Беларусы ў ЗША
Вітаўт Кіпель
Выдавец: Беларусь
Памер: 352с.
Мінск 1993
Другім выданьнем, якое шмат прычынілася да згуртаваньня раскіданых беларускіх масаў і да фармаваньня ідэалягічнае сьведамасьці эміграцыі, была газэта «Беларускае Слова», якая пачала выдавацца ў Міхельсдорфе й Аўгсбургу, Заходняя Нямеччына, у сьнежні 1948 году. Кіравалі выданьнем Юры Сабалеўскі, Яўхім Кіпель, Юрка Віцьбіч, Аляксандар Русак, а. Мікалай Лапіцкі ды інш. Газэта таксама насьвятляла працэс эміграцыі ў Злучаныя Штаты, дзейнасьць беларусаў у новай краіне, але ня мела такога шырокага ўплыву на эмігранцкія масы, як «Бацькаўшчына». У кастрычніку 1956 году рэдакцыя газэты перамясьцілася ў Злучаныя Штаты, дзе яна й спыніла йснаваньне ў 1958 годзе3.
Абедзьве гэтыя газэты перасталі йснаваць з шэрагу прычынаў, галоўнаю зь якіх было тое, што гэта былі тыпова эўрапейскія газэты, якія выказвалі патрэбы беларускае грамады ўсяго сьвету. У Злучаных ПІтатах, аднак, узьнікла тэндэнцыя да большае інтэграцыі ў жыцьцё новае краіны, што выклікала неабходнасьць заснаваньня спэцыфічнага беларуска-амэрыканскага пэрыядычнага друку. Да канца 50-х гадоў болынасьць беларускіх эмігрантаў пакінула Заходнюю Эўропу, і беларускі пэрыядычны друк там амаль што зусім занік. Засталіся толькі паасобныя выданьні, якія выходзілі ў Вялікабрытаніі, Заходняй Нямеччыне, Францыі й Італіі4. Цэнтар беларускае выдавецкае дзейнасьці перамясьціўся за акіян.
3 Беларускае Слова 1948 №1(Міхельсдорф). 17 сьн —1958 №2(39)(Саўт-Рывэр). Крас,—ліп.
4 Божым Шляхам (Парыж—Лёндан) 1947. №1. Кастр—1980 №151; Znic (Rym). 1950 №1 Vier.—1975. №119—120; Моладзь (Парыж). 1948 №1 — 1954 №32; Барацьба (Штутгарт). 1955. №1. Сак —1990 №48; Аб'еднаньне (Лёндан) 1955. №1 23 сак—1966 №108 Чэрв , ды колькі меншых
Кнігавыдавецтва
Беларускае паваеннае кнігавыдавецтва распачалося ў Заходняй Нямеччыне. Выходзілі кнігі таксама ў Францыі й Вялікабрытаніі. Адною зь першых кніжак быў «Лемантар» Апалёніі Радкевіч (Рэгенсбург, 1946), сярод першых кніг пераважалі школьныя падручнікі й публікацыі для моладзі. Выдавалася таксама рэлігійная й палітычная літаратура, літаратурныя зборнікі, творы паасобных паэтаў і празаікаў, пераклады й навуковыя манаграфіі. Выдаўцамі былі розныя беларускія арганізацыі й клюбы.
Аб'ём беларускага кнігавыдавецтва ў Заходняй Эўропе ў канцы 50-х і ў 60-х гадох пачаў зьмяншацца, і найбольшым беларускім кнігавыдаўцом у заходнім сьвеце сталіся Злучаныя Штаты, хоць да пэўнае ступені захавала свае пазыцыі й Вялікабрытанія, некалькі кніжак было выдрукавана таксама ў Аўстраліі й Канадзе.
БЕЛАРУСКАЯ ВЫДАВЕЦКАЯ СПРАВА Ў ЗЛУЧАНЫХ ШТАТАХ
Міжваенны пэрыяд
Акадэмік Я.Карскі паведамляе, што ёсьць публікацыя, выдадзеная па-беларуску лацінкай у Злучаных Штатах у 1892 годзе5. Расшукаць гэтае публікацыі аўтару не ўдалося, але ня выключана, што паасобныя імігранты, а можа, нават і зямляцтвы маглі нешта друкаваць у беларускай мове.
Першымі ластаўкамі беларускага пэрыядычнага друку ў Амэрыцы былі: «Бюлетэнь Беларускага Прэсавага Бюро» ў Нью-Ёрку (1921); бюлетэнь «Праўда», некалькі нумароў якога выдаў у 1926 годзе а. Ян Тарасэвіч; *Беларуская Трыбуна», першая беларуская газэта на Амэрыканскім кантынэньце, выдаваная ў Чыкага ад 1926 да 1932 году. Апрача гэтага беларускія арганізацыі ў Чыкага выдалі колькі інфармацыйных улётак і праграмак пра Беларусь6.
Заснаваньне рэгулярнага беларускага друку ў Злучаных Штатах, безумоўна, было на думцы ў беларускіх палітычных лідараў як у Амэрыцы, гэтак і ў Заходняй Эўропе7. Згаданыя вышэй публікацыі, ведама ж, сьведчылі аб прысутнасьці беларусаў у ЗША, але жылі яны нядоўга, ня мелі масавага пашырэньня й не зрабілі значнага ўплыву на беларускіх імігрантаў, бо тыя ў масе сваёй не былі дастаткова нацыяна-
5 Карскнй Е. Белорусы. T ill Ч.З. Петроград, 1922 C.167.
6 Архівы БІН1Му: Папка «Беларускія выданьні Чыкага»
7 Гутарка аўтара з Макарам Аблажэем; Беларускі Сьцяг 1922. №2—3 C4S
льна сьведамыя, каб падтрымаць беларускія выданьні. Такім чынам, беларускі пэрыядычны друк у Злучаных Штатах у міжваенным часе быў спарадычнаю й кароткатрывалаю зьяваю.
Разьвіцьцё беларускага друку ў паваенным пэрыядзе
Галоўнымі фактарамі, якія абумовілі разьвіцьцё паваеннага беларускага друку ў Амэрыцы, былі: 1) патрэба палітычна сьведамае беларускае іміграцыі ў сродку выказваньня іхных паглядаў і выяўленьні беларускае прысутнасыді; 2) пашырэньне кола чытачоў і 3) узьнікненьне фінансавае базы. Існавала таксама патрэба ў падручніках і дапаможных матэрыялах для беларускіх дапаўняльных школак, неабходна было выдаваць навуковыя працы й творы беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў. Гэтыя матывы паспрыялі разьвіцьцю беларускага друку ў Злучаных Штатах.
Пэрыядычныя выданьн!
3 пачаткам прыезду ў Амэрыку ў 1948 годзе імігрантаў узьнікла патрэба ў беларускай пэрыёдыцы. Патрэба гэтая дыктавалася неабходнасьцю падтрыманьня кантактаў паміж імігрантамі, насьвятленьня іхнае дзейнасьці й выказваньня беларускіх паглядаў на бягучыя палітычныя падзеі. Зь ініцыятывы Злучанага Беларуска-Амэрыканскага Дапамаговага Камітэту пачалося выданьне рататарнага бюлетэню *Беларус у Амэрыцы» Выходзіў ён у Нью-Брансўіку—Саўт-Рывэры ў 1948—1949 гадох. У рэдакцыйным артыкуле першага нумару гаворыцца:
Мэта гэтага выданьня — прадстаўляць імігрантаў беларускага паходжаньня, якіх у Злучаных Штатах налічваецца больш за паўмільёна Бюлетэнь будзе падаваць I тлумачыць пагляды гэтых людзей ды выясьняць Іхныя жаданьні. Выданьне будзе таксама насьвятляць розныя аспэкты жыцьця беларускае грамады, а таксама знаёміць амэрыканскіх беларусаў з палітычнымі памкненьнямі беларускага народу8.
Выйшла толькі чатыры нумары бюлетэню, але яны задалі тон насьвятленьню амэрыканскага палітычнага жыцьця Бюлетэнь зьмясьціў ліст у падтрымку кандыдата ў прэзыдэнты Хары Трумана, разглядаў некаторыя праблемы й патрэбы беларускіх імігрантаў, падаў колькі фактаў зь беларускага арганізацыйнага жыцьця Частка матэрыялаў друкавалася па-ангельску. Пасьля «Беларуса ў Амэрыцы» зьявілася «Беларускас Слова ў Амэрыцы», падобны бюлетэнь,
8 Our First StepZ/Беларус у Амэрыцы. 1948. №1.
два нумары якога выйшла ў Ныо-Брансўіку, штат Нью-Джэрзі9. Такія былі сьціплыя першыя дасягненьні новапрыбылых імігрантаў.
На зьмену рататарным бюлетэням у хуткім часе прыйшлі рэгулярна выдаваныя друкаваныя газэты й часапісы нармальнага фармату, якія адыгралі важную натхняльную ролю ў жыцьці амэрыканскіх беларусаў.
Першая газэта — «Беларуская Трыбуна» — зьявілася 27 жніўня 1950 году10. Спонсарам яе быў Злучаны БеларускаАмэрыканскі Дапамаговы Камітэт, хоць рэдакцыя ня мела сталага адрасу й месьцілася то ў Нью-Ёрку, то ў СаўтРывэры. Галоўным рэдактарам быў Язэп Лешчанка (ведамы беларускі паэт Міхась Кавыль).
Мэты газэты былі вызначаныя ў рэдакцыйным артыкуле першага нумару. У ім падкрасьляецца думка, што Савецкая Беларусь — не свабодная краіна, а калёнія, і ставіцца рэтарычнае пытаньне: «Што мы зрабілі, каб дапамагчы нашым братом-беларусам на бацькаўшчыне?» На яго даецца гэткі адказ: «Мы ня маем вайсковае й фізычнае сілы, каб дапамагчы Беларусі, але затое мы маем сілу друкаванага слова, якое таксама можа быць моцнае. I мы ўжывем гэтую сілу. Мы будзем гаварыць. Мы будзем выкрываць крамлёўскае кіраўніцтва й паказваць сьвету пакуты беларускага народу. Мы пакажам, што крамлёўскі ўрад зрабіў Беларусі».
Іншыя артыкулы працягваюць тон рэдакцыйнага й заклікаюць усіх беларусаў — старых і новых імігрантаў — злучыцца, стварыць агульную арганізацыю беларусаў у Злучаных Штатах. Фактычна гэта быў адкрыты заклік да «старых» амэрыканскіх беларусаў далучыцца да ініцыятываў, прадпрынятых паваеннымі імігрантамі. Сярод аўтараў газэты былі д-р Мікола Шчорс, прэзыдэнт Злучанага БеларускаАмэрыканскага Дапамаговага Камітэту; Аляксандар Русак, старшыня Беларускага Цэнтральнага Прадстаўніцтва; Лянгіна Брылеўская, прэзыдэнт Беларускага Жаночага Згуртаваньня ў Злучаных Штатах, ды іншыя.
На іншай ноце прагучала выступленьне ў першым нумары «Беларускае Трыбуны» Радаслава Астроўскага, прэзыдэнта Беларускае Цэнтральнае Рады. Астроўскі абвесьціў, што «вайна ў Карэі — гэта ня толькі змаганьне за свабоду карэйскага народу, але й пачатак вайсковага паходу за незалежную Беларусь», і заклікаў беларусаў запісвацца добраахвотнікамі ў карэйскай вайне. Ідэя незалежнае беларускае дзяржавы, антыкамуністычныя пагляды й заклік да старое бе-
9 Беларускае Слова ў Амэрыцы (Ныо-Брансўік) 1950 №1. Студ —1950 №2 Люты
10 Беларуская Трыбуна (Нью-Ёрк—Саўт-Рывэр 11950. №1. 27 жн —1953 №17. Ліст.
ларускае іміграцыі былі прыхільна прынятыя беларусамі незалежна ад іх арганізацыйнае прыналежнасьці. Аднак зварот Астроўскага выклікаў адмоўную рэакцыю значнае часткі новых імігрантаў11.
У наступных нумарох газэта менш выступала з праграмнымі заявамі, а давала больш месца інфармацыі аб розных аспэктах жыцьця амэрыканскіх беларусаў, ахапляючы шырокі спэктар беларускіх арганізацыяў. Газэта пачала зьмяшчаць літаратурную старонку, выдрукавала колькі матэрыялаў аб палітычнай дзейнасьці беларусаў і дапамагала беларускаму чытачу ўвайсьці ў курс амэрыканскае палітыкі й штодзённага жыцьця. Хоць «Беларуская Трыбуна» выходзіла нерэгулярна, яна, аднак, адыграла станоўчую ролю ў фармаваньні палітычных паглядаў беларусаў у Злучаных Штатах. Як надзённа гэта ні было для беларусаў Амэрыкі, «Беларуская Трыбуна», на жаль, ня мела шырокага ходу й фінансавае падтрымкі сярод імігрантаў. Выданьне спынілася ў 1953 годзе.
Амаль у тым самым часе, на якіх пару тыдняў пазьней — 20 верасьня 1950 году, — пачала выходзіць другая беларуская газэта, «Беларус» Зь цягам часу яна сталася газэтаю ўсіх беларусаў заходняга сьвету. Заснавальнікам і выдаўцом газэты было Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне. «Беларус» быў бескампрамісным, але дэмакратычным і гнуткім прыхільнікам лягеру БНР. У рэдакцыйным артыкуле першага нумару вызначаны мэты выданьня.
Перш за ўсё выдаўцы паведамілі, хто яны ёсьць і каго яны прадстаўляюць. Яны былі часткаю тых тысячаў новапрыбылых імігрантаў, якім давялося перажыць пяць таталітарных рэжымаў: царска-расейскі, кайзэраўска-нямецкі, польскі, савецка-бальшавіцкі й гітлераўскі. Такім чынам, абвяшчаецца ў рэдакцыйным артыкуле, абавязкам газэты ёсьць гаварыць пра Беларусь і беларускі народ, заняволены савецкім прыгнётам.