Більярд а палове дзесятай
Генрых Бёль
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
.
— Дарэчы, адкуль Вам было вядома, што гэта нумар тэлефона гатэля «Прынц Генрых»?
Яна не адказвала.
— Звяртаю Вашую ўвагу на тое, што Вы павінны выконваць мае ўказанні, нават калі я даваў іх чатыры гады назад.
Яна не адказвала.
— Проста няведама што...
«Хіба ён гэтым разам забыў дадаць сваё «калі ласка»?»
Ей пачулася, быццам недзе далёка нехта гаворыць, потым да вушэй даляцеў голас, які клікаў: «Таксі! Таксі!»; потым —
кароткія гудкі. Яна паклала трубку, пасунула чырвоную картку на сярэдзіну стала, адчуваючы нібы нейкую палёгку. Тая няветлівасць, з якою яна сутыкнулася ўпершыню за апошнія чатыры гады, падалася ёй мала што не пяшчотаю.
Калі яе што-небудзь выбівала з раўнавагі або моцна надакучваў дакладна распісаны парадак працы, яна выходзіла за дзверы, каб пашараваць масянжовую шыльдачку: «Д-р Роберт Фэмель. Бюро статычных разлікаў. Працуе да абеду». Паравозны дым, вільготны смог аўтамабільных газаў, вулічны пыл — усё гэта штодня давала ёй падставу даставаць са стала ваўняную анучку і металамыйны сродак; і яна любіла расцягваць гэтую працу на пятнаццаць — дваццаць хвілін, а то і на паўгадзіны. Праз запыленыя шыбы дома на другім баку — Модэстгасэ, 8 — яна бачыла вялікія і шумныя друкарскія машыны, якія нястомна друкавалі на белай паперы дакументы для будоўляў; яна адчувала роўны ляскат, і часам ёй здавалася, што яна — на борце карабля, які плыве ў моры альбо яшчэ толькі збіраецца адплысці. Грузавікі, практыканты, манашкі; вулічны рух; у скрынях магазінаў гародніны — апельсіны, памідоры, капуста. А побач, перад Грэцавай лаўкай, якраз падвешваюць вялізнага дзіка; цёмная кроў яго кропля за кропляй сцякала на асфальт. Ей былі даспадобы гоман і бруд гэтай вуліцы. Нязгода і ўпартасць заварушыліся ў яе свядомасці, яна падумала пра магчымасць звальнення... пайсці працаваць у якой-небудзь бруднаватай крамцы, дзе ўваход з двара, дзе прадаюць электракабель, прыправы да супоў або цыбулю, дзе неахайныя гаспадары з абвіслымі шлейкамі і з галовамі, запоўненымі штораз новымі турботамі, маюць схільнасць да заляцанняў, ад якіх, прынамсі, можна адбівацца; дзе трэба змагацца за гадзіну ў прыёмнай зубнога ўрача; дзе збіраюцца грошы на заручыны каляжанкі, на адпяванне нябожчыка ў сваёй кватэры або на кніжку пра каханне; дзе брудныя жарты калегаў нагадваюць табе пра тваю цноту. Жыццё. Абы не гэты бездакорны парадак, не гэты шэф, бездакорна апрануты і бездакорна ветлівы,— з якім пачуваеш сябе несамавіта; яна нюхам ветрыла за гэтай
ветлівасцю пагарду, якую ён даваў адчуць кожнаму, з кім меў дачыненне. Але ж з кім, апроч яе, ён увогуле мог мець дачыненне? Колькі яна памятала, ён ніколі ні з кім не размаўляў, акрамя як са сваім бацькам, сынам і дачкой. Яна ні разу не бачыла яго маці, што дажывала свой век недзе ў санаторыі для псіхічнахворых; ну а той пан Шрэла, пра якога таксама згадвалася на чырвонай картцы, ніколі пра Фэмеля не пытаўся. Шэф не прызначаў прыёмных гадзін, а кліентаў, якія хацелі гаварыць з ім па тэлефоне, яна мусіла прасіць звяртацца да яго ў пісьмовай форме.
Злавіўшы яе на якой-небудзь памылцы, ён заўсёды толькі даравальна махаў рукой, гаворачы: «Нічога, нічога. Перарабіце гэта, калі ласка». Такое здаралася нячаста, бо свае нешматлікія памылкі яна звычайна заўважала сама. Дадаваць сваё «калі ласка» ён, аднак, не забываў ніколі. Калі ёй было трэба, ён адпускаў яе з працы на некалькі гадзін або нават дзён; калі памерла яе маці, ён сказаў: «Зачынім бюро на чатыры дні... а можа, Вы б хацелі на тыдзень?» Але ёй не трэба было вольнага тыдня, нават тых чатырох дзён: хапіла і трох, дый тыя тры дні здаліся ёй у апусцелай кватэры вечнасцю. На жалобную імшу і на хаўтуры Фэмель, вядома ж, з’явіўся ў бездакорна чорным гарнітуры; прыйшлі таксама яго бацька, сын і дачка з велізарнымі вянкамі, якія яны сваімі рукамі ўсклалі на магілу; потым усе слухалі набажэнства, а стары Фэмель, шэфаў бацька, які ёй падабаўся, шапнуў ёй на вуха: «Мы, Фэмелі, ведаем, што такое смерць, мы, дарагое дзіцятка, з ёй запанібрата».
Фэмель ніколі не казаў нічога супраць яе і ішоў насустрач ва ўсім, пра што б яна ў яго ні прасіла; таму з цягам часу ёй станавілася ўсё цяжэй прасіць у яго якіх-небудзь ільготаў; ён паступова скарочваў яе працоўны дзень: першы год яна працавала яшчэ з васьмі да шаснаццаці, але ўжо два гады прайшло з тае пары, як яе чыннасці былі арганізаваныя так рацыянальна, што яна добра паспявала зрабіць усё з васьмі
да трынаццаці, і ў яе было яшчэ досыць часу на тое, каб панудзьгаваць і аддаваць цэлыя паўгадзіны на чыстку масянжовай шыльдачкі. На ёй немагчыма было ўжо згледзець ніводнай, нават самай маленькай плямкі! ...Уздыхнуўшы, яна закруціла корак на бутэлечцы, акуратна згарнула анучку; па-ранейшаму грукаталі друкарскія машыны, бязлітасна друкуючы на белай паперы дакументацыю; па-ранейшаму цякла на асфальт кроў з дзіка. Практыканты, грузавікі, манашкі, вулічны рух.
Чырвоная картка ляжала на пісьмовым стале: яго бездакорны чарцёжны шрыфт: «Болей нікому». Нумар тэлефона, які яна ў гадзіны нуды, саромеючыся свае дапытлівасці, пасля напружаных пошукаў здолела высветліць: гатэль «Прынц Генрых». Назва гэтая яшчэ больш распальвала яе цікаўнасць: што ён рабіў кожнае раніцы паміж паловай на дзесятую і адзінаццаццю ў гатэлі «Прынц Генрых»? Халодны голас у трубцы: «Няведама што...» Ці ён напраўду гэтым разам не дадаў свайго «каліласка»? Тое парушэнне прынятага стылю абнадзейвала яе, рабілася нейкай уцехай у працы, якую б таксама добра мог выконваць і аўтамат.
Лісты паводле двух узораў, якія за чатыры гады не змяніліся ані трохі — іх яна была знайшла яшчэ ў паперах сваёй папярэдніцы.
Першы ўзор — да кліентаў-заказчыкаў: «Шчыра дзякуем за выказаны нам давер. Будзем прыкладаць усе намаганні, каб адказаць на яго своечасовым і дакладным выкананнем Вашага даручэння. 3 глыбокай павагай...» Другі ўзор, паводле якога яна павінна была пісаць лісты, дасылаючы кліентам гатовыя статычныя разлікі: «Гэтым дасылаем Вам неабходную дакументацыю да будоўлі X. Ганарар у суме Y просім пералічыць на наш рахунак у банку. 3 глыбокай павагай...» Зразумела, яна павінна была падстаўляць замест X: «дом для выдаўца на ўскраіне лесу», «дом для настаўніка на беразе ракі», «чыгуначны віядук над Голле-
бэнштрасэ». Замест Y яна ўпісвала суму ганарара, якую яна сама вылічвала з дапамогай простага ключа.
Апроч гэтага, была яшчэ перапіска з трыма Фэмелевымі супрацоўнікамі: Кандэрсам, Шрытам і Гохбрэтам. Яна была абавязана надсылаць ім даручэнні па чарзе, у парадку іх паступлення. Як сказаў Фэмель, «гэтак справядлівасць будзе дзейнічаць аўтаматычна, і лёс можа заўсёды быць на баку кожнага». Калі прыходзіла гатовая дакументацыя, яе трэба было перасьглаць на праверку Шрыту, Гохбрэтавы — Кандэрсу, Шрытавы — Гохбрэту. Да абавязкаў належала таксама весці картатэку, запісваць у кнігу рахункі, рабіць фотакопіі рысункаў і фотакопіі кожнага праекта ў прыватны архіў Фэмеля, памерам з двайную паштоўку. Найбольш працы было, аднак, з наклейваннем марак на канверты: раз за разам яна праводзіла адваротным бокам зялёнага, чырвонага, блакітнага «хойса» па вільготнай губцы, старанна наклейвала марку на правым верхнім рагу жоўтага канверта; трохі ўразнастайвала яе працу тое, што сярод марак раз-пораз трапляліся карычневыя, фіялетавыя або жоўтыя «хойсы».
Фэмель узяў сабе за прынцып не заставацца ў бюро штодня даўжэй, як на адну гадзіну; ён ставіў свой подпіс пад шматлікімі «з глыбокай павагай...», пад ганарарнымі рахункамі. Калі ў бюро паступала даручэнняў больш, чым ён мог апрацаваць за адну гадзіну, Фэмель іх не прымаў. На гэты выпадак у бюро меліся адбітыя на гектографе карткі з тэкстам: «У сувязі з перагружанасцю мы, на жаль, вымушаны адмовіцца ад Вашага шаноўнага даручэння. Подпіс Ф.».
Ніводнага разу, седзячы насупраць яго ўранку, ад паловы дзевятай да паловы дзесятай, яна не бачыла, каб ён займаўся чым-небудзь іншым, спраўляў звычайныя чалавечыя патрэбы: еў або піў; у яго ніколі не было нават катару; чырванеючы, яна думала пра больш інтымныя рэчы. Тое, што ён курыў, не магло ўсяго гэтага кампенсаваць: занадта бездакорна выглядала бялюткая цыгарэта, адно попел і недапалак на дне папяльнічкі давалі ёй пэўную ўцеху: прынамсі, гэта былі нейкія адкіды; яны даводзілі, што нешта было спажыта. Pa
ней яна працавала ў розных уплывовых шэфаў, пісьмовыя сталы іх нагадвалі камандзірскія масткі, абліччы якіх будзілі сполах; але нават гэтыя вялікія людзі калі-нікалі выпівалі кубак гарбаты або філіжанку кавы ці з’ядалі які бутэрброд; яе моцна ўражвала, калі яна бачыла, што гэткія магутныя людзі ядуць або п’юць: на стале заставаліся хлебныя крошкі, каўбасныя шкуркі ці рэшткі тлушчу ад з’едзенай вяндліны; гэтыя вялікія людзі мусілі мыць рукі, выцягваць з кішэняў насоўкі. Штосьці дэмакратычна-прымірэнчае выглядала з-пад гранітных ілбоў тых, што камандавалі цэлымі арміямі; яны выціралі сабе губы, што былі часткай тых абліччаў, якія калі-небудзь, адлітыя ў бронзе і ўстаноўленыя на п’едэсталах, будуць сведчыць пра іх веліч перад будучымі пакаленнямі. Фэмель жа, сыходзячы а палове дзевятай з кватэры ў бюро, ніколі не даваў падстаў заўважыць, што ён толькі што паснедаў; ён ніводнага разу не быў ні занадта нервовы, ні занадта сканцэнтраваны, як гэта часцяком бывае ў такіх людзей; яго подпіс, нават калі ён саракавы раз ставіў яго пад словамі «з глыбокай павагай...», быў аднолькава чытэльны і акуратны. Фэмель курыў, падпісваў паперы, вельмі рэдка зазіраючы ў планы праектаў, і дакладна а палове дзесятай насоўваў капялюш, апранаў плашч, гаварыў «ну, да заўтрага» і выходзіў. Паміж паловай на дзесятую і адзінаццаццю яго можна было знайсці ў гатэлі «Прынц Генрых», з адзінаццаці да дванаццаці — у Цонавай кавярні, інфармацыя тычылася толькі яго «маткі, бацькі, дачкі, сына і пана Шрэлы»; пасля дванаццаці ён выходзіў на шпацыр, а першай гадзіне ён прыходзіў у рэстаран «Пад ільвом» — каб папалуднаваць разам з дачкой.
Яна не ведала, як ён праводзіў увесь астатні час пасля абеду і ўвечары; ёй было вядома толькі, што кожнае раніцы a сёмай ён ходзіць слухаць імшу, ад паловы восьмай да васьмі сядзіць з дачкой, з васьмі да паловы дзевятай снедае, сам з сабой. Неспадзяванай кожны раз для яе была тая радасць, з якой Фэмель успрымаў вестку пра сынаў прыезд; тады ён раз-пораз расчыняў акно, выглядаў на вуліцу, узіраючыся
ўдалеч аж да Мадэставай брам