Більярд а палове дзесятай  Генрых Бёль

Більярд а палове дзесятай

Генрых Бёль

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
113.12 МБ
Й МАРАЛІ
У адным порце на заходнім узбярэжжы Еўропы беднавата апрануты чалавек прылёг у рыбацкай лодцы і дрэмле. Шыкоўна ўбраны турыст якраз закладае новую каляровую стужку ў фотаапарат, хочучы сфатаграфаваць ідылічны малюнак: блакітнае неба, зялёнае мора з міралюбнымі, белымі як снег грабянцамі хваляў, чорны човен, чырвоны рыбацкі капялюшык. «Шчоўк!» Яшчэ раз — «шчоўк!», ды раз бог тройцу любіць і, каб ужо быць пэўным, трэці раз —«шчоўк!». Рэзкі, амаль непрыязны гук выводзіць рыбака з дрымоты; ён пацягваецца, сонна абмацвае лаўку і дно лодкі, шукаючы цыгарэты, але, перш чым ён гэта робіць сам, турыст падсоўвае яму пад нос пачак цыгарэт; адно што не ўпіхвае рыбаку цыгарку ў рот, а проста кладзе яе яму ў руку, потым чацвёртае шчоўканне — цяпер гэта шчоўканне запальнічкі — засведчвае канец гэтай таропкай ветлівасці. Гэты амаль невымерны, зусім не вызначальны перабор спрытнай ветлівасці выклікаў збянтэжанасць з доляю раздражнення, і турыст, які валодае мясцовай гаворкай, спрабуе пачаць размову, каб пераадолець гэтае пачуццё.
— Сёння ў Вас будзе добры ўлоў.
Рыбак адмоўна трасе галавой.
— Але мне казалі, што надвор’е спрыяе...
Рыбак згодна ківае галавой.
— Значыць, сёння Вы не будзеце выходзіць?..
Рыбак адмоўна трасе галавой; турыст нервуецца ўсё больш і больш. Вядома, яго хвалюе дабрабыт беднавата апранутага чалавека; смутак — з прычыны нявыкарыстанай добрай магчымасці — кроіць яму сэрца.
— О, Вы сябе не надта добра пачуваеце?
Нарэшце рыбак пераходзіць ад мовы жэстаў да сапраўднай мовы.
— Я пачуваю сябе выдатна,— адказвае ён,— я ніколі сябе лепей, як сёння, не пачуваў.
Ен падымаецца, выпроствае плечы і грудзі, быццам бы хочучы паказаць, што ён выглядае на сапраўднага атлета.
— Я пачуваю сябе фантастычна добра.
На турыставым твары ўсё відочнейшы выраз нешчаслівасці: ён ужо не можа ўтрымацца, каб не задаць пытання, якое рве яго знутры:
— Але чаму ж тады Вы не выходзіце ў мора?
Адказ кароткі і трапны:
— Бо я ўжо сёння выходзіў, з раніцы.
— А ці добры быў улоў?
— Досыць добры, каб не выходзіць сёння яшчэ раз. У мае сеткі трапіліся чатыры амары, ды амаль два тузіны макрэлін злавіліся...
Рыбак, канчаткова адышоўшы ад сну, цяпер робіцца весялейшым, ляпае турыста па плячы, супакойваючы. Заклапочаны выраз твару апошняга здаецца яму адбіткам хоць і недарэчнага, але кранальнага смутку.
— У мяне ўжо ёсць нават заўтрашняя і паслязаўтрашняя норма,— кажа рыбак, каб зняць камень з турыставай душы.— Ці не хочаце закурыць у мяне?
— Дзякуй, закуру.
Яны бяруць цыгаркі ў рот; пятае шчоўканне; госць, ківаючы галавою, сядае на край чоўна, адкладвае ўбок фотаапарат, бо яму цяпер патрэбныя абедзве рукі — каб надаць сваёй гаворцы больш выразнасці.
— Я не хачу ўлазіць у Вашы прыватныя справы,— кажа турыст,— але ўявіце сабе, сёння Вы выходзіце ў мора другі, трэці, мажліва, нават чацвёрты раз — і Вы зловіце трыццаць, сорак, пяцьдзесят, можа, нават сто макрэлін... толькі сабе ўявіце.
Рыбак ківае галавой.
— Самае позняе праз год Вы зможаце купіць сабе матор,
праз два гады — другую лодку, праз тры гады ў Вас, магчыма, будзе невялікі катэр; маючы дзве лодкі альбо катэр, Вы, натуральна, будзеце мець большы ўлоў... калі-небудзь у Вас будуць два катэры, тады б Вы...
Ад захапленняў на хвілю ў яго займае мову.
— ...Вы пабудуеце невялікую лядоўню, а можа, вяндлярню; пазней — кансервавы завод; будзеце аблятаць затоку на сваім верталёце, выглядаць касякі рыбы і падаваць па радыё каманды сваім катэрам. Тады б Вы змаглі набыць правы на адлоў ласася, адчыніць рыбны рэстаранчык, пасылаць амараў без пасрэднікаў адразу ў Парыж — а потым...
Зноў ад захаплення яму займае мову. Хітаючы галавою, уражаны да глыбіні сэрца, амаль забыўшыся на адпачынкавыя ўцехі, турыст глядзіць на хвалі, што міралюбна набягаюць на бераг, на хвалі, у якіх жвава гойсаюць нязлоўленыя рыбкі.
— А потым...— кажа ён, але тут зноў яму ад хвалявання займае мову.
Рыбак паляпвае яму па карку, нібы дзіцяці, якое папярхнулася.
— I што потым? — ціха пытаецца рыбак.
— Потым,— адказвае госць з ціхім захапленнем у голасе,— потым Вы спакойна зможаце сядзець сабе тут у порце, драмаць на сонцы... і глядзець на непаўторна-прыгожае мора.
— Але ж я якраз цяпер і раблю гэта,— адказвае рыбак,— я спакойна сяджу на беразе і драмлю сабе; толькі Вашае шчоўканне мяне патурбавала.
I турыст пайшоў адтуль у задуменнасці, бо раней яму таксама здавалася, нібыта ён працуе дзеля таго, каб калі-небудзь мець магчымасць болей не працаваць; і ў яго не засталося ані трохі спачування да беднавата апранутага рыбака, адно толькі засталася драбінка зайздрасці.
НОВАЕ Ў ЖЫЦЦІ ШТАХА
Літары «ае» ў слове Staech — Штах — вымаўляюцца як доўгае «а», з лёгкім прыдыханнем — гэта значыць на галандскі манер, як у прозвішчы пісьменніка Вэрхарна. Хто вымаўляе «ае» па-нямецку — як «э»,— той нервуе жыхароў гэтага мястэчка, амаль выключна манахаў-бенедыкцінцаў. Таму і зроблена гэта папярэдняя заўвага. Пра далейшыя спрэчкі, звязаныя з назвай Штах, я магу тут сказаць толькі зусім коратка: вялікія рознагалоссі сярод спецыялістаў у галіне анамастыкі: адны кажуць, што спалучэнне «ае» сведчыць пра бясспрэчнае германскае паходжанне гэтай назвы, іншыя маюць думку, што гук «х» на канцы слова адназначна даводзіць, што гэта назва — кельцкая. Я падтрымліваю кельцкую версію: мне занадта добра вядома, якія прадажныя бываюць галосныя; апроч таго, мне здаецца падазронаю гаворка мясцовасці вакол Штаха. Штах знаходзіцца ў зямлі Рэйнланд. Я павінен тут адмовіцца ад спробы даць вызначэнне рэйнскага і буду прытрымлівацца тых межаў, якія ўсталяваныя для Рэйнскай зямлі ў часе прускай акупацыі, якая доўжыцца пачынаючы ад 1815 года; а, згодна з гэтым падзелам, Штах знаходзіцца ў Рэйнландзе. Гэта —старажытнае, славутае, прыгожае, старасвецкае мястэчка: між высокіх дрэваў — незабыўны шэры колер сярэднявечнага рэйнскага рамантызму. Жвавая рачулка, якая называецца Брўле, неабходным чынам дапаўняе тутэйшы краявід.
У Штаху два гатэлі: адзін — люксавага класу, другі — просты; ёсць тут таксама маладзёжны пансіянат, а таксама канферэнц-зала. Найважнейшая славутасць — абацтва-кляштар бенедыкцінцаў. Там можна таксама ўладкавацца манахам па найме. Цішыня, грэгарыянскі харал, унутраны і
знешні спакой... Апроч таго, манахі ў шляхетных уборах стаяць, сядзяць, молячыся, заглыбіўшыся ў роздум ці ўпрыгожваючы вуліцу або сад пад час размовы з чарговым госцем. Усё надзвычай простае, амаль грубае; тут займаюцца сельскай гаспадаркай, вырошчваюць садавіну; для вінаграду клімат занадта суровы.
Мне не трэба будзе спыняцца на падрабязнасцях, калі я адзначу, што пратакольныя чыноўнікі сталіцы, да якой адсюль недалёка, услаўляюць Штах як «проста цудоўны куток». Кажуць, нібыта адна высокая альбо нават самая высокая пратакольная асоба неяк выказалася наступным чынам:
—Чаго нам яшчэ трэба? Еўропа ў адной са сваіх найкультурнейшых праяваў знаходзіцца ад нас за пяцьдзесят хвілін язды «мерседэсам».
Напраўду, нешта падобнае на Штах наўрад ці магчыма знайсці: адзінаццатае (можа, таксама дзесятае альбо дванаццатае) стагоддзе, характэрны шэры колер рэйнскага рамантызму, Грэгарыянскі Харал, магчымасць зрабіцца манахам па найме альбо пажыць у гатэлі-люкс і адначасна спазнаць усе даброці літургіі і суцяшэнне амаль усіх прычасцяў. Тут — я зноў цытую пратакольную асобу — «проста непаўторныя мясціны для пешых праходак», дзе ў залежнасці ад стану сэрца, лёгкіх альбо залоз можна правесці ў вандроўках паўгадзіны, цэлую гадзіну, тры гадзіны... ды нават увесь дзень, маючы ў руках зручную, нават дурню зразумелую маршрутную карту, якую можна задарма атрымаць у парцье гатэля-люкс. Тое, што ў гэтым гатэлі-люкс можна стаць таксама мужам альбо жонкай па найме, добра вядома цынікам, якія знаюць, што там захоўваюцца таямніцы і ніхто не прымушае паказваць дакументы.
Толькі пратакол можа засведчыць, які незаменны Штах для дам тых паноў, што прыязджаюць па дзяржаўных справах. Пакуль мужы вядуць перагаворы ў Боне, дамы з ахвотаю едуць у афіцыйных «мерседэсах» у Штах. Ад’езд прымяркоўваецца так, каб патрапіць туды да ранішняй альбо дзённай імшы, з захапленнем глядзець там на шляхетна ўбраных ма-
нахаў і чуць іх (тут можа мець месца і хапальнае ўспрыманне); пасля гэтага адбываюцца: своеасаблівае снеданне альбо ленч, размеркаваная ў адпаведнасці і наяўнымі часам, настроем і цярплівасцю праходка па цудоўных, без усякага перабольшання, лясах; па абедзе абавязковыя ўдзел у дзённай або вячэрняй імшы, чаепіцце, потым вяртанне ў сталіцу з душой, поўнай унутранага спакою. Ды не толькі для замежных дзяржаўных палітыкаў Штах незаменны, для нямецкіх таксама: як месца роздуму і ачышчэння; не раз тут бачылі, як суровыя мужчыны, укленчыўшы, плакалі. Найбольш у захапленні ад Штаха госці са Злучаных Штатаў ды з Афрыкі: кажуць, што здараліся выпадкі раптоўных пераходаў з аднае веры ў іншую. Дзе так пераканаўча дэманструюцца «ога»*, натуральна, не забываюць і што такое «ІаЬога»**: братоўманахаў з загрубелымі далонямі, з бруднымі рукамі і нагамі, у рабочых расах, запэцканых каровіным памётам можна бачыць там і тут, і самае дзіўнае, што гэтыя рабочыя манахі не ўдаюць з сябе такіх: яны сапраўдныя. Здзіўляе тое, што манахі з вялікай ахвотаю выязджаюць з гэтай ідыліі. Любоў да падарожжаў штахаўскіх манахаў не размінулася з любоўю пакпіць рэйнскага навакольнага люду: адзін заможны жартаўнік, кажуць, нібыта зрабіў манахам калядны падарунак —цэлы набор чамаданаў.
Манахі напраўду ездзяць з ахвотаю, чытаюць лекцыі — са слайдамі і без іх,— бяруць удзел у семінарах, абмеркаваннях, дыскусіях; сёй-той супрацоўнічае з літаратурнымі аддзеламі сур’ёзных агульнанацыянальных газет, выступае па пытаннях тэалогіі, рэлігіі, хрысціянскай маралі і выкарыстоўвае любую магчымасць паехаць у Гамбург, Мюнхен ці Франкфурт-на-Майне. Так, яны выязджаюць з ахвотаю, гэтыя манахі, а вяртаюцца не заўсёды вельмі ахвотна. У некаторых ёсць асабісты транспарт, ды ў большасці яго няма. Гэткім чынам, намінальная колькасць, якая на сённяшні дзень складае
* Размовы (лац.).
** Праца (лац.).
сорак сем манахаў-братоў, у наяўнасці бывае рэдка. Здаралася ўжо, што пад час паўдзённай імшы прысутнічала толькі адзінаццаць, а аднаго разу нават усяго дзевяць манахаў. Адна вельмі высокапастаўленая дама спыталася тады ў пратакольнага чыноўніка, ці не найшла якая пошасць і ці паны не былі «нядужныя»,— яна вучыла мову па літаратурных творах пачатку XIX стагоддзя. Чыноўнік адчуў сябе змушаным папрасіць даведкі ў абата і атрымаў паведамленне, якое біла проста ў вока: хворы толькі адзін брат, астатнія — у ад’ездзе.
3 прычыны таго, што колькасць