Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
ь?
Яго ўспаміны ніколі не лучыліся са словамі і вобразамі, а толькі з пэўнымі рухамі. Бацька — гэта была яго хада, гарэзлівая дуга, якую апісвала яго правая нага, робячы кожны крок, хутка — гэтак, што цёмна-блакітная стужка, падшытая ўнізе ў калашыне нагавіцаў, паказвалася на хвілю, калі ён раніцой праходзіў каля лаўкі Грэца да Кронэравай кавярні; маці — гэта была складаная і пакорлівая фігура, якую выпісвалі яе рукі, калі яна сашчэплівала іх на грудзях, заўсёды перад тым, як яна вымаўляла якое-небудзь глупства: «Які благі гэты свет», «як мала у ім чыстых сэрцаў»; яна ўсё гэта крэсліла рукамі ў паветры, перш чым выказаць у словах, Ота — гэта былі яго ногі, што маршыруюць, калі ён праходзіць у ботах праз сенцы і далей, па вуліцы; «вораг-вораг»,— рытмічна выстуквалі на плітках тратуара яго ногі, тыя самыя ногі, што яшчэ не так даўно выстуквалі іншы рытм: «братбрат». Бабуля — рух, які яна рабіла ўсе семдзесят гадоў і які цяпер, як ён бачыў шмат разоў штодзень, дакладна паўтарала яго дачка; рух, якому больш як сто гадоў, які застаўся жыць у пакаленнях і які кожны раз абуджаў у ім страх; яго дачка Рут ніколі не бачыла сваёй прабабкі, адкуль жа ўзяўся ў яе гэты рух? Нічога не ведаючы, яна адкідала валасы рукою з ілба тым самым жэстам, што і яе прабабка.
Фэмель бачыў і сябе самога — як ён нахіляўся па біту для лапты, шукаючы сваю сярод іншых; як ён круціў у левай руцэ мячык, пакуль той не ляжа ў далонь так, каб яго можна было дакладна кінуць туды, куды ён хоча,— так высока, каб час падзення мячыка супаў дакладна з тым часам, што быў яму патрэбны, каб зручна таксама і левай рукой перахапіць біту і стукнуць па мячыку з усёй сілы абедзвюх рук — каб мячык ляцеў як найдалей, аж за мету.
Ен бачыў сябе, як ён стаіць на прыбярэжным лузе, у парку, у садзе, нахіляецца, выпроствае, б’е. Усё залежала толькі ад разліку; іншыя былі дурні: не ведалі, што час падзення мячыка можна разлічыць, што з дапамогай таго самага секундамера можна вызначыць, колькі часу трэба, каб зручна перахапіць біту, і што ўсё астатняе — гэта толькі пытанне каардынацыі і трэніроўкі; ён штодня па абедзе практыкаваўся рабіць гэта на лузе, у парку, у садзе; ім было невядома, што існуюць формулы, якія можна выкарыстаць, вагі, на якіх можна ўзважыць мячыкі. Толькі крыху фізікі, крыху матэматыкі і практыкаванняў; але ж яны з пагардаю ставіліся да абодвух прадметаў, якія тут былі патрэбныя; яны з пагардаю ставіліся да трэніровак, гультаявалі, практыкаваліся з дапамогай сумніцельных сентэнцый, плавалі ў чоўне па каламутнай вадзе, нават Гёльдэрлін быў для іх невядома чым; нават такое слова, як «лот», ператваралася ў іх вуснах у нейкую неверагодную лухту: лот — гэта ж зусім ясна: леска, кавалак волава; яго закідалі ў ваду, фіксавалі, калі грузіла дакраналася да дна; потым леску выцягвалі і мералі па ёй глыбіню вады; але калі яны казалі «кінуць лот», гэта гучала як кепская ігра на аргане; яны не ўмелі ні гуляць у лапту, ні чытаць Гёльдэрліна. Цвёрдае Божае сэрца, нават калі спачувае.
Яны круціліся перад самай лініяй, хацелі не даць яму як елед стукнуць, крычалі: «Ну, Фэмель, давай, бі!»; іншая група неспакойна чакала каля меты, два хлопцьі — ужо далёка за пляцоўкаю, там, дзе звычайна падалі пасланыя ім мячыкі, якіх усе баяліся; найчасцей іх знаходзілі ўжо на вуліцы — там, дзе акурат тады, у тую летнюю суботу 1935 года запененыя гнядыя коні выходзілі з брамы бровара; далей быў відзён чыгуначны насып, а манеўровы паравоз пускаў, нібы дзіця, белыя аблокі пары ў паўдзённае неба; справа каля моста на верфі шыпелі ацэтыленавыя газарэзкі; рабочыя ў звышурочныя гадзіны нешта зварвалі на параходзе, што будаваўся для «Сілы праз Радасць»; блакітнаватыя і срэбныя іскры сыкалі, а кляпальныя малаткі... малаткі выбівалі такт; у прыватных гародчыках пастаўленыя нядаўна пудзілы бес-
паспяхова супрацьстаялі вераб’ям; бледныя тварам пенсіянеры з пагаслымі піпкамі чакалі і не маглі дачакацца першага чысла наступнага месяца — толькі ўспаміны пра рухі, што Фэмель тады рабіў, выклікалі ў ягоным уяўленні тыя вобразы, словы і фарбы: «Ну, Фэмель, давай!» было схаванае за формуламі; і вось мячык ляжаў ужо ў руцэ так, як трэба, пальцы і далонь лёгка прытрымлівалі яго: мячык павінен быў суетрэць як найменшае супраціўленне; біта была ўжо ў другой руцэ — самая доўгая ў параўнанні з астатнімі (нікога не турбавалі законы рычага); яе верхняя частка была абкручаная лейкапластырам. Хуценька зірнуць на гадзіннік: тры Хвіліны і трыццаць секунд да свістка настаўніка гімнастыкі — і ён усё яшчэ не мог адказаць на пытанне — як гэта здарылася, што хлопцы з гімназіі Прынца Ота, не супраціўляючыся, згадзіліся, каб іх настаўнік гімнастыкі судзіў рашаючую гульню? Настаўніка звалі Бернгард Вакера, але яны клікалі яго Бен Вакс, з выгляду ён быў меланхалічны, трохі тлуставаты, пра яго казалі, нібыта ён платанічна кахае хлопцаў; яму вельмі даспадобы былі пірожныя з крэмам і фільмы-меладрамы, у якіх дужыя хлопцы-бландзіны пераплывалі рэкі, а потым ляжалі на лузе са сцяблінкаю ў роце, заглядаючы ў блакітнае неба і чакаючы прыгодаў; Бен Вакс больш за ўсё любіў копію галавы Антонія, што стаяла ў ягоным пакоі сярод фікусаў і паліц з літаратурай пра фізічную культуру; ён лашчыў гэтую галаву, удаючы, што абцірае пыл; Бен Вакс, які называў сваіх улюбёнцаў мілымі хлопчыкамі, астатніх жа — шыбенікамі.
— Ну, давай ужо, шыбенік,— сказаў Бен Вакс; ён быў успацелы, у яго трэслася пуза, а ў роце тырчаў свісток.
Але да свістка заставаліся яшчэ тры хвіліны і тры секунды, на трынаццаць секунд раней, чым трэба; калі ён стукне зараз, у наступнага гульца яшчэ будзе магчымасць зрабіць свой удар, а Шрэла, які чакае свайго вызвалення на меце, будзе павінен яшчэ раз уцякаць; яны ж змогуць яшчэ раз шпурнуць мячыкам яму ў твар, у ногі альбо па нырках; Фэмель ужо тры разы бачыў, як яны гэта робяць: нехта з каманды праціў-
ніка трапляў у Шрэлу, пасля мячык забіраў Нэтлінгер, які гуляў у адной з ім і Шрэлам камандзе, і кідаў мячык праціўніку проста ў рукі, а той шпурляў яго Шрэле проста ў твар,— Бен Вакс жа стаяў побач і свісцеў, калі траплялі ў Шрэлу, свісцеў, калі Нэтлінгер спакойна кідаў мячык праціўніку ў рукі, свісцеў, калі Шрэла, кульгаючы, спрабаваў ухіліцца; гульня была імклівая: мячык лётаў то ў адзін, то ў другі бок — ці толькі ён адзін заўважаў гэта? I не заўважаў ніхто з тых шматлікіх гледачоў у стракатых шапачках і са стракатымі сцяжкамі, што, разгарачаныя ад напружання, чакалі канца гульні? За дзве хвіліны і пяцьдзесят секунд да фінальнага свістка лік у гульні быў 34: 29 на карысць гімназіі Прынца Оты — і, можа, у тым, што бачыў хіба што толькі ён адзін, была прычына, што каманда праціўніка згадзілася, каб судзіў гульню Бен Вакс, іхні настаўнік гімнастыкі.
— Ну давай, бі, шыбенік, праз дзве хвіліны дам свісток.
— Даруйце, але — праз дзве і пяцьдзесят секунд,— адк-азаў Фэмель, а пасля гэтых слоў падкінуў высока мячык, перахапіў імгненна біту і стукнуў; па сіле ўдару, па тым, як спружыніла рукаятка, ён адчуў: гэта будзе зноў адзін з яго легендарных удараў; ён прыжмурыўся, каб спраўней прасачыць за палётам мячыка, але так і не змогяго згледзець: пачулася глыбокае «а-а-ах!» з натоўпу гледачоў, і гэты вокліч шырыўся, рос, нібы воблака; ён убачыў, як да яго, кульгаючы, набліжаецца Шрэла — павольна, на твары жоўтыя плямы, a пад носам крывавы пісяг; суддзі падлічвалі: сем, восем, дзевяць; астатнія гульцы каманды наўмысна-павольна праходзілі паўз раз’юшанага Бена Вакса; гульня была выйграная, выйграная пераканаўча; Фэмель нават забыўся выбегчы ў поле, каб здабыць яшчэ і дзесятае ачко; «отаўцы» ўсё яшчэ шукалі мячык, поўзаючы на карачках далёка на другім баку вуліцы ў траве пад мурам бровара; у фінальным свістку Бена Вакса выразна чулася яго раздражнёнасць. «38:34 на карысць гімназіі Людвіга!» — абвясцілі суддзі. Гучнае «а-а-ах!» перарасло ва «ўра!» і бушавала над пляцоўкай; ён жа ўзяў сваю біту, загнаў рукаяткай у траву, потым перамясціў рука-
ятку, надаўшы біце патрэбны вугал нахілу, а пасля націснуў на яе нагой у тым, слабейшым, месцы ніжэй ад рукаяткі, дзе біта найвузейшая; таварышы па камандзе, здзіўленыя, абступілі яго і збянтэжана маўчалі; яны бачылі ў гэтым нейкі знак — што славуты Фэмелеў кій быў паламаны; мярцвянабела выглядалі трэскі ў месцы палому; і ўжо хлопцы пачалі тузаць адзін аднаго, каб займець памятку, кавалак таго дрэва альбо адарваць шматок таго лейкапластыру; Фэмель спалохана паглядзеў на гэтыя разгарачаныя, дурнаватыя тварьі, у гэтыя заварожаныя вочы, што блішчалі ад хвалявання,— і ён адчуў танную гаркату славы, тут, летнім вечарам 14 ліпеня 1935 года, у суботу, на ўскрайку прадмесця, на патаптаным лужку, куды Бен Вакс між тым гнаў шасцікласнікаў гімназіі Людвіга — каб яны пазбіралі сцяжкі, што стаялі на кожным рагу пляцоўкі. Далёка на другім баку вуліцы, пад мурам бровара, усё яшчэ відны былі блакітна-жоўтыя футболкі: «отаўцы» ніяк не маглі знайсці мячыка; вось яны марудна пасунуліся назад, сабраліся ў цэнтры пляцоўкі, выстраіліся ў шарэнгу, чакаючы яго, капітана каманды, каб услед за ім крыкнуць «гіп-гіп-ура!»; Фэмель павольна наблізіўся да абедзвюх шарэнгаў; Шрэла і Нэтлінгер стаялі там поруч; здавалася, што нічога не адбылося, зусім нічога; а малодшыя вучні ўсё за яго спінай яшчэ змагаліся за «сувеніры»; ён прайшоў далей, адчуваючы захапленне публікі, нібы фізічную пакуту, і тут ён тры разы крыкнуў: «Гіпгіп-ура!» «Отаўцы» зноў, як пабітыя сабакі, рушылі шукаць мячык; не знайсці мячыка лічылася за найстрашэннейшую ганьбу.
— Я ж ведаў, Гуга, як была патрэбная наша перамога Нэтлінгеру; ён сказаў: «Перамагчы любой цаной»; а менавіта ён рызыкаваў нашай перамогай — толькі дзеля таго, каб у праціўніка была магчымасць раз за разам шпурляць мячыкам у Шрэлу, а Бен Вакс, гледзячы па ўсім, быў з імі ў змове; я гэта заўважыў, адзін я.
Калі ён ішоў да распранальні, яго апанаваў страх перад Шрэлам і перад тым, што той яму скажа. На дварэ раптам пахаладала, вечаровая імгла цягнулася ад ракі, падымалася над лугамі, абкладвала, нібы слоем ваты, будынак, у якім мясціліся распранальныя кабіны. Чаму, чаму яны гэтак абыходзіліся са Шрэлам? Падставілі яму падножку, калі ён у перапынку сыходзіў па лесвіцы, і ён выцяўся галавою аб жалезны кант прыступкі? Лапка акуляравай аправы прабіла тады яму мочку вуха, а Бен Вакс надта ўжо доўга хадзіў па аптэчку першай дапамогі ў настаўніцкі пакой. Нэтлінгер са здзеклівай усмешкаю нацягваў лейкапластыр, каб настаўнік мог адрэзаць ад яго кавалачак; яны нападалі на Шрэлу па дарозе дадому, зацягвалі яго ў пад’езды, білі яго — сярод сметніц і дзіцячых вазкоў, потым скінулі яго з цёмных падвальных сходаў, і ён доўга ляжаў з паламанай рукою там, дзе пахла капустай і прарослай бульбай, сярод запыленых слоікаў: ляжаў, аж пакуль нейкі хлопчык, пасланы ў падвал па яблыкі, не ўбачыў яго і не паклікаў жыхароў дома. Толькі некалькі іхніх таварышаў не бралі ў тым удзелу: Эндэрс, Дрышка, Швойгель і Гольтэн.
За пару год да таго Фэмель па