Більярд а палове дзесятай  Генрых Бёль

Більярд а палове дзесятай

Генрых Бёль

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 1993
113.12 МБ

— Ты хацеў нешта паказаць мне?
Шрэла выцягнуў цыгарэту з рота, сцягнуў з сябе куртку, ссунуў з плячэй помачы, падняў кашулю і павярнуўся спінай да слабай лямпачкі: уся спіна была ў дробных, велічынёю з фасоліну, чырванавата-сініх шнарах. «Абсеяная шнарамі,— падумалася мне,— вось як можна сказаць дакладней».
— Божа,— сказаў я,— што гэта?
— Гэта Нэтлінгер,— адказаў Шрэла.— Яны робяць гэта ўнізе, у казармах каля Вільгельмавага рова.'Бен Вакс і Нэтлінгер. Яны называюць гэта дапаможнай паліцыянцкай службай; мяне яны схапілі пад час аблавы на жабракоў у Партовым квартале; за дзень было арыштавана трыццаць восем жабракоў, адным з іх быў я. Дапытвалі нас з дапамогай пугі з калючага дроту. Яны сказалі: «Прызнайся, што ты — жабрак», а я пацвердзіў: «Сапраўды, я — жабрак».
Спозненыя госці ўсё яшчэ снедалі: смакталі памаранчавы сок, нібы грахоўны трунак; бледнатвары хлопец, абапёршыся аб дзвярную фрамугу, стаяў нерухома, як стод; ад фіялетавага колеру ліўрэі твар яго здаваўся амаль што зялёным.
— Гуга, Гуга, ты чуеш, што я кажу?
— Я, пане доктар, ... я чую кожнае слова.
— Калі ласка, прынясі мне кілішак каньяку, вялікі.
— Зараз, пане доктар.
Калі Гуга сыходзіў да рэстарана, востра бліснуў яму перад вачыма Час — вялікі каляндар, які ён мусіў перагорт-
ваць штораніцы; ён перагарнуў ужо вялікі кардонны ліст з лічбай, што абазначала дзень, засунуў яго пад шыльдачкі з назвамі месяца і года: 6 верасня 1958 года. У яго кружылася галава: усё, пра што ён пачуў, адбывалася задоўга перад тым, як ён нарадзіўся,— гэта адкідала яго назад на дзесяцігоддзі, на цэлыя паўстагоддзі: 1885, 1903 і 1935— гэта было недзе далёка ззаду, схаванае ў часе, але ж і прысутнае тут; яно гучала ў голасе Фэмеля, які стаяў, абапёршыся аб більярдны стол, і глядзеў на плошчу перад саборам Святога Севярына. Гуга мацней ухапіўся за парэнчы, глыбока ўдыхнуў паветра — як той, хто вынырваў з-пад вады, адплюшчыў шырока вочы і адным скачком схаваўся за вялікай калонай.
Бо па сходах долу якраз ішла яна, басанож, у апратцы пастушкі, веючы пахам авечага гною, якім было прапахлае яе рыззё, што спавівала яе ад грудзей да сцёгнаў. Зараз яна з’есць сваю прасяную кашу, з ёй — кавалак чорнага хлеба, пару арэхаў; вып’е авечага малака, якое дзеля яе трымаюць у лядоўні; яна прывозіла з сабою авечае малако ў тэрмасах, прывозіла авечы гной у маленькіх карабках і ўжывала яго як парфуму да сваёй грубай, вязанай на прутках з суровай воўны бялізны; па снеданні яна гадзінамі праседжвала ў вестыбюлі — вязала і вязала, час ад часу хадзіла ў бар па шклянку вады, паліла сваю кароткую піпку, сядзела на канапе, скрыжаваўшы свае голыя ногі — так, што была відаць яе грубая, зацвярдзелая скура на пятках; яна прымала сваіх вучняў і вучаніц, якія, апранутыя, як яна, і гэтаксама, як яна, пахнучыя, атачалі яе, седзячы са скрыжаванымі нагамі на канапе, вязалі пруткамі, раз-пораз адкрывалі карабкі, што ім давала іх майстрыня, і ўдыхалі пах авечага гною, як самы лепшы водар: праз пэўныя прамежкі часу яна адкашлівалася і пыталася сваім дзявочым голасам з канапы: «Як мы ўратуем свет?» А вучні і вучаніцы адказвалі: «Праз авечую воўну, авечую шкуру, авечае малако — і праз вязанне на прутках». Дзынканне пруткоў, цішыня, адзін хлопец, ускочыўшы, пабег у бар, прынёс майстрыні свежай вады, і зноў мяккі дзявочы голас запы-
таўся з канапы: «Дзе хаваецца блаславенне свету?» I ўсе адказалі: «У авечцы!» Яны зноў адкрылі карабкі, пачалі з захапленнем нюхаць памёт, а ў гэты час бліскалі фотаўспышкі, алоўкі журналістаў хутка спісвалі лісткі рэпарцёрскіх нататнікаў.
Гуга павольна адступіў яшчэ далей назад, калі яна абыходзіла калону па дарозе ў залу для снедання; ён яе баяўся; надта часта ён бачыў, як яе лагодныя вочы рабіліся суровымі, калі яна заставалася з ім сам-насам: яна лавіла яго на сходах, заказвала яму прынесці малако ў нумар, дзе яна сустракала яго з цыгарэтай у роце, потым вырывала ў яго з рук шклянку з малаком, смеючыся вылівала малако ва унітаз, напаўняла шклянку каньяком і з гэтай шклянкай у руцэ пачынала наступаць на яго, у той час як ён задам адыходзіў да дзвярэй.
— Ці табе яшчэ ні адна жывая душа не казала, што ў цябе твар варты золата, чыстага золата, ты, неразумны хлопча. Чаму ты не хочаш етаць божай авечкай маёй новай рэлігіі? Я зраблю цябе вялікім, багатым, і яны будуць укленчваць перад табою ў яшчэ больш раскошных, чым гэты, гатэлях! Хіба ты працуеш тут досыць доўга, каб ведаць, што іхнюю нуду можна запоўніць толькі новай рэлігіяй — і чым дурнейшай, тым лепш? Ідзі сабе — ты занадта дурны.
Ен глядзеў ёй услед, а яна з нерухомым тварам давала кельнеру магчымасць адчыніць ёй дзверы ў залу для снедання; сэрцр яго ўсё яшчэ білася ненармальна хутка, калі ён выходзіў з-за калоны і павольна спускаўся ўніз да рэстарана.
— Кілішак каньяку ў більярдную для пана доктара, вялікі.
— Тут нейкая сварка праз твайго пана доктара...
— Якая такая сварка?
— He ведаю. Здаецца, яго тэрмінова шукаюць, твайго доктара. Вось, бяры свой каньяк і — змывайся хутчэй. Самае меншае семнаццаць старых і маладых баб ганяюцца за табой; давай, бо ўжо нейкая зноў спускаецца сюды.
Яна выглядала так, быццам піла на сняданак чыстую жоўць; была апранутая ў залацістую сукенку, насіла залацістыя чаравікі, залацістую шапачку і муфту з ільвінае шкуры. Яе выгляд выклікаў агіду, а некаторыя госці з забабонамі нават закрывалі твар рукою, калі яна з’яўлялася. Пакаёўкі кідалі працу праз яе, кельнеры не хацелі яе абслугоўваць, але ён, Гуга, калі ёй удавалася яго злавіць, мусіў гадзінамі гуляць з ёю ў карты; пальцы ў яе былі нібы курыныя кіпці; па-людску выглядала толькі цыгарэта ў яе вуснах. «Каханне, мой хлопча... я ніколі не спазнала, што гэта такое; не было ніводнага чалавека, які здолеў бы не выказаць сваёй агіды перада мною; мая маці праклінала мяне сем разоў на дзень, выкрыквала мне сваю агіду проста ў твар; у мяне была прыгожая і маладая маці, малады і прыгожы быў бацька, былі мае браты і сёстры; яны б атруцілі мяне, каб толькі здолелі набрацца смеласці на гэта; яны называлі мяне: Гэткае-што-не-павінна-было-нарадзіцца — мы жылі высока, у жоўтай віле пад сталеплавільняю; увечары тысячы рабочых выходзілі з заводскай брамы, іх чакалі з усмешкамі дзяўчаты і жанкі; смеючыся, яны ішлі ўніз па гразкай вуліцы; я ж бачу, чую, маю адчуванні нюху, дотыку, як усе астатнія людзі, умею пісаць, чытаць, лічыць і адрозніваць на смак — ты першы чалавек, які вытрымлівае побач са мною больш як паўгадзіны, чуеш ты,— першы!»
Следам за ёй цягнуўся страх, подых няшчасця; яна кінула ключ ад нумара на прылавак, крыкнула служку, што стаяў там замест Ехэна: «Гуга, дзе гэта Гуга?»; і калі хлопец паціснуў плячыма, яна рушыла да дзвярэй-круцёлкі; прыдзвернік, што адчыніў іх перад ёю, апусціў вочы долу, а яна, апынуўшыся на вуліцы, адразу насунула на твар вэлюм.
«У гатэлі я яго не нашў,— казала яна Гугу,— няхай тут нешта ўбачаць за свае грошы, няхай глядзяць мне ў твар за мае грошы; але тыя, што на вуліцы, яны гэтага не заслужылі».
— Я прынёс каньяк, пане доктар.
— Дзякуй табе, Гуга.
Гуга любіў гэтага чалавека; доктар Фэмель прыходзіў штораніцы а палове дзесятай і вызваляў яго да адзінаццаці, надаваў яму адчуванне вечнасці; хіба не было так заўсёды, хіба не стаяў ён ужо стагоддзі пры гэтых лакіравана-белых дзвярах, заклаўшы рукі за спіну, назіраючы за ціхай гульнёй, слухаючы аповяд, які пераносіў яго на шэсцьдесят год назад, потым на дваццаць уперад, зноў на дзесяць назад, а пасля раптоўна перакідалі яго ў рэчаіснасць таго лістка календара, што вісеў на сцяне? Белае на зялёным, чырвонае на зялёным, бела-чырвонае на зялёным, і заўсёды ў прасторы, абмежаванай борцікамі, усяго на гэтых двух квадратных метрах зялёнага сукна; яно было чыстае, сухое, дакладнае, паміж паловай на дзесятую і адзінаццаццю; два, тры разы сысці ўніз па вялікі кілішак каньяку; час не быў тут аніякай велічынёю, з якой можна было б што-небудзь прачытаць; ён усмоктваўся гэтай прастакутнай зялёнай прамакаткай; дарэмна білі гадзіннікі, дарэмна рухаліся стрэлкі, бессэнсоўна намагаючыся ўцячы адна ад адной; усё спынялася, пакідалася на месцы, калі прыходзіў Фэмель — якраз у той час, калі было найболей працы: старыя госці ад’язджаюць, прыязджаюць новыя; ён мусіў стаяць тут, аж пакуль гадзіннік на вежы сабора Святога Севярына не праб'е адзінаццатую? Прасторы, пазбаўленыя паветра; гадзіннікі, пазбаўленыя часу; ён апускаўся тут на дно акіянаў; рэчаіснасць сюды не даходзіла, прыціскалася звонку, нібы да шкла акварыума ці да вітрыны крамы; яна губляла свае вымярэнні, захоўваючы толькі адно-адзінае: была плоская, быццам вьіразаная з аркуша дзіцячых выцінанак, яны ўсе мелі часовае ўбранне, як тыя выразаныя папяровыя лялькі; яны бездапаможна біліся аб сцены, што былі таўсцейшыя за цэлыя стагоддзі са шкла; удалечыні быў цень сабора Святога Севярына, яшчэ далей — вакзал і нерэальныя цягнікі: «хутк.» і «пас.», «прыг.» і «баг.»; чамаданы везліся да пагранічных станцый; рэальныя былі толькі тры більярдныя шары, што каталіся па
зялёнай прамакатцы, утвараючы штораз новую фігуру: Фэмель ударам кія ствараў бясконцасць, што ўтрымлівалася ў тысячах формул на двух квадратных метрах, а голас ягоны губляўся ў часе.
— Ці будзеце расказваць далей, пане доктар?
— Хочаш слухаць?
— Хачу.
Фэмель усміхнуўся, адпіў каньяку з кілішка, запаліў новую цыгарэту, узяў у руку кій і ударыў па чырвоным шары: чырвонае і белае пакаціліся па зялёным.
— Праз тыдзень пасля гэтага, Гуга...
— ... Пасля чаго?
Фэмель усміхнуўся зноў.
— ...Пасля той гульні 14 ліпеня 1935 года, якую хлопцы ўвекавечылі ў тынку над бляшанай шафкаю, праз тыдзень пасля той гульні я быў рады, што Шрэла напомніў мне дарогу, што вяла да Трышлеравага дома. Я стаяў на балюстрадзе старой вагоўні, у Ніжнім Порце; адтуль як на далоні была відаць уся дарога, што бегла паміж шупак з дровамі і вугалем, спускалася да крамы будматэрыялаў, а адтуль ішла да порта, абгароджанага ржавым жалезным бар’ерам; тут былі цяпер адно што карабельныя могілкі. Апошні раз я быў там за сем гадоў да таго, але гэтых гадоў магло быць і пяцьдзесят; калі мы разам з Шрэлам хадзілі ў госці да Трышлера, мне было трынаццаць; доўгія ланцугі баржаў кідалі ўвечары якар каля падножжа схілу; жонкі шкіпераў з кошыкамі для пакупак сыходзілі па хісткіх кладках на бераг; у жанчын былі свежыя твары, а ў позірках — упэўненасць; мужчыны, занудзіўшыся без піва і газет, сыходзілі на бераг услед за жанкамі; Трышлерава маці ўсхвалявана пераглядала свае тавары: капусту, памідоры, серабрыстую цыбулю, што ў пучках вісела на сцяне; а на дварэ аўчар даваў кароткія і рэзкія каманды сабакам, каб яны жвавей заганялі авечак у загарадку; на другім баку — гэта значыць тут, Гуга,— свяціліся газавыя ліхтарні, жаўтлявае святло запаўняла белыя шары, якія ланцугом цягнуліся на поўнач у бяскон-
цасць; Трышлераў бацька запа