Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
, гадзіннікам альбо цыгарэтавымі абцужкамі выцягнуць з кішэні ружанец, даць яму ўпасці, а потым са збянтэжаным выглядам падняць з зямлі; гэта ніколі не магло рассмяшыць мяне.
— He, Леанора. Вялікае «А» на папках, скрутках з планамі і каштарысах не абазначае «атрымана». Гэта значыць «Антоні»: абацтва Святога Антонія.
Ціха ступаючы па падлозе, яна рабіла сваімі далікатнымі рукамі парадак, які стары Фэмель заўсёды любіў, але ніколі не ўмеў падтрымліваць. Занадта шмат было ўсяго: зашмат даручэнняў, зашмат грошай.
Калі я вар’ят, дык я ім быў ужо тады, калі там, на вакзальнай плошчы, правяраў, ці ёсць у кішэнях дробныя грошы, маленькі нататнік, зялёны футаральчык з алоўкамі, ці добра завязаны мой аксамітны гальштук; калі я абмацваў брылі свайго чорнага мастакоўскага капелюша, абмацваў адно і другое крысо пінжака ў маім гарнітуры — адзінай, якую я меў, прыстойнай вопратцы, што засталася мне ў спадчыну ад дзядзькі Марзіля, настаўніка, які памёр яшчэ малады ад сухотаў; ужо аброс мохам надмагільны камень у Мэзе, дзе ён, дваццацігадовы, стаяў з дырыжорскаю палачкай перад касцельным хорам, дзе ўбіваў у галовы сялянскім дзецям патройнае правіла, дзе вечарамі ў сутонні рабіў праходкі па сцежках уздоўж багністага балота, марачы пра дзявочыя губы, пра хлеб, віно і пра славу, якую яму павінны бьілі здабыць удалыя вершы; мары на сцежках каля балота доўжыліся два гады, аж пакуль паток крыві не заліў іх і не панёс да цёмных берагоў; засталіся па ім вершы ў сшытку на чвэрць аркуша, чорны гарнітур, у спадчыну хроснаму, дзве залатыя манеты і на зялёнай фіранцы ў школьным клаее крывавая пляма, якую не здолела вывесці жонка ягонага настаўніка; пееня, якую праспявалі дзіцячыя вусны
над магілаю галоднага настаўніка: «Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?»
Я зноў азірнуўся ў бок вакзала; яшчэ раз убачыў плакат, што вісеў над білетнаю касай, каб яго маглі лепш разгледзець навабранцы: «Тым, хто служыць у войску, раім набыць правераную ва ўжытку на працягу доўгага часу натуральную споднюю бялізну сістэмы доктара Густава Егера, бялізну з натуральнай тканіны «Палас», запатэнтаваную ва ўсіх цывілізаваных краінах, і арыгінальную рэфармаваную споднюю бялізну сістэмы доктара Лямана». Надышоў час пачынаць свой танец.
Я перайшоў цераз трамвайныя рэйкі, прамінуў гатэль «Прынц Генрых» і Модэстгасэ і на хвілю завагаўся, перш чым пераступіць парог кавярні Кронэра: шкляныя дзверы, знутры занавешаныя зялёным шоўкам, паказалі мне маё аблічча: я быў драбнаваты, малаваты ростам, выглядаў як нешта сярэдняе паміж равінам і акторам-цыганам — чорнавалосы і апрануты ў чорнае, з неакрэсленым адценнем вясковасці на твары; я зноў засмяяўся і адчыніў дзверы; афіцыянты якраз пачыналі расстаўляць на сталах вазоны з белымі гваздзікамі; яны папраўлялі карткі з меню ў зялёных вокладках; кельнеры ў зялёных хвартухах, чорных жылетах, белых кашулях з белымі гальштукамі; дзве маладыя дзяўчыны, адна — бландзінка з ружовым тварам, другая — цёмнавалосая і бледная, раскладалі ў буфеце печыва, бісквіты, падпраўлялі крэмавыя фігуркі, адчышчалі да бляску срэбраныя лапаткі для пірожных. Гасцей не было, а чысціня панавала, як у лякарні перад візітам галоўурача; балет кельнераў, сярод якога я рухаўся лёгкімі крокамі, нібы саліст; статысты і дэкарацыі чакалі мяне; гэта была дрэсіроўка, прытым дасканалая, і мне падабалася тое, як тры кельнеры ішлі да століка, робячы строга акрэсленыя рухі: сальнічка, вазон, лёгкім жэстам папраўленая картка, якая відавочна павінна была ляжаць пад пэўным вуглом адносна сальніцы; папяльнічка, снежна-белая парцаляна з залатой аблямоўкаю; добра; гэта мне падабалася; я быў прыемна ўражаны;
гэта быў сапраўдны горад, ні ў адным закутку, дзе мне дагэтуль даводзілася тырчаць, нічога такога не было.
Я пайшоў да крайняга левага кута залы, кінуў на крэсла капялюш, побач з ім — нататнік і футаральчык з алоўкамі; потым сеў; кельнеры між тым вярталіся з кухні, бясшумна падпіхваючы перад сабою чайныя столікі, пачалі расстаўляць бутэлечкі з прыправамі, прычапляць газетатрымальнікі; я разгарнуў свой нататнік, перачытаў — які ўжо раз? — газетную выразку, наклееную на франтыспісе вокладкі: «Адкрыты конкурс на пабудову новага абацтва бенедыктынцаў, у даліне Кіса, паміж паселішчамі Штэлінгерс-Гротэ і Гёрлінгер-Штуль, на адлегласці прыкладна 2 км ад сяла Кіслінген; у конкурсе можа ўзяць удзел кожны архітэктар, які адчувае, што здольны да гэтага. Умовы конкурсу можна атрымаць пасля ўнясення сумы 50 (пяцьдзесят) марак у натарыяльную канцылярыю доктара Кільба; Модэстгасэ, 8. Апошні тэрмін надаслання праектаў: панядзелак, 30 верасня 1907 г., 12-я гадзіна дня».
Я пералазіў цераз гурбы сухога муравальнага раствору, паміж прызмамі навюткай цэглы, правяраў яе на якасць абпальвання, абмінаў цэлыя горы базальтавых камлыгаў, з якіх рабіліся дзвярныя і аконныя каробкі; на калашыны маіх штаноў паналіпалі камякі гразі, на жылеце былі плямы вапны; тут, на будоўлі, раз-пораз чуліся моцныя слоўцы; ці камяні для мазаікі, якая мне была патрэбная для выявы божае авечкі, усё яшчэ ніяк не прывезлі? Выбух гневу, сварка; крэдыты былі спыненыя, а потым зноў пачалі паступаць; майстры стаялі ў чацвер па абедзе ў чарзе каля маёй будкі, выдаваліся грошы за пятніцу; а ўвечары, змораны, я сядаў у Кіслінгене ў праз меру напалены вагон другога класа пасажырскага цягніка, валіўся ў мяккае крэсла; цягнік валачыўся ў цемры праз сумныя абшары сялянскіх бурачных палёў, праваднік сонным голасам выкрыкваў назвы станцый: «Дэнклінген», «Додрынген», «Кольбінген», «Шаклінген»; бурты
буракоў, у цемры шэрыя, нібы горы чалавечых чарапоў, ляжалі на пагрузачных пляцоўках, гатовыя пад пагрузку; і далей цягнуліся і цягнуліся бурачныя палі; на вакзале я валіўся ў каламажку, а дома — у абдымкі жонкі, якая цалавала мяне і пяшчотна праводзіла пальцамі па маіх стомленых павеках, з гордасцю дакраналася да слядоў раствору, што ўпрыгожвалі мае рукавы; я піў каву; паклаўшы галаву ёй на калені, курыў доўгачаканую цыгару — шэсцьдзесят пфенігаў штука — і апавядаў ёй пра муляраў ды іх моцныя слоўцы; з імі трэба было толькі бліжэй пазнаёміцца, яны не былі злыя: можа, крыху грубаватыя, крыху занадта чырвоныя; але я ўмеў абыходзіцца з імі; час ад часу ім трэба было паставіць скрыню піва, расказаць ім на дыялекце адну-другую показку; і толькі ніколі не ныць, бо тады яны вывернуць табе пад ногі цэлую скрыню раствору — гэтак, як яны падстроілі, калі прыехаў упаўнаважаны па будаўніцтве ад архібіскупа; альбо скінуць з высокага рыштавання бэльку — так, як яны ўчынілі пад час візіту ўрадавага прадстаўніка: агромністая бэлька разляцелася на кавалкі перад самымі яго нагамі. «Ты думаеш, любая, я не ведаю, што гэта я залежу ад іх, а не яны — ад мяне; цяпер, калі гэтулькі ўсяго будуецца паўсюды? I, вядома, яны чырвоныя, чаму ім не быць такімі? Самае галоўнае, што яны ўмеюць мураваць, дапамагаюць мне ўкладвацца ў мае тэрміны; калі я з камісіямі падымаюся на рыштаванні, досыць аднаго разу падміргнуць ім — і дзівосы робяцца».
— Дзень добры пану. Вам снеданне?
— Калі ласка,— адказаў я і адмоўна затрос галавой, калі кельнер падсунуў мне бліжэй картку з меню; я падняў угору аловак і гучна вымавіў усе па чарзе пункты майго заказу — так, нібы я ўсё сваё жыццё ніяк іначай не снедаў: — Кубак кавы, але, калі ласка, не менш як тры філіжанкі, падсмажаны хлеб, два кавалкі жытняга, масла, апельсінавы мармелад, варанае яйка і сыр з папрыкаю.
— Сыр з папрыкаю?
— Але. Смятанкавы сыр, прыпраўлены папрыкаю.
— Вельмі добра.
Зялёная кельнерава постаць бясшумна паплыла па зялёным дыване, паўз засланыя зялёнымі абрусамі сталы — і прагучала першая рэпліка: статысты былі добра вымуштраваныя, а я быў добрым рэжысёрам.
— Сыр з папрыкаю? — спытаў кухар з-за акенца.
— Менавіта,— адказаў кельнер,— смятанкавы сыр.
— Спытай у гэтага пана, колькі папрыкі яму трэба да сыру?
Я якраз пачаў рабіць накід вакзальнага фасада, упэўненымі штрыхамі рысаваў на цнатліва-чыстай паперы абрысы вокнаў, калі вярнуўся афіцыянт. Ён вычакаў, пакуль я падняў галаву, і, здзіўлены, адарваў аловак ад паперы.
— Дазвольце запытацца, у якой прапорцыі змешваць сыр з папрыкаю?
— Сорак пяць грамаў сыру, напарстак папрыкі — добра перамяшаць... і, паслухайце, пане кельнер, я буду снедаць тут і заўтра, і паслязаўтра, і праз тры дні, праз тры тыдні, праз тры месяцы і тры гады — вы чуеце мяне? I заўсёды ў гэтую парў, каля дзевятай.
— Слухаю пана.
Гэта было тое, чаго я дамагаўся,— і спрацавала ўсё дакладна. Пазней мяне нярэдка нават браў страх, бо мае намеры здзяйсняліся гэтак дакладна і ніколі не адбывалася нічога непрадбачанага; праз два дні я ўжо быў «пан, які есць сыр з папрыкаю», праз тыдзень — «той малады мастак, што заўсёды каля дзевятай прыходзіць снедаць», а праз тры тыдні — «пан Фэмель, малады архітэктар, які працуе над вялікім праектам».
— Так, так, дзіцятка, усё гэта датычыць абацтва Святога Антонія; гэта цягнецца шмат гадоў, Леанора,— дзесяцігоддзі, аж да сённяшняга дня; рамонты, пашырэнне
забудовы, а пасля тысяча дзевяцьсот сорак пятага — адбудова паводле старых планаў; абацтва Святога Антонія адно зойме цэлую паліцу. Ваша праўда, тут бы не пашкодзіў вентылятар; сёння горача; не, дзякуй, не хачу сядаць.
У рамах з пераменнымі малюнкамі відаць блакітнае паўднёвае неба дня 6 верасня 1958 года, профіль лініі дахаў; цяпер зноў без пярэрваў; вялікія кубкі з чаем на рознакаляровых сталах на тэрасах; жанчыны ў шэзлонгах, што лена выцягнуліся на сонцы; вакзал, што віруе адпачынкоўцамі — можа, праз гэта стары Фэмель дарэмна чакаў сваю ўнучку Рут? Мажліва, яна з’ехала, адклаўшы ўбок «Падступнасць і каханне»? Ен асцярожна прамакнуў насоўкаю пот на лбе, ніколі яго надта не дапякалі ні спёка, ні сцюжа; паблізу ад правага рога зменнай рамы Гоэнцолерны ўсё яшчэ імчалі на бронзавых клячах у напрамку захаду, неадменна, ужо сорак восем гадоў — і той, найвышэйшы ваявода, таксама; і нахіл ягонай галавы па-ранейшаму сведчыў пра яго фатальную пыху; тады, пры століку кавярні Кронэра, калі кельнер нёс мне сыр з папрыкаю, я, усміхаючыся, рысаваў цокаль, на якім яшчэ не было помніка; я заўсёды быў такі ўпэўнены ў будучыні, што сучаснасць здавалася мне закончанай мінуўшчынай — было гэта першае маё снеданне ў Кронэравай кавярні ці ўжо трохтысячнае? Дзень пры дні ў кавярні Кронэра а дзевятай пры снеданні; толькі адно магло перашкодзіць у гэтым — вышэйшая ўлада: калі мой найвышэйшы ваявода паклікаў мяне пад свае баявыя харугвы — гэты прыдурак, што ўсё яшчэ імчыць на захад на бронзавай клячы. Сыр з папрыкаю? Ці еў я гэтую своеасаблівую чырвонабелую масу, якая была нават досыць смачная, першы раз у жыцці, бо прыдумаў яе толькі за гадзіну перад тым, у хуткім цягніку, што ляцеў з поўначы да гэтага горада,— каб надаць свайму цяпер штодзённаму сняданку непаўторны кшталт; ці я ўжо трыццаты раз намазваў гэтую масу на чорны хлеб, пад час, калі кельнер забіраў са стала кілішак для яйка і адсоўваў сподачак з мармеладам?
Увага! Я выцягнуў з кішэні пі