Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
БІБЛІЯТЭКА ЗАМЕЖНАЙ ПРОЗЫ
ГЕНРЫХ БЁЛЬ
Більярд а палове дзесятай
Раман, апавяданні
Мінск «Мастацкая літаратура»
ББК 84.4Ге Б 44
Серыя заснавана ў 1983 г.
Рэдкалегія:
Серафім Андраюк, Янка Брыль, Іван Навуменка, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка
Пераклад з нямецкай мовы і прадмова Лявона Баршчэўскага
Пераклад зроблены з выданняў:
Boll Н. Billard um halbzehn. Roman.— Munchen: Deutscher Taschenbuch Verlag, 1986.— 244 S.
Boll H. Der Geschmack des Brotes. Erzahlungen.— Berlin und Weimar: Aufbau-Verlag, 1990.—315 S.
Boll H. Mein trauriges Gesicht. Erzahlungen und Aufsatze.— Moskau: Progress, 1968,— 366 S.
Boll H. Mein trauriges Gesicht. Humoresken und Satiren.— Leipzig: Philipp Reclam jun., 1979,— 400 S.
B первую кннгу, нзданную на белорусском языке, всемнрно нзвестного немецкого пнсателя, лауреата Нобелевской премнн Г. Бёлля (1917—1985) вошлн роман «Бнльярд в половнне десятого» н лучшне его рассказы.
4703010100—003
Б 162—92
М 302(03)—93
ISBN 5-340-0094-9 (беларус.)
© Пераклад. Прадмова.
Л. П. Баршчэўскі, 1993
(g) Афармленне.Р. М. Цімохава,
ГЕНРЫХ БЕЛЬ — ТВОРЦА I ЧАЛАВЕК
Пра славутага нямецкага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1972 года Генрыха Бёля напісана столькі, што проста цяжка дадаць нешта істотна новае. Можна заўважыць, што ў вялізнай колькасці манаграфій, артыкулаў, дысертацый, прысвечаных яго жыццю і творчасці, выразна выяўляюцца дзве тэндэнцыі. Калі, напрыклад, адны аўтары падкрэсліваюць антымілітарысцкую, антываенную накіраванасць болыпасці твораў Генрыха Бёля, то ў даследаваннях іншых літаратуразнаўцаў і крытыкаў нярэдка робіцца акцэнт на бёлеўскім «радыкальным гуманізме». Ды, на нашу думку, бліжэй да праўды той пункт гледжання, які выказаў пасля смерці пісьменніка заходнегерманскі крытык Генрых Формвэг: «Бёль бачыў недасканаласці ў абедзвюх сістэмах, якія пануюць у свеце, а таксама тыя несправядлівасці, якія яны прычыняюць таму свету, што мае назву «трэці свет». Сапраўды, Генрых Бёль быў практычна адзіным пісьменнікам ФРГ, чые творы шырока выдаваліся ў Савецкім Саюзе ў 50-х — пачатку 70-х гадоў, і, разам з тым, ён фактычна замоўчваўся і не выдаваўся тут цэлыя дванаццаць год, з 1974 па 1986-ты. Бёль шэсць разоў наведваў Савецкі Саюз, сустракаўся там і з афіцыйным тагачасным «кіраўніцтвам культуры і літаратуры» і адначасна актыўна выступаў у абарону пісьменнікаў-дысідэнтаў: быў адным з тых, хто дапамагаў выехаць за мяжу ў вымушаную эміграцыю Аляксандру Салжаніцыну і Льву Копелеву. Дарэчы, з апошнім яго звязвала цёплае, у тым ліку і творчае, сяброўства, і невыпадкова сталася так, што ліпеньскім пагодным днём 1985 года цела Генрыха Бёля ў апошнюю дарогу, разам з Гюнтэрам Грасам і Гюнтэрам Вальрафам, праводзіў менавіта Леў Копелеў...
«Нарадзіўся я ў Кёльне,— пісаў у свой час у нататках «Пра сябе самога» Генрых Бёль,— 21 снежня 1917 года ў тую хвілю, калі мой бацька разам з іншымі ландштурмаўцамі стаяў у варце каля
моста; у самы горшы год вайны ў яго нарадзілася восьмае дзіця — двое дзяцей ён мусіў пахаваць зусім малымі». Сярод самых першых успамінаў будучага пісьменніка — вяртанне Гіндэнбургавага войска дадому пасля прайгранай вайны. Бёлю было наканавана сутыкацца з вайною ў самых розных яе абліччах на працягу вялікай часткі свайго жыцця. Наканавана было яму і з дзіцячых гадоў выхоўвацца і ў гэтак званым «кёльнска-каталіцкім асяроддзі», дзе, па яго словах, «свецкую ўладу ўспрымаюць не так сур’ёзна, як, на думку многіх, гэта робяць у іншых частках Нямеччыны», дзе «ў Гітлера шпурлялі вазонамі з кветкамі, а Гёрынга прылюдна высмейвалі...». Але, на першы погляд, нічога незвычайнага не было ў біяграфіі Генрыха Бёля, сына цеслі і скульптара, чые продкі перасяліліся некалі ў Кёльн з Брытанскіх астравоў. Як і ў шмат якіх іншых людзей таго пакалення, у ягоным жыцці былі: вучоба ў гімназіі, прафесійная вучоба (на гандляра кнігамі), служба ў «працоўным войску», потым у вермахце. Салдатам пяхоты ён праваяваў усю другую сусветную вайну на франтах ад Францыі да Савецкага Саюза. Пазней Бёль скажа: «Калі нехта гаворыць: маўляў, я быў на вайне, але не страляў і не ведаю нават канструкцыі вінтоўкі, я лічу гэткія адказы крывадушнымі. Я гэтаксама вінаваты і не вінаваты, як і кожны другі, хто страляў у гэтай вайне».
Вайна і стала тэмаю і месцам дзеяння першых вядомых нам твораў Генрыха Бёля. Да іх належаць апавяданні, што пазней увайшлі ў зборнік «Вандроўнік, як прыйдзеш ты ў Спа...» (1950), аповесці «Запавет» (1948, апублікавана ў 1982 годзе), «Цягнік прыйшоў своечасова» (1949), раман «Дзе ты быў, Адам?» (1952). Амаль што ўсе героі ваенных апавяданняў, аповесцяў, рамана Бёля робяцца ахвярамі вайны, хоць самі па сабе гэта неблагія маладыя людзі, не заплямленыя ніякімі злачынствамі...
Пасля 1952 года вайна перастае быць месцам дзеяння бёлеўскіх твораў, хоць амаль ва ўсіх гэтых творах яна так ці інакш прысутнічае. Адзін за адным выходзяць раманы «I ніводнага слова не сказаў...» (1953), «Хата без гаспадара» (1954), аповесці «Хлеб ранніх гадоў» (1955), «Даліна грукату капытоў» (1957), радыёп’есы «Дзень як звычайна» (1953), «Манах і разбойнік» (1953), «У доктара Борзіга пры гарбаце» (1955), а таксама «Ірландскі дзённік» (1957). У гэты
самы час Бёль друкуе шэраг гратэскавых апавяданняў, якія ён сам называе «сатырамі». Вельмі цікава супаставіць дзве творчыя манеры Бёля-апавядальніка на прыкладзе ваенных апавяданняў, дзе аўтар сур’ёзны і суровы, і апавяданняў-сатыр, дзе ён нібыта вясёлы, але гэтая яго весялосць, паводле заўвагі П. М. Топера, «нейкая крыху жудасная».
Сапраўднай вышыні свайго пісьменніцкага майстэрства Генрых Бёль дасягае ў рамане «Більярд а палове дзесятай», які быў надрукаваны ў 1959 годзе. Гісторыя трох пакаленняў сям’і архітэктараў Фэмеляў сімвалізуе лёс Нямеччыны першай паловы нашага стагоддзя. Вонкава дзеянне рамана адбываецца на працягу аднаго-адзінага дня, 6 верасня 1958 года. У гэты дзень спаўняецца восемдзесят год Генрыху Фэмелю, які ў 1907 годзе атрымаў заказ пабудаваць абацтва Святога Антона. Сын Генрыха Фэмеля Роберт, які штодня ад паловы дзесятай да адзінаццаці гуляе ў гатэлі «Прынц Генрых» у більярд, у апошнія дні вайны, будучы спецыялістам па выбухах у вермахце, падарваў гэта абацтва. Сын Роберта Фэмеля Езэф займаецца адбудовай абацтва. У размовах Роберта з гатэльным служкам Гугам, у рэмінісцэнцыях і згадках старога Генрыха Фэмеля мінулае і цяперашняе сыходзяцца ў адно, сімвалічныя вобразы разніка Грэца, былога настаўніка фізкультуры Вакеры, былых Робертавых аднакласнікаў Шрэлы і Нэтлінгера дапаўняюць шматфарбавае палатно рамана. Крытык Карл Корн у артыкуле, змешчаным у «Франкфуртэр Альгемайнэ Цайтунг», характарызуе раман Бёля наступным чынам: «Гэта разгорнутая, балюча-прыгожая элегія пра жыццё ў гэты наш час, пра надзеі, пакуты ды ілюзіі. Гэта — сталая кніга. Яна пазбаўленая ўсякай тэндэнцыйнасці. Яе гучанне паўнакроўнае, яе сэнс высакародны, яе праўда рашучая і яеная — праўда авечкі, якую прыносяць у ахвяру, каб свет існаваў і надалей».
Генрых Бёль — адзін з нешматлікіх пісьменнікаў у сусветнай літаратуры, які, узняўшыся да яе вяршынь адзін раз, працягваў трымаць паднятую «планку» на гэтай шмат для каго недасягальнай вышыні. Досыць будзе згадаць тут, якія творы выйшлі з-пад яго пяра ў 60-я, 70-я і 80-я гады: славутыя раманы «Погляды клоуна» (1963), «Групавы партрэт з дамаю» (1971). «Клапатлівая аблога» (1979), «Жанчыны перад рачным краявідам» (1986), аповесці «Пакінуўшы
строй» (1964), «Канец адной камандзіроўкі» (1966), «Зняслаўлены гонар Катарыны Блюм» (1974), зборнікі «Цымпрэнскі вакзал» (1959), «Апавяданні, радыёп'есы, артыкулы» (1961), «Калі вайна пачалася. Калі вайна скончылася» (1962), «Ты зачаста ездзіш у Гейдэльберг» (1979), «Замініраваная мясцовасць» (1982), «Што з хлопца будзе?» (1981), «Пярэчанні і ўхвалы» (1984), «Більд — Бон — Бёніш» (1984) і іншыя.
Пры жыцці Бёль атрымаў шмат узнагарод і ганаровых тытулаў. Акрамя самай ганаровай з іх — Нобелеўскай прэміі па літаратуры, ён атрымаў літаратурныя прэміі «Групы-47», імя Рэнэ Шыкеле, імя Эдуарда фон дэр Гайта, імя Шарля Вэйёна, імя Геарга Бюхнэра, прэміі гарадоў Вупэрталя і Кёльна, ганаровы медаль імя Карла фон Асецкага. Бёль выбіраўся прэзідэнтам ПЭН-цэнтру ФРГ і Міжнароднага ПЭН-цэнтру, членам Баварскай акадэміі мовы і літаратуры, ганаровым доктарам універсітэтаў гарадоў Дубліна, Эстана, Бірмінгема, Аксбрыджа, яму было нададзена званне ганаровага грамадзяніна Кёльна. Але пісьменнік заставаўся да апошніх дзён свайго жыцця чалавекам глыбока дэмакратычным і меў самастойны погляд на розныя бакі жыцця. Адзін раз ён адмовіўся прыняць з рук федэральнага прэзідэнта Вальтэра Шэля высокі дзяржаўны ордэн, другім разам выступіў на трохсоттысячным мітынгу супраць гонкі ўзбраенняў, трэцім разам выказаўся ў падтрымку камуністычнай ідэалогіі, чацвёрты раз рэзка р.аскрытыкаваў стаўленне афіцыйных улад СССР да часткі творчай інтэлігенцыі, пяты раз выявіў жаданне паехаць папрацаваць у Нікарагуа...
Такі непрадказальны, нестандартны, але заўсёды шчыры і сумленны быў ён, выдатны творца і слынны чалавек нямецкай зямлі Генрых Бёль. Гуманізм і антытаталітарызм яго творчасці будуць блізкія не аднаму пакаленню яго чытачоў.
Лявон Баршчэўскі
БІЛЬЯРД А ПАЛОВЕ ДЗЕСЯТАЙ
1
Тае раніцы Фэмель першы раз быў з ёй няветлівы, амаль што грубы. Ен пазваніў ёй каля паловы дванаццатай, і ўжо сам голас яго абяцаў нешта нядобрае; гэты тон быў ёй нязвыклы і рабіў моцнае ўражанне якраз таму, што словы былі такія самыя карэктныя, як і раней; у голасе Фэмеля ўся ветлівасць была зведзена да сухой формулы — быццам ён прапаноўваў ёй не ваду, а Н?О.
— Калі ласка,— сказаў ён,— пашукайце, там у Вас у шуфлядзе ляжыць чырвоная картка — тая, што я Вам даваў чатыры гады назад.
Яна выцягнула праваю рукой тую шуфляду, адсунула ўбок плітку шакаладу, ваўняную анучку, бутэлечку з вадкасцю для чысткі металу і ўзяла ў рукі чырвоную картку.
— Калі ласка, прачытайце, што там напісана.
I яна прачытала дрыготкім голасам: «Гэты нумар дазваляецца паведаміць маёй маці, бацьку, дачцэ, сыну і пану Шрэле. Болей нікому».
— Калі ласка, паўтарыце апошнія два словы.
Яна паўтарыла: «Болей нікому