Выдавец: Рэдакцыя часопіса “Адукацыя і выхаванне”
Памер: 176с.
Мінск 2000
Правяраем сябе
■
1. Чым адрозніваюцца вышэйшыя грыбы ад ніжэйшых?
2. Раскажыце пра грыбы-паразіты кветкавых раслін.
3. Якую будову мае шапачкавы грыб?
4. Якія ядомыя і ядавітыя грыбы вам вядомыя?
5. У чым сутнасць сімбіёзу (сужыцця) грыбоў і дрэў?
6. Якое значэнне маюць грыбы ў прыродзе і жыцці чалавека?
§ 42. Аддзел Лішайнікі
Будова цела і спосаб жыцця лішайнікаў. Цела, або слаявішча, лішайнікаў утворана ў выніку сімбіёзу грыба і водарасці. У сімбіёзе ўдзельнічаюць часцей сумчатыя грыбы і сіне-зялёныя і зялёныя водарасці. Узаемаадносіны ў лішайніку паміж грыбам і водарасцю характарызуюцца ўмераным паразітызмам з боку грыба.
У слаявішчы лішайніка водарасці ўтвараюць добра бачны ў мікраскоп пласт або раўнамерна размяркоўваюцца сярод грыбніцы (мал. 81). 3 навакольнага асяроддзя грыб здабывае ваду і мінеральныя солі. Іх спажывае водарасць для фотасінтэзу і ўтварэння арганічных рэчываў, якімі жывіцца грыб.
водарасці
Мал. 81. Будова слаявішча лішайніка
Лішайнікі непатрабавальныя. Яны растуць у любым клімаце і на разнастайных субстратах, але марудна — па 2—3 мм у год. Часта яны ўтвараюць маляўнічы дыван на глебе ў сасновых барах. У выглядзе сівых барод звісаюць з галінак і ствалоў старых дрэў. Яны шматлікія ў тундры. Лішайнікі могуць пасяляцца на пясках, скалах, камянях. Пры недахопе вільгаці яны высыхаюць, а потым зноў аднаўляюць сваю жыццядзейнасць.
Па форме адрозніваюць накіпныя (корачныя), ліставатыя і кусцістыя лішайнікі. У накіпных лішайнікаў слаявішча грыбнымі ніцямі шчыльна зрастаецца з субстратам. Ліставатыя лішайнікі маюць выгляд пласцінкі, якая можа мець розныя формы і афарбоўку. Яны лёгка аддзяляюцца ад субстрату. Кусцістыя лішайнікі галінуюцца (мал. 82).
Размнажэнне. Размнажаюцца лішайнікі вегетатыўна. Для гэтага ў слаявішчы ўтвараюцца невялікія клубочкі, якія складаюцца з некалькіх клетак водарасцей, аплеценых грыбніцай. Праз разрыў слаявішча такія клу-
сцянная залацянка
цэтрарыя ісландская кладонія аленевая
Мал. 82. Лішайнікі
бочкі трапляюць у навакольнае асяроддзе і вырастаюць у новы лішайнік. Лішайнікі могуць размнажацца і спорамі, якія ўтвараюць грыбы. 3 споры пры прарастанні фарміруецца грыбніца. Яна аплятае ніцямі водарасць, і ўтвараецца лішайнік.
Значэнне і ахова лішайнікаў. У тундры ліпіайнікі з’яўляюцца асноўным кормам для паўночных аленяў. Часта яны першымі засяляюць безжыццёвыя месцы і, адміраючы, рыхтуюць глебу для раслін. 3 лішайнікаў атрымліваюць антыбіётыкі. Іх выкарыстоўваюць у парфумерыі пры вытворчасці духоў. Лішайнікі адчувальныя да забруджвання паветра і гінуць пры высокай колькасці двухвокісу серы. Яны з’яўляюцца біялагічнымі індыкатарамі ступені забруджвання паветра.
У выніку антрапагеннага ўздзеяння на прыроднае асяроддзе папуляцыі лішайнікаў скарачаюцца. Лішайнікі лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і эстонская, пельтыгера гарызантальная і іншыя сталі рэдкімі і ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Раздзел батанікі, які вывучае лішайнікі, носіць назву ліхеналогія (ад грэч. leichen —лішайнік).
Правяраем сябе
1. Якую будову мае слаявішча лішайніка?
2. Дзе растуць лішайнікі?
3. Як размнажаюцца лішайнікі?
4. Якое значэнне ў прыродзе і жыцці чалавека маюць лішайнікі?
5. Назавіце ахоўваемыя віды лішайнікаў.
ПРАКТЫКУМ
Лабараторная работа № 1
Прыгатаванне часовага прэпарата скуркі лускавіны цыбулі
Мапгэрыялы і абсталяванне: мікраскоп, кропельніца з вадой, фільтравальная папера, покрыўнае і прадметнае шкло, прэпаравальныя іголкі, рэактыў Люголя (ёд), лязо, сакавітая луска цыбулі.
Ход работы
1. Разгледзьце на мал. 2 паслядоўнасць прыгатавання прэпарата скуркі лускавіны цыбулі.
2. Падрыхтуйце прадметнае шкло, старанна працёршы яго марляй.
3. Піпеткай нанясіце 1 — 2 кроплі вады на прадметнае шкло.
4. Пры дапамозе прэпаравальнай іголкі асцярожна здыміце маленькі кавалачак празрыстай скуркі з унутранай паверхні лускавіны цыбулі. Пакладзіце кавалачак скуркі ў кроплю вады і распрастайце кончыкам іголкі.
5. Накрыйце скурку покрыўным шклом, як паказана на малюнку.
6. Разгледзьце прыгатаваны прэпарат пад мікраскопам. Якія часткі клеткі вы бачыце?
7. Афарбуйце прэпарат растворам ёду. Для гэтага нанясіце на прадметнае шкло каля мікрааб’екта кроплю раствору ёду. Фільтравальнай паперай з другога боку адцягніце залішні раствор.
8. Разгледзьце афарбаваны прэпарат пад мікраскопам. Якія адбыліся змены?
9. Знайдзіце на прэпараце цёмную паласу, якая акружае клетку-абалонку; пад ёй залацістае рэчыва — цытаплазма (яна можа займаць усю клетку або знаходзіцца каля сценак). У цытаплазме добра бачнае ядро. Знайдзіце вакуолю з клетачным сокам (яна адрозніваецца ад цытаплазмы па колеры).
10. Зарысуйце 2—3 клеткі скуркі лускавіны цыбулі. Пазначце абалонку, поры, цытаплазму, ядро, вакуолю з клетачным сокам.
Лабараторная работа № 2
Разглядванне пластыд пад мікраскопам у клетках ліста эладэі і мякаці плода рабіны
Матэрыялы і абсталяванне: глядзіце лабараторную работу № 1, аб’екты даследавання — лісты эладэі і мякаць плода рабіны.
Ход работы
1. Прыгатуйце прэпарат клетак ліста эладэі. Для гэтага аддзяліце ліст ад сцябла, пакладзіце яго ў кроплю вады на прадметнае шкло і накрыйце покрыўным шклом.
2. Разгледзьце прэпарат пад мікраскопам. Знайдзіце ў клетках зялёныя цельцы — хларапласты.
3. Зарысуйце будову клеткі ліста эладэі. Зрабіце надпісы да малюнка.
4. Прыгатуйце прэпарат клетак мякаці плода рабіны. Разгледзьце яго. Знайдзіце аранжавыя цельцы — храмапласты.
5. Зарысуйце будову клеткі мякаці плода рабіны. Зрабіце надпісы да малюнка.
Лабараторная работа № 3
Распазнаванне органаў кветкавай расліны
Матэрыялы і абспгаляванне: жывыя і гербарызаваныя кветкавыя расліны з вегетатыўнымі і генератыўнымі органамі, лупы, прэпаравальныя іголкі.
Ход работы
1. Разгледзьце ўсе дадзеныя вам расліны. Знайдзіце іх органы. Параўнайце органы гэтых раслін. Чым яны адрозніваюцца?
2. Зарысуйце ў сшыткі дзве расліны і падпішыце іх органы.
3. Якія вегетатыўныя і генератыўныя органы маюць даследуемыя расліны?
Лабараторная работа № 4
Вывучэнне стрыжнёвых і валасніковістых каранёвых сістэм
Матэрыялы і абсталяванне: лупы, прэпаравальныя іголкі, гербарны матэрыял па тыпах каранёвых сістэм.
Ход работы
1. Разгледзьце каранёвыя сістэмы прапанаваных вам раслін. Чым яны адрозніваюцца?
2. Па падручніку прачытайце, якія каранёвыя сістэмы называюцца стрыжнёвымі, якія — валасніковістымі.
3. Адбярыце расліны з стрыжнёвай каранёвай сістэмай.
4. Адбярыце расліны з валасніковістай каранёвай сістэмай.
5. Зарысуйце тыпы каранёвых сістэм. Якія карані па паходжанні іх утвараюць? Зрабіце надпісы да малюнка.
Лабараторная работа № 5
Разглядванне каранёвых канчаткаў пры дапамозе лупы
Матэрыялы і абсталяванне: лупы, прарослае насенне фасолі, кукурузы, злакаў, некалькі экземпляраў прадметнага шкла, чашкі Петры з фільтравальнай паперай.
Ход работы
1. 3 чашкі Петры з вільготнай фільтравальнай паперы перанясіце (акуратна) прарослае насенне (двух відаў) на прадметнае шкло.
2. Разгледзьце каранёвыя канчаткі пры дапамозе лупы.
3. Прачытайце ў кнізе пра зоны каранёвых канчаткаў.
4. Зарысуйце каранёвы канчатак, адзначыўшы яго зону.
Лабараторная работа № 6
Будова пупышак, размяшчэнне іх на сцябле
Матэрыялы і абсталяванне: бязлістыя парасткі рабіны, каштана, бэзу, пастаўленыя ў ваду за 5—7 дзён да заняткаў; лупы, прэпаравальныя іголкі, пінцэты, прадметнае шкло, лязо.
Ход работы
1. На парастках дрэвавых раслін разгледзьце няўзброеным вокам, а потым у лупу знешні выгляд пупышак.
2. Вызначце характар размяшчэння пупышак на парастку. Знайдзіце расліны з пачарговым, супраціўным, кальчаковым размяшчэннем пупышак.
3. Зарысуйце ў сшытку знешні выгляд пупышак трох раслін. Звярніце ўвагу на іх форму, афарбоўку, памеры. Адзначце характар іх размяшчэння на парастку.
4. Пры дапамозе прэпаравальнай іголкі здыміце пупышкавыя лускавіны ў бэзу. Лязом разрэжце пупышкі ўздоўж. Разгледзьце зрэз у лупу. Знайдзіце зачаткавае сцябло, зачаткавыя лісты, пупышкі ў пазухах лістоў, конус нарастання. У кветкавай (генератыўнай) пупышцы знайдзіце зачаткі кветак.
5. Зарысуйце падоўжны зрэз пупышак. Пазначце іх часткі.
Лабараторная работа № 7
Распазнаванне простых і складаных лістоў, вызначэнне тыпу лістаразмяшчэння
Матэрыялы і абсталяванне: гербарый простых і складаных лістоў; галінкі ліпы, ясеня, дуба, клёна, таполі; гербарый тыпаў лістаразмяшчэння.
Ход работы
1. Разгледзьце лісты на гербарных узорах. Вызначце сярод іх простыя і складаныя. Знайдзіце ліставую пласцінку, чаранок у простых лістоў, агульны чаранок, лісточкі — у складаных.
2. Зарысуйце тры простыя лісты рознай формы. Пазначце пласцінку, чаранок, похву, прылісткі.
3. Зарысуйце тры складаныя лісты рознай формы. Адзначце агульны чаранок, лісточкі.
4. На галінах дрэвавых раслін і гербарным матэрыяле разгледзьце лістаразмяшчэнне.
Лабараторная работа № 8
Разглядванне скуркі ліста пад мікраскопам
Матэрыялы і абсталяванне: мікраскопы, ліст пеларгоніі (можна выкарыстаць ліст іншай пакаёвай расліны), покрыўнае і прадметнае шкло, прэпаравальныя іголкі, фільтравальная папера, кропельніцы з вадой, лязо.
Ход работы
1. Разарвіце па краі ліставую пласцінку. Покрыўная тканка па лініі разрыву лёгка аддзяляецца ад мякаці ліста.
2. Пры дапамозе ляза зрабіце зрэз скуркі ў выглядзе палоскі.
3. Прыгатуйце прэпарат атрыманага зрэзу (гл. работу № 1).
4. Разгледзьце прэпарат пры дапамозе мікраскопа.
5. Зарысуйце прэпарат. Зрабіце надпісы да малюнка.
Лабараторная работа № 9
Унутраная будова сцябла дрэвавай расліны
Матэрыялы і абсталяванне: мікраскопы, мікрапрэпарат “Папярочны зрэз галіны ліпы”. Папярочныя спілы дрэвавых раслін.
Ход работы
1. Разгледзьце мікрапрэпарат пры малым павелічэнні мікраскопа.
2. На зрэзе знайдзіце покрыўныя тканкі: эпідэрміс, корак.
3. За коркам размяшчаецца луб. Знайдзіце і разгледзьце сітападобныя трубкі і лубяныя валокны. Якія яшчэ клеткі ўваходзяць у склад лубу?
4. Знайдзіце на прэпараце драўніну. Побач з сасудамі залягаюць валокны і парэнхімныя клеткі. Якія функцыі выконвае драўніна?
5. Знайдзіце слой камбію. Ён залягае паміж лубам і драўнінай.