Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
кую валізу з узорамі свечак да трамвайнага прыпынку і мусіў доўга чакаць. Позні вечар быў мяккі і ясны: стаяла лета. На скрыжаваннях вуліц гарэлі ліхтары, у паўзмрочнай цішы прагульваліся людзі;
я стаяў каля вялікага круглага пляца перад цёмным пустым будынкам; ззаду за мною чарнеў невялікі парк; чулася булькатанне вады, і, абярнуўшыся, я ўбачыў вялікую мармуровую жанчыну, з тугіх грудзей якой у медны спод ліліся тонкія струмені вады; мне стала халаднавата, і я адчуў стому. Нарэшце падышоў трамвай; прыемная музыка чулася з вокнаў ярка асветленых кавярань, але вакзал знаходзіўся ў пустэльнай і ціхай частцы горада. Вялікае чорнае табло паказвала час адыходу толькі аднаго цягніка, з якога я б мусіў сысці на паўдарозе і чакаць цэлую ноч перасадкі ў пачакальні на брудным, поўным брыдкага булённага паху вакзале аднаго безгатэльнага мястэчка. Я павярнуў назад, на прывакзальную плошчу, спыніўся, пералічыў пры святле газавага ліхтара свае грошы: дзевяць марак з дробнымі ды квіток на дарогу назад. На плошчы стаяла некалькі машын, якія, здавалася, ужо цэлы век чагосьці чакалі; маленькія дрэўцы паблізу былі падстрыжаныя, нібы рэкруты-навабранцы. «Слаўныя дрэўцы,— падумаў я,— добрыя дрэўцы, паслухмяныя дрэўцы». Сям-там на неасветленых будынках былі відны белыя лекарскія шыльдачкі; у вітрыне адной кавярні я ўбачыў толькі пустыя мяккія крэслы, перад якімі скрыпач размашыстымі рухамі здабываў са свайго інструмента тужлівыя гукі; гэтымі рухамі ён, напэўна, зрушыў бы з месца вялізны камень, але наўрад ці зварухнуў бы чалавечую душу. Нарэш це ў выемцы на сцяне нейкай цёмнай цэркаўкі я ўгледзеў пафарбаваную ў зялёны колер шыльдачку: «Пакоі для начлегу». Я зайшоў туды.
Было чуваць, як за мной празвінеў трамвай, які вяртаўся ў ярчэй асветленую і больш людную частку горада. Калідор быў пусты, і я, павярнуўшы направа, зайшоў у невялікі пакой, дзе стаялі чатыры сталы і дванаццаць крэслаў; леваруч, на прылаўку пад сцяною, я ўбачыў металічныя скрыні з півам ды ліманадам. Усё выглядала ахайна і сціпла. Да сцяны меднымі цвікамі з капялюшыкамі ў форме маленькіх руж была прыбітая зялёная джутавая тканіна, падзеленая вузенькімі бураватымі дошчачкамі на часткі. Крэслы былі
таксама абабітыя зялёнаю, падобнаю да аксаміту, мяккаю тканінай. На вокнах віселі шчыльна захінутыя жаўтлявыя фіранкі, а за прылаўкам было відно падобнае да форткі акенца, што выходзіла проста ў кухню. Я паставіў валізу на падлогу, падсунуў да сябе крэсла і сеў, адчуваючы, што вельмі стаміўся.
Тут было зусім ціха, яшчэ цішэй, чым на вакзале, які чамусьці знаходзіўся воддаль ад дзелавога цэнтру,— то была задушлівая цёмная зала, запоўненая ледзь чутным шолахам невідочнай ажыўленасці: ажыўленасць за прычыненымі акенцамі, ажыўленасць за драўлянымі перагародкамі.
Да таго ж я адчуваў голад, і мяне вельмі прыгнятала тое, што мая паездка зусім пайшла намарна. Я быў рады, што нейкі час яшчэ змагу пабыць сам у гэтым зацішным простым пакойчыку. Я б ахвотна закурыў, але цыгарэт не знайшлося, і я пашкадаваў, што пакінуў цыгару ў гандляра царкоўным начыннем. I ўсё ж, хоць на сэрцы ў мяне было цяжка — ад гэтай яшчэ адной марнай паездкі,— пачуццё пэўнай палёгкі таксама расло ўва мне — палёгкі, якую ні акрэсліць, ні растлумачыць я не здолеў бы; у душы я, відаць, радаваўся, што мяне цяпер ужо канчаткова выцеснілі з гандлю таварамі рэлігійнага культу.
Я не сядзеў склаўшы рукі пасля вайны: прыбіраў вуліцы, вывозіў смецце, быў тынкоўшчыкам, мулярам, вазіў пясок, вапну, уносіў прапановы, зноў і зноў уносіў прапановы, перачытаў горы кніжак, рупна распараджаўся гарой стэарыну; незалежна ад усіх тых, хто мог бы мне перадаць свой вопыт, я знайшоў свой спосаб вырабу свечак — прыгожых, простых, добрых свечак, якія мелі невялікае жаўтлявае адценне — ад высакароднасці пчалінага воску. Я браўся за любую работу, каб падмацаваць сваё існаванне; нездарма ж людзі кажуць: хто дбае, той і мае; і хоць надта радавацца мне не было з чаго, але якраз гэтая цалкавітая марнасць маіх высілкаў напаўняла мяне радасцю, якой я дагэтуль не ведаў.
Дробязным чалавекам я не быў: людзям, што туліліся ў цёмных халупах, я дарыў свечкі і не шукаў магчымасці неяк
на гэтым нажыцца; я мусіў галадаць, але натхнёна аддаўся гэтай дзейнасці, і хоць, напэўна, мог чакаць нейкай узнагароды за сваю прыстойнасць, але адчуваў сябе амаль шчаслівым, што так і не атрымаў яе.
Мімаходзь у мяне нават узнікала думка: ці не лепей было б заняцца вырабам гуталіну, як нам раіў адзін знаёмец,— дадаць да асноўнага матэрыялу іншыя кампаненты, скласці рэцэпт, закупіць маленькія кардонкі, а потым толькі іх напаўняць...
У гэтую хвілю, калі мае думкі набылі найбольшага запалу, у пакой зайшла гаспадыня — зграбная пажылая жанчына; на ёй была зялёная сукня — зялёная, нібы пляшкі з півам і ліманадам на прылаўку. Яна дружалюбна сказала:
— Добры вечар.
Я адказаў на вітанне, і тады яна спыталася:
— Слухаю Вас.
— Калі ласка, мне пакой, калі ў Вас ёсць вольны.
— Вядома, ёсць,— адказала жанчына.— Даражэйшы ці таннейшы?
— Самы танны.
— Тры пяцьдзесят.
— Выдатна,— узрадаваўся я.— А перакусіць у Вас будзе што-небудзь?
— Вядома ж.
— Тады — хлеба, крыху сыру, масла і...— мой пагляд слізгануў па бутэльках на прылаўку.— Мабыць, віна.
— Добра,— сказала яна.— Бутэльку?
— He, не! Келіх, а... колькі гэта будзе каштаваць?
Яна зайшла за прылавак, адкінула кручок, каб адчыніць акенца, але потым, раптам спыніўшыся, спытала:
— Гэта ўсё?
— Усё.
Гаспадыня сунула руку пад прылавак, выцягнула нататнік і аловак, і, пакуль яна павольна лічыла і запісвала, у пакоі зноў запанавала цішыня. Ад гэтай жанчыны, хоць на выгляд яна была зусім стрыманая, павявала дабрынёю, што неяк за-
спакойвала мяне. Яна выклікала ўва мне ўсё больш сімпатыі, бо, як мне падалося, некалькі разоў памылілася ў падліках. Яна павольна запісвала сумы, прыбаўляла, моршчачы лоб, трэсла галавою, закрэслівала ўсё, пісала спачатку, потым зноў прыбаўляла, цяпер ужо не моршчачы лба, потым вывела ўнізе простым алоўкам вынік і ціха сказала:
— Шэсць дваццаць... не-не, шэсць роўна, прабачце.
Я ўсміхнуўся.
— Добра. А ці ёсць у вас цыгары?
— Вядома ж.
Яна зноў засунула руку пад прылавак і падала мне кардонку. Я ўзяў дзве цыгары і падзякаваў. Гаспадыня напаўголаса перадала заказ на кухню і выйшла з пакою.
Толькі яна выйшла, як дзверы зноў адчыніліся, і на парозе я ўбачыў маладога хударлявага хлопца — няголенага, у светлым плашчы; за ім увайшла дзяўчына ў карычняватым палітоне і без капелюша. Абое яны зайшлі ў пакой ціха, з нейкай нерашучасцю, хуценька вымавілі: «Добры вечар» — і павярнуліся да стойкі. У руках у хлопца была пацёртая скураная сумка дзяўчыны, і хоць ён відавочна намагаўся трымацца як мужчына, што часцяком начуе са сваёй дзяўчынаю ў гатэлі, усё ж я прыкмеціў, што ў яго дрыжыць ніжняя губа, а на няголеным падбароддзі паявіліся дробныя кропелькі поту. Яны стаялі там, каля прылаўка, нібы ў краме. Тое, што яны былі проставалосыя, а з рэчаў мелі пры сабе толькі гаспадарчую сумку, рабіла іх падобнымі да ўцекачоў, якіх у дарозе заспела ноч. Дзяўчына была яшчэ зусім маладзенькая і даволі прывабная; яе ўзбуджаны твар пафарбаваў лёгенькі румянец, густыя каштанавыя валасы, што свабодна ападалі на плечы, здаваліся аж занадта цяжкімі — як на яе грацыёзныя ножкі; яна нервова, часцей, чым гэта было трэба, пераступала з нагі на нагу — у сваіх чорных запыленых чаравіках; у хлопца раз-пораз на лоб спадалі пасмы валасоў, і ён паспешлівым рухам адкідаў іх назад; яго маленькі круглатвары рот надаваў твару выраз хваравітай і адначасна шчаслівай рашучасці. I хлопец, і дзяўчына відавочна намагаліся не
глядзець адно на аднаго, нават не размаўляць паміж сабою, і я быў рады, што магу спакойна заняцца сваёй цыгарай: спачатку абрэзаць яе, потым падпаліць, з падазрэннем разглядаць яе кончык, а тады яшчэ раз прыкурыць, зацягнуцца дымам. Кожная хвіля чакання была, відаць, для іх нясцерпнай, бо таксама і дзяўчына, як яна ні намагалася трымацца смела і здавацца шчасліваю, цяпер яшчэ часцей пачала пераступаць з нагі на нагу і абцягваць на сабе паліто; а хлопец часцей і часцей праводзіў сабе рукою па лбе, на які пасмы валасоў ужо амаль не спадалі. Нарэшце зноў паявілася гаспадыня і, ціха сказаўшы: «Добры вечар», паставіла на прылавак пляшку з віном.
Я адразу ж падхапіўся з месца і падышоў да гаспадыні: — Ці дазволіце вам дапамагчы?
Яна здзіўлена паглядзела на мяне, потым паставіла келіх, дала мне штопар і спыталася ў хлопца:
— Што Вы жадаеце?
Я ўзяў у рот цыгару, пачаў укручваць штопар у корак; у гэтую хвілю хлопец вымавіў:
— Ці не маглі б мы наняць два пакоі?
— Два? — перапытала гаспадыня, і ў гэтае імгненне я выцягнуў корак; збоку мне было відаць, як дзяўчына ўміг пачырванела, хлопец яшчэ мацней прыкусіў ніжнюю губу і, амаль не разяўляючы рота, прагаварыў:
— Ага, два.
— 0, дзякуй вам,— гаспадыня зноў звярнулася да мяне; наліўшы поўны келіх, яна паставіла яго перада мною.
Я вярнуўся да свайго стала і пачаў маленькімі глыткамі піць лёгкае віно, прагнучы толькі аднаго — каб гэтая непазбежная працэдура цяпер зноў не зацягнулася, калі мне прынясуць маю вячэру. Але запіс у кнігу, запаўненне картак і выдача блакітных прапускоў — усё пайшло хутчэй, чым я думаў; і калі хлопец адчыніў скураную сумку, каб дастаць асабовыя пасведчанні, я ўбачыў там тлустыя папяровыя скрутачкі з пірожнымі, пачкі цыгарэт, згорнуты капялюш, берэт і пашарпаны чырвоны кашалёк.
Дзяўчына ўвесь час намагалася не страціць душэўнай раўнавагі: яна абыякава паглядзела на бутэлькі з ліманадам, на зялёную дэкаратыўную тканіну і цвікі з капялюшыкамі ў форме ружаў, але чырвань з яе твару ўжо не сыходзіла, і калі ўсё нарэшце было як след аформлена, яны абое, не развітаўшыся, подбегам рушылі з ключамі ў руках наверх. Неўзабаве з кухоннага акенца падалі ежу; гаспадыня прынесла мне талерку і, калі нашыя позіркі сустрэліся, не ўсміхнулася, як я спадзяваўся, а з паважным выглядам паглядзела кудысьці паўз мяне і прамовіла:
— Смачна Вам есці.
— Дзякую,— адказаў я.
Яна не пайшла. Я пачаў няспешна есці хлеб з маслам і сырам. Яна ўсё яшчэ стаяла побач. Я сказаў:
— Усміхніцеся.
Яна і праўда