Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
жака адзіны надзейны
прыбор, які дазваляў мне беспамылкова разбірацца ў гэткіх нечаканых і дакладных мроях: кішэнны каляндарык, абавязкам якога было ў ілжэкраіне фантазіі нагадваць мне пра месца, дзёнь і час; а тады была пятніца, 6 верасня 1907 года, і тое снеданне было маім першым тут; да таго дня я ніколі не снедаў з сапраўднай каваю — піў толькі каву са збожжа; ніколі не еў яйка — а толькі аўсяную кашу, просты хлеб з маслам і кавалачак свежага гурка; але міф, які я хацеў стварыць, нарадзіўся ўжо ў хвілі, калі кельнер перапытаў: «Сыр з папрыкаю?»; гэты міф быў адразу зразуметы і пачаў шырыцца там, дзе я хацеў: сярод шырокай публікі. Мне ўжо болып нічога не трэба было рабіць, толькі чакаць, сядзець там да дзесятай, да паловы на адзінаццатую, пакуль кавярня павольна запаўнялася людзьмі; выпіць бутэльку мінеральнай вады, да яе — кілішак каньяку; сядзець з нататнікам на каленях, з цыгараю ў роце, з алоўкам у руцэ; рысаваць, рысаваць — а тым часам банкіры ў кампаніі паважных кліентаў праходзілі паўз мяне ў канферэнц-залу, кельнеры неслі за імі ўслед на зялёных падносах бутэлькі з віном; заходзілі слугі царквы з замежнымі калегамі, якіх яны вадзілі па саборы Святога Севярына, услаўляючы на ламанай лаціне, на ламанай ангельскай альбо італьянскай пякноты горада; чыноўнікі з урадавай канцылярыі пацвярджалі свой высокі ранг тым, што могуць дазволіць сабе выпіць тут днём, каля паловы адзінаццатай, філіжанку чорнай кавы і кілішак вішнёўкі; жанчыны, што вярталіся з гародніннага базару з плеценымі скуранымі торбамі, поўнымі капусты, морквы, гарошку і сліў, імкнуліся давесці ўсім яшчэ раз, што яны выхаваныя на добрых гаспадыняў, бо здолелі вытаргаваць у стомленых сялянак свае пакупкі за танна: яны праглыналі тут пірожныя, выпівалі каву, выдаткоўваючы на гэта ў сто разоў болей, чым вытаргавалі; размахваючы лыжачкамі, нібы шаблямі, яны абураліся ротмістрам, які — «на службе, але ж, на службе!» — зрабіў паветраны пацалунак пэўнай какотцы, што стаяла на балконе — той, з якой — «гэта бачылі, бачылі!» — ён развітаўся толькі а палове шостай раніцы, выйшаў-
шы з гатэля праз падвазныя дзверы. Ротмістр ды праз падвазныя дзверы! Ганьба!
Я разглядаў іх, сваіх статыстаў, і прыслухоўваўся да іхніх слоў; я рысаваў шэрагі крэслаў, шэрагі столікаў і кельнерскі балет; без дваццаці адзінаццаць я запатрабаваў рахунак; сума была меншая, чым я думаў; я вырашыў паказаць сябе «шчодрым, але ў меру» — пра гэта я недзе вычытаў 1 падумаў сабе, што гэта добрая формула. Я адчуваў стому, калі выходзіў з кавярні, і мяне праводзілі паклонамі кельнер і служкі; я ўзнагародзіў кельнеравы вусны, ад якіх пачаў існаваць мой міф, дадатковымі пяццюдзесяццю пфенігамі «на чай»; а тыя ўсе вывучалі мяне з ног да галавы, калі я пакідаў кавярню; яны не падазравалі, што я саліст: стройнаю хадою, эластычнымі крокамі я ішоў паміж тых шэрагаў столікаў і крэслаў, паказваў ім сваю асобу такою, якою яны хацелі мяне бачыць: мастаком у вялікім чорным капелюшы, чалавекам малога росту, зграбным, якому на выгляд не дасі больш за дваццаць пяць, з неакрэсленым адбіткам вясковасці на твары, але ўпэўненым у сабе. Яшчэ дзесяць пфенігаў хлопцу, які адчыніў перада мною дзверы.
Усяго паўтары хвіліны дарогі адтуль да гэтага дома — Модэстгасэ, 7. Практыканты, грузавікі, манашкі: рух на вуліцы; ці ў браме дома нумар сем напраўду пахла друкарскай фарбаю? Машыны, нібы карабельныя механізмы, рухалі сваімі жалезнымі часткамі туды-сюды, сюды-туды; будаўнічыя паперы друкаваліся на белай паперы; парцье зняў перада мною шапку: «Пан архітэктар? Рэчы ўжо наверсе». Грошы «на чай», увапхнутыя ў чырвоную лапу. «Заўсёды гатовы служыць вам, пане лейтэнант». Грымаса. «Ага, тут ужо было двое паноў, якія хочуць далучыць Вас да тутэйшага клуба афіцэраў-рэзервістаў».
Я зноў убачыў будучыню выразней за сённяшні дзень, які знікаў недзе ў змроку ў тую самую хвілю, калі ён здзяйсняўся; у мяне перад вачыма паявіўся неахайны парцье, якога абступалі рэпарцёры; буйныя загалоўкі ў газетах: «Малады архітэктар перамог у конкурсе карыфеяў гэтай прафесіі!»
Парцье з ахвотай тлумачыць рэпарцёрам: «Ен? Паверце, панове, для яго не існуе нічога, апроч працы. Раніцой а восьмай ходзіць да ціхай імшы ў Святы Севярын, снедае ў Кронэравай кавярні, недзе да паловы адзінаццатай; ад паловы адзінаццатай да пяці выходзіць з рабочага кабінета; нікога не прымае; жыве там наверсе ў сябе — можаце смяяцца, панове — на адным гарохавым супе, які ён сам сабе гатуе; старая маці дасылае яму гарох і сала, нават цыбулю. Ад пятай да шостай праходка па горадзе; з паловы сёмай да паловы восьмай партыя ў більярд у гатэлі «Прынц Генрых», у клубе афіцэраў-рэзервістаў. Дзяўчаты? Пра гэта нічога не ведаю. Штопятніцы ўвечары бярэ ўдзел у рэпетыцыях хору «Нямецкай Суполкі Аматараў Спеваў». Кронэравы кельнеры таксама кладуць у кішэнь «на чай» — за інфармацыю.
— Сыр з папрыкай? Вельмі цікава. Нават за снеданнем рысуе як апантаны?
Пазней у думках я часцяком вяртаўся да дня майго прыезду, чуў пошчак капытоў па бруку, бачыў гатэльных служак, як яны перасоўваюць валізы, бачыў жанчыну ў вэлюме і ружовым капелюшы, чытаў плакат: «Тым, хто ідзе ў войска, раю...», слухаў свой смех; з каго я смяяўся, з чаго складаўся гэты смех? Я бачыў іх штораніцы, калі пасля імшы выходзіў па карэспандэнцыю і газеты; бачыў уланаў, што ехалі на пляц да практыкаванняў у паўночную частку горада; штораніцы прыгадваў нянавісць свайго бацькі да коней і афіцэраў, калі аддаляўся пошчак падковаў: эскадрон уланаў рыхтаваўся да рэпетыцый кавалерыйскіх атак альбо да разведвальных вылазак — імчаў, уздымаючы вялікае воблака пылу; гукі трубы выціскалі слёзы з вачэй ветэранаў, якія спыняліся на вуліцы; але я думаў пра бацьку; сэрцы кавалерыстаў,і сэрца парцье таксама, тахкалі часцей; дзяўчаты з хустачкамі ператвараліся ў жывыя вобразы, ахалоджвалі ў ранішнім паветры грудзі, гатовыя несці суцяшэнне; а ў тую хвілю парцье ўручаў мне пасылку ад маці: гарох, сала, цыбулю і — блаславенне; маё сэрца не білася часцей, калі ў мяне перад вачыма праязджаў кавалерыйскі эскадрон.
Я пісаў маці лісты, у якіх заклікаў яе не прыязджаць; я не хацеў далучаць яе да грона статыстаў; пазней, пазней, калі гульня набыла размах, я дазволіў ёй прыехаць; яна была невысокага росту, зграбная і цёмнавалосая, як я; жыццё яе праходзіла паміж могілкамі і касцёлам, а твар і ўся яе постаць падышлі занадта добра да гэтай гульні; яна ніколі не хацела браць у мяне грошай; аднае залатой манеты ў месяц ёй хапала на суп і на хлеб, на дзесяціпфенігавае ахвяраванне царкве штонядзелі і аднапфенігавае — у звычайныя дні; «прыязджай пазней», пісаў я — але пазней стала запозна: яе магіла з’явілася побач з магіламі бацькі, Шарлоты, Маўрыцыя — ніколі больш не ўбачыла яна таго, чый адрас штотыдзень надпісвала на канверце: «Модэстгасэ, 7. Генрых Фэмель»; мне было боязна перад мудрасцю яе пагляду, перад тым непрадбачаным, што маглі вымавіць яе вусны: «Дзеля чаго? Дзеля грошай ці пашаны; каб служыць Госпаду ці людзям?» Мне было боязна перад катэхізісам яе пытанняў, адказы на якія вымагалі адно што іх пераўтварэння ў сцвярджальныя сказы, дзе на канцы стаіць кропка, а не пытальнік. Я не ведаў, дзеля чаго... Тое, што я хадзіў у царкву, не было аблудай, не належала да маёй гульні, хоць магло быць прыпісана ёй; мая гульня пачыналася толькі ў кавярні Кронэра, доўжылася да паловы адзінаццатай, а пасля пятай вечара працягвалася зноў, каб скончыцца а дзесятай; пра бацьку мне было думаць лягчэй, калі уланы ўжо зніклі за Мадэставай брамай, а шарманшчыкі пачыкільгікалі ў бок прадмесця; яны хацелі быць там досыць рана, каб зайграць самотным хатнім гаспадыням і пакаёўкам на суцеху: «Дзянніца, дзянніца...»; пад вечар яны вярталіся ў горад, каб вячэрнюю меланхолію размяняць на звонкую манету: «Ганнамарыя, Розмарыя», а на другім баку вуліцы Грэц якраз падвешваў дзіка перад дзвярыма ў краму, свежая кроў цёмнымі кроплямі сцякала на асфальт; абапал дзіка віселі фазаны, курапаткі, зайцы; мяккае пер’е, пакорлівая заячая поўсць аздаблялі вялізнае цела дзіка; штораніцы Грэц вывешваў сваю забітую жывёлу — заўсёды так, каб публіка бачыла
іх раны; заечае бруха, галубіныя грудзі, распаласаваны бок дзіка; кроў павінны былі бачыць усе; фраў Грэц сваімі ружовымі далонямі раскладвала кавалкі пячонкі сярод грудак грыбоў; ікра, пакладзеная на кускі лёду, паблісквала на фоне вялізных скрынак; лангусты, фіялетавыя, як добра абпаленая цэгла, звіваліся, рухаліся, аслеплыя, натыкаючыся на шкло ў шырокіх і нізкіх акварыумах, чакалі ўмелых рук гаспадыняў, чакалі сёмага, дзевятага, дзесятага, адзінаццатага верасня 1907 года; толькі восьмага, пятнаццатага і дваццаць другога верасня, у нядзелю, фасад Грэцавай крамы не быў у крыві, бачыў я забітую жывёлу і ў 1908, і ў 1909 гадах —толькі ў гадах, калі панавала найвышэйшая сіла, яе не было,— а так я бачыў яе заўсёды, пяцьдзесят адзін год запар; бачу яе цяпер, калі апоўдні ў суботу ўмелыя рукі гаспадыняў вышукваюць астатнія прысмакі да нядзельнага абеду.
— Слушна, Леанора, Вы прачыталі слушна: першы мой ганарар быў сто пяцьдзесят тысяч марак. Няма даты? Гэта было, напэўна, у жніўні 1908 года. Безумоўна, так, гэта быў жнівень 1908 года. Вы яшчэ ніколі не елі дзіковага мяса? I нічога не страцілі, калі Вы давяраеце майму густу. Я ніколі яго не любіў. Згатуйце, Леанора, крыху кавы, калі ласка; змахніце гэты пыл зверху ды купіце сабе пірожнае, якое Вам падабаецца. Лухта, ад гэтага не таўсцеюць, не верце ўсякім балбатунам. Сапраўды, гэта было ў 1913 годзе — дамок для пана Кольгера, кельнера з Кронэравай кавярні. He, ганарару я не браў.
Колькі разоў я снедаў у Кронэравай кавярні? Дзесяць тысяч, дваццаць тысяч? Я ніколі не лічыў; кожны дзень хадзіў туды, апроч тых дзён, калі гэтаму перашкаджала найвышэйшая сіла.
Я бачыў, як насоўвалася найвышэйшая сіла; стоячы на тым баку вуліцы, на тэрасе дома нумар восем, схаваўшыся за альтанкаю, я глядзеў уніз на вуліцу, бачыў, як яны рушы-
лі ў напрамку вакзала, чуў, як незлічоныя глоткі спяваюць «Варту на Рэйне», выкрыкваюць імя прыдурка, які і сёння там на бронзавай клячы імчыць на захад; да іхніх шапак, цыліндраў, капелюшоў былі прышпіленыя кветкі, кветкі віднеліся і ў пятліцах; у маленькіх скрутках гэтыя людзі неслі пад пахаю нармальную споднюю бялізну сістэмы прафесара Густава Егера; іхняя гамонка ўзнімалася, даходзіла аж сюды, дзе стаяў я; і нават прастытуткі з гандлёвых радоў паадсылалі сваіх кліентаў на мабілізацыйныя пункты — са скруткамі асабліва якаснай цёплай бялізны пад пахаю,— а я дарэмна чакаў, што ўва мне абудзіцца хваля пачуццяў, якія я мог бы падзяліць з тымі, што ўнізе, я адчуваў сябе пустым, самотным, нічога не вартым, няздольным да энтузіязму і не ведаў, чаму я няздольны да яго; я ніколі над гэтым не задумваўся, успамінаў пра сваю сапёрскую форму, прапахлую нафталінам, якая была на мне ўсё яшчэ добрая, хоць шылі яе, калі мне было дваццаць, а я між тым дажыў да трыццаці шасці; у мяне была толькі надзея, што не спатрэбіцца надзяваць яе; хацелася заставацца салістам, а не пераходзіць у статысты; яны ўсе з’ехалі з глузду — тыя, што ішлі там, гарлаючы песні, да вакзала; на тых, хто не мог выйсці разам з імі, глядзелі са шкадобай, і яны адчувалі сябе ахвярамі, бо не маглі там ісці, я быў гатовы лічыць сябе ахвярай і не стаў бы праз гэта шкадаваць. Дома, унізе, у хаце, плакала мая цешча, бо яе сыны ўжо з першай партыяй паехалі на таварную станцыю, дзе грузілі коней; гордыя уланы, якіх мая цешча аплаквала гордымі слязамі; я стаяў за альтанкаю, яшчэ цвілі гліцыніі, чуў, як унізе мой чатырохгадовы сын напявае: «Мне патрэбны карабін, мне патрэбны карабін...», і я павінен быў бы сысці ўніз і адлупцаваць яго ў прысутнасці маёй гордай цешчы; але я дазволіў яму спяваць, гуляць з уланскім ківерам, што яму падарылі ягоныя дзядзькі, дазволіў яму цягаць за сабою шаблю і выкрыкваць: «Француз капут! Інглішмэн капут! Рус капут!» I я ўспрыняў зусім спакойна словы каменданта гарнізона:
— Мне вельмі прыкра, Фэмель,