Більярд а палове дзесятай  Генрых Бёль

Більярд а палове дзесятай

Генрых Бёль

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
113.12 МБ
е не дазвалялі прыходзіць сюды.
— Але ж ты прыходзіў.
— Ужо нядоўга — потым мы пасварыліся з Алоісам.
— Хадзем, але прыгінайся, калі мы будзем ісці пад перасоўным мостам, бо наб’еш сабе гузак, і табе не дазволяць прыходзіць сюды. Як табе ўдалося ўцячы ад іх?
— Нэтлінгер на досвітку прыйшоў у маю каморку і вывеў мяне да чорнага ўвахода — туды, дзе пачынаюцца падземныя пераходы, што вядуць да чыгуначнага насыпу поблізу Вільгельмавага рова. Ен сказаў мне: «Змывайся — але я магу табе даць толькі адну гадзіну форы: праз гадзіну я павінен буду паведаміць у паліцыю; я пятляў па ўсім горадзе, перш чым прыйшоў сюды да цябе».
— Так-так,— сказаў стары.— Значыць, вы збіраліся кідаць бомбы! Збіраліся рабіць змовы і... учора я ўжо аднаго перапраўляў за мяжу.
— Учора? — спытаўся я.— Каго ж гэта?
— Шрэлу,— адказаў ён.— Ен хаваўся тут, і я ледзьве яго ўгаварыў адплысці на «Ганне-Катарыне».
— Гэта ж Алоіс заўсёды марыў быць штурманам на «Ганне-Катарыне»!
— ...I зрабіўся ім. А цяпер — пайшлі.
Спатыкаючыся, я ішоў за Трышлерам да яго дома, уздоўж пахіленага набярэжнага мура каля падножжа ўзгорка; я падымаўся і падаў зноў, падымаўся, і пры гэтых рэзкіх рухах кашуля то адрывалася ад скуры, то зноў прыляплялася да яе; ад няспыннага болю я амаль знепрытомнеў; у гэтым стане рухі, колеры, пахі з тысячаў успамінаў перапляталіся, накладваліся адно на адно; боль выцясняў размаітыя таемныя знакі зменных колераў, зменных накірункаў, зменных нахілаў.
Паводка, думалася мне, паводка: мяне заўсёды цягнула кінуцца ў ваду — каб яна панесла мяне да шэрых даляглядаў.
У паўсонных лятунках мяне доўга турбавала пытанне, ці можна ў збане схаваць пугу з калючага дроту; у маіх успамінах рухі ператвараліся ў лініі, якія складваліся ў фігуры: зялёныя, чорныя, чырвоныя фігуры былі падобныя да кардыяграм, у якіх адлюстроўваюцца жыццёвыя рытмы пэўнага чалавека; рэзкі рух, якім Алоіс Трышлер выцягваў вудачку з вады, калі мы лавілі рыбу ў Старым Порце; рух, якім ён закідваў леску з прынадай; яго рука, што плыве ў паветры, паказваючы хуткасць плыні; зялёным па шэрым дакладна вымаляваная рука; тое, як Нэтлінгер падымаў руку, каб шпурнуць мячык Шрэле ў твар; дрыжанне ягоных вуснаў, раздзіманне ноздраў; ён ператвараўся ў шэрую постаць, што сваёй формай нагадвала павучыны след; нібыта з дапамогай тэлеграфаў, якія я не здолеў прывязаць да пэўнага месца, у маёй памяці адбіваліся вобразы: Эдыт увечары пасля той гульні, калі я пайшоў да Шрэлы; твар Эдыт пада мною на траве, у Блесэнфэльдскім парку; калі мы ляжалі там, яе твар быў вільготны ад летняга дажджу; на яе светлых валасах блішчэлі кропелькі вады, сцякалі па яе брывах: вяночак серабрыстых кропляў, што падымаўся і апускаўся ў рытме яе дыхання; гэты вяночак зафіксаваўся ў маёй памяці як шкілет марской жывёліны, знойдзены на ржавым пляжным пяску і памножаны да незлічоных хмарак
аднолькавай велічыні; лінія яе рота, калі яна сказала мне: «Яны цябе заб’юць». Эдыт.
У тых лятунках дратаваў мяне згублены школьны партфель — я ж заўсёды быў такі прыкладны,— я выхапіў з-пад дзюбы худой курыцы свой зялёна-шэры том Авідзія; я таргаваўся з касіркаю ў кінатэатры за верш Гёльдэрліна, які яна вырвала з майго падручніка па літаратуры, бо верш надта ёй спадабаўся: «Цвёрдае Божае сэрца, нават калі спачувае».
Фраў Трышлер прынесла вячэру: малако, яйка, хлеб, яблык; яе рукі зрабіліся маладымі, калі яна прамывала раны на маёй спіне віном; боль выбухаў полымем, калі яна выціскала губку, а віно сцякала па баразёнках ран; потым яна палівала іх алеем, і я спытаў: «Адкуль Вы ведаеце, як гэта трэба лячыць?»
— Як гэта робіцца, ты можаш прачытаць у Бібліі,— адказала яна,— і я ўжо гэтаксама лячыла твайго дружбака Шрэлу! Алоіс вернецца паслязаўтра, а ў нядзелю адправіцца з Рурорта на Ротэрдам! Табе не трэба баяцца,— дадала яна,— яны ўсё зробяць як мае быць, бо пачуваюць сябе на рацэ як на гэтай вуліцы. Яшчэ крыху малака, хлопча?
— He, дзякую.
— He хвалюйся. У панядзелак альбо ў аўторак ты будзеш у Ротэрдаме. Што здарылася, што з табою?
Нічога. Нічога. Усё яшчэ перадавалі паведамленні, што шукаецца: чырвоны шнар на пераноссі... Бацька, маці, Эдыт — я не хацеў вылічваць дыферэнцыялы пяшчотнасці, не хацеў надакучваць болю модламі; вясёла выглядала рака і белыя прагулачныя параходы з каляровымі сцяжкамі; вясёла выглядалі таксама фрахтавыя судны — чырвоныя, зялёныя і блакітныя,— што перавозілі вугаль і драўніну адсюль туды і адтуль сюды; на другім беразе зялёная алея, снежнабелая тэраса кавярні «Бэльвю», а яшчэ далей за імі вежа сабора Святога Севярына, ярка-чырвоная пасма святла каля гатэля «Прынц Генрых», за сто крокаў ад дома маіх бацькоў; там усе якраз вячэралі, мелі грандыёзную імпрэзу, якой,
нібы патрыярх, кіраваў бацька; субота, якую святкавалі як шабас; ці чырвонае віно не занадта ахалоджанае, а белае — не занадта цёплае?
— Яшчэ не хочаш малака, хлопча?
— He, дзякуй, фраў Трышлер, напраўду не хачу.
Ганцы на матацыклах імчалі па горадзе з плакатамі ў чырвонай рамцы, ад слупа да слупа: «Пакаранне смерцю! Вучань Роберт Фэмель...» Бацька маліўся перад вячэраю: «...Ен адпакутаваў за нас», маці пакорліва накрэсліла ў паветры перад сабою крыж і сказала потым: «Свет благі, так мала чыстых сэрцаў у ім», а Отавы боты ўсё яшчэ выбівалі рытм: «брат-брат» на зямлі, на плітках тратуара, па вуліцы ўніз — да Мадэставай брамы. Гэта «Штыльтэ» загучала сірэнай на рацэ, высокія гукі прарывалі вечаровае неба, белымі маланкамі рабілі барозны ў цёмным блакіце. Я ляжаў ужо на парусным палатне, як чалавек, які сканаў у адкрытым моры і чыё цела павінна быць яму аддадзена; Алоіс падымаў ужо край палатна, каб укруціць мяне ў яго; мне быў відзён выразны, вытканы белым па шэрым, надпіс «Морыен. Эймёйдэн». Фраў Трышлер схілілася нада мной, заплакала, пацалавала мяне, а Алоіс пачаў павольна скручваць палатно, як быццам мой труп быў асабліва каштоўны; ён ускінуў мяне сабе на плячо. «Сынку,— крыкнуў стары,— сынку, не забывайся на нас!»
Вячэрні брыз; яшчэ раз загула сірэна «Штыльтэ» з лёгкім напамінам, у загарадцы бэкалі авечкі, марожаншчык крычаў: «Марожанае! Марожанае!»; потым змоўк: напэўна якраз клаў ванільнае марозіва ў крохкія вафлі. Памост, па якім нёс мяне Алоіс, лёгка прагінаўся пад маімі нагамі; нечы ціхі голас спытаўся: «Гэта ён?» I Алоіс таксама ціха адказаў: «Ен». На развітанне ён шапнуў мне: «Думай пра тое, што вечарам у аўторак будзеш у Ротэрдаме». Мяне неслі іншыя рукі, па сходах уніз; там пахла машынным маслам, вугалем, пасля — драўнінай; здалёк чуўся спеў ci-
рэны, «Штыльтэ» здрыганулася, глухое вуркатанне рухавіка пачало мацнець, і я адчуў, што мы плывём, плывём уніз па Рэйне, усё далей і далей ад вежы Святога Севярына.
Цень ад сабора Святога Севярына падпоўз бліжэй, запоўніў ужо левае акно більярднага пакоя, закрануў правае; час, які сонца гнала перад сабою, набліжаўся, нібы пагроза, запаўняў вялікі гадзіннік, які неўзабаве мусіць выпрастацца ад яго, выдаўшы з сябе жахлівыя гукі; белыя на зялёным, чырвоныя на зялёным каціліся шары; гады, рассечаныя напалову, гады, узваленыя адзін на адзін — і секунды, секунды, што падаюцца спакойным голасам, нібы вечнасці; каб толькі не трэба было зараз бегчы зноў па каньяк, не сустракацца з календаром, з гадзіннікам, з авечай прапаведніцай, з Гэткім-што-не-павінна-было-нарадзіцца-, каб толькі яшчэ раз пачуць наказ: «Пасві авечак маіх», пачуць пра жанчыну, што ляжала ў траве пад летнім дажджом; баркасы на якарах, жанчыны, што ішлі па кладках, і мячык, які ўдарыў Роберт — Роберт, які ніколі не каштаваў бычынага прычасця, які моўчкі гуляў далей, выбіваючы сваім кіем на тых двух квадратных метрах усё новыя і новыя фігуры.
— А ты, Гуга,— спытаў ён прыцішана,— ці ты не хочаш мне сёння нічога расказаць?
— He ведаю, колькі часу гэта доўжылася, але мне здаецца, што цэлую вечнасць: пасля ўрокаў у школе мяне заўсёды білі. Часам я заставаўся чакаць, пакуль не ўпэўніваўся, што ўсе яны пайшлі палуднаваць, а жанчына, што прыходзіць прыбіраць у школе, сустракала мяне ўнізе ў калідоры і пыталася: «Што ты тут яшчэ робіш, хлопчык? Маці дома, напэўна, чакае цябе».
Але мне было боязна, і я чакаў, пакуль гэтая жанчына пойдзе і зачыніць мяне на замок у школе; гэта мне ўдавалася не заўсёды, бо часцей за ўсё яна выганяла мяне, перш чым зачыніць школу, але, калі ў мяне атрымлівалася за-
стацца сядзець зачыненым, я быў рады: ежу я знаходзіў у партах і ў выварках для адкідаў, якія прыбіральшчыца выстаўляла ўнізе ў вестыбюлі для машын, што вывозяць смецце: удосталь бутэрбродаў, яблыкаў, рэшткі бісквітаў. Вось так я заставаўся ў школе адзін, і ніхто мне нічога не мог зрабіць. Сагнуўшыся, я сядзеў у настаўніцкім гардэробе, за дзвярыма, што вялі ў падвал, бо баяўся, што яны могуць зазірнуць у акно і ўбачыць мяне; але прайшло нямала часу, пакуль яны дапетрылі, што я хаваюся ў школе. Нярэдка я сядзеў там гадзінамі, да самага вечара, калі я мог спакойна адчыніць акно і вылезці на вуліцу. Я глядзеў доўга на апусцелы школьны двор: ці можна знайсці штонебудзь больш бязлюднае, чым гэткі школьны двор надвячоркам? Гэта была цудоўная часіна, пакуль яны скемілі, што я застаюся сядзець зачынены ў школе. Я сядзеў, сагнуўшыся, у настаўніцкім гардэробе альбо пад самым акном і чакаў чагосьці, што мне было вядома толькі як слова: нянавісці. Я так хацеў бы ненавідзець іх, але я не ўмеў гэтага, пане доктар. Я адчуваў толькі страх. Былі дні, калі я чакаў толькі да трэцяй альбо чацвёртай гадзіны, думаў, што яны ўжо ўсе пайшлі і я здолею хутка перабегчы цераз вуліцу, каля Майдавай стайні, і паўз могілкі даляцець да свайго дома, каб замкнуцца ў ім. Але яны падмянялі адзін аднаго, хадзілі палуднаваць па чарзе — бо адмовіцца ад ежы, гэтага яны не маглі,— і калі яны беглі да мяне, я ўжо здалёк унюхваў, штб яны елі на абед: бульбу з падліўкай, смажанае мяса альбо зеляніну са скваркамі; і калі яны мяне лупцавалі, я ўсё думаў: у імя чаго сканаў Хрыстос, якая мне карысць ад яго смерці, якая мне карысць ад таго, што яны кожнае раніцы чытаюць малітву, штонядзелі прымаюць прычасце, і ад таго, што ў іх на кухнях вісяць распяцці — над тымі сталамі, за якімі яны ядуць сваю бульбу з падліўкаю, смажанае мяса альбо зеляніну са скваркамі? Ніякай карысці. Што мне з усяго гэтага, калі яны кожны дзень падпільноўваюць мяне і збіваюць на горкі яблык? Пяцьсот ці шэсцьсот год ужо — яны нават ганарыліся, што ў іх такі стара-
жытны сабор,— можа, нават тыс