• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біялогія 7 клас

    Біялогія

    7 клас

    Выдавец: Рэдакцыя часопіса “Адукацыя і выхаванне”
    Памер: 176с.
    Мінск 2000
    40.09 МБ
    Для кветак, якія апыляюцца птушкамі, характэрна адсутнасць паху, што звязана з слабым развіццём у птушак нюху. Але птушкі даволі чуйныя да колераў і ў адрозненне ад насякомых добра адрозніваюць чырвоную афарбоўку.
    У большасці водных раслін кветкі і суквецці ўзвышаюцца над паверхняй вады. Апыленне ў іх ажыццяўляецца як і ў наземных відаў у паветраным асяроддзі з дапамогай ветру або насякомых.
    Перанос пылку ў вадзе або па воднай паверхні сустракаецца ў нямногіх водных раслін.
    Часам праводзяць штучнае апыленне, пры якім чалавек з пэўнай мэтай сам пераносіць пылок з тычынак на песцікі кветак. Робіцца яно для павышэння ўраджайнасці культурных раслін. Штучнае апыленне таксама ўжываецца для атрымання новых гатункаў расліны. Вучоныя-садаводы пераносяць пылок з тычынак аднаго гатунку раслін на песцікі кветак другога гатунку.
    Апыленне з’яўляецца неабходнай умовай для працэсу апладнення.
    Мал. 36. Апладненне ў кветкавых раслін:
    1 — пылковае зерне; 2 — пылковая трубка; 3 — сперміі;
    4 — яйцаклетка; 5 — сперміі; 6 — цэнтральная клетка;
    7 — семязачатак
    Апладненне — гэта зліццё дзвюх палавых клетак — гамет. У кветкавых раслін мужчынскія гаметы — сперміі — вельмі дробныя, жаночыя — яйцаклеткі — болып буйныя.
    Пылок, які трапіў на рыльца песціка, трымаецца на ім. Кожная пылінка мае дзве клеткі — вялікую і малую. 3 вялікай утвараецца доўгая пылковая трубка, якая на тканках слупка дарастае да завязі і далей — да семяпупышкі (мал. 36). 3 малой клеткі да гэтага моманту ўтвараюцца два сперміі, якія апускаюцца ў пылковую трубку.
    На семяпупышцы ёсць покрыва, у якім маецца невялікі канал — пылкаўваход, праз яго і пранікае пылковая трубка, што нясе сперміі.
    Унутры семяпупышкі развіваецца зародкавы мяшок — утварэнне, характэрнае толькі для кветкавых раслін. Самая буйная клетка зародкавага мяшка — яйцаклетка — знаходзіцца насупраць пылкаўваходу. У
    цэнтры зародкавага мяшка ёсць яшчэ адна важная клетка — другасная. Пылковая трубка праз пылкаўваход семяпупышкі ўваходзіць у яго. Верхавінка трубкі разрываецца, і адзін з сперміеў зліваецца з яйцаклеткай, a другі — з другаснай клеткай. Гэты працэс быў адкрыты С.Г.Навашыным і атрымаў назву падвоенага апладнення кветкавых раслін.
    Апладнёная яйцаклетка шмат разоў дзеліцца, з яе фарміруецца шматклетачны зародак. Другасная, што злілася з сперміем, дзеліцца таксама і ўтварае шмат клетак, з якіх фарміруецца эндасперм. У выніку апладнення з яйцаклеткі ўзнікае зародак, з другаснай — эндасперм, з семяпупышкі — семя. Завязь, а часам і іншыя часткі кветкі разрастаюцца і ператвараюцца ў плод.
    Правяраем сябе
    1.	Дайце азначэнне апылення.
    2.	Якія віды апылення вы ведаеце?
    3.	Якія прыстасаванні ёсць у кветак, каб атрымаць той ці іншы від апылення?
    4.	Як адбываецца апладненне ў кветкавых раслін?
    5.	Што адбываецца з кветкай пасля апладнення?
    §	17. Плод — спелая кветка
    Кветка пасля апылення і апладнення ператвараецца ў плод. Таму і кажуць, што плод — гэта спелая кветка.
    Уся разнастайнасць пладоў абумоўлена прыстасаваннем пакрытанасенных да распаўсюджвання насення, a ў пэўнай ступені, і абаронай іх ад уздзеяння неспрыяльных умоў асяроддзя.
    Ва ўтварэнні плода заўсёды ўдзельнічае завязь песціка, але ў многіх кветкавых і іншыя часткі расліны прымаюць у ім удзел.
    Плод складаецца з каляплодніка і насення, якое знаходзіцца ў ім. У адных пладах фарміруецца толькі адно семя, а ў іншых — шмат. Галоўная роля ў будове плода належыць каляплодніку, які мае вонкавы, сярэдні і ўнутраны слаі. Ён можа быць сакавітым, мясістым або, наадварот, сухім. Усё шматаблічча пладоў можна падзяліць на чатыры групы ў залежнасці ад характару каляплодніка і колькасці насення. Выдзяляюць плады з сухім і сакавітым каляплоднікам, аднаі шматнасенныя. Да сакавітых пладоў адносяць касцянку, шматкасцянку, фрагу, ягаду, яблык, гарбузок (мал. 37).
    Мал. 37. Сакавітыя плады:
    1 — касцянка (сліва); a — вонкавы, б — сярэдні;
    в — унутраны слой каляплодніка; 2 — шматкасцянка (маліна);
    3 — фрага (суніцы); 4 — ягада (парэчка);
    5 — гарбузок (гарбуз, агурок)
    У касцянкі ўнутраная частка каляплодніка цвёрдая (“костачка”), у яе заключана адно семя з тонкай насеннай скуркай. Касцянка ўтвараецца з завязі кветкі з адным простым песцікам (сліва, вішня). Шматкасцянкі фарміруюцца ў відаў з вялікай колькасцю простых песцікаў, аднак з завязі развіваюцца плодзікіарэшкі з адным зернеткам. Па меры іх паспявання кветаложа кветкі разрастаецца — фарміруецца плод фрага.
    Ягады — гэта шматнасенныя плады, у іх утварэнні прымае ўдзел завязь складанага песціка, а часам і кветаложа. Каляплоднік сакавіты, яго ўнутраная частка плеўкавая (парэчка).
    Для яблыка (яблыня, груша) характэрна наяўнасць храсткападобнага ўнутранага каляплодніка, які ўтвараецца з сценкі завязі, а большая частка сакавітага каляплодніка — кветаложа, якое разраслося.
    У гарбузовых (агурок, гарбуз) таксама большая частка каляплодніка ўзнікае з кветаложа, але яго вонкавы слой скурысты, часцей адраўняецца. Гарбузок — шматнасенны плод.
    Сухія плады маюць скурыстыя, плеўкавыя або адраўнелыя каляплоднікі, у якіх адсутнічаюць сакавітыя слаі. Да іх адносіцца лістоўка, шматлістоўка, боб, стручок, стручочак, каробачка, сямянка, зярноўка, арэх, жолуд. Апошнія чатыры плады — калянасенныя (мал. 38).
    Лістоўка ўзнікае з завязі кветкі з адным простым песцікам. Каляплоднік скурысты, раскрываецца на адным шве, уздоўж якога ляжыць семя (бружмель). Калі з адной кветкі ўтвараецца некалькі лістовак — гэта шматлістоўка (ворлік, піён).
    Боб, як і лістоўка, фарміруюцца з завязі простага песціка. Іх каляплоднік скурысты, раскрываецца дзвюма створкамі, на якіх ляжыць семя (гарох, фасоль).
    Стручок (меншых памераў — стручочак) мае скурысты каляплоднік, семя ляжыць на плеўкавым утварэнні. Гэты плод часта раскрываецца дзвюма створкамі і
    Мал. 38. Сухія плады:
    1 — лістоўка (бружмель); 2 — боб (гарох);
    3 — стручок (капуста); 4 — каробачка (а — мак, б — блёкат);
    5 — сямянка (сланечнік); 6 — зярноўка (пшаніца);
    7 — жолуд (дуб)
    ўзнікае з завязі складанага (з двух плодалісцікаў) песціка.
    Усе іншыя шматнасенныя плады з скурыстым каляплоднікам утвараюцца з кветак са складаным песцікам — гэта каробачкі (мак, цюльпан).
    Плод зярноўка характэрны для злакаў. Гэты аднанасенны плод мае сухі плеўкавы каляплоднік (пшаніца, жыта).
    У сямянкі (сланечнік) каляплоднік скурысты, сямянка адуванчыка мае яшчэ і чубок. У арэха і жолуда адпаведна адраўнелы і скурысты каляплоднікі, ёсць у іх і плюска (у жолуда яна сподкападобная).
    Сярод сухіх пладоў ёсць і дробныя: двухкрылатка (клён) і віслаплоднік (кроп, пятрушка). Яны ўзнікаюць з кветак з адным складаным песцікам, пры паспяванні распадаюцца на аднанасенныя ўтварэнні.
    Плады маюць важнае біялагічнае і практычнае значэнне. Пакрытанасенныя, дзякуючы ім, у болыпай ступені прыстасаваны да распаўсюджання насення. На далёкую адлегласць з дапамогай ветру разносяцца лёгкія плады адуванчыка, клёна. Семя гароху, жоўтай акацыі, капусты раскідаецца ў выніку раскрывання пладоў. Расліны, плады і семя якіх не тонуць, распыляюцца з дапамогай вады (белы гарлачык, асака, вольха). Плады некаторых раслін (ваўчкі, лопух) маюць шыпы, якія чапляюцца за поўсць жывёлы, адзенне чалавека. Сакавітыя плады маліны, чарніц, рабіны, бузіны, брусніц ахвотна ядуць птушкі і грызуны. Насенне гэтых пладоў не ператраўліваецца і разам з экскрэментамі трапляе ў глебу.
    Чалавек выкарыстоўвае плады ў ежу, для атрымання лекаў. Многія плады — сыравіна для прамысловасці і корму для жывёлы.
    1.	Дайце азначэнне плода.
    2.	Што такое каляплоднік? Як ён утвараецца?
    3.	Як класіфікуюцца плады?
    4.	Пералічыце адзнакі асноўных відаў сухіх і сакавітых пладоў.
    5.	Якая біялагічная роля пладоў?
    6.	Як выкарыстоўвае плады чалавек?
    § 18. Семя. Праростак
    Семя — зачатак узнаўлення і распаўсюджання кветкавых раслін. Яно ўяўляе сабой саспелую семяпупышку. Семя розных раслін разнастайнае па форме і велічыні, але ў кожным з іх ёсць галоўная частка — зародак. Гэта зачаткавы (даччын) спарафіт, які складаецца з пупышачкі, сцяблінкі і карэньчыка. Першыя лісты зародка звычайна рэзка адрозніваюцца ад наступных сваёй будовай і функцыяй. Яны называюцца семядолямі.
    Расліны, якія маюць у семені дзве семядолі, адносяцца да класа двухдольных (фасоль, капуста, яблыня, гарбуз, сланечнік). Калі ж адну — гэта аднадольная расліна (касач, жыта, пшаніца, лілея).
    У семені ёсць неабходны для прарастання зародка запас пажыўных рэчываў, які знаходзіцца або ў самім зародку, або ў спецыяльнай назапашваючай тканцы семя.
    Так, семя фасолі (мал. 39) складаецца з насеннай скуркі, якая абараняе яго ад высыхання і пашкоджання, і зародка. Большая частка зародка прыходзіцца на семядолі, у якіх утрымліваюцца запасныя пажыўныя рэчывы (бялкі, тлушчы, вугляводы).
    Мал. 39. Будова семя двухдольных раслін (фасоль)
    1 — сцяблінка; 2 — пупышачка; 3 — карэньчык;
    4 — семядолі; 5 — насенная скурка
    Мал. 40. Будова семя двухдольных раслін (фіялка трохколерная):
    1 — насенная скурка; 2 — эндасперм; 3 — зародак;
    4 — карэньчык; 5 — сцяблінка; 6 — семядолі
    Паміж семядолямі размяшчаецца зародкавы карэньчык, сцяблінка і пупышачка. У некаторых двухдольных раслін (люцік, фіялка) невялікі зародак семя акружаны эндаспермам — асаблівымі клеткамі, у якіх утрымліваецца запас пажыўных рэчываў (мал. 40).
    Будову семя аднадольнай расліны разгледзім на прыкладзе злакавых. Пад скуркай іх насення (мал. 41)
    Мал. 41. Будова семя аднадольных раслін (зярноўка пшаніцы):
    1 — каляплоднік, які зросся з насеннай скуркай;
    2 — эндасперм; 3 — зародак; 4 — семядоля; 5 — пупышачка;
    6 — сцяблінка; 7 — карэньчык
    Мал. 42. Будова семя аднадольных раслін (цыбуля):
    1 — насенная скурка; 2 — эндасперм; 3 — зародак;
    4 — семядоля; 5 — сцяблінка; 6 — карэньчык
    знаходзяцца мучністы эндасперм і зародак. У апошнім з дапамогай лупы можна ўбачыць адзіную семядолю — шчыток, зародкавы карэньчык, сцяблінку і пупышачку. У эндасперме ўтрымліваецца крухмал і раслінны бялок — клейкавіна. Пры прарастанні зярноўкі пажыўныя рэчывы эндасперма ўсмоктваюцца клеткамі шчытка і выкарыстоўваюцца зародкам.
    Семя іншых аднадольных раслін (цыбуля) таксама мае эндасперм, але ён акружае зародак, а не прылятае да яго адным бокам, як у злакаў (мал. 42).