Більярд а палове дзесятай  Генрых Бёль

Більярд а палове дзесятай

Генрых Бёль

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
113.12 МБ
ьваў свяцільні ў карчме, а Шрэлаў бацька з ручніком пад пахаю прайшоў у глыб двара, у шынок для грузчыкаў, дзе мы, хлопцы — Трышлер, Шрэла і я,— разбівалі ,на дробныя кавалкі камлыгі лёду і абкладвалі гэтымі кавалкамі скрыні з півам.
Цяпер жа, Гуга, праз сем год, у гэты дзень 21 ліпеня 1935 года, на ўсіх парканах злузвалася фарба, і я заўважыў, што каля вугальных сховішчаў Міхаэліса абноўленая была толькі брама; за парканам гібелі зваленыя ў груду брыкеты; я раз-пораз аглядаў усе звіліны дарогі, каб пераканацца, што за мною ніхто не сочыць; я быў змораны, адчуваў, як пякуча балелі раны на спіне, як пульсаваў гэты боль; дзесяць хвілін на дарозе ніхто не паяўляўся; я глядзеў на вузкую рухомую палоску чыстай вады, што злучала Ніжні Порт з Верхнім: ніводнай лодкі не было відно; я паглядзеў на неба: самалётаў там не было, і я падумаў: ты, здаецца, надаеш сабе занадта вялікае значэнне, калі мяркуеш, што яны вышлюць самалёты, каб цябе шукаць.
Я зрабіў тое, Гуга: я пайшоў разам са Шрэлам у маленькую кавярню Цона на вуліцы Буасэрэ, дзе збіраліся авечкі; я паўшэптам сказаў гаспадару пароль «Пасві авечак маіх» і прыняў прысягу — гледзячы проста ў вочы маладой дзяўчыне, якую звалі Эдыт,— што ніколі ў жыцці не пакаштую бычынага прычасця; пасля ў цёмным пакойчыку ад чорнага ўвахода я сказаў прамову, поўную цьмяных выразаў, гучанне якіх не наводзіла на думку пра авечак: гэтыя словы мелі прысмак крыві, бунту і помсты, помсты за Фэрдзі Прогульске, якому яны адсеклі галаву раніцай таго дня; дыя, што сядзелі вакол стала і слухалі мяне, выглядалі так, нібы гэта ім адсеклі галовы; яны спалохаліся і зразумелі цяпер, што дзіцячая сур’ёзнасць не менш сур’ёзная, чым дарослая; у іх вачах былі страх і ўпэўненасць, што Фэрдзі ўжо сапраўды няма сярод жывых: яму бьіло семнаццаць год, ён займаўся бегам на сто метраў, быў вучнем сталяра; я толькі чатыры разы бачыў яго — і не забуду яго да скону: два разы ў Цонавай кавярні і два разы ў нас дома; Фэрдзі
прабраўся ў кватэру Бена Вакса і, калі той выходзіў са спальні, кінуў яму пад ногі бомбу; у Бена Вакса былі толькі апёкі ступняў ног; у калідоры разляцелася на кавалкі вялікае люстра, пахла спаленым чорным порахам; дурнота, што вынікала з дзіцячае шляхетнасці... чуеш, Гуга, ты праўда чуеш, што я кажу?
— Чую.
— Я чытаў Гёльдэрліна: «Цвёрдае Божае сэрца, нават калі спачувае...», а Фэрдзі чытаў толькі Карла Мая, і было падобна на тое, што мы абодва прапаведавалі адну і тую шляхетнасць; ён адпакутаваў за сваю дурноту пад катавай сякерай — на досвітку, калі царкоўныя званы клікалі на ютрань, у пякарнях хлопчыкі-разносчыкі булак пералічвалі іх, кладучы ў свае торбы, калі тут, у гатэлі «Прынц Генрых» падавалі сняданак першым гасцям, калі шчабяталі птушкі, дзяўчаты-малочніцы ў пантофлях на гумовых падэшвах заходзілі ў ціхія пад’езды дамоў, каб паставіць бутэлькі з малаком на чыстыя какосавыя ходнікі, ганцы на матацыклах імчаліся па горадзе, ад слупа да слупа, наклейваючы паведамленні ў чырвонай рамцы: «Пакаранне смерцю! Вучань Фердынанд Прогульске»,— і гэтыя афішкі чыталі тыя, хто рана ўстае: трамвайшчыкі, вучні і настаўнікі—усе тыя, хто ўранку, паклаўшы сняданак у сумку альбо кішэнь, спяшаліся да трамваяў, не паспеўшы яшчэ разгарнуць мясцовую газету, дзе вялікімі літарамі было набрана: «Навука ўсім іншым», і я прачытаў гэта, Гуга, якраз тады, калі вось тут, на рагу вуліцы, чакаў «сямёрку».
Голас Фэрдзі ў тэлефоннай трубцы (калі гэта было, учора ці пазаўчора?): «Ну, дык прыйдзеш, як дамаўляліся, у Цонаву кавярню?» Хвіля маўчання. «Прыйдзеш ці не?» — «Прыйду».
Эндэрс паспрабаваў быў яшчэ зацягнуць мяне за рукаў у вагон, але я вырваўся, пачакаў, пакуль трамвай заверне за рог вуліцы, і набег на супрацьлеглы прыпынак, з якога яшчэ сёння адпраўляецца шаснаццаты; праз ціхія прадмесці я паехаў да Рэйна, потым мы аддаляліся ад яго, аж пакуль
трамвай не звярнуў на пятлю паміж баракамі і кар’ерамі, дзе бяруць жвір. Каб зіма, холад, дажджы, зацягнутае хмарамі неба — тады б гэта было не так невыносна, думаў я, але тут, дзе я гадзінамі блукаў сярод маленькіх гародчыкаў, глядзеў на абрыкосы і гарошак, памідоры і капусту, дзе чуў звон піўных пляшак, званочак прадаўца марожанага, што стаяў на скрыжаванні вуліц і накладаў ванільнае марожанае ў крохкія вафельныя вядзерцы... Яны не могуць рабіць гэтага, думаў я, не могуць есці марожанае, піць піва, абмацваць рукой абрыкосы, калі Фэрдзі... Недзе апоўдні я пакрышыў свой хлеб маркотным курам, што выкрэслівалі няўмелыя геаметрычныя фігуры ў пыле і памёце на двары гандляра старызнаю; аднекуль з акна данёсся жаночы голас: «Гэтага хлопца яны... Ты чытаў?», а мужчынскі голас адказаў: «Да д’ябла, сціхні! Я ж ведаю...» Я выкінуў рэшткі хлеба курам і пабег далей; заблудзіўся сярод грэбляў і артэзіянскіх крыніц, потым зноў апынуўся на нейкім канцавым прыпынку, праехаў цераз незнаёмыя мне прадмесці, вылез з трамвая, вывернуў кішэні сваіх штаноў: на пыльную дарогу пасыпаўся чорны порах, я пабег далей, зноў праз грэблі, двары, паміж сховаў, фабрык, гародчыкаў, хат, каля кінатэатра, дзе касірка якраз падымала акенца касы. Трэцяя гадзіна? Якраз трэцяя. Пяцьдзесят пфенігаў. На тым сеансе я быў адзіны глядач; спёка пасялілася на бляшаным даху; каханне, кроў, ашуканы каханак выцягвае нож; я заснуў і прачнуўся толькі, калі месцы ў зале займалі гаманлівыя гледачы сеанса на шэсць гадзін; хістаючыся, я выйшаў на двор. Дзе ж гэта падзеўся мой партфель з кніжкамі? Ці я забыў яго ў кіно? Ці каля кар'ера са жвірам, дзе я доўга сядзеў, гледзячы на грузавікі, з якіх сцякала кроплямі вада; а можа, там, дзе я крышыў хлеб маркотным курам? Голас Фэрдзі ў тэлефоннай трубцы — ці гэта было ўчора, ці пазаўчора? «Ну, дык прыйдзеш, як дамаўляліся, у Цонаву кавярню?» Хвіля маўчання. «Прыйдзеш ці не?» — «Прыйду».
Спатканне з чалавекам з адсечанай галавой. Дурнота, якая мне ўжо дорага абышлася, бо цана была занадта высокая;
Нэтлінгер чакаў мяне перад Цонавай кавярняй; яны зацягнулі мяне ў Вільгельмаў роў, білі пугай з калючага дроту, паслужлівыя нарогі аралі маё цела; праз іржавыя краты ў акне я бачыў адхон пагорка, на якім я гуляў дзіцёнкам; мячык увесь час скочваўся ўніз, я падбіраў яго; калі я трывожна паглядаў на ржавыя краты, мне здавалася, што за бруднымі шыбамі тоіцца нядобрае; Нэтлінгер ударыў зноў.
У камеры я паспрабаваў сцягнуць з сябе кашулю, але яна была гэтаксама парваная на шматкі, як і мая скура; яны пашчапляліся паміж сабою, і калі я цягнуў кашулю за каўнер альбо за рукаў, мне здавалася, што я праз галаву сцягваю з сябе скуру.
Кепскія былі хвілі, падобныя да той, калі я, стомлены, стаяў на балюстрадзе вагоўні, мая гордасць за тое, што пацярпеў ад ворагаў, была слабейшая за боль; мая галава ўпала на парэнчы, губамі я дакранаўся да ржавага прэнта, і горыч знішчанага надвор'ем жалеза здавалася мне прыемнаю на смак; яшчэ адну хвіліну хады да Трышлеравага дома, і я даведаюся, ці яны мяне там чакаюць; я спалохаўся: рабочы з бідонам пад пахай ішоў угору па вуліцы, потым знік у дзвярах крамы будаўнічых матэрыялаў. Спускаючыся сходамі, я так моцна абшчаперваў парэнчы, што ад іх вялікімі кавалкамі адвальвалася ржа.
Вясёлы рытм молатаў, які я чуў тут сем гадоў таму, аддаваўся цяпер адно змораным рэхам у груканні малатка на пантоне, дзе пажылы мужчына разбіраў паром; закруткігайкі з глухім стукам падалі ў картонную скрынку, дошкі ўдараліся аб зямлю так, што было адразу чуваць, наколькі яны паспелі згніць; а пажылы мужчына абстукваў рухавік, слухаў яго вуркатанне, як біццё сэрца найдаражэйшай істоты, нахіляўся нізка над брухам парома, выцягваў наверх паасобныя часткі: шрубкі, закруткі, насадкі, цыліндры; разглядаў іх пры святле, нюхаў іх, перш чым кінуць у скрынку з гайкамі; за паромам стаяла старая лябёдка, на ёй віселі
рэшткі сталёвага троса, разлезлага, як збуцвелая панчоха.
Успаміны пра людзей і падзеі заўсёды звязваліся з успамінамі пра рух, адбітак якога замацаваўся ў маёй памяці. Калі я, перавесіўшыся праз парэнчы балюстрады, падымаў і апускаў галаву, падымаў і зноў апускаў яе, назіраючы за вуліцай,— успамін пра гэты рух абуджаў у маёй свядомасці словы і колеры, вобразы і настроі. He тое, як выглядаў Фэрдзі, а тое, як ён падпальваў запалку, як лёгка ўскідваў галаву, кажучы «але, але» — «не, не»; зморшчыны на Шрэлавым ілбе, яго пацісканні плячыма, бацькава хада, матчыны жэсты, рух бабулінай далоні, калі яна адкідала пасму валасоў з ілба,— а той стары чалавек, там, унізе, што якраз ачышчаў вялікую шрубу ад гнілых рэшткаў дрэва, то быў Трышлераў бацька; гэтая рука рабіла рухі, якія магла зрабіць толькі гэтая рука: я прыглядаўся да яе, калі яна адчыняла скрыні і зноў забівала іх цвікамі; кантрабандны тавар, што схаваны ў цёмных вантробах судна, вандраваў цераз мяжу: ром і разынкі, цыгарэты і шакалад; у шынку для грузчыкаў на прыстані гэтая рука рабіла рухі, якія яна адна магла зрабіць; стары падняў галаву, падміргнуў мне і сказаў: «Але ж тая, уверсе, дарога, сынку, нікуды не вядзе».
— Яна вядзе да Вашага дома,— адказаў я.
— Той, хто хоча прыйсці да мяне, з’яўляецца з боку вады, нават паліцыя; і мой сын прыплывае сюды на лодцы, але рэдка, вельмі рэдка.
— Ці паліцыя ўжо там?
— Чаму ты пытаешся, сынку?
— Бо яны мяне шукаюць.
— Што-небудзь спёр?
— He,— адказаў я.— Толькі і ўсяго, што я адмовіўся частавацца бычыным прычасцем.
Судны, падумаў я, судны, цёмныя ўнутры, з капітанамі, спрактыкаванымі ў адшукванні мытнікаў; мне не спатрэбіцца многа месца —■ не больш як скатанаму дывану; схаваны ў скатаным парусе я хачу пераплысці мяжу.
— Хадзі сюды ўніз,— сказаў Трышлер.— Там уверсе цябе могуць убачыць з другога берага.
Я павярнуўся да яго спінай і пачаў паволі ссоўвацца долу, трымаючыся за купкі травы.
— Ах, гэта ты,— сказаў стары.— Ты... я ведаю цябе, але прозвішча твайго не памятаю.
—Фэмель,— адказаў я.
— Ну вядома ж, цябе шукаюць; пра гэта казалі ў ранішніх навінах, і я павінен быў адразу здагадацца, калі яны перадавалі апісанне тваёй знешнасці: чырвоны шнар на пераноссі; гэта здарылася тады, калі мы пад час паводкі перапраўляліся на той бераг і ўрэзаліся ў апору моста, бо я не разлічыў хуткасці плыні; ты выцяўся галавою аб жалезны кант на лодцы.
— Вось акурат пасля гэтага м