Більярд а палове дзесятай  Генрых Бёль

Більярд а палове дзесятай

Генрых Бёль

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
113.12 МБ
; у кватэры паяўляліся кветкі, на час сынавага побыту наймалася пакаёўка; ад узбуджанасці ў яго чырванеў рубчык на пераноссі; у пакоях змрачнаватага дома было поўна жанчын-прыбіральшчыц, яны збіралі парожнія пляшкі з-пад віна і выстаўлялі іх у калідоры — для гандляра старызнаю; бутэлек тых збіралася ўсё болей; спачатку іх ставілі ў радкі па пяць, потым — па дзесяць штук, бо даўжыні калідора ўжо не хапала: гэта быў цёмна-зялёны мёртвы лес-штыкетнік, вяршыні якога яна, чырванеючы ад сваёй непрыстойнай цікаўнасці, пералічыла: дзвесце дзесяць бутэлек, апарожненых за час ад пачатку мая да пачатку верасня — больш як адна штодня.
Ад Фэмеля ніколі не пахла алкаголем, рукі ў яго ані не дрыжалі. Цёмна-зялёны мёртвы лес рабіўся нерэальны... Ці яна сапраўды яго бачыла альбо ён існаваў толькі ў яе снах? Яна ніколі на свае вочы не бачыла ні Шрыта, ні Гохбрэта, ні Кандэрса; усе яны жылі паасобку, далёка адзін ад аднаго, у невялікіх каморках. За ўвесь час толькі два разы здарылася, што адзін з іх знайшоў памылку ў другога: калі Шрыт няправільна разлічыў падмурак гарадскога басейна і Гохбрэт убачыў памылку. Яна была вельмі ўсхваляваная праз гэта, але Фэмель адно папрасіў яе вызначыць, якія лічбы — з пазначаных на палях чырвоным алоўкам — былі напісаныя Шрытавай рукой, а якія — Гохбрэтавай; тады яна ўпершыню ўсвядоміла, што Фэмель — таксама добры спецыяліст у гэтай галіне: паўгадзіны ён праседзеў за сталом з лагарыфмічнай лінейкай і навостранымі алоўкамі, а пасля сказаў: «Гохбрэт мае рацыю, басейн абваліўся б самае позняе праз тры месяцы». I — ні словам не папракнуў Шрыта, ні словам не пахваліў Гохбрэта. Падпісваючы ўласнаручна — гэты адзінадзіны раз — дакументацыю на будоўлю, Фэмель засмяяўся, і ад смеху гэтага ёй зрабілася гэтаксама несамавіта, як і ад яго штодзённай ветлівасці.
Другі раз памылка здарылася ў Гохбрэта: калі ён рабіў разлікі статычных нагрузак віядука над чыгункай каля Вільгельмавага рова, і памылку гэтую тады знайшоў Кандэрс;
яна другі раз за чатыры гады ўбачыла, як Фэмель схіліўся над паперамі за пісьмовым сталом. Ей зноў прыйшлося ідэнтыфікаваць нанесеныя чырвоным алоўкам Гохбрэтавы і Кандэрсавы лічбы; пасля гэтага здарэння Фэмелю прыйшла ў галаву ідэя прызначыць кожнаму супрацоўніку свой колер алоўка: Кандэрсу — чырвоны, Гохбрэту — зялёны, Шрыту — жоўты.
Трымаючы ў роце кавалачак шакаладу, яна ўпісвала: «Дача кінаактрысы», смокчучы другі кавалачак — «Пераробка будынка грамадскага прызначэння «Сас’етас». Як бы там ні было, кліенты розніліся прозвішчамі і адрасамі, а атрыманыя планы праектаў будзілі ў ёй адчуванне, што яна ўдзельнічае ў чымсьці сапраўдным: цэглу, пліты з штучных матэрыялаў, еталёвыя бэлькі, клінкер, мяшкі з цэментам — гэта ўсё можна было сабе ўявіць, але абліччы Шрыта, Кандэрса, Гохбрэта — хоць яна штодня пісала іх адрасы на канвертах — заставаліся для яе нерэальныя. Яна ніколі не бачыла гэтых людзей у бюро, яны ніводнага разу не тэлефанавалі, не пісалі. Пры разліках і рысунках, што яны дасылалі ў бюро, не было ніякіх каментараў. «Навошта нам лісты? — сказаў неяк Фэмель.— He будзем жа мы тут займацца збіраннем споведзяў».
Часам яна брала з паліцы энцыклапедыю і шукала назвы мясцовасцей, якія кожны дзень пісала на канвертах: «Шыльгенаўэль. 87 жыхароў, у тым ліку 83 катол., парафіяльная царква XII ст. са знакамітым алтаром». У Шыльгенаўэлі жыў Кандэрс, звесткі пра яго асобу яна ведала з страхавой карткі: «37 гадоў, нежанаты, катал. веравызн.». Шрыт жыў на поўначы, у Глудуме: «1988 жыхароў, у тым л. 1812 пратэст., 176 катол., фабрыка марынадаў, місіянерская школа». Шрыту было 48 гадоў, жанаты, пратэст., двое дзяцей, адно — ва ўзросце зв. 18 г. Месца жыхарства Гохбрэта ёй не трэба было спраўджваць у энцыклапедыі: ён кватараваў у прадмесці Блесэнфэльд — адгэтуль усяго 35 мінут аўтобусам;
часцяком ёй у галаву прыходзіла дурнаватая думка: наведаць яго дома, упэўніцца ў ягоным існаванні, пачуць голас, паціснуць руку. Зрабіць гэткі нахабны ўчынак ёй не даваў толькі яго малады ўзрост — яму было толькі трыццаць два — і тая акалічнасць, што ён быў нежанаты. Хоць мясцовасці, дзе жылі Кандэрс і Шрыт, былі апісаныя ў энцыклапедыі гэтаксама, як у пашпарце пазначаюцца звесткі пра асобу чалавека, а Блесэнфэльд яна добра ведала,— нягледзячы на гэта, ніводнага з тых трох чалавек яна не магла сабе колькі-небудзь рэальна ўявіць; пры тым, што кожны месяц ёй даводзілася пераводзіць за іх страхавыя ўзносы, рабіць розныя паштовыя аперацыі, перасылаць ім часопісы і табліцы; яны заставаліся такія самыя нерэальныя, як той пан Шрэла, прозвішча якога стаяла на чырвонай картцы, і якога Фэмель быў гатовы бачыць у любы час, і які, аднак, за апошнія чатыры гады не зрабіў ніякай спробы з ім сустрэцца.
Яна пакінула на пісьмовым стале чырвоную картку, што стала прычынай першай грубасці з шэфавага боку. Як гэта было прозвішча таго пана, які каля дзесяці прыйшоў у бюро і сказаў, што яму трэба бачыць Фэмеля ў вельмі, вельмі пільнай справе? Ен быў высокі, меў светлаватыя валасы і трохі пачырванелы твар, ад яго ішоў пах самых дарагіх рэстарацыйных далікатэсаў, а надчвычайна высокая якасць гарнітура адчувалася проста носам; уладарнасць, годнасць, прыцягальнасць моцнага спалучаліся ў ім гэткім чынам, што яму немагчыма было ў чым-небудзь адмовіць; тытул, які госць з усмешкай прамармытаў, меў нешта агульнае з міністрам — міністэрскі радца, кіраўнік спраў ці намеснік міністра; калі ж яна рашуча была адмовілася гаварыць пра шэфава месца побыту, ён нечакана пайшоў проста на штурм, спытаўшыся адразу: «Ну, цудоўная паненка, скажыце мне тады, калі ласка, дзе яго можна знайсці», і яна... здрадзіла, сама не ведаючы, як гэта магло здарыцца, бо таямніцу, што так прыцягвала яе цікаўнасць, яна хавала глыбока на дне сваёй свядомасці: «Гатэль «Прынц Генрых». Тут госць прамармытаў нешта наконт «былога школьнага таварыша»,
штосьці пра «пільную, вельмі, вельмі пільную справу», пра «інтарэсы абароны», пра зброю; а пасля таго як ён пайшоў, у прыёмнай застаўся пах дыму ад цыгары, да якога гадзіну пазней з захапленнем прынюхваўся Фэмелеў бацька.
— Божа ж мой, божа, які гэта, відаць, быў гатунак!
Стары Фэмель абнюхаў сцены, амаль даткнуўся носам да стала, потым насунуў на галаву капялюш. Праз некалькі хвілін ён вярнуўся разам з кіраўніком тытунёвай крамы, у якой вось ужо пяцьдзесят год ён купляў цыгары; яны абодва стаялі якую хвіліну ў дзвярах, уцягваючы носам паветра; пасля хадзілі ўзад і ўперад па пакоі, нібы патрывожаныя сабакі; крамнік залез пад стол, дзе відавочна вісела яшчэ цэлая хмара дыму; нарэшце ён падняўся, абцёр адна аб адну рукі, пераможна ўсміхнуўся і сказаў:
— Ну, пане радца, гэта былі «Партагас-Эмінэнтэс».
— I Вы б маглі знайсці такія мне?
— Вядома ж, у мяне на складзе яны ёсць.
— Гора Вам, калі ў іх будзе іншы пах, чым той, што я тут сёння ўнюхаў.
Крамнік яшчэ раз прынюхаўся і сказаў:
— «Партагас-Эмінэнтэс». Даю галаву на адсячэнне, калі памыляюся, пане радца. Чатыры маркі за штуку — колькі Вы жадаеце?
— Адну, шаноўны Кольбэ, адну. Чатыры маркі — гэта столькі, колькі зарабляў мой дзед за тыдзень, а я шаную нябожчыкаў, я сентыментальны, Вы ведаеце. Божа мой, гэтая цыгара перабіла пах тых дваццаці тысячаў цыгарэт, што тут выкурыў раней мой сын.
Яна ўспрыняла як вялікі гонар для сябе тое, што стары Фэмель выкурыў сваю цыгару пры ёй; ён сядзеў, адкінуўшыся ў сынавым фатэлі, які быў яму завялікі; яна падсунула яму пад плечы падушку і слухала ягоную гаворку, выконваючы найбольш адтрэніраваны свой абавязак: наклейванне марак на канверты. Яна павольна праводзіла адваротным бокам
зялёнага, чырвонага, блакітнага «хойса» па губцы, наклейвала яго акуратна на правым верхнім рагу лістоў, якія чакала падарожжа ў Шыльгенаўэль. Глудум або Блесэнфэльд. Яна рабіла гэта рупна і дакладна, а ў гэты час стары Фэмель у фатэлі аддаваўся асалодзе і раскошы, якіх ён дарэмна шукаў апошнія пяцьдзесят гадоў.
— Божа мой! — ускрыкнуў ён.— Дарагое дзіцятка, я нарэшце ведаю, што такое цыгара! Так доўга я мусіў чакаць гэтага — аж да самага дня, калі мне споўнілася восемдзесят год... не трэба турбавацца, мілая мая, але напраўду мне сёння споўнілася восемдзесят — хіба гэта не Вы хадзілі сёння заказваць кветкі на даручэнне майго сына? Ну, хай сабе... Пра мой дзень нараджэння пагаворым пазней, добра? Ад cappa хачу запрасіць Вас на святочную вячэру, сёння а сёмай, у кавярні «Кронэр» — але ж скажыце мне, калі ласка, чаму за тыя пяцьдзесят, а дакладней — за той пяцьдзесят адзін год, што я купляю цыгары ў гэтай краме, такой вось мне не прапаноўвалі ні разу? Можа, яны думаюць, што я скнара? Ніколі ў жыцці ім не быў, даражэнькая Леанора, Вы ведаеце гэта. Малады я курыў цыгары па дзесяць пфенігаў, калі пачаў зарабляць трохі болей, пачаў курыць цыгары па дваццаць, пасля — доўгія гады — па шэсцьдзесят. Мілае дзіцятка, скажыце мне, што гэта за людзі — тыя, што з гэткай во штукай за чатыры маркі ў роце шпацыруюць па вуліцы, заходзяць у бюро і выходзяць з яго — як быццам гэта яны смаляць грашовую цыгарку? Што гэта за людзі, якія паміж снеданнем і абедам пускаюць дымам тры тыднёвыя заробкі майго дзеда і пакідаюць па сабе такі гіах, што старому чалавеку займае дых і ён, не раўнуючы як ганчак, пачынае абнюхваць кожны закутак у кабінеце свайго сына? Як? Робертаў школьны таварыш? Міністэрскі дарадца, кіраўнік спраў ці намеснік міністра; можа, нават міністр? Я яго павінен ведаць. Інтарэсы абароны? Зброя?
I раптам вочы ў яго заблішчалі, быццам з іх упала нейкая заслона: стары ў думках вяртаўся ў першае, трэцяе або шостае дзесяцігоддзе свайго жыцця, праводзіў у апошнюю да-
рогу сваіх дзяцей. Каго? Еганну ці Генрыха? На чыю белую труну кідаў ён зараз жменьку зямлі і кветкі ўроссып? Ці тыя слёзы, што цяпер стаялі ў яго ўваччу, былі слязьмі з 1909 года, калі ён хаваў сваю Еганну; ці з 1917 года, калі ён стаяў над Генрыхавай магілай? А можа, гэта былі слёзы з сорак другога года, калі ён атрымаў паведамленне аб смерці Оты? Альбо ён плакаў цяпер каля брамы псіхіятрычнай бальніцы, за якой толькі што знікла яго жонка? Слёзы, што засцілі яму вочы, пакуль ад цыгары цягнуліся лёгкія воблачкі дыму, былі слязьмі з 1894 года; тады ён пахаваў сваю сястру Шарлоту, дзеля якой ён ашчаджаў залатоўкі, каб потым зрабіць лягчэйшым яе жыццё; труна ссоўвалася ў дол на рыпучых вяроўках пад спеў школьнага хору: «Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?»; шчабятанне дзіцячых галасоў залятала ў вокны і ў дзверы гэтага бездакорна абсталяванага бюро, а старэчы голас спяваў тую песню з далечыні мінулага паўстагоддзя; толькі гэты кастрычніцкі ранак 1894 года быў сапраўдны: смужнае мроіва над Ніжнім Рэйнам, палосы туману над бураковымі палеткамі, у вербах крумкаюць варанячыя зграі, нібы запусныя бразготкі; Леанора ў гэтую хвілю праводзіла чырвоным «хойсам» па вільготнай губцы. За трыццаць год перад тым, як яна нарадзілася, вясковыя дзеці спявалі: «Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?» Яна правяла па губцы зялёным «хойсам». Увага, лісты да Гохбрэта аплачваюцца паводле тарыфу для мясцовай карэспандэнцыі.
Калі такое находзіла на стар