігійных структураў самая большая праява асобнасьці — гурткі землякоў. Сярод найактыўнейшых грамадзкіх дзеячоў і беларускіх патрыётаў зь ліку старавераў можна назваць Лявона Кавалёва, Івана Канарчука з Балтымору, Паўла Алексы зь Нью-Ёрку.
65 Архівы БІНіМу: Папка Якуба Рапэцкага; Папка Яна Пятроўскага
Іўдзеяў і мусульманаў, інтэграваных у беларускую культуру Ў Злучаных Штатах, практычна няма, хоць на бацькаўшчыне гэта справа нярэдкая. Аднак паасобныя прадстаўнікі гэтых рэлігійных групаў выяўляюць добрую волю, падтрымку й задавальненьне дзейнасьцю беларусаў у Амэрыцы, асабліва гэта датычыць нядаўнае хвалі імігрантаў. Некаторыя зь іх, як, прыкладам, Аркадзь Рутман або Лявон Зубараў, увайшлі ў беларуска-амэрыканскую грамаду ды занялі важнае месца ў пашырэньні беларускае культуры66.
66 Беларуска-мусульманская калёнія на Брукліне ў Ныо-Ерку//Веда 1954 №1. С 20—22; Ст Я Беларуска-мусульманскія імігранты ў Задзіночаных Гаспадарствах//Веда 1954. №1. С.23—25; Гутаркі аўтара з Аркадзем Рутманам I Лявонам Зубаравым; Архівы БІНІМу: Папка Лявона Зубарава, Папка Аркадзя Рутмана (Насовіча).
ДЗЕЙНАСЬЦЬ БЕЛАРУСКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ
Хоць ствараліся беларускія арганізацыі з розных прычынаў ды мелі неаднолькавую накіраванасьць, дзейнасьць бальшыні зь іх можа быць агульна клясыфікаваная ў наступных рубрыках: сацыяльна-дапамаговая, палітычная, культурнаадукацыйная, рэлігійная.
Галоўным імкненьнем усіх без выключэньня арганізатараў было як мага болей зрабіць для Беларусі. Уся праца рабілася на грамадзкіх пачатках, часта найбольшыя актывісты самі аплочвалі дзейнасьць арганізацыяў, хоць і рабіліся намаганьні перакласьці фінансавыя выдаткі на плечы сяброў арганізацыі.
Праца ў галіне сацыяльнае дапамогі
Нямала дапамагалі Беларусі старыя імігранты. Яны высылалі пачкі з харчаваньнем, куплялі трактары, зьбіралі грошы й г.д. Іхная матэрыяльная дапамога была значная й вельмі канкрэтная. На жаль, цяжка сказаць, колькі іхнае дапамогі прыпадала Беларусі, а колькі йшло на патрэбы камуністычнае сыстэмы, бо ж уся дапамога перадавалася праз кантраляваныя камуністамі каналы, найчасьцей праз савецкую амбасаду ў Вашынгтоне'.